12.12.2018 / FIUV

Пазіцыя № 14.1. “Рэформа Вялікага тыдня ў 1955 годзе. Агульныя каментарыі”🕑 20 хвілін

У 1969 годзе Павел VI паспрабаваў скасаваць старажытны рымскі абрад, увёўшы новы Рымскі Імшал. Той працэс, які давёў да такога смутнага выніку, называюць літургічнай рэформай і справядліва крытыкуюць як найбольш разбуральную з’яву для развіцця каталіцкай літургіі (незалежна ад матываў, якія за ёй стаялі).

Насамрэч рэфарматарскія тэндэнцыі ў практыку Касцёла праніклі яшчэ раней: у ХХ ст. варта вылучыць яшчэ дзве істотныя падзеі:

  • рэформу Рымскага Брэвіярыя, якую ў 1911 годзе правёў св. Пій Х;
  • рэформу абрадаў Вялікага тыдня, якая адбывался ў 1955 годзе пры Пію ХІІ.

У 1911 годзе Брэвіярый быў усё яшчэ збудаваны вакол тыднёвага цыклу псальмаў, г. зн. усе 150 псальмаў прачытваліся цягам аднаго тыдня. Рэформа Пія Х заключалася пераважна ў тым, што ён пераразмеркаваў псальмы ў межах гэтага цыкла так, каб на кожны дзень прыпадала прыкладна аднолькавая колькасць вершаў. З-за гэтага парушыўся парадак, які захоўваўся цягам многіх стагоддзяў. Напрыклад, традыцыйна начная гадзіна matutinum мела 12 псальмаў, і гэта было прадпісана яшчэ правілам св. Бенедыкта (VI ст.). Пасля рэформы ж у гэтай гадзіне засталося 9 псальмаў (у найлепшым выпадку).

З 1951 па 1955 год Пій ХІІ праводзіў рэформу абрадаў Вялікага тыдня: у прыватнасці ён перанёс набажэнствы Вялікага чацвярга, пятніцы і суботы з раніцы на пазнейшы час (вечар або ноч), а таксама змяніў некаторыя цырымоніі. (Дарэчы, з гэтай гісторыяй быў звязаны той самы Анібале Буньіні, якога прызначылі ў літургічную Камісію ў 1948 годзе.)

Што датычыцца рэформы Брэвіярыя, то тут мы зайшлі надта далёка: у нас ёсць новая Літургія гадзінаў з месячным размеркаваннем псальмаў, і цяжка чакаць, што хтосьці будзе змагацца за сваё права чытаць псальмы ў чатыры разы хутчэй. А вось калі Бенедыкт XVI вярнуў у літургічную практыку кнігі 1962 года, узнікла заканамернае пытанне, чаму б не вярнуцца да яшчэ ранейшых абрадаў Вялікага тыдня.

Гэта не толькі тэарэтычны рух: святарскія інстытуты Ecclesia Dei ў 2018 годзе атрымалі эксперыментальны дазвол на цэлебрацыю ранейшых абрадаў. Калі эксперымент будзе ўдалы, дазвол можа быць пашыраны.

У гэтым артыкуле прыводзяцца аргументы за вяртанне да старэйшых абрадаў Вялікага тыдня. Праз тыдзень мы больш падрабязна разгледзім змены, якія былі ўнесены ў паасобныя літургіі.

* * *

ПАЗІЦЫЯ № 14: РЭФОРМА ВЯЛІКАГА ТЫДНЯ Ў 1955 ГОДЗЕ. АГУЛЬНЫЯ КАМЕНТАРЫІ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Абрады Вялікага тыдня, якія знаходзяцца ў Рымскім Імшале 1570 года, склаліся ў выніку доўгага і складанага развіцця літургіі, аднак з таго часу і да 1950-х гадоў яны заставаліся пераважна без зменаў. Рэформа 1955 года ўключала ў сябе сістэматычнае скарачэнне абрадаў, аднаўленне некаторых састарэлых цырымоній і ўстаўку некаторых цалкам новых элементаў, а таксама змену гадзінаў цэлебрацыі літургій. Кожны з гэтых аспектаў рэформы можна крытыкаваць, да таго ж паміж імі існуюць супярэчнасці. Гэтыя складанасці з’яўляюцца адным з аргументаў за выкарыстанне каталікамі, прывязанымі да надзвычайнай формы рымскага абраду, па выбары абрадаў 1570 года. Канкрэтны агляд рэформаў літургія за літургіяй будзе дадзены ў другой частцы гэтага артыкула.

1. У літургічных кнігах 1962 года абрады Вялікага тыдня прадстаўлены ў рэдакцыі 1955 года. Гэтая рэформа аказалася спрэчнай, з-за чаго ўзнікла шырокае жаданне вернікаў, прывязаных да надзвычайнай формы, каб па выбары была дазволена старэйшая форма гэтых цырымоній, якая знаходзіцца ў Рымскім Імшале 1945 года і якая на практыцы адпавядае Трыдэнцкаму Імшалу 1570 года. Мы не жадаем навязваць нікому свае погляды ў гэтай справе; тым больш мы не жадаем дадаткова павялічваць практычныя цяжкасці, якія ўзнікаюць пры цэлебрацыі абрадаў Вялікага тыдня па-за межамі кля­штараў, семінарый або забяспечаных парафій, прывязаных да надзвычайнай формы.

2. Гэты артыкул у дзвюх частках мае на мэце паказаць, што аргументы ў падтрымку рэформы 1955 года не з’яўляюцца неабвержнымі: хутчэй існуе дастаткова аргументаў на карысць таго, што менавіта абрады 1570 года з’яўляюцца, па словах Папы Бенедыкта XVI, “багаццямі, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла” і якім трэба даць належнае месца ў далейшым літургічным жыцці Касцёла [1]. У гэтай частцы мы хочам звярнуць увагу на некаторыя агульныя праблематычныя рысы рэформы 1955 года; у другой частцы мы больш падрабязна разгледзім паасобныя абрады.

Матывы рэформы 1955 года

3. Матывам рэформы было характэрнае жаданне Літургічнага руху [2], каб літургічныя багацці Касцёла сталі даступнымі большай колькасці вернікаў [3], акцэнт пабожнасці якіх перанёсся на паралітургічныя набажэнствы (гл. Дадатак).

4. Абмежаваныя музычныя рэсурсы і недахоп духавенства не дазвалялі многім малым і нават сярэднім парафіям праводзіць літургічныя цэлебрацыі з пажаданай веліччу [4]. Аднак было б спрашчэннем казаць, што да 1950-х гг. вернікі цалкам іх ігнаравалі.

5. Па-першае, да 1642 г. каталікі былі абавязаны ўдзельнічаць у галоўных літургічных цэлебрацыяй Трыдуума [5].

6. Па-другое, існуюць сведчанні, што прынамсі некаторыя абрады і літургічныя ідэі былі папулярнымі ў народнай свядомасці. Напрыклад, “працэсія да крыжа”, якую ў XIV ст. з энтузіязмам апісваў англійскі паэт Уільям Лэнглэнд [6], відавочна, цешылася добрай наведвальнасцю ў Францыі ў 1915 г., калі яе пабачыў іншы англійскі паэт Уілфрэд Оўэн [7].

7. Зноў жа, існаваў шэраг паралітургічных набажэнстваў, якія былі сцісла звязаны з літургіяй Вялікага тыдня, сярод іх Гроб Пана, куды ў сярэднявечнай Англіі [8], у не­каторых частках Еўропы да Другога Ватыканскага сабору і ў Польшчы аж да сённяшняга дня ў Вялікую пятніцу змяшчалі і змяшчаюць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Нарэшце, бл. Ільдэфонса Шустэр апісвае народную пабожнасць да часцінак свечак трыкірыя (“triplex candela coniuncta”), які выкарыстоўваўся ў Пасхальную вігілію ў Італіі напа­чатку ХХ ст. [9] (Да паралітургічных набажэнстваў мы вернемся ў Дадатку.)

8. Па-трэцяе, у літургіі Вялікага тыдня цалкам і з вялікай карысцю для сябе ўдзельнічалі не толькі кансэкраваныя асобы, але і ўдзельнікі рэкалекцый у кляштарах [10]. Для тых, хто прымаў удзел у гэтых папулярных падзеях, напрыклад для пісьменніка Івліна Во, яны былі глыбокім духоўным досведам, прычым Во піша, што рэформы сапсавалі іх [11]. Напэўна, гэтыя цырымоніі не былі марнымі, калі яны ўплывалі на духоўнае жыццё і літургічную свядомасць некаторых каталікоў.

Метадалогія рэформы 1955 года

9. Нягледзячы на тое, што ўсяго за некалькі гадоў перад тым Папа Пій ХІІ ў энцыкліцы Mediator Dei асудзіў антыкварыянізм [12], і нягледзячы на непазбежную абмежаванасць гістарычных доказаў і навуковых даследаванняў [13] рэфарматары аддавалі перавагу ранейшым і прасцейшым версіям абрадаў, а не пазнейшым [14]. Аднак разам з тым яны дадалі шэраг элементаў, якія не мелі гістарычных прэцэдэнтаў і павінны былі прамовіць да людзей або падкрэсліць нейкую тэалагічную ідэю. Сюды адносяцца аднаўленне абяцанняў хросту ў Пасхальную вігілію і нясенне Пасхала ў працэсіі. Першая з гэтых рэчаў была асуджана літургічным навукоўцам кс. Бернарам Капэлем ня­гледзячы на яго сувязь з рэфарматарскім рухам [15]. Аб’ектыўная традыцыя, перададзеная нам літургія, складаная і, на першы погляд, нелагічная, як і любы вялікі твор мастацтва, можа быць пашкоджана як археалагічнымі, так і інавацыйнымі тэндэнцыямі.

10. Рэформа імкнулася зменшыць працягласць абрадаў, што праявілася перадусім у скарачэнні колькасці чытанняў у Пасхальную вігілію [16]. Таксама праводзіліся спрашчэнні, такія як скасаванне складзеных арнатаў — старажытнай рысы рымскай літургіі ў пакаянныя перыяды. Аднак дадаваліся і новыя рэчы, якія нібыта мелі пастырскае значэнне, такія як прыняцце Камуніі ў Вялікую пятніцу; рабіліся таксама спробы падкрэсліць любімыя рэчы, такія як працэсія ў Пальмавую нядзелю [17].

11. Гэта стварае агульную праблему: пасля скарачэння і спрашчэння літургіі з мэтай таго, каб людзі маглі глыбей яе ацаніць, у ёй застаецца менш чаго цаніць. Тое ж можна сказаць і пра замену старажытных і, магчыма, таямнічых цырымоній новымі і зра­зумелымі, з-за чаго людзі (таксама і літургічныя навукоўцы) назаўсёды трацяць магчымасць узрастаць у разуменні. Таксама ў рэформе праявілася памылковае меркаванне, што часткова незразумелая сімволіка аказвае меншы ўплыў на вернікаў [18]. Як сцвярджалі многія члены Літургічнага руху, лепш выхоўваць вернікаў у разуменні багаццяў літургіі ў іх цэласнасці [19]. Можна таксама дадаць, што не варта чакаць, што вернікі будуць кожны год удзельнічаць у кожнай літургіі.

Гадзіны цэлебрацыі абрадаў

12. Адна з найбольш рэзкіх зменаў, зробленых у межах гэтай рэформы, датычылася гадзі­наў цэлебрацыі абрадаў Вялікага тыдня. Згодна з Імшалам 1570 года, іх трэба было цэлебраваць у стандартны для вялікапосных Імшаў час — пасля Ноны (у 9:00). Першапачаткова Пасхальную вігілію цэлебравалі ўначы [20], Імшу Вячэры Пана ў Вялікі чацвер — увечары (на ўспамін пра Апошнюю вячэру) [21], а Імшу раней асвячаных дароў у Вялікую пятніцу — у гадзіну ўкрыжавання, апоўдні [22]. У той жа час цёмныя Ютрані (matutinum і laudes), якія спачатку цэлебравалі ўначы (пачынаючы ад поўначы), пачалі цэлебраваць вечарам папярэдняга дня. Працэс пераносу цэлебрацый на ранейшы час, скончаны ў 1570 годзе, пачаўся ў Х ст. Тэндэнцыю цэлебраваць абрады Вялікага тыдня ў ранейшыя гадзіны дня можна назіраць таксама ва Усходніх Касцёлах.

13. Ацэньваючы гэтую з’яву, трэба перш за ўсё адзначыць, што па-за ідэальнымі ўмовамі кляштараў, семінарый ці парафій, прывязаных да надзвычайнай формы, абрады мусяць цэлебравацца ў тыя гадзіны, калі даступны касцёлы і святары. Празмерна трымацца нормы ў цяперашніх умовах было б пастырскай памылкай.

14. Па-другое, трэба заўважыць, што з 1970 года моцна заявіла пра сябе тэндэнцыя адкладаць на Пасхальную вігілію на позні час. Аднак рэальнасць заключаецца ў тым, што для многіх каталікоў, асабліва тых, хто мае малых дзяцей або мусіць пера­адольваць вялікую адлегласць, каб паўдзельнічаць у набажэнстве (як гэта часта бывае з тымі, хто прывязаны да надзвычайнай формы), літургія, якая пачынаецца апоўначы і заканчваецца а другой гадзіне ўначы, не з’яўляецца ані прывабнай, ані практычнай. Часта Пасхальную вігілію таксама разглядаюць як літургію, несумяшчальную з удзелам у Імшы ў сам святочны дзень. Позняя вігілія яўна не з’яўляецца ідэалам з пункту гледжання стымулявання ўдзелу ў як мага большай колькасці гэтых важных абрадаў.

15. Па-трэцяе, цёмныя Ютрані — гэта вельмі кранальныя літургіі ночы і вечара, у якіх эфектна выкарыстоўваецца сімволіка святла і цемры. Пасля рэформы іх прыходзіцца цэлебраваць раніцай, каб даць месца галоўным абрадам [23]. Гэта сітуацыя, блізкая да катастрофы.

16. Нарэшце, як і ў выпадку многіх іншых рэчаў на працягу гісторыі літургіі, да гадзінаў цэлебрацыі літургій далучылася сімвалічнае значэнне, прычым гэтае значэнне ўсё яшчэ можа прамовіць да нас сёння. Папа Бенедыкт XVI пісаў:

Як я казаў, днём, у які мяне ахрысцілі, была Вялікая субота. У той час [1927] практыка была ўсё яшчэ такой, што Пасхальная вігілія датэрмінова цэлебравалася раніцай, пасля чаго працягвалася цемра Вялікай суботы без “Аллелюя”. Мне здаецца, што гэты асаблівы парадокс, гэтае асаблівае прадчуванне святла ў цёмны дзень можа быць амаль што вобразам гісторыі нашага часу. З аднаго боку, усё яшчэ трывае маўчанне Бога і цішыня Яго адсутнасці, але ва Уваскрасенні Хрыста ўжо ёсць прадчуванне Божага “так”, і, абапіраючыся на гэтае прадчуванне, мы жывём, праз цішыню Бога мы чуем Яго словы, праз цемру Яго адсутнасці мы прадбачым гэтае святло. Прадчуванне Уваскрасення пасярод бегу гісторыі — гэта і ёсць сіла, якая паказвае нам шлях і дапамагае рухацца наперад [24].

Заключэнне

17. Рэформа, якая распачалася як эксперымент у 1951 г. [25] і завяршылася ў 1955 г. [26], прывяла да павышэння зацікаўленасці літургіяй і да большага ўдзелу. Цяжка сказаць, у якой ступені на гэта паўплывала навізна рэфармаваных абрадаў, іх стараннае прасоўванне абаронцамі рэформы, а таксама біскупамі і святарамі, якіх схілялі да іх папулярызацыі, а ў якой — змены ў гадзінах цэлебрацыі. Доўгатэрміновыя эфекты не ўдалося пабачыць, бо ў 1964 г. пачалася новая хваля літургічных зменаў. Яшчэ ў 1955 г. адзначаўся спад прысутнасці на Пасхальнай вігіліі [27], а некаторыя біскупы скардзіліся на практычныя цяжкасці з вігіліяй [28]: пераважна на стомленасць святароў, якія мусілі слухаць споведзі на працягу ўсяго дня, а затым позна ўначы пачыналі доўгае і складанае набажэнства [29]. Канчатковай і абавязковай рэформе актыўна супраціўляліся некаторыя біскупы, перадусім арцыбіскуп Дубліна Джон Макквэйд і арцыбіскуп Нью-Ёрка кардынал Фрэнсіс Спэлман [30].

18. Дыскусіі, якія выклікала рэформа ў той час, яшчэ не скончыліся. Уплыў, які аказала рэформа на паасобныя абрады, будзе разгледжаны ў другой частцы артыкула.


Дадатак: Трыдуум і паралітургічныя набажэнствы

Актывісты Літургічнага руху любілі падкрэсліваць першынство літургіі — публічнай малітвы Касцёла — над паралітургічнымі (“народнымі”) набажэнствамі. Гэта адлюст­равана ў словах канстытуцыі пра літургію Другога Ватыканскага сабору Sacrosanctum concilium, 13:

Вельмі рэкамендуюцца набажэнствы хрысціянскага народу, што адпавядаюць законам і нормам Касцёла. У першую чаргу тыя, якія адбываюцца з дазволу Апостальскай Сталіцы.

Асаблівую вартасць маюць тыя набажэнствы мясцовых Касцёлаў, якія цэлебруюцца з даручэння біскупаў паводле звычаяў і законна зацверджаных кніг.

Прымаючы пад увагу літургічныя перыяды, гэтыя набажэнствы трэба так уладкаваць, каб яны адпавядалі Літургіі, як бы вынікалі з яе і скіроўвалі да яе народ, бо Літургія па сваёй сутнасці значна пераўзыходзіць іх [31].

Да рэформы 1955 года існаваў шэраг паралітургічных набажэнстваў, якія, хоць і змяняліся ў залежнасці ад месца, часта мелі вельмі добрую наведвальнасць і зазвычай займалі час, які заставаўся паміж літургічнымі набажэнствамі. Такім чынам, у Вялікі чацвер час паміж ранішняй Імшою і цёмнай Ютранню ўвечары выкарыстоўваўся для чування пры Цямніцы. З гэтага вырасла практыка — асабліва ў гарадах — наведваць сем Цямніц і маліцца перад кожнай з іх. У Вялікую пятніцу, зноў жа, час паміж раніш­няй Імшою раней асвячаных дароў і цёмнай Ютранню ўвечары выкарыстоўваўся для вельмі папулярнага набажэнства Крыжовага шляху. Яго праводзілі публічна і даволі ўрачыста (яго ўзначальваў святар, убраны ў комжу і часам капу; таксама яго маглі суправаджаць акаліты з працэсійным крыжам і ліхтарамі). Акрамя таго, у некаторых месцах гучалі казанні на тэму Сямі апошніх словаў. Літургію Вялікай пятніцы з Пасхальнай вігіліяй злучала чуванне пры Гробе Пана, папулярнае ў Сярэднявеччы, а ў некаторых краінах — і да сённяшняга дня.

Гэтыя формы пабожнасці вынікаюць з характару літургічнага перыяду і адпавядаюць яму. Таму іх варта заахвочваць, а высокая папулярнасць сведчыць пра іх вялікую ролю ў духоўным жыцці вернікаў. Можна было б шкадаваць, што да 1955 г. адносна мала людзей удзельнічала ў Імшы раней асвячаных дароў, аднак няма чаго шкадаваць, што настолькі многія ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу. Гэтыя дзве рэчы не з’яўляецца ўзаемавыключальнымі.

З-за змены гадзінаў цэлебрацыі літургій Трыдуума той час, які зазвычай аддаваўся на набажэнствы на працягу Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы, альбо стаў недаступны, альбо перастаў быць адпаведным для гэтых набажэнстваў. Праблему можна праілюстраваць польскім звычаем благаслаўлення яек: да 1955 г. ён ад­бываўся ў Вялікую суботу пасля Пасхальнай вігіліі (удзень). Гэты звычай і цяпер захоўваецца ў тую ж пару дня, хоць цяпер ён мае месца ўжо перад літургічнай цэлебрацыяй Уваскрасення, з якою звязаны сімвал новага жыцця, прадстаўлены яйкам. У многіх іншых выпадках страта традыцыйных і адпаведных гадзінаў прывяла да поўнага знікнення набажэнстваў з жыцця каталікоў і да моцнага збяднення каталіцкай духоўнасці.


[1] У дадзеным артыкуле мы хацелі б пакінуць убаку пытанне малітвы за жыдоў у літургіі Вялікай пятні­цы, якая не змянялася ў 1955 годзе, але была зменена ў 1962 годзе, а затым у 2007 годзе. Гэта не ўплы­вае на параўнанне якасцяў абрадаў Вялікага тыдня ўзораў 1570 і 1955 года.

[2] Гл. Пазіцыя № 2, “Літургічная пабожнасць і ўдзел у літургіі”.

[3] Дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў Maxima redemptionis nostrae mysteria (1955) скардзіўся на тое, што Святы Трыдуум цэлебруецца “адным духавенствам у амаль бязлюдным касцёле”.

[4] Memoriale Rituum Папы Бенедыкта XIII (1725) пералічвае абрады і ўсё неабходнае, каб выконваць іх у малых парафіяльных касцёлах, дзе ёсць толькі адзін святар.

[5] Змена была зроблена Папам Урбанам VIII ў апостальскай канстытуцыі Universa per orbem (1642).

[6] У Англіі яе скасавалі пасля Рэфармацыі, прычым з вялікімі цяжкасцямі. Дафі цытуе Эдмунда Грындала, другога арцыбіскупа Кентэрберыйскага за часы Лізаветы І, які скардзіўся, што гэтае наба­жэнства ўсё яшчэ трывае: E. Duffy, “The Stripping of the Altars: Traditional Religion in England c.1400–c.1580”, New Haven: Yale University Press, 1992, с. 29.

[7] Оўэн піша пра гэта ў сваім вершы “Вялікі чацвер” (назва паказвае ягонае літургічнае невуцтва). Ён апісвае, як крыжу ў парафіі пакланяліся мужчыны, жанчыны і дзеці. Верагодна, ён стаў сведкам гэтага набажэнства ў горадзе Мерыньяк каля Бардо, дзе ён спыніўся ў французскай сям’і. Гл. “The Poems of Wilfrid Owen”, рэд. Jon Stallworthy, London: Chatto & Windus, 1990, с. xxiii і 86.

[8] Duffy, op. cit., с. 31–37.

[9] “Нават у нашыя дні ў многіх частках Італіі людзі маюць вялікую пабожнасць да часцінак свечак — пасхалаў ужо не, — якія запальваюцца падчас воклічу “Lumen Christi”; іх яны захоўваюць у маленькіх шаўковых торбачках і вешаюць на шыю дзецям” (Bl. Ildefonso Schuster, “The Sacramentary: historical and liturgical notes on the Roman Missal”, англ. выд.: London: Burns Oates, 1925, т. II, с. 286).

[10] У кляштарах, прывязаных да надзвычайнай формы, асабліва ў Францыі, такія рэкалекцыі працягва­юцца і цяпер; ёсць яны і ў кляштарах, дзе цэлебруецца літургія ў звычайнай форме.

[11] У 1962 г. Івлін Во так пісаў для часопіса “The Spectator”: “На працягу некалькіх апошніх гадоў мы сталі сведкамі трыумфу “літургістаў”, якія ўвялі новы парадак абрадаў на заканчэнне Вялікага тыдня і на Вялікдзень. На працягу стагоддзяў гэтыя дні ўзбагачаліся набажэнствамі, якія былі дарагімі для свецкіх вернікаў: заўчаснай цэлебрацыяй ранішняй цёмнай Ютрані, чуваннем пры Цямніцы, Імшою раней асвячаных дароў. Хрысціяне другога стагоддзя не адзначалі гэты перыяд такім жа чынам. Гэта было арганічнае развіццё людскіх патрэбаў. Не ўсе каталікі маглі дазволіць сабе ўдзел у літургіі, але сотні людзей рабілі гэта, жывучы ў манаскіх дамах ці побач з імі і праводзячы штогадовыя рэкалекцыі, якія пачыналіся цёмнай Ютранню пасля поўдня ў сераду і заканчваліся Велікоднай Імшою каля поўдня ў суботу. На працягу гэтых трох дзён час зручна размяркоўваўся паміж абрадамі Касцёла і прамовамі святара, які праводзіў рэкалекцыі, з-за чаго амаль не заставалася магчымасці адцягнуць увагу на іншае. Цяпер жа да вечара чацвярга нічога не адбываецца. Раніца пятніцы цалкам вольная. У другой палове дня ў пятніцу ў касцёле можна правесці гадзіну ці каля таго. Пасхальная Імша спяваецца апоўначы ў прысутнасці змучанага люду, які прымушаюць “аднавіць абяцанні хросту” на народнай мове, пасля чаго людзі сыходзяць адпачываць. Значэнне Вялікадня як свята досвітку цалкам страчана, як страчаны і ўнікальны характар Божага Нараджэння як святой ночы. Я заўважыў, што ад моманту ўвядзення інавацый — альбо, як іх называюць літургісты, рэстаўрацый — у кляштары, які я часта наведваю, скарацілася колькасць удзельнікаў рэкалекцый. Цалкам можа быць, што гэтыя абрады з’яўляюцца больш блізкімі да практыкі першаснага хрысціянства, аднак Касцёл радуецца развіццю догматаў; чаму ж ён не прызнае таксама развіцця літургіі?” Гл. Scott Reid (рэд.), “A Bitter Trial: Evelyn Waugh and John Carmel Cardinal Heenan on the liturgical changes”, London: St Austin Press, 1996, с. 24–25.

[12] Энцыкліка Mediator Dei (1947), 61: “Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, па той толькі прычыне, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”. (“Haec eadem iudicandi ratio tenenda est, cum de conatibus agitur, quibus nonnulli enituntur quoslibet antiquos ritus ac caerimonias in usum revocare. Utique vetustae aetatis Liturgia veneratione procul dubio digna est; verumtamen vetus usus, non idcirco dumtaxat quod antiquitatem sapit ac redolet, aptior ac melior existimandus est vel in semet ipso, vel ad consequentia tempora novasque rerum condiciones quod attinet. Recentiores etiam liturgici ritus reverentia observantiaque digni sunt, quoniam Spiritus Sancti afflatu, qui quovis tempore Ecclesiae adest ad consummationem usque saeculorum, orti sunt; suntque iidem pariter opes, quibus inclita Iesu Christi; Sponsa utitur ad hominum sanctitatem excitandam procurandamque”.)

[13] Напрыклад, у межах рэформы 1955 года колер убрання падчас благаслаўлення пальмаў быў зменены з фіялетавага на чырвоны, таму што лічылася, што гэта быў аўтэнтычны, старажытны колер. Насамрэч, фіялетавы колер выкарыстоўваўся ў рымскім абрадзе ад старажытнасці, таму гэтая змена была неапраўданай. Гл. Philip Goddard, “Festa Paschalia: A history of the Holy Week liturgy in the Roman Rite”, Leominster: Gracewing, 2011, с. 285, зноска 9.

[14] Як і ў выпадку некаторых прыкладаў, згаданых ніжэй, заключнае “Miserere” ў цёмнай Ютрані, якое няспынна выкарыстоўвалася з ХІІ ст., у межах рэформы было выкрэслена, таму што было “познім” і дублявала ранейшую рэцытацыю. Гэтае “Miserere” натхніла адзін з найбольш вядомых твораў заходняй сакральнай музыкі — “Miserere” Грыгорыа Алегры, укладзенае ў 1630-я гады.

[15] Ён пісаў: “Для ўвядзення гэтай інавацыі не існуе неабходнасці… Каб рэформа літургіі дасягнула сваёй задуманай мэты, неабходна, каб яна праводзілася з жаданнем разумна і асцярожна вярнуцца да яе чысцейшых крыніцаў. Таму ўводзіць абрады, якія не толькі не былі зацверджаны доўгай традыцыяй, але і з’яўляюцца цалкам новымі, было б вельмі неабачліва. Гэта асабліва непрымальна ў тым выпадку, калі літургіі, у якія яны ўводзяцца, вельмі старажытныя і сакральныя”. Цытата ў англ. перакладзе: Goddard, op. cit., с. 284. Цытата на арыгінальнай лацінскай мове: Alcuin Reid, “The Organic Development of the Liturgy”, 2-е выд.: San Francisco: Ignatius Press, 2005, с. 176, зноска 103.

[16] Сярод іншых прыкладаў можна назваць скасаванне “Asperges”, падрыхтоўчых малітваў, Апошняга Евангелля, а таксама Missa sicca пры благаслаўленні пальмаў у Пальмавую нядзелю. Імша раней асвячаных дароў у Вялікую пятніцу таксама была моцна скарочана. На час тыдня Мукі Пана і Вялікага тыдня з падрыхтоўчых малітваў прыбіраўся псальм “Iudica” (Пс 42). Кардынал Антанэлі, які кіраваў рэформай, тлумачыў, што адной з мэтаў было “скарачаць”. Гл. Reid, “Organic Development”, с. 173 і зноска 87; цытата з Giampietro, “Cardinal Ferdinando Antonelli”, с. 24–26.

[17] “Вялікія змены былі зроблены ў абрадзе благаслаўлення пальмаў і далейшай працэсіі. Гэтыя змены кіраваліся жаданнем перанесці акцэнт з першага на апошнюю” (Goddard, op. cit., с. 266).

[18] “Заўвага пра тое, што чым больш знак спасцігальны розумам, тым больш эфектыўна ён уваходзіць у жыццё верніка, гучыць для ўспрымання сацыёлага малаверагодна. (…) Па меркаванні сацыёлагаў, пэў­ная незразумеласць для сімвалічнага дзеяння з’яўляецца неабходнай.” (Aidan Nichols, “Looking at the Liturgy: a critical view of its contemporary form”, San Francisco: Ignatius Press, 1996, с. 61).

[19] Прадстаўніком такога погляду быў кс. Ханс Рэйнгольд, які ў 1947 г. пісаў: “Сучасны Літургічны рух з’яўляецца паслухмяным, артадаксальным, сціплым. Першая рэч, якой ён патрабуе, гэта каб кожны з нас, мы самі, здзяйснялі літургію так, як яна пададзена ў кнігах, і падпарадкоўваліся ёй. Самавы­праўленне і ўдасканальванне. У другую чаргу мы чакаем, што яна адкрые нам вочы на дробязі і адкрыцці, якія зменяць нашае мысленне і нададуць яму большую дагматычную карэктнасць, прапарцыянальнасць і радасць. Трэцяя справа — гэта ўбачыць літургію, вернутую да сваёй прастаты і да сваіх крыніцаў. І толькі ў чацвёртую чаргу мы ўпадзем да ног Святога Айца і папросім аб рэформах” (цыт. па Reid, “Organic Development”, с. 141–142).

[20] Альбо, як гэта часам апісваюць, “раніцай”, г. зн. рана перад світаннем.

[21] У Рыме Папа целебраваў адзіную Імшу апоўдні, падчас якой ён благаслаўляў алеі, тады як ва ўсім горадзе (літургія якога захавалася ў старым сакрамэнтарыі Гелазія), служылі тры Імшы: ранішнюю Імшу з паяднаннем пенітэнтаў, Імшу Хрызма апоўдні і вечаровую Missa in Coena Domini ad sero. Аднак менавіта папскія (“грыгарыянскія”) кнігі былі прыняты з дадаткамі падчас рэформы франкскай літургіі, якую праводзіў Алкуін пры Карле Вялікім. І менавіта гэтая рэформа была ўведзена ў Рыме ў пазнейшых стагоддзях. Таму Імша Вялікага чацвярга ў Імшале 1570 года паходзіць ад папскай Імшы апоўдні, а не ад старажытнай вечаровай Імшы гэтага дня. Гл. Goddard, op. cit., с. 134.

[22] У старой гелазіянскай традыцыі, у VIII ст., яе цэлебравалі ў 15:00; паводле пантыфікала ХІІ ст., яна цэлебруецца апоўдні, што і прадпісана Імшалам 1474 года. Ранішняя цэлебрацыя развілася пазней. Гл. Goddard, op. cit., с. 173.

[23] Гадзіна matutinum, якая цэлебравалася ў Вялікую суботу ўвечары як першая частка Афіцыя Вялікадня, была скасавана ўвогуле: гл. Пазіцыя № 14, частка 2, § 12.

[24] Папа Бенедыкт XVI, гамілія на Імшы падзякі з нагоды дня народзінаў, 16 красавіка 2012 года.

[25] Эксперыментальная Пасхальная вігілія, якая пераважна адпавядала форме, зацверджанай у 1955 г., была дазволена ў новыя, начныя гадзіны дэкрэтам Dominicae Resurrectionis vigiliam, выдадзеным незадоўга да самой Пасхі, 9 лютага 1951 года. Рэйд адзначае, што парадак рэфармаванай літургіі быў апублікаваны менш чым за месяц перад Вялікаднем, які ў тым годзе прыпадаў на 25 сакавіка (Reid, “Organic Development”, с. 172, зноска 80).

[26] Дакумент Ordo hebdomadae sanctae instauratus, у якім афіцыйна каментаваліся змены, быў апублікаваны ў 1956 г., хоць тэксты былі даступныя і раней. Канчатковая версія рэфармаванага Вялікага тыдня ўтрымлівала пэўныя рэвізіі для эксперыментальнай Пасхальнай вігіліі і рэфармаваныя версіі іншых літургій Вялікага тыдня і зацвярджала іх у якасці абавязковых.

[27] Кс. Джон Койн, рэктар семінарыі ў Оскаце (Англія) у 1955 г. казаў: “Цяпер, калі навізна пазношвалася, многія парафіі паведамляюць пра змяншэнне наведвальнасці. Таксама ў многіх месцах колькасць прысутных на Пасхальнай вігіліі так і не дасягнула лічбаў начной Імшы Божага Нараджэння. Таксама гэтая новая літургія не заўсёды аказвалася прынятай там, дзе мы на гэта спадзяваліся. У Вэстмінстэрскай катэдры, напрыклад, яе не выкарыстоўвалі да 1955 года. У базіліцы святога Пятра ў Рыме таксама яшчэ не скасавалі ранішнюю літургію”. Цыт па. Reid, “Organic Development”, с. 222. Гл. таксама ў зносцы 11 справаздачу Івліна Во пра скарачэнне наведвальнасці велікодных рэкалекцый у абацтве Даўнсайд, якую ён напісаў у 1962 г.

[28] Сярод біскупаў, якія дасылалі негатыўныя справаздачы пра эксперыментальнае выкарыстанне рэфармаваных літургій Вялікага тыдня, былі біскуп Кома Фэлічэ Банаміні, арцыбіскуп Генуі кардынал Сіры і арцыбіскуп Отранта Карнэліа Кукарола. Гл. Reid, ibid., с. 222, зноска 270.

[29] Гэтая праблема была адзначана ў афіцыйнай справаздачы наконт эксперыменту — меркаванні кардынала Антанэлі, якое ў 1955 г. апублікавала Святая Кангрэгацыя абрадаў. Гл. Reid, ibid., с. 221–222 і зноска 269.

[30] Гл. Reid, ibid., с. 231.

[31] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя Sacrosanctum concilium, 13:

“Pia populi christiani exercitia, dummodo legibus et normis Ecclesiae conformia sint, valde commendantur, praesertim cum de mandato Apostolicae Sedis fiunt.

Speciali quoque dignitate gaudent sacra Ecclesiarum particularium exercitia, quae de mandato Episcoporum celebrantur, secundum consuetudines aut libros legitime approbatos.

Ita vero, ratione habita temporum liturgicorum, eadem exercitia ordinentur oportet, ut sacrae Liturgiae congruant, ab ea quodammodo deriventur, ad eam populum manuducant, utpote quae natura sua iisdem longe antecellat”.

1 Response

  1. 13.12.2018

    […] Учорашні артыкул пра рэформу Вялікага тыдня, сярод іншага, распавядае пра тое, што ў 1955 годзе Папа Пій ХІІ канчаткова перанёс набажэнствы Святога Пасхальнага Трыдууму з раніцы на пазнейшы час. Паколькі: […]

Пакінуць каментар

Scroll Up
%d bloggers like this: