05.12.2018 / Te igitur

Багацце частковых адпустаў у сучаснай практыцы Касцёла🕑 7 хвілін

Існуе распаўсюджанае меркаванне, што рэформа Паўла VI скасавала большасць адпустаў, якія існавалі да 1968 года. Сапраўды, гэта так. Усе ранейшыя адпусты, якія не былі ўключаны ў новы зборнік Enchiridion indulgentiarum і наконт якіх не была пададзена просьба аб падаўжэнні, былі скасаваныя цягам наступных двух гадоў. Сам Павел VI тады сцвярджаў, што колькасць поўных адпустаў прыйшлося скараціць, каб іх “больш цанілі” (Indulgentiarum doctrina, 12), а англійскае выданне L’Osservatore Romano нават хвалілася, што новы спіс адпустаў у шэсць разоў карацейшы за папярэдні.

Аднак цалкам магчыма, што зборнік адпустаў скараціўся толькі знешне, тады як спосабаў атрымаць адпусты стала больш. Як такое можа быць?

У традыцыйнай адпуставай практыцы было прынята ўдзяляць адпусты за нейкія канкрэтныя малітвы ці ўчынкі. Такія адпусты маглі быць поўнымі (г. зн. цалкам вызваляць ад пакарання за грахі), а маглі быць частковымі, і тады іх эфектыўнасць дадаткова акрэслівалася ў днях або гадах (50 дзён адпусту за пабожна ўчынены знак крыжа; 1 год адпусту для святара, які памоліцца падрыхтоўчымі малітвамі перад Імшою; 7 год і 7 разоў па 40 дзён адпусту за ўдзел у Імшы новапасвячанага святара і г. д.).

Сёння сістэма дзён і гадоў больш не актуальная, але адпусты і надалей удзяляюцца за канкрэтныя практыкі: Enchiridion indulgentiarum пералічвае 70 адпустаў за тыя ці іншыя малітвы і ўчынкі. Але побач з імі з’явіліся чатыры агульныя дазволы (quattuor concessiones generales), у якіх вернікам масава ўдзяляюцца частковыя адпусты за розныя, канкрэтна не акрэсленыя ўчынкі штодзённага пабожнага жыцця. Робіцца гэта для таго, каб вернікі напаўнялі хрысціянскім духам усе свае справы і стараліся ўпарадкаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з патрабаваннямі хрысціянскай любові.

Удзяляюцца ж гэтыя агульныя адпусты не за кожны добры ўчынак, а толькі за такі, які выконваецца ў духу гэтых агульных дазволаў.

1. За ўзнясенне думак да Бога пасярод штодзённых абавязкаў

Першы агульны дазвол кажа наступнае:

I. Conceditur indulgentia partialis christifideli qui, in officiis suis gerendis et vitae aerumnis tolerandis, animum ad Deum humili fiducia erexerit, addita, etiam tantum mente, pia aliqua invocatione.

(I. Частковы адпуст удзяляецца хрысціянскім вернікам, якія, выконваючы свае абавязкі і зносячы цяжкасці жыцця, у пакорным даверы ўзносяць свае сэрцы да Бога, дадаючы, прынамсі ў думках, які-небудзь пабожны заклік.)

Вядома, не кожны наш штодзённы ўчынак адпавядае гэтаму ўзору, таму і частковы адпуст можна атрымаць не заўсёды. Калі ж хтосьці напоўніць такімі ўчынкамі сваё штодзённае жыццё, то, акрамя здабыцця ласкі для сябе, ён зможа больш эфектыўна дамапагаць душам у чысцы.

Пабожны заклік, пра які ідзе мова, можна выбраць сярод выразаў, правераных часам, а можна ўзбудзіць спантанна, нават толькі ў думках і нават вельмі кароткі. У спісе адпустаў ёсць дадатак, у якім удакладняецца характар і прыводзяцца прыклады такіх пабожных заклікаў (Piae invocationes). Вось некаторыя з іх (тэксты малітваў у Enchiridion indulgentiarum прыводзяцца на лацінскай мове):

  • Adoramus te, Christe, et benedicimus tibi; quia per Crucem tuam redemisti mundum.
  • Christus vincit! Christus regnat! Christus imperat!
  • Cor Iesu sacratissimum, miserere nobis.
  • Nos cum prole pia benedicat Virgo Maria.
  • Ora pro nobis, sancta Dei Genetrix, ut digni efficiamur promissionibus Christi.
  • і іншыя.

Зразумела, няма патрэбы ўзбуджаць у думках ці прамаўляць менавіта лацінскія варыянты, але гэта свайго роду нагода вывучыць адзін-другі заклік на памяць. Прыводзяцца ў дакуменце і прыклады зусім кароткіх заклікаў:

Deus meus – Pater – Iesus – Laudetur Iesus Christus (або іншае традыцыйнае хрысціянскае прывітанне) – Credo in te, Domine – Adoro te – Spero in te – Amo te – Omnia pro te – Gratias ago tibi (або Deo gratias) – Deus sit benedictus (або Benedicamus Domino) – Adveniat regnum tuum – Fiat voluntas tua – Sicut Domino placet – Adiuva me, Deus – Conforta me – Exaudi me (або Exaudi orationem meam) – Salva me – Miserere mei – Parce mihi, Domine – Ne permittas me separari a te – Ne derelinquas me – Ave, Maria – Gloria in excelsis Deo – Domine, magnus es tu – Totus tuus.

Але важна перадусім узносіць думкі да Бога пасярод штодзённай працы і цяжкасцяў, бо заклік з’яўляецца толькі дадаткам (Enchiridion indulgentiarum, Piae invocationes, 1).

2. За ўдзяленне часу і дабротаў патрабуючым

Другі агульны дазвол удзяляе частковыя адпусты за справы міласэрнасці да бліжняга:

II. Conceditur indulgentia partialis christifideli qui, spiritu fidei ductus, in servitium fratrum necessitate laborantium, se ipsum vel bona sua misericordi animo impenderit.

(II. Частковы адпуст удзяляецца хрысціянскім вернікам, якія, кіруючыся духам веры, міласэрна аддаюць сябе або свае даброты на службу патрабуючым братам.)

Enchiridion indulgentiarum тлумачыць, што гэты агульны дазвол накіраваны на тое, каб заахвоціць вернікаў часцей здзяйсняць учынкі любові або міласэрнасці, і ўдакладняе, што на ўвазе маецца не толькі забеспячэнне кагосьці ежай ці вопраткай, але і суцяшэнне і настаўленне душы.

3. За дабравольнае ўстрыманне

Трэці агульны дазвол, паводле Enchiridion indulgentiarum, “асабліва адпавядае нашым часам”: ён удзяляе адпусты тым, хто дабравольна ўстрымліваецца ад дазволеных прыемнасцяў:

III. Conceditur indulgentia partialis christifideli qui a re licita et sibi grata, in spiritu paenitentiae, sponte abstinuerit.

(III. Частковы адпуст удзяляецца хрысціянскім вернікам, якія ў духу пакуты, дабравольна ўстрымліваюцца ад рэчы, якая ім дазволена і з’яўляецца для іх прыемнай.)

Паколькі абавязковага посту і ўстрымання сёння амаль не засталося нават у параўнанні з былой каталіцкай практыкай, не кажучы ўжо пра практыку ўсходніх хрысціянаў, вернікаў заахвочваюць да дабравольнага ўстрымання пры дапамозе адпустаў. Згодна з гэтым агульным дазволам, частковыя адпусты можна здабываць за дабравольнае вяртанне да дасаборнай поснай практыкі: практычна штодзённае колькаснае абмежаванне (пост, ieiunium) у перыяд Вялікага посту стане не толькі заслугай і паслужыць павелічэнню ласкі, але і дапаможа ўратаванню чысцовых душаў. Тым больш што гэта практыка, працяглая ў часе. Калі гэтыя галодныя часы дадаткова абвясціць цяжкасцямі штодзённага жыцця і ўзносіць думкі і заклікі да Бога, то можна прайсці яшчэ і па агульным дазволе І.

4. За адкрытае сведчанне веры

Чацвёрты агульны дазвол удзеляе частковыя адпусты за сведчанне веры перад іншымі.

IV. Conceditur indulgentia partialis christifideli qui apertum testimonium fidei coram aliis, in pecularibus quotidianae vitae adiunctis, sponte reddiderit.

(IV. Частковы адпуст удзяляецца хрысціянскім вернікам, якія ў канкрэтных абставінах штодзённага жыцця дабравольна даюць адкрытае сведчанне веры перад іншымі.)

Зразумела, што ў нашым асяроддзі гэта можа быць і размова пра веру з сябрам, і дыскусія пра мяса ў пятніцу на працы, і проста паездка з ружанцам у грамадскім транспарце. Нашэнне сутаны або хабіта таксама, прычым заслуга тым большая, чым менш жадаючых іх насіць.

Ці не надта шчодрыя гэтыя дазволы?

Не надта. З аднаго боку, яны аб’ядноўваюць у сабе вельмі шматлікія практыкі, якія можна паўтараць некалькі разоў на дзень. Але, з іншага боку, правілы статыстыкі кажуць: каб падлічыць верагоднасць таго, што каталік:

  • жыве ў стане асвячальнай ласкі;
  • моліцца за памерлых;
  • ведае пра магчымасць атрымання адпустаў;
  • рэалізуе гэтую магчымасць на практыцы;

трэба верагоднасць кожнай з гэтых падзеяў перамножыць. Калі ўлічыць, што на прагрэсіўным Захадзе да споведзі амаль ніхто не прыступае, у апошнія рэчы і ўваскрасенне памерлых, у параўнанні з рэінкарнацыяй, вераць таксама не вельмі актыўна, а адпусты ўвогуле лічацца перажыткам Сярэднявечча, то можна ўявіць сабе, наколькі ў чысцы цесна і наколькі патрэбна наша дапамога.

Але ж гэта частковыя адпусты, а не поўныя…

Поўны адпуст, вядома, мае найбольшую эфектыўнасць, аднак яго здабыванне, як мы бачылі раней, звязана з адсутнасцю прывязанасці да грахоў і выкананнем некалькіх “звычайных” умоваў. Гэта не азначае, што не трэба імкнуцца іх атрымліваць, але частковыя адпусты маюць дзве важныя перавагі:

  1. За дзень можна атрымаць шмат частковых адпустаў, але толькі адзін поўны (Enchiridion indulgentiarumNormae de indulgentiis, № 18, § 1).
  2. Для атрымання частковага адпусту не трэба выконваць тых самых звычайных умоваў, а дастаткова знаходзіцца ў стане “corde saltem contritus”, што перакладаюць як “прынамсі са скрушаным сэрцам”, а паводле тлумачэння Святой Кангрэгацыі абрадаў, пад гэтымі словамі маецца на ўвазе стан асвячальнай ласкі (там жа, № 4).

Таму за адзін дзень тэарэтычна можна здабыць столькі частковых адпустаў, што іхняя сумарная эфектыўнасць дасягне эфектыўнасці поўнага адпусту.

Зразумець гэта таксама можна і па аналогіі. Зазвычай справы, што выконваюцца за кошт ахвяраванняў (а наша малітва для чысцовых душаў з’яўляецца менавіта ахвяраваннем), сваё ўстойлівае развіццё будуюць не за кошт буйных ахвярадаўцаў, а дзякуючы прыбытку ад дробных, але рэгулярных ахвяраванняў. Буйны спонсар можа перадумаць, збяднець ці памерці, а калі прадпрыемства атрымлівае меншы, але рэгулярны прыбытак ад многіх ахвярадаўцаў, гэта гарантуе яму ўстойлівасць і магчымасць планавання.

Аналагічна і ў духоўным жыцці больш карысным можа аказацца не адзін поўны адпуст, які вызваліць з чысца адну душу, а наладжаная звычка ўзбуджаць штораніцы намер атрымання ўсіх магчымых адпустаў; сярод цяжкасцяў казаць не “ё-маё”, а “няхай будзе воля Твая”; вітацца ў касцёле не “здароў” ці “давай”, а “пахвалёны Езус Хрыстус”; маліцца ружанец не ў кішэні, а ў руцэ; насіць сутану, адведваць хворых і ўстрымлівацца ад трэцяй шаурмы. Тады наблізіцца хрысціянская дасканаласць, памножацца справы любові і міласэрнасці, чысцец для пакутуючых душаў стане карацейшы, а нашы перспектывы на вечнасць палепшаюць.

Фота: Jastrow (Wikimedia Commons, PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up