04.12.2018 / FIUV

Пазіцыя № 13. “Абавязковыя святы”🕑 24 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 13: АБАВЯЗКОВЫЯ СВЯТЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Кодэкс кананічнага права пералічвае дзесяць абавязковых святаў, даючы біскупскім канферэнцыям права пасля адабрэння Апостальскай Сталіцы скасоўваць у некаторыя з іх абавязак удзелу ў Імшы. Пашырылася практыка святкавання святаў Аб’яўлення, Унебаўшэсця Пана і Божага Цела не ў іх традыцыйныя даты, а ў нядзелю, тады як некаторыя іншыя святы, якія тэарэтычна з’яўляюцца абавязковымі ў кожнай краіне і прыпадаюць у дадзеным годзе на суботу або панядзелак, альбо пераносяцца на нядзелю, альбо абавязак удзелу ў Імшы ў гэты дзень скасоўваецца. Пры цэлебрацыі надзвычайнай формы рымскага абраду выкарыстоўваецца каляндар 1962 года і святы адзначаюцца ў свае традыцыйныя даты, хоць у многіх выпадках без абавязку ўдзельнічаць у Імшы. Гэты артыкул абараняе практыку, якая мае месца ў выпадку надзвычайнай формы, прыводзячы ў якасці аргументу вялікае гістарычнае, культурнае і тэалагічнае значэнне святаў. Таксама мы прыводзім аргументы супраць мінімізацыі абавязковага ўдзелу ў Імшы ў працоўныя дні. Вялікія святы трэба асабліва падкрэсліваць і аддаваць ім належнае, а прадпісаны абавязак удзелу ў Імшы — гэта вялікая перавага для тых, хто жадае, каб яны адзначаліся ў каталіцкіх навучальных установах, і для тых, хто жадае ўдзельнічаць у Імшы ў гэтыя дні ў некаталіцкім асяроддзі. Нарэшце, калі колькасць такіх дзён скароціцца да двух ці трох, узнікне сур’ёзная небяспека, што вернікі перастануць разумець саму ідэю абавязковых святаў, якія прыпадаюць не на нядзелю.

1. У Кодэксе кананічнага права 1983 года (кан. 1246), акрамя нядзеляў, пералічваецца дзесяць абавязковых святаў [1]. Далей Кодэкс сцвярджае, што з адабрэння Апостальскай Сталіцы біскупскія канферэнцыі могуць “скасоўваць некаторыя абавязковыя святы” (г. зн. адмяняць абавязак удзелу ў Імшы ў гэтыя дні) альбо “пераносіць іх на нядзелю”. Як вынік, зазвычай адбываецца наступнае:

  • некаторыя гэтыя святы адзначаюцца без абавязку ўдзельнічаць у Імшы;
  • Аб’яўленне Пана, Унебаўшэсце Пана і Божае Цела адзначаюцца ў найбліжэйшую нядзелю [2];
  • астатнія абавязковыя святы, калі яны прыпадаюць на суботу ці панядзелак, альбо пераносяцца на нядзелю [3], альбо абавязак удзельнічаць у Імшы скасоў­ваецца [4].

Выключэннем становяцца пераважна тыя святы, якія адзначаюцца таксама як дзяр­жаўныя: перадусім Нараджэнне Пана, а ў каталіцкіх краінах і рэгіёнах таксама некаторыя іншыя святы [5]. Нягледзячы на гэта спрашчэнні паводле пунктаў ад а) да в) прыводзяць да таго, што на працягу года змяншаецца колькасць будных дзён, якія патрабуюць удзелу ў Імшы.

2. У цэлебрацыях паводле надзвычайнай формы рымскага абраду выкарыстоўваецца літургічны каляндар 1962 года, аднак дні абавязковага ўдзелу ў святой Імшы ўста­наўліваюцца паасобнымі біскупскімі канферэнцыямі. Даты дзесяці абавязковых святаў у абодвух календарах супадаюць [6].

3. Што датычыцца нашай тэмы, то розніца паміж звычайнай і надзвычайнай формамі заключаецца не толькі практыцы: змены ў кананічным праве змянілі юрыдычную сістэму, у якой існуе надзвычайная форма рымскага абраду, падобна як гэта адбылося з эўхарыстычным постам [7]. Адпаведна, у гэтым артыкуле мы хочам не толькі падкрэс­ліць каштоўнасць практыкі надзвычайнай формы, але і ветліва прапанаваць спыніць для ўсяго рымскага абраду практыку скасавання абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў выпадку настолькі шматлікіх кананічных абавязковых святаў.

Значэнне дат

4. Першым аргументам на карысць святкавання святаў у іх традыцыйныя даты, як гэта робіцца ў надзвычайнай форме, з’яўляецца тое, што гэтыя даты маюць вялікае гістарычнае, культурнае і перадусім тэалагічнае значэнне. Унебаўшэсце Пана важна святкаваць праз сорак дзён пасля Вялікадня, бо Святое Пісанне кажа, што наш Пан узышоў на неба праз сорак дзён пасля свайго Уваскрасення [8]. Літургічны каляндар не заўсёды дакладна ідзе за паслядоўнасцю падзеяў, выкладзеных у Пісанні, але гэтыя сорак дзён — сімвалічны перыяд чакання і падрыхтоўкі, які з’яўляецца адбіткам саракадзённага Вялікага посту — на працягу доўгага часу святкаваліся як радасны перыяд пасля Пасхі. Акрамя таго, Унебаўшэсце Пана можна разглядаць як пачатак дзевяцідзённага перыяду падрыхтоўкі да сыходжання Духа Святога ў свята Пяцідзясят­ніцы. Калі гэтае свята перанесці на нядзелю, сімвалічнае значэнне перыядаў да яго і пасля яго будзе страчана. У Францыі гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным выходным днём, што прапісана ў канкардаце 1801 года.

5. Святкаванне Аб’яўлення Пана (разам з Усходнімі Касцёламі) пасля “дванаццатай ночы” ад Нараджэння Пана супадае з самым старажытным днём святкавання Божага Нараджэння, які адзначаўся ў Галіі яшчэ да яго прыняцця ў Рыме [9], таму дванаццаць дзён Божага Нараджэння аказалі моцны ўплыў на еўрапейскую культуру. Гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным выходным у Іспаніі, Польшчы і ў некаторых частках Аўстрыі і Германіі.

6. Свята Божага Цела было ўстаноўлена пасля прыватнага аб’яўлення св. Юліяне Льежскай [10]. Тое, што яно адзначаецца ў чацвер, нагадвае нам пра падзеі Вялікага чацвярга, з якім гэтае свята вельмі моцна звязана. Папа Урбан IV у 1264 г. і Папа Клімэнт V на В’енскім саборы ў 1311 г. [11] спачатку лакальна, а потым для ўсяго Касцёла ўстанавілі гэтае свята на першы чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы. Зменныя часткі і Афіцый для гэтага свята напісаў св. Тамаш Аквінскі [12]. Заснаванне гэтага свята стала першым выпадкам, калі Папа ўстанавіў свята для паўсюднага Касцёла [13]. У тых краінах, дзе гэты дзень адзначаецца як дзяржаўнае свята, існуе традыцыя правядзення публічных працэсій у сам гэты дзень [14]; у іншых месцах яны адбываюцца ў наступную нядзелю.

7. Падобныя аргументы можна прывесці і для астатніх святаў, абавязковы ўдзел у якіх можа быць скасаваны, калі яны прыпадаюць на панядзелак ці суботу (гл. Дадатак Б).

8. Калі разглядаць каляндар як цэлае, то размеркаванне вялікіх святаў, прывязаных як да Вялікадня, так і да канкрэтнай даты, можна хутка закараніць у свядомасці вернікаў і нават у штодзённіках масавай вытворчасці як вехі года. Прамежак часу паміж святамі і іх парадак, як мы казалі ў выпадку свята Унебаўшэсця, вельмі важныя.

9. Трэба звярнуць увагу таксама на экуменічны фактар, таму што ў абсалютнай большасці выпадкаў у традыцыйныя даты святы адзначаюць таксама некаталіцкія эклезіяльныя супольнасці, напрыклад англікане і лютэране, а таксама Усходнія Касцё­лы [15].

Парушэнне календара

10. Калі свята ў адпаведнасці з кан. 1246 пераносіцца на іншы дзень, гэта ўносіць збой у рытм літургічнага жыцця ў абодва гэтыя дні. Першапачатковая дата альбо становіцца будным днём [16], што выглядае няправільным, альбо свята ўсё ж адзначаецца, але без абавязку ўдзелу ў святой Імшы [17]. У апошнім выпадку свята страчвае пашану, якая яму належыць і якую яму хоча аказаць Касцёл, прычым не толькі ў сэнсе абавязковага ўдзелу ў Імшы, але і ў сэнсе асаблівых высілкаў, якія былі б зроблены для яго цэлебрацыі з большай урачыстасцю.

11. Што датычыцца новай даты — нядзелі, то ў гэты дзень нядзельная літургія замяняецца святочнай, з-за чаго паслядоўнасць нядзеляў перарываецца. Трэба згадаць пра доўгатэрміновую палітыку, якую праводзілі св. Пій Х, Пій ХІІ і аўтары літургічнай рэформы пасля Другога Ватыканскага сабору і якая прадугледжвае скарачэнне колькасці святаў і актаваў, што маглі б перакрываць нядзельную Імшу. Вельмі стара­жытны нядзельны цыкл надзвычайнай формы [18] прадстаўляе сабою сістэматычны і паступовы шлях да іншых літургічных перыядаў, прычым больш глыбокае разуменне яго багаццяў было адным з важных дасягненняў Літургічнага руху [19]. Перастаўляць святы на нядзельныя дні было б, з такога пункту гледжання, крокам назад.

12. У пэўным кантэксце цэлебрацыя важнага свята ў найбліжэйшую нядзелю магла б быць карыснай, калі б вернікам было цяжка прыняць удзел у Імшы, у больш урачыс­тай Імшы або ў нейкім адпаведным набажэнстве, напрыклад працэсіі Божага Цела, у традыцыйны дзень. Але, згодна з нормамі календара 1962 года, такая цэлебрацыя і так дазваляецца на меркаванне святара [20]. Гэта дазваляе дастасаваць практыку да мясцовых патрэбаў (напрыклад, вясковая парафія з вялікай тэрыторыяй і семінарыя могуць знаходзіцца ў розных сітуацыях), і ў той жа час традыцыйная дата не аказваецца адкінутай. Акрамя таго, калі ў нядзелю служыцца больш за адну Імшу, усе астатнія, акрамя адной, будуць Імшамі з нядзелі.

Важнасць абавязку

13. Абавязак удзельнічаць у Імшы ў абавязковае свята не з’яўляецца абсалютным, і тыя, каму удзел у Імшы прынясе сур’ёзныя нязручнасці, ад яго вызваляюцца. Тым не менш фармальны абавязак мае важныя перавагі.

14. Па-першае, ён дае парафіяльным святарам і капеланам навучальных устаноў магчымасць цэлебраваць Імшу нават у намінальна каталіцкіх навучальных установах. Паколькі вучні звычайных школ і нават многіх школ-інтэрнатаў праводзяць выходныя дні ў сям’і, гэтыя цэлебрацыі з’яўляюцца для школы каштоўнай нагодай памаліцца разам. Для вучняў з непрактыкуючых сем’яў гэта можа быць адзінай магчымасцю паўдзельнічаць у больш урачыстай цэлебрацыі або ўвогуле паўдзельнічаць у Імшы.

15. Па-другое, у многіх месцах гэта дасць каталіцкім працаўнікам, студэнтам і вязням важную перавагу, калі яны будуць прасіць аб асаблівых уступках, якія дазволілі б ім паўдзельнічаць у Імшы, таму што аргументы, заснаваныя на афіцыйных рэлігійных абавязках, маюць большую вагу, чым аргументы асабістай пабожнасці (гл. Дадатак В).

16. Па-трэцяе, колькасць абавязковых святаў у некаторых месцах сёння настолькі нізкая, што страчваецца само разуменне абавязку ўдзельнічаць у Імшы ў будні дзень [21]. Парадаксальна, але спроба зрабіць абавязак менш абцяжарвальным можа прывесці да таго, што той абавязак, які застанецца, пачне ўспрымацца як неабавязковы, пра яго будзе цяжэй успомніць і, адпаведна, цяжэй выканаць [22].

17. Нарэшце, святочны абавязак не змяншае пабожнасці, з якой каталік удзельнічае ў Імшы, але дадае да яе свядомы акт паслухмянасці, падкрэсліваючы членства верніка ў Касцёле і яго еднасць з Касцёлам, збіраючы ў акце культу ўсіх вернікаў дыяцэзіі, краіны і нават свету.

Заключэнне

18. Скарачэнне колькасці абавязковых святаў з’яўляецца часткай заўважнай цягам апошніх дзесяцігоддзяў заканамернасці, калі ў адказ на змяншэнне наведвальнасці Імшаў і іншыя цяжкасці рэагуюць спробай зрабіць практыкаванне веры больш простым. Такая рэакцыя зразумелая, аднак мы лічым, што яна з’яўляецца фундаментальна памылковай. Просячы ад сваіх дзяцей усё менш і менш, Касцёл не патрабуе ад іх павагі і не павялічвае іхнюю адданасць [23]. Што датычыцца абавязковых святаў, то Касцёл наклаў на вернікаў абавязак удзелу ў Імшы, каб падкрэсліць важнасць некаторых праўд веры, некаторых падзей у жыцці нашага Пана ці пэўных святых. Калі гэты абавязак скасоўваецца, то заклік да вернікаў з просьбай прыняць духоўную важнасць гэтых рэчаў непазбежна траціць сваю настойлівасць.

19. Прыклад Рыма ў захаванні традыцыйных дат святкавання абавязковых святаў мае немалое значэнне. Хоць у лакальных календарах, вядома, можа існаваць пэўная свабода для змен, варта зрабіць так, каб каталікі лацінскага абраду маглі святкаваць гэтыя вялікія святы ў еднасці са Святым Айцом, сваім Вярхоўным Пастырам.


Дадатак А: Тлумачэнне Папскай камісіі “Ecclesia Dei” наконт абавязковых святаў і календара 1962 года

У адказ на dubium ад Таварыства лацінскай Імшы мансіньёр Каміле Перль, віцэ-старшыня Папскай камісіі “Ecclesia Dei” ў лісце, датаваным 20 кастрычніка 2008 года, Prot. N. 107/97, адказаў наступнае:

  1. Законнае карыстанне літургічнымі кнігамі, якія выкарыстоўваліся ў 1962 годзе, прадугледжвае права на выкарыстанне календара, уласцівага гэтым літургічным кнігам.
  2. Тады як у адпаведнасці з кан. 1246 § 2 Кодэкса кананічнага права канферэнцыя біскупаў можа з адабрэння Апостальскай Сталіцы законна пераносіць абавязковыя святы, законнай будзе таксама цэлебрацыя Імшы і Афіцыя гэтых святаў у дні, прадпісаныя календаром літургічных кніг, якія выкарыстоўваліся ў 1962 годзе, з ясным разуменнем таго, што, у адпаведнасці з законнай пастановай біскупскай канферэнцыі, абавязак удзелу ў Імшы ў гэтыя дні адсутнічае.
  3. Такім чынам, у адпаведнасці з №№ 356–361 Rubricae Generales Missalis Romani 1962 года, у нядзелі, на якія біскупская канферэнцыя пераносіць абавязковыя святы, выпадае цэлебраваць знешнюю ўрачыстасць, як дагэтуль практыкавалася ў многіх краінах.

Дадатак Б: Шэсць старажытных святаў

Акрамя трох святаў, якія часта пераносяцца на нядзелю (Аб’яўленне Пана, Божае Цела і Унебаўшэсце Пана) і якія мы абмеркавалі ў асноўным тэксце артыкула, а таксама Нараджэння Пана, якое ніколі не пераносіцца, канон 1246 пералічвае яшчэ шэсць абавязковых святаў, якія зазвычай альбо пераносяцца на нядзелю, альбо — у тых краінах, дзе іначай яны адзначаліся б як абавязковыя — пры выпадзенні на панядзелак ці суботу адзначаюцца без абавязку ўдзельнічаць у Імшы (за выключэннем тых шчаслівых выпадкаў, калі яны з’яўляюцца дзяржаўнымі святамі).

Абгрунтаванне такой практыкі заключаецца ў тым, каб абавязковыя дні не ішлі ў календары адзін за адным. Цяжка, аднак, лічыць практычныя нязручнасці, якія маглі б паўстаць у такой сітуацыі, дастаткова сур’ёзнымі, каб апраўдаць скасаванне абавязку ўдзельнічаць ў літургіі або ў нядзелю, або ў нейкае важнае свята напярэдадні ці на наступны дзень [24]. У кожным разе, па прычынах, якія мы згадалі раней, практыка скасавання абавязковага ўдзелу ў Імшы свята, якое прыпадае на суботу ці панядзелак, выглядае больш прывабна, чым перанос свята на нядзелю, хоць гэта і змяншае колькасць будных дзён, у якія існуе абавязак удзельнічаць у Імшы.

Мы жадаем падкрэсліць, што каштоўнасць традыцыйнай даты губляецца нават тады, калі свята перасунуць хоць на адзін дзень, асабліва калі яно звязана з іншымі святамі або цэлебруецца ў іншых краінах ці ў Ватыкане ў свой сапраўдны дзень. Зноў жа, амаль у кожным выпадку святы цэлебруюцца ў традыцыйную дату ў Англіканскай супольна­сці і ў многіх, калі не ўсіх, лютэранаў. Часта гэта датычыцца таксама Усходніх Касцёлаў. Дзякуючы гэтаму моцна ўзрастае каштоўнасць традыцыйнай даты з пункту гледжання экуменізму.

Гэтыя шэсць святаў наступныя.

Актава Нараджэння Пана (у календары 1970 года перайменавана ва ўрачыстасць Багародзіцы Марыі[25], 1 студзеня

Зразумела, актаву няможна адзначаць на сёмы або дзявяты дзень, і перасоўванне яе на адзін дзень прыводзіць да несупадзення са свецкім Новым годам. У гістарычнай англіканскай “Кнізе агульнай малітвы” [26] яна адзначаецца як свята Абразання, а ў сучаснай англіканскай “Агульнай малітве” яно згадваецца як свята Надання Імя і Абразання Езуса. Таксама некаторыя лютэране адзначаюць гэты дзень як “Абразанне” або “Імя Езуса” [27].

Гэта адзінае з дзесяці святаў, пералічаных у кан. 1246, якое мае розныя назвы ў календарах 1962 і 1970 года: папярэдняя назва была дадзена гэтаму святу ў 1960 г., а дагэтуль на працягу многіх стагоддзяў яно называлася святам Абразання. Хоць існуюць аргументы за кожную з трох назваў (назва “Абразанне” звязана з Евангеллем і ідзе за ўсходнім звычаем называць Імшы паводле Евангелляў, якія на іх чытаюцца), нядаўна прагучала прапанова вярнуць старажытную назву, каб аднавіць сувязь з юдаізмам [28].

Свята Беззаганнага Зачацця, 8 снежня

Гэта дакладна дзевяць каляндарных месяцаў да свята Нараджэння Марыі (8 верасня). У гэтую дату яно адзначалася на Захадзе (спачатку як свята Зачацця Найсвяцейшай Дзевы) з ХІ ст., калі яно прыйшло ў заходні каляндар з Усходу ў Нармандскай Паўднёвай Італіі. У ХІІ ст. яно распаўсюдзілася на тэрыторыю Нармандыі і Англіі, а адтуль на ўсю астатнюю Еўропу. Базэльскі сабор у 1439 г. надаў яму паўсюдны характар. Папа Сікст IV у 1477 г. удзяліў адпуст тым, хто прыняў гэтае свята і яго актаву. Абавязковым гэтае свята зрабіў у 1708 г. Папа Клімэнт ХІ. У 1854 г. Папа Пій ІХ змяніў яго назву на “Беззаганнае Зачацце”. Калі гэтае свята перанесці на 7 ці 9 снежня, страціцца яго сувязь з Нараджэннем Дзевы Марыі. Англіканская супольнасць адзначае гэтае свята 8 снежня [29].

Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 15 жніўня

На Усходзе яно адзначалася ў гэты дзень з VI ст., тады як на Захад яно пад рознымі назвамі [30] трапіла ў канцы VII ст. Гэта дзяржаўнае свята ў Францыі [31], Аўстрыі, многіх іншых еўрапейскіх краінах, а таксама ў некаторых краінах Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Таксама яго адзначае Англіканская супольнасць [32] і некаторыя лютэране [33].

Свята св. Юзафа (Абранніка Найсвяцейшай Дзевы Марыі), 19 сакавіка

Гэтае свята адзначаецца за сем дзён да свята Звеставання (25 сакавіка). Пры пераносе на 18 ці 20 сакавіка гэтая сувязь страчваецца. Традыцыя адзначаць гэтае свята 19 сакавіка паходзіць з Х ст.; у Рыме яно прынялі ў 1479 г., а абавязковым святам зрабілі ў 1621 г. Яго адзначае таксама Англіканская супольнасць [34] і некаторыя лютэране [35].

Свята св. Пятра і Паўла, 29 чэрвеня

Гэтае свята мае асаблівае значэнне для Усходніх Касцёлаў, якія адзначаюць яго ў гэты дзень. 29 чэрвеня св. Ян Павел ІІ некалькі разоў узначальваў набажэнствы разам з Канстанцінопальскім Патрыярхам. Згодна з традыцыяй [36], гэта дзень перанясення рэліквій гэтых апосталаў у Рым у 258 годзе, і раней у тым жа Рыме гэтае свята адзначалася вельмі гучна ў параўнанні нават з Пасхай. У календары 1962 года яму папярэднічае вігілія, а пасля яго адзначаецца ўспамін св. Паўла. У гэты ж дзень яго святкуе Англіканская супольнасць [37] і многія лютэране [38].

Свята Усіх Святых, 1 лістапада

Свята Усіх Святых адзначалася ў гэты дзень яшчэ каля 800 г. Святкаванне ўспаміну памерлых вернікаў на наступны дзень ініцыяваў абат Клюні св. Адзілон (каля 962– 1049). У 2010 г. 1 лістапада прыпадала на панядзелак, таму ў многіх месцах свята Усіх Святых (у звычайнай форме) адзначалася 31 кастрычніка. Гэта не толькі засланіла сувязь з успамінам усіх памерлых вернікаў, але і прывяло да адначасовага адзначэння гэтага свята з “Хэлоўінам”. Апошні факт асабліва смутны з улікам таго, наколькі шырока Хэлоўін быў прыняты прыхільнікамі неапаганства. Такім чынам, трыумф святых над духамі Хэлоўіна быў цалкам страчаны. Свята Усіх Святых адзначаецца 1 лістапада таксама Англіканскай супольнасцю [39] і многімі лютэранамі [40]. Гэта адно з чатырох святаў, якія французскі канкардат 1801 года зрабіў дзяржаўнымі.


Дадатак В: Абавязковыя святы і юрыдычныя нормы

Права на свабоду веравызнання, прапісанае ў міжнародным праве, дамовах і нацыя-нальных канстытуцыях, як правіла, стварае неабсалютнае права веруючых на следаванне вучэнню сваёй рэлігіі, перадусім у адносінах да культу. Паколькі на практыцы гэтае права зазвычай павінна ўраўнаважвацца зручнасцю для іншых, суды і іншыя інстанцыі звычайна надаюць большую вагу тым рэлігійным практыкам, якія з’яўляюцца для верніка найбольш важнымі, і звяртаюцца да афіцыйных рэлігійных органаў за тлумачэннямі наконт таго, якія практыкі з’яўляюцца сапраўды важнымі. Мы коратка праілюструем гэта на прыкладзе дзвюх важных юрысдыкцый: Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама Англіі і Уэльса, якая падпарадкуецца Еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і Еўрапейскаму суду па правах чалавека.

Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША кажа наступнае:

Кангрэс не павінен выдаваць аніякіх законаў у падтрымку рэлігіі, або для забароны свабодна яе вызнаваць, або для абмежавання свабоды слова і друку, або супраць права народа на мірныя сходы і звароты да ўрада з просьбамі аб задавальненні скаргаў.

З 1947 г. гэты абавязак пашырыўся не толькі на федэральнае заканадаўства, але і на заканадаўства паасобных штатаў [41]. У 1963 г. адбыўся важны прэцэдэнт, калі адвентыст сёмага дня не быў пазбаўлены выплат па беспрацоўі з-за адмовы працаваць у шабат (суботу) [42]. Згодна з федэральным заканадаўствам [43], федэральны ўрад павінен падаваць абгрунтаванне тых дзеянняў, якія несправядліва абмяжоўваюць рэлігійныя практыкі “пільным дзяржаўным інтарэсам” [compelling government interest], нават калі такія дзеянні не накіраваны непасрэдна на рэлігійныя практыкі.

Еўрапейская Канвенцыя аб абароне правоў чалавека, артыкул 9 гучыць наступным чынам:

  1. Кожны мае права на свабоду думкі, сумлення і веравызнання; гэтае права ўключае свабоду змяняць сваё веравызнанне ці вераванне і свабоду самастойна ці супольна з іншымі, публічна ці прыватна праяўляць сваё веравызнанне ці вераванне ў кульце, навучанні, практыцы і захаванні [правілаў].
  2. Свабода праяўляць сваё веравызнанне ці вераванне павінна падпарадкоўвацца толькі такім абмежаванням, якія прадпісаны законам і з’яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах грамадскай бяспекі, дзеля абароны грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці або дзеля абароны правоў і свабодаў іншых.

Гэта датычыцца не толькі дзяржаўных інстытутаў, але і прыватных асобаў, напрыклад працадаўцаў. Прымяняючы гэты артыкул, суды адрозніваюць абавязковыя і неабавязковыя “праяўленні” веравызнання.

Адпаведна, англійскія суды пастанавілі, што сікхі маюць права насіць у школе кару (бранзалет) [44], а мусульманкі — хіджаб [45]. У апошнім выпадку суды ясна сцвердзілі, што нашэнне хіджаба можа лічыцца “патрабаваннем” мусульманскай веры. Хрысціянка ж, якая жадала насіць крыж разам са сваёй уніформай, прайграла справу супраць свайго наймальніка [46]. Суд абгрунтаваў сваё рашэнне часткова тым фактам, што “ў хрысціянскай веры не існуе абавязковага патрабавання, каб хрысціянін насіў распяцце” [47]. Зноў жа, у пастанове супраць чыноўніцы, якая адмаўлялася рэгістраваць грамадзянскія адносіны аднаполай пары, Апеляцыйны суд абгрунтаваў сваё рашэнне часткова сваімі дадзенымі пра тое, што “яе бачанне сужэнства… не з’яўляецца цэнтральнай часткай яе веравызнання” [48]. Хоць факталагічную аснову гэтых дадзеных можна паставіць пад пытанне, нельга аспрэчваць той факт, што суды бяруць пад увагу тое, ці з’яўляецца тая ці іншая рэлігійная практыка “патрабаваннем” рэлігіі ці проста асабістай рэлігійнай практыкай.

Для Злучаных Штатаў, Англіі і Уэльса, а таксама іншых юрысдыкцый з падобнымі юрыдычнымі прынцыпамі са згаданых прававых меркаванняў, а таксама з больш агульнай культуры, якая мае месца ў гэтых краінах, вынікае, што спробы Касцёла зрабіць жыццё каталікоў прасцейшым, змяншаючы іхнія абавязкі альбо робячы іх больш гнуткімі, могуць прывесці да парадаксальнага рэзультату, калі выконваць гэтыя абавязкі каталікам стане толькі цяжэй. Акрамя таго, паколькі суровыя абавязкі маюць больш шанцаў паўплываць на практыку вялікіх працадаўцаў, школ, універсітэтаў і вязніц, чым менш патрабавальным робіцца Касцёл, тым меншым можа аказацца яго ўплыў на грамадскае жыццё. Пастановы біскупскіх канферэнцый пра тое, што абавязковыя святы больш не з’яўляюцца абавязковымі, вядуць да юрыдычных наступстваў у сферы грамадзянскіх правоў каталікоў, а таксама, верагодна, змяншаюць духоўную карысць ад абавязковых святаў і іх важную роль у стымуляванні і абароне выразнай і моцнай каталіцкай культуры.


[1] Кан. 1246 § 1: “Нядзеля, у якую па апостальскай традыцыі, адзначаецца пасхальная таямніца, павінна адзначацца ў паўсюдным Касцёле як фундаментальнае абавязковае свята. Таксама павінны адзначацца наступныя дні: Нараджэння нашага Пана Езуса Хрыста, Аб’яўлення, Унебаўшэсця, Цела і Крыві Хрыста, святой Багародзіцы Марыі, Яе Беззаганнага Зачацця, Унебаўзяцця, святога Юзафа, святых апосталаў Пятра і Паўла і Усіх Святых”. (“Dies dominica in qua mysterium paschale celebratur, ex apostolica traditione, in universa Ecclesia uti primordialis dies festus de praecepto servanda est. Itemque servari debent dies Nativitatis Domini Nostri Iesu Christi, Epiphaniae, Ascensionis et sanctissimi Corporis et Sanguinis Christi, Sanctae Genetricis Mariae, eiusdem Immaculatae Conceptionis et Assumptionis, sancti Ioseph, sanctorum Petri et Pauli Apostolorum, omnium denique Sanctorum”.)

2: “Аднак з папярэдняга адабрэння Апостальскай Сталіцы біскупская канферэнцыя можа скасоўваць некаторыя абавязковыя святы або пераносіць іх на нядзелю”. (“Episcoporum conferentia tamen potest, praevia Apostolicae Sedis approbatione, quosdam ex diebus festis de praecepto abolere vel ad diem dominicam transferre”.)

[2] Згодна з “Агульнымі нормамі літургічнага года і агульнага рымскага календара” (§ 7), калі гэтыя тры святы не адзначаюцца як абавязковыя, іх неабходна перанесці на нядзелю.

[3] Як, напрыклад, у Англіі і Уэльсе.

[4] Як, напрыклад, у Злучаных Штатах Амерыкі.

[5] На працягу артыкула будуць згаданы многія прыклады.

[6] Адзінай розніцай з’яўляецца тое, што актаву Нараджэння Пана (1 студзеня) у календары 1970 года перайменавалі ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. (У актаву Божага Нараджэння ў надзвычай­най форме цэлебруецца Афіцый пра Найсвяцейшую Дзеву Марыю. Сувязь паміж тэмамі мацярынства Марыі і Абразання — так гэтае свята называлася да 1962 года, што паўплывала на змену назвы ў 1970 годзе — абмяркоўвае бл. Ільдэфонса Шустэр у кнізе “The Sacramentary (Liber Sacramentorum): Historical and Liturgical Notes on the Roman Missal”, англійскае выданне: Лондан, Burns Oates and Washbourne, 1924, том І, с. 396.)

[7] Пазіцыя № 10, “Эўхарыстычны пост”.

[8] “Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку аж да дня, калі, даўшы праз Духа Святога наказы Апосталам, якіх выбраў, быў забраны на неба. Перад імі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства” (Дз 1:1-3).

[9] У 360 г. на Аб’яўленні Пана — “Нараджэнні Збаўцы” — у В’ене прысутнічаў імператар Юліян Адступнік. Гл. Zonaras, “Epitoma Historiarum” 13.11.6 (рэд. Theodor Büttner-Wobst, т. III, с. 54–55, з серыі “Corpus Scriptorum Historiae Byzantinae”, Бон, 1897). У перакладзеным выданні з каментарыямі (Thomas M. Banchich, Eugene N. Lane, “The History of Zonaras”, Лондан, Routledge, 2009, с. 170) прыводзіцца паралель у Аміяна (Ammianus Marcellinus, “Res Gestae” 21.2.5). Свята Аб’яўлення Пана— была прынята ў Рыме ў дадатак да Божага Нараджэння найпазней да пантыфікату Папы Льва Вялікага (+461). Свята Божага Нараджэння, якое адзначалася ў Рыме прынамсі з 336 г., зрабілася галоўным днём святкавання Нараджэння Пана на ўсім Захадзе дзякуючы рымскаму прыкладу.

[10] Св. Юліяне прысвечана агульная аўдыенцыя Папы Бенедыкта XVI ад 17 лістапада 2010 года.

[11] Папа Урбан IV уклаў булу Transiturus de hoc mundo (1264), аднак памёр перад тым, як яе распаўсюдзілі; у 1311 годзе яе з уласным кароткім уступам паўторна выдаў Папа Клімэнт V.

[12] Праца сучасных навукоўцаў дазволіла рассеяць сумневы наконт датычнасці Аквіната да гэтай спра­вы: гл. Uwe Michael Lang, “The Voice of the Church at Prayer: Reflections on liturgy and language”, San Francisco: Ignatius, 2012, с. 149 і зноска 33.

[13] На дзіва складаная гісторыя прыняцця гэтага свята распавядаецца ў Lauren Pristas, “The calendar and Corpus Christi”, у выд. “The Genius of the Roman Rite: Historical, theological, and pastoral perspectives on Catholic liturgy”, рэд. Fr Uwe Michael Lang, Chicago, IL: Hillenbrand Books, 2010, с. 159–178, на с. 170–172.

[14] У некаторых рэгіёнах Іспаніі і Аўстрыі.

[15] Святкаванне Унебаўшэсця і Аб’яўлення ў традыцыйныя дні характэрна для англіканаў, лютэранаў і Усходніх Касцёлаў (хоць некаторыя лютэране, як, напрыклад, у Нарвегіі, перанеслі святкаванне Унебаўшэсця на наступную нядзелю). Свята Божага Цела, згодна з сучаснай англіканскай “Агульнай малітвай”, апублікаванай у 2000 годзе, можна прынамсі па жаданні адзначаць у традыцыйны дзень. Наконт іншых святаў гл. Дадатак Б.

[16] Так здараецца, калі святы пераносяць на нядзелю ў звычайнай форме рымскага абраду.

[17] Так заўсёды здараецца у выпадку надзвычайнай формы, а ў выпадку звычайнай формы тады, калі абавязак удзелу ў Імшы для гэтага свята скасоўваецца.

[18] Нядзельныя Евангеллі Імшала 1962 года ў значнай ступені адпавядаюць тэмам сарака гамілій на Евангеллі Папы Грыгорыя Вялікага, якія ён прапаведаваў у Рыме паміж 590 і 604 гадамі. У гэтым зборніку для кожнай гаміліі пазначана дата.

[19] Пій Парш прыводзіць прыклад стаўлення членаў Літургічнага руху (які мы не абавязкова падтрымліваем): “Папа Бенедыкт XV прызначыў свята Святой Сям’і на нядзелю ў актаве [Аб’яўлення], з-за чаго старэйшую і больш змястоўную Імшу нядзелі прыйшлося перанесці на будні дзень. Гэтыя разнастайныя недарэчнасці і парушэнні літургічнага парадку можна будзе выправіць, калі навукоўцы і духавенства больш глыбока пазнаёмяцца з літургічнымі справамі і пачнуць ставіцца да іх зычліва” (“The Church’s Year of Grace”, англ. выд.: Collegeville, Minnesota, 1962, т. I, с. 199).

[20] Важнае свята можна цэлебраваць як “знешнюю ўрачыстасць” у вольную нядзелю, на якую не прыпадае больш важнае свята і калі сама гэтая нядзеля не з’яўляецца святам большай важнасці. Працэсіі Божага Цела зазвычай праводзяцца ў нядзелю пасля самога свята, акрамя тых выпадкаў, калі гэтае свята з’яўляецца дзяржаўным.

[21] Напрыклад, у 2009 годзе свята св. Пятра і Паўла (29 чэрвеня) прыпадала на панядзелак; свята Унебаўзяцця (15 жніўня) прыпадала на суботу, а свята Усіх Святых прыпадала на нядзелю. Паколькі Аб’яўленне Пана, Унебаўшэсце Пана і Божае Цела зазвычай пераносяцца на нядзелі незалежна ад дня, на які прыпадаюць, вынікам стала тое, што ў некаторых краінах, напрыклад Англіі і Уэльсе, засталося толькі адно абавязковае свята, якое не прыпадала на нядзелю, а менавіта Нараджэнне Пана (25 снежня). Кажуць, што, калі Аб’яўленне, Унебаўшэсце і Божае Цела з 2006 года пачалі пераносіць на нядзелі, у Англіі і Уэльсе знізілася наведвальнасць Імшаў у астатнія абавязковыя святы, прычым іх нават перасталі аб’яўляць у парафіяльных абвестках.

[22] Падобная сітуацыя з эўхарыстычным постам абмяркоўваецца ў Пазіцыі № 10, “Эўхарыстычны пост” (гл. § 16).

[23] Як мы адзначалі ў Пазіцыі № 10, “Эўхарыстычны пост”, сацыялагічныя даследаванні паказалі, што  менш патрабавальныя рэлігіі не абавязкова прыцягваюць або ўтрымліваюць больш паслядоўнікаў. Гл. там зноску 33, якая цытуе выд. Mark van Vugt, Anjana Ahuja, “Selected: Why some people lead, why others follow, and why it matters”, London: High Profile Books, 2010, с. 85.

[24] У сувязі з тым што, згодна з кан. 1248 Кодэкса кананічнага права 1983 года, наведваючы Імшу ў вечар напярэдадні абавязковага свята, можна выканаць абавязак удзелу ў Імшы на наступны дзень, узнікае пабочнае пытанне, ці могуць вернікі выканаць абавязак удзелу ў Імшы для двух паслядоўных дзён, прыняўшы ўдзел ў вечаровай Імшы ў першы з двух дзён. Здаецца, кан. 1248 не прадугледжвае гэтай праблемы, таму вельмі прыдалася б аўтарытэтнае тлумачэнне. [Знакаміты юрыст д-р Эдвард Пітэрс падрабязна тлумачыць гэтае пытанне ў сваім блогу “In the Light of the Law” (https://canonlaw­blog.wordpress.com). Ён прыходзіць да высновы, што для выканання двух абавязкаў неабходна ўдзель­нічаць у дзвюх Імшах пры ўмове, што кожная з іх трапляе ў прадпісаны для выканання адпаведнага абавязку прамежак часу, прычым ужыты для цэлебрацыі фармуляр не мае значэння. — Заўв. перакл.]

[25] Гл. зноску 6 вышэй.

[26] “Кніга агульнай малітвы” можа выкарыстоўвацца англіканамі па жаданні. Афіцыйным з’яўляецца выданне 1662 года; часам выкарыстоўваецца перагледжаная версія 1928 года, аднак, калі мова ідзе пра дзесяць абавязковых святаў, яе каляндар застаецца нязменным.

[27] Напрыклад, у Лютэранскай царкве Нарвегіі гэта “Абразанне”, а ў Евангелічнай лютэранскай царкве ў Амерыцы — “Імя Езуса”.

[28] Калі Папа Францішак наведваў рымскую сінагогу 17 студзеня 2016 года, адзін з юдэйскіх навед­вальнікаў сказаў Святому Айцу: “Паслухайце, калі вы вялікі рэфарматар, то чаму б не вярнуць у калян­дар “Абразанне”, як гэта было, калі я быў малым хлопцам? Гэта добрая ідэя, праўда? Для нас гэта было б добра”. Гэтая заўвага трапіла ў відэатрансляцыю Ватыканскага радыё з месца падзеі.

[29] Паводле “Кнігі агульнай малітвы” і “Агульнай малітвы”.

[30] Такімі, як “Dormitio”, “Pausatio” ці “Natale” (у сэнсе нараджэння для неба).

[31] Гэта адно з чатырох святаў, якія канкардат 1801 года зрабіў дзяржаўнымі.

[32] Яго няма ў “Кнізе агульнай малітвы”, але яно ёсць у “Агульнай малітве” пад назвай “Свята Благаслаў­лёнай Дзевы Марыі”.

[33] Евангелічная лютэранская царква ў Амерыцы адзначае яго як свята “Марыі, Маці нашага Пана”.

[34] Зноў жа, яно ёсць у “Агульнай малітве”, але не ў “Кнізе агульнай малітвы”.

[35] Евангелічная лютэранская царква ў ЗША адзначае “Юзафа, апекуна Езуса” ў традыцыйны дзень.

[36] Гл. Шустэр, op. cit., т. V, с. 290. Ён дадае, што, не жадаючы адзначаць яго ў больш зручны час, Папа Леў Вялікі дамовіўся аб прыпыненні чатырнаццацідзённага рабавання Рыма вандаламі ў 455 г., каб можна было правесці годную цэлебрацыю. Тое, наколькі распаўсюджана гэтая гісторыя, сведчыць пра пашану, якая аддавалася гэтаму святу.

[37] “Св. Пятра, апостала” ў “Кнізе агульнай малітвы” і “Св. Пятра і св. Паўла” ў “Агульнай малітве”.

[38] Евангелічная лютэранская царква ў Амерыцы адзначае яго як “Пятра і Паўла, апосталаў”. Лютэранская царква Нарвегіі адзначае яго ў нядзелю.

[39] Як у “Кнізе агульнай малітвы”, так і ў “Агульнай малітве”.

[40] Так робіць Лютэранская царква ў Амерыцы, хоць яны могуць адзначаць гэтае свята на выбар у най­бліжэйшую нядзелю, як гэта робяць лютэране ў Нарвегіі.

[41] Прэцэдэнт быў устаноўлены справай “Everson v. Board of Education” (“Эверсан супраць Міністэрства адукацыі”) у 1947 г.

[42] “Sherbert v. Verner”, 1963.

[43] The Religious Freedom Restoration Act (Акт аднаўлення свабоды веравызнання), 1993.

[44] Спрэчка паміж школьніцай сікхскага веравызнання Сарыкай Сінгх і Абердэрскай дзявочай школай у Паўднёвым Уэльсе: “Watkins-Singh, R (on the application of) v. Aberdare Girls’ High School & An”, [2008] EWHC 1865 (Admin) (29 ліпеня 2008 года).

[45] “Begum v. Denbigh High School”, [2006] UKHL 15.

[46] Надзя Эвейда, звольненая ў 2006 г. авіякампаніяй “British Airways” за нашэнне крыжыка на ўніформе, прайграла справу ў працоўным трыбунале, а затым апеляцыйны разгляд справы, дзе яна заяўляла пра факт рэлігійнай дыскрымінацыі і парушэнне правоў чалавека: “Eweida v British Airways Plc”, [2010] EWCA Civ 80 (12 лютага 2010 года). Гэтую пастанову скасаваў Еўрапейскі суд па правах чалавека: “Eweida and Others v. The United Kingdom” — HEJUD [2013] ECHR 37 (15 студзеня 2013 года).

[47] “Chaplin v. Devon & Exeter NHS Trust”, ET Case No: 1702886/2009, “Eweida v British Airways”, [2010] EWCA Civ 80.

[48] “Ladele v. London Borough of Islington”, [2009] EWCA Civ 1357.

Пакінуць каментар

Scroll Up