15.12.2018 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Гісторыя Адвэнту🕑 9 хвілін

Назву “Адвэнт” (лац. adventus, што значыць “прыйсце”) у Лацінскім Касцёле носіць той перыяд года, падчас якога Касцёл заклікае вернікаў рыхтавацца да святкавання Божага Нараджэння — гадавіны народзінаў Езуса Хрыста. Таямніца гэтага вялікага дня цалкам заслугоўвае таго, каб яе ўшанавалі малітоўнай падрыхтоўкай і пакутай. Фактычна, нельга з нейкай упэўненасцю сказаць, калі быў устаноўлены гэты час падрыхтоўкі (які існаваў задоўга да таго, як атрымаў цяперашнюю назву). Здаецца, аднак, што ён з’явіўся на Захадзе, бо відавочна, што Адвэнт не мог існаваць як час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, пакуль само гэтае свята не было канчаткова ўстаноўлена на дату 25 снежня. На Усходзе ж гэта было зроблена толькі пад канец IV ст., тады як Рымскі Касцёл адзначаў свята ў гэтую дату ў значна ранейшыя часы.

Нам трэба разгледзець Адвэнт з дзвюх розных перспектыў: па-першае, у сціслым сэнсе як час пакутнай падрыхтоўкі да Нараджэння нашага Збаўцы, а па-другое, як набор касцёльных набажэнстваў, укладзеных для гэтага перыяду. Яшчэ ў V ст. мы знаходзім традыцыю рабіць прамовы для народа, каб ён падрыхтаваўся да свята Божага Нараджэння. У нас ёсць дзве гаміліі св. Максіма Турынскага на гэтую тэму, не кажучы ўжо пра шматлікія іншыя, якія раней прыпісвалі св. Амброзію і св. Аўгустыну, але якія хутчэй за ўсё напісаў св. Цэзарый Арльскі. Згаданыя дакументы не апісваюць дакладна працягласці і практык гэтага святога перыяду, аднак яны прынамсі паказваюць, наколькі старажытнай была практыка адасабляць час Адвэнту адмысловымі гаміліямі. Св. Іва Шартскі, св. Бэрнард і некаторыя іншыя дактары ХІ і ХІІ стст. пакінулі нам гаміліі de Adventu Domini, якія даволі значна адрозніваліся ад іхніх нядзельных гамілій на Евангеллі гэтага перыяду. У капітулярыях Карла ІІ Лысага ў 846 г. біскупы просяць гэтага караля не выклікаць іх з іхніх касцёлаў падчас Вялікага посту і Адвэнту дзеля высвятлення дзяржаўных або ваенных спраў, бо яны мусяць выконваць адмысловыя заданні, у тым ліку прапаведаваць падчас гэтых святых перыядаў.

Самым старажытным дакументам, у якім можна знайсці больш-менш зразумелую інфармацыю пра працягласць і практыкі Адвэнту, з’яўляецца другая кніга “Гісторыі франкаў” св. Грыгорыя Турскага. Там св. Грыгорый кажа, што св. Пэрпэтуй, адзін з яго папярэднікаў, які займаў тую ж катэдру каля 480 г., устанавіў пост тры разы на тыдзень ад свята св. Марціна да Божага Нараджэння. Немагчыма даведацца больш канкрэтна, ці ўстанаўліваў св. Пэрпэтуй сваім загадам новы звычай ці проста прадпісваў выконваць ужо існуючы закон. Заўважым, аднак, што гэты перыяд з сарака або хутчэй сарака трох дзён прадпісваецца вельмі яўна і прысвячаецца справам пакуты, быццам бы гэта другі Вялікі пост, толькі што менш суровы, чым той, які папярэднічае Вялікадню.

Пазней мы знаходзім дзявяты канон Першага Маконскага сабору, які праходзіў у 582 г. Гэты канон загадвае, каб падчас таго самага прамежку часу, г. зн. паміж днём св. Марціна і Божым Нараджэннем, у панядзелкі, серады і пятніцы захоўваўся пост і каб Ахвяра цэлебравалася паводле велікапоснага звычаю. Незадоўга да гэтага, а менавіта ў 567 г., Другі Турскі сабор загадаў манахам пасціцца ад пачатку снежня да Божага Нараджэння. Неўзабаве гэтая практыка расцягнулася на ўсе сорак дзён, нават для свецкіх вернікаў. Гэты час пачалі называць постам св. Марціна. Гэта пацвярджаюць капітулярыі Карла Вялікага (шостая кніга), а таксама другая кніга “Пра выхаванне духавенства” (“De institutione clericorum”) Рабана Маўра. У дзень св. Марціна нават праводзіліся адмысловыя вясёлыя святкаванні, як мы бачым гэта сёння пры набліжэнні Вялікага посту.

Абавязак захавання Адвэнту, які быў устаноўлены так незаўважна і з часам набыў сілу святога закону, пачаў паслабляцца, і сорак дзён ад свята св. Марціна да Божага Нараджэння былі скарочаны да чатырох тыдняў. Як мы казалі, найперш гэты пост пачаў захоўвацца ў Францыі. Пазней жа ён распаўсюдзіўся ў Англіі, як мы бачым гэта з твораў св. Беды Вялебнага, потым у Італіі, як вынікае з дакумента Астольфа, караля лангабардаў (753), а таксама ў Германіі, Іспаніі і г. д., пра што можна даведацца з працы а. Мартэна “De antiquis Ecclesiae ritibus” (“Пра старажытныя абрады Касцёла”). Першую згадку пра тое, што Адвэнт быў скарочаны да чатырох тыдняў, мы знаходзім у ІХ ст. у лісце Папы св. Мікалая І да балгараў. Паводле сведчання Ратэрыя Веронскага і Абона Флёрыйскага, абодва з якіх жылі ў Х ст., нават тады ішлі сур’ёзныя дыскусіі пра скарачэнне Адвэнту на траціну. Гэта праўда, што св. Пётр Дам’ян у ХІ ст. усё яшчэ піша пра адвэнтавы пост як пра саракадзённы перыяд, а св. Людовік праз два стагоддзі нават захоўваў яго на працягу сарака дзён. Аднак, што датычыцца гэтага святога караля, верагодна, да гэтага яго пабуджала толькі асабістая пабожнасць.

Праз некалькі гадоў пасля скарачэння перыяду Адвэнту дысцыпліна на Захадзе таксама пачала аслабляцца: адвэнтавы пост быў заменены на простае ўстрыманне; некаторыя саборы ХІІ ст., напрыклад у Зелінгштаце ў 1122 годзе і ў Аўраншы ў 1172 годзе, здаецца, патрабуюць захоўваць устрыманне ў ежы толькі ад духавенства. Сабор у Солсберы ў 1281 годзе патрабаваў гэтага толькі ад манахаў. З іншага боку, (а справа гэта вельмі заблытаная, таму што ў Заходнім Касцёле, несумненна, ніколі не было адзінай практыкі ў гэтым сэнсе) мы бачым, што Папа Інакенцій ІІІ ў сваім лісце да біскупа Брагі згадвае пра абавязак посту падчас усяго Адвэнту як пра звычай, які захоўваецца ў Рыме. У тым жа ХІІІ ст. Дзюран у сваёй кнізе “Rationale Divinorum Officiorum” (“Тлумачэнне набажэнстваў”) кажа, што ў Францыі пост бесперапынна захоўваўся на працягу ўсяго гэтага святога перыяду.

Дакладна можна сказаць толькі тое, што звычай захавання посту паступова прыйшоў у заняпад, і ў 1362 годзе Папа Урбан V, стараючыся пазбегнуць поўнага яго знікнення, настойваў толькі на тым, каб устрыманне падчас Адвэнту захоўвала прынамсі духавенства ягонага двара, і ніякім чынам не згадваў у гэтай пастанове іншае духавенства або свецкіх.

Св. Караль Барамэй таксама імкнуўся вярнуць сярод свайго люду ў Мілане прынамсі дух, калі не літару старажытных часоў. На сваім чацвёртым Саборы ён загадаў святарам заклікаць вернікаў, каб яны прыступалі да Камуніі ў нядзелі прынамсі Вялікага посту і Адвэнту, а затым звярнуўся да саміх вернікаў з пастырскім лістом, у якім нагадаў ім, з якой паставай яны павінны праводзіць гэты святы час, і пераканаўча прасіў іх захоўваць пост у панядзелкі, серады і пятніцы прынамсі на працягу Адвэнту.

Нарэшце, Папа Бенедыкт XIV, калі быў яшчэ арцыбіскупам Балоньі, следуючы за гэтымі цудоўнымі прыкладамі, напісаў сваё адзінаццатае “Касцёльнае настаўленне”, каб узбудзіць у розумах сваіх дыяцэзіянаў тое высокае разуменне, якое мелі пра святы перыяд Адвэнту хрысціяне ранейшых часоў, а таксама каб аспрэчыць памылковае меркаванне, якое існавала ў некаторых месцах, што Адвэнт датычыцца толькі духавенства, а не свецкіх. Ён тлумачыць ім, што гэтае меркаванне, калі яно не зводзіцца да дзвюх практык посту і ўстрымання, з’яўляецца паспешлівым і скандальным, паколькі нельга адмаўляць, што ў законах і звычаях паўсюднага Касцёла існуюць адмысловыя практыкі, якія маюць на мэце падрыхтоўку вернікаў да вялікага свята Нараджэння Езуса Хрыста.

Грэцкая Царква дагэтуль працягвае захоўваць адвэнтавы пост, хоць і не з такой суровай дысцыплінай, як Вялікі пост. Ён працягваецца сорак дзён і пачынаецца 14 лістапада — у той дзень, калі яны адзначаюць свята св. апостала Філіпа. На працягу ўсяго гэтага часу вернікі ўстрымліваюцца ад мяса, масла, малака і яек, аднак, у адрозненне ад Вялікага посту, ім дазволена спажываць рыбу, алей і віно. Пост у сціслым сэнсе абавязковы толькі ў сем дзён з сарака, а ўвесь гэты час мае назву Піліпаўка. Грэкі апраўдваюць свае паслабленні тым, што пост перад Божым Нараджэннем з’яўляецца ўсяго толькі ўстанаўленнем манахаў, тады як Вялікі пост перад Пасхай мае апостальскае паходжанне.

Аднак, хоць знешнія пакутныя практыкі, якія раней асвячалі перыяд Адвэнту, у Заходнім Касцёле былі паступова настолькі аслаблены, што цяпер засталіся толькі ў кляштарах (Наш англійскі звычай посту і ўстрымання у серады і пятніцы Адвэнту можна ў некаторым сэнсе лічыць следам старажытнай дысцыпліны. — Заўв. перакл. англ. выд.), агульны характар літургіі гэтага святога часу не змяніўся. І менавіта следуючы гэтаму духу, вернікі могуць праявіць сваё шчырае старанне ў падрыхтоўцы да Нараджэння Пана.

Літургічны выраз Адвэнту, які сёння існуе ў Рымскім Касцёле, з цягам часу праходзіў праз пэўныя змены. Св. Грыгорый меркавана быў першым, хто ўклаў Афіцый для гэтага перыяду, які напачатку ўключаў у сябе пяць нядзеляў, што можна бачыць з найбольш старажытных сакрамэнтарыяў гэтага вялікага Папы. Здаецца даволі верагодным — а такія аўтары, як Амалярый з Меца, Бэрно з Рышэнау, а. Мартэн і Бенедыкт XIV, трымаюцца таго ж меркавання — што касцёльны абавязак захоўваць Адвэнт пайшоў ад св. Грыгорыя, хоць сам звычай прысвячаць больш ці менш працяглы перыяд на падрыхтоўку да Божага Нараджэння існаваў са спрадвечных часоў, а ўстрыманне і пост у гэты святы перыяд узялі свой пачатак у Францыі. Такім чынам, св. Грыгорый замацаваў для ўсяго Касцёла лацінскага абраду Афіцый на гэты посны перыяд і зацвердзіў ужо ўстаноўлены пост, даючы пэўную свабоду паасобным касцёлам у тым, што датычыцца спосабу яго захавання.

Сакрамэнтарый св. Гелазія не мае для перыяду падрыхтоўкі да Божага Нараджэння ані Імшы, ані Афіцыя; першыя тэксты для гэтай мэты мы знаходзім у сакрамэнтарыі св. Грыгорыя, і, як мы ўжо заўважалі, такіх Імшаў там пяць. Варта адзначыць, што гэтыя нядзелі прынята было адлічваць у адваротным накірунку, г. зн. найбліжэйшая да Божага Нараджэння нядзеля называлася першай і г. д. Як мы чытаем у Амалярыя, св. Мікалая І, Бэрно з Рышэнау, Ратэрыя Веронскага, у ІХ і Х стст. колькасць гэтых нядзеляў была зменшана да чатырох, і менавіта столькі іх у грыгарыянскім сакрамэнтарыі Памэлія, які быў перапісаны ў той жа час. З таго часу Рымскі Касцёл заўсёды трымаўся такой працягласці Адвэнту: чатыры тыдні, прычым на чацвёртым тыдні выпадае Божае Нараджэнне, калі толькі 25 снежня не з’яўляецца нядзеляй. Адпаведна, можна лічыць, што цяперашняя літургічная дысцыпліна Адвэнту доўжыцца тысячу гадоў, прынамсі калі абапірацца на рымскую практыку, бо некаторыя касцёлы ў Францыі адзначалі Адвэнт, які ахопліваў пяць нядзеляў, яшчэ ў ХІІІ ст.

Амбразіянская літургія нават да сёння мае шэсць тыдняў Адвэнту; столькі ж Адвэнт працягваецца таксама паводле гоцкага і масарабскага Імшала. Што датычыцца галіканскай літургіі, то звесткі, сабраныя а. Мабільёнам, не даюць нам такой інфармацыі, аднак будзе разумным лічыць (а меркаванне гэтага адукаванага чалавека пацвердзіў а. Мартэн), што галіканскі абрад, як і ў многіх іншых рэчах, прыняў практыку гоцкага Касцёла, трымаючыся працягласці Адвэнту ў шэсць нядзеляў і шэсць тыдняў.

Што датычыцца грэкаў, то іхнія рубрыкі на Адвэнт прыводзяцца ў мінеі адразу пасля Афіцыя на 14 лістапада. Яны не маюць уласнага Афіцыя на Адвэнт; не цэлебруюць яны ў гэты перыяд і Імшу раней асвячаных дароў, як яны робяць гэта ў Вялікім посце. У Афіцыях пра святых паміж 14 лістапада і Божым Нараджэннем сустракаюцца частыя алюзіі да Нараджэння Збаўцы, мацярынства Дзевы Марыі, бэтлеемскіх ясляў і г. д. У нядзелю перад Божым Нараджэннем у чаканні прыходу Месіі яны адзначаюць свята Святых Айцоў, г. зн. успамін святых Старога Запавету. 20, 21, 22 і 23 снежня яны называюць прадсвятам Божага Нараджэння, і хоць у Афіцыі гэтых дзён яны згадваюць некалькіх святых, таямніца Нараджэння Езуса прасякае ўсю літургію.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Vol. 1: Advent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1870.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up