13.12.2018 / Te igitur

Вялікі тыдзень 1939 года ў Вэстмінстэрскай катэдры🕑 4 хвілін

Учорашні артыкул пра рэформу Вялікага тыдня, сярод іншага, распавядае пра тое, што ў 1955 годзе Папа Пій ХІІ канчаткова перанёс набажэнствы Святога Пасхальнага Трыдууму з раніцы на пазнейшы час. Паколькі:

  • у 1955 годзе амаль ніхто з нас не жыў;
  • калі і жыў, то касцёла не было;
  • а гісторыю рэформы літургіі ў Беларусі гісторыкі яшчэ не апісалі (і ўжо наўрад ці апішуць);

застаецца толькі дзівіцца таму, што Пасхальная вігілія служылася ў суботу раніцай, нехта на яе прыходзіў і ў цэлым гэта лічылася нармальным. (Да 1957 года ў сувязі з эўхарыстычным постам ад поўначы пераважная большасць Імшаў служылася раніцай, а разуменне вігіліі як вечаровай Імшы напярэдадні асноўнага дня свята з’явілася толькі ў выніку літургічнай рэформы.)

Каб успрыняць змены, зробленыя Піем ХІІ, у правільным кантэксце, варта разгледзець расклад набажэнстваў Вялікага тыдня 1939 года ў Вэстмінстэрскай катэдры (Англія). Гэты расклад не з’яўляецца ані тыповым, ані ўзорным, ані найлепшым — проста ён ёсць, і ён паслужыць нам у якасці прыкладу. Ніжэй мы пададзім яго з каментарыямі, каб можна было ўбачыць, якім чынам размяркоўваўся час у гэтыя святыя дні.

Несумненна, літургічнае жыццё ў Вэстмінстэрскай катэдры вялося грунтоўнае, бо нароўні з асноўным набажэнствам таго ці іншага дня важнае месца ў раскладзе займаюць Цёмныя Ютрані і іншыя часткі Божага Афіцыя. Паводле некаторай інфармацыі, у гэтым раскладзе не пазначаны набажэнствы асноўнага раскладу, а прыводзяцца толькі цэлебрацыі, характэрныя для Вялікага тыдня. Калі ж скласці адно з другім, атрымаецца вельмі багата.

* * *

ВЭСТМІНСТЭРСКАЯ КАТЭДРА

Вялікі тыдзень 1939

Пальмавая нядзеля, 2 красавіка

10:00 — Благаслаўленне і раздача пальмаў Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Арцыбіскупам [Артурам Хінслі], затым працэсія і ўрачыстая Імша, падчас якой будзе спявацца Мука Пана паводле св. Мацвея.
12:30 — Ціхая Імша (без казання).

Аўторак, 4 красавіка

10:30 — Урачыстая Імша са спевам Мукі Пана паводле св. Марка.

[У сучаснай форме Імшы кожны год чытаецца два ўрыўкі пра Муку Пана: у Пальмавую нядзелю — адзін з сіноптыкаў паводле цыклаў АВС, а ў Вялікую пятніцу — урывак ад св. Яна. У традыцыйнай літургіі кожны год чытаюцца ўсе чатыры апісанні Мукі Пана.]

Серада, 5 красавіка

10:30 — Урачыстая Імша са спевам Мукі Пана паводле св. Лукі. Нешпары.
17:15 — Камплета.
17:30 — Цёмная Ютрань.

[Цёмнай Ютранню (Tenebrae) называецца ранішняя частка Божага Афіцыя Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы, якая цэлебруецца заўчасна, увечары папярэдняга дня. Цёмная Ютрань складаецца з дзвюх кананічных гадзінаў: Ютрані і Хвалаў — і ахоплівае агулам 15 псальмаў. Згодна з цырымоніямі гэтага набажэнства, напачатку запальваюць 15 свечак, якія затым пасля кожнага псальма гасяць па адной, каб пасля евангельскай песні “Benedictus” у касцёле запанавала поўная цемра.]

Вялікі чацвер, 6 красавіка

Удзяленне святой Камуніі кожныя паўгадзіны ад 6:30 да 8:30.
8:45 — Нона, якую ўзначаліць Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп.
9:00 — Пантыфікальная спяваная Імша і кансэкрацыя святых алеяў Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Арцыбіскупам.
15:00 — Mandatum, або абмыванне ног, Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Арцыбіскупам.
17:15 — Камплета.
17:30 — Цёмная Ютрань, затым цырыманіяльнае распрананне высокага алтара.

[Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп цэлебруе толькі адну Імшу ў дзень — Імшу Вячэры Пана. На ёй жа ён кансэкруе алеі. Асобная Імша Хрызма была ўведзена ў межах рэформы 1955 года. Абмыванне ног яшчэ не ўваходзіць у Імшу Вячэры Пана і з’яўляецца асобным абрадам.]

Вялікая пятніца, 7 красавіка

10:30 — Імша раней асвячаных дароў, цэлебруе Яго Эксцэленцыя [тытулярны] біскуп Эліі, [дапаможны біскуп Вэстмінстэра Дэвід Мэцью] у прысутнасці Яго Эмінэнцыі Кардынала Арцыбіскупа.
15:00 — Крыжовы шлях. Казанне прамовіць манс. канонік М. Хоўлет, D. D., Ph. D.
17:15 — Камплета.
17:30 — Цёмная Ютрань, якую ўзначаліць Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп.
20:15 — Крыжовы шлях і ўшанаванне рэліквіі сапраўднага Крыжа.

Вялікая субота, 8 красавіка

9:00 — Благаслаўленне агню, пасхала і хрысцільні, цэлебруе Яго Эксцэленцыя [тытулярны] біскуп Лама, [дапаможны біскуп Вэстмінстэра Эдвард Маерс].
11:00 — Пантыфікальная спяваная Імша і Нешпары ў прысутнасці Яго Эмінэнцыі Кардынала Арцыбіскупа.
17:15 — Камплета.
17:30 — Пантыфікальныя Ютрань і Хвалы Велікоднай нядзелі, цэлебруе Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп.

[Ютрань і Хвалы Вялікадня ўжо не належаць да Цёмных Ютраняў, аднак, згодна з традыцыяй, таксама цэлебруюцца заўчасна ў вечар суботы.]

Велікодная нядзеля, 9 красавіка

10:00 — Пантыфікальная Тэрцыя.
10:30 — Пантыфікальная спяваная Імша, якую будзе цэлебраваць Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп, пасля чаго Яго Эмінэнцыя ўдзеліць папскае благаслаўленне і поўны адпуст.
12:00 — Ціхая Імша. Казанне прамовіць манс. канонік М. Хоўлет, D. D., Ph. D.
15:15 — Пантыфікальныя Нешпары і благаслаўленне [Найсвяцейшым Сакрамэнтам], цэлебруе Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп.
19:00 — Камплета. Казанне прамовіць Яго Эмінэнцыя Кардынал Арцыбіскуп.

Ахвяраванні ў Велікодную нядзелю, згодна са звычаем, прызначаюцца для катэдральнага духавенства.

Канонік М. Хоўлет, D. D., адміністратар

Фота: Onbekend (СС0). Урачыстая спяваная Імша ў Вэстмінстэрскай катэдры, 3 кастрычніка 1943 года.

Пакінуць каментар

Scroll Up