27.11.2018 / FIUV

Пазіцыя № 12. “Выкладанне лацінскай мовы ў семінарыях”🕑 24 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 12: ВЫКЛАДАННЕ ЛАЦІНСКАЙ МОВЫ Ў СЕМІНАРЫЯХ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Пытаннем лаціны як літургічнай мовы мы займаліся ў адным з папярэдніх артыкулаў; тут мы разглядаем ролю лацінскай мовы як агульнай мовы Касцёла. Важнасць лацінскай мовы як кампанента семінарскай адукацыі падкрэслівалася на Другім Ватыканскім саборы і пасля яго, прычым не толькі з-за яе літургічнай функцыі: яе яшчэ больш важная роля заключаецца ў тым, што яна робіць магчымай камунікацыю паміж пакаленнямі (мінулымі і цяперашнім, а таксама цяперашнім і наступнымі) і паміж народамі на ўстойлівай мове, якую можа вывучыць кожны. Страта такой агульнай мовы выклікала ў многіх пантыфікаў вялікую трывогу. Многія дакументы, сярод якіх і Кодэкс кананічнага права, моцна падкрэсліваюць важнасць лацінскай мовы. Вяртанне лацінскай мовы ў семінарскую адукацыю і каталіцкія навучальныя ўстановы — гэта справа першараднай важнасці.

1. Лацінская мова важная для Касцёла не толькі як літургічная мова [1], але і як мова заканадаўства, дыскусіі, распаўсюджвання ідэй, перадусім у настаўніцкіх дакументах, а таксама як мова незлічоных тэалагічных, гістарычных і іншых твораў — ад Айцоў Кас­цёла і схаластыкаў да сучаснага перыяду. Практычнае выкарыстанне лацінскай мовы для камунікацыі ўнутры Касцёла залежыць ад яе выкладання ў семінарыях (а таксама ў каталіцкіх навучальных установах). Яе месца ў адукацыйным працэсе часта разглядалася настаўніцкімі дакументамі. У межах гэтай тэмы перасцярогі і ідэі асобаў, прывязаных да надзвычайнай формы рымскага абраду, датычацца ўсяго Касцёла. Для святароў, якія атрымалі пасвячэнне, не ведаючы лацінскай мовы, аказваецца цяжкой ці нават немагчымай рэалізацыя інструкцый motu proprio Summorum Pontificum [2], аднак аргументацыя ў гэтым артыкуле будзе заснавана на больш шырокіх разважаннях.

Лацінская мова ў настаўніцкіх дакументах Касцёла

2. Кодэкс кананічнага права 1983 года ўтрымлівае больш моцнае патрабаванне ў параў­нанні з Кодэксам 1917 года [3]:

План падрыхтоўкі святароў павінен прадугледжваць, каб семінарысты не толь­кі старанна вывучалі родную мову, але таксама добра засвоілі лацінскую мову [4].

Слова “засвоілі” у перакладзе падкрэслівае моц лацінскага слова “calleant”: кананічнае права мае на ўвазе не толькі простае разуменне лацінскай мовы, але двухбаковую камунікацыю.

3. Канон 249 адлюстроўвае словы дэкрэта Другога Ватыканскага сабору пра фармацыю святароў Optatam totius, які кажа пра семінарыстаў наступнае:

Больш за тое, яны павінны атрымаць такое веданне лацінскай мовы, каб мець магчымасць разумець і выкарыстоўваць шматлікія навуковыя крыніцы i дакументы Касцёла. Вывучэнне літургічнай мовы кожнага асобнага абраду трэба лічыць неабходным; урэшце, трэба падтрымліваць належнае веданне моў Святога Пісання і Традыцыі [5].

Што датычыцца літургіі, то канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium таксама настойвае, што “ў лацінскіх абрадах захоўваецца выкарыстанне лацінскай мовы” [6], і мае на ўвазе, што пры цэлебрацыі Афіцыя духоўныя захоўваюць лацінскую мову [7].

4. Ранейшае вучэнне і практыка ў гэтай сферы прадстаўлены наступнымі дакументамі: сярод дакументаў ХХ ст. трэба адзначыць апостальскае пасланне Пія ХІ пра падрыхтоўку ў семінарыях Officiorum omnium (1922) [8], ліст Кангрэгацыі па справах семінарый Latinam excolere linguam (1957) [9], апостальскую канстытуцыю св. Яна ХХІІІ Veterum sapientia (1962) [10] і інструкцыю па яе рэалізацыі Sacrum latinae linguae depositum (1962) [11], апостальскае пасланне св. Паўла VI пра семінарыі Summi Dei Verbum (1963) [12], інструкцыю па прымяненні канстытуцыі Sacrosanctum concilium да кансэкраваных асобаў In edicendis (1965), а таксама motu proprio св. Паўла VI Studia latinitatis (1964). Пасля Сабору Павел VI зноў загадаў захаваць лацінскую мову, асабліва ў Афіцыі, сваім пасланнем Sacrificium laudis (1966) [13], а Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі падкрэсліла важнасць лацінскай мовы ў сваім Ratio fundamentalis (1970) пра адукацыю ў семінарыях [14]. У 1976 годзе св. Павел VI заснаваў арганізацыю “Opus Fundatum Latinitas” дзеля далейшай падтрымкі лацінскай мовы [15]. Св. Ян Павел ІІ ў апостальскім пасланні Dominicae cenae (1980) [16] падкрэсліў важнасць лацінскай мовы, і ў тым жа годзе ў перагледжаным Ratio fundamentalis Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі зрабіла тое самае [17]. Пазней тая ж Кангрэгацыя апублікавала інструкцыю наконт вывучэння спад­чыны Айцоў Касцёла, дзе звярнула ўвагу на неабходнасць паглыбіць вывучэнне ла­цінскай і грэцкай моваў у семінарыях, каб семінарысты маглі чытаць патрыстычныя тэксты ў арыгінале (Inspectis dierum, 1989) [18].

5. У 2007 годзе Папа Бенедыкт XVI вярнуўся да справы семінарскай фармацыі ў сваёй паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Sacramentum caritatis, дзе ён пісаў:

Прашу, каб будучыя святары ўжо ў семінарыі былі прыгатаваны да разумення і цэлебравання св. Імшы на лацінскай мове, а таксама да выкарыстання лацінскіх тэкстаў і выканання грыгарыянскага спеву. Не трэба занядбоўваць магчымасці, каб самі вернікі былі навучаны больш агульным малітвам на лацінскай мове і грыгарыянскаму спеву пэўных частак літургіі [19].

У 2012 годзе Папа Бенедыкт XVI выдаў motu proprio Lingua latina, у якім замяніў “Opus Fundatum Latinitas” акадэміяй “Pontificia Academia Latinitatis” з больш шырокімі паўна­моцтвамі для падтрымкі лацінскай мовы, у тым ліку ў семінарыях.

6. Калі падсумаваць сказанае, то нельга сказаць, што Сабор увёў змены ў навучанні або заклікаў змяніць практыку Касцёла ў дадзенай сферы. Аргументы на карысць лацін­скай мовы, выказаныя ў згаданых дакументах, можна падзяліць на некалькі катэгорый.

7. Першая катэгорыя датычыцца месца лацінскай мовы ў літургіі. Яго падкрэслівае Папа Бенедыкт XVI ў працытаваным урыўку Sacramentum caritatis. Тут будзе дастаткова сказаць [20], што святары не змогуць выканаць патрабаванне Sacrosanctum concilium захоўваць “у лацінскіх абрадах… выкарыстанне лацінскай мовы” без прынамсі базавых ведаў гэтай мовы.

8. Па-другое, лацінская мова займае фундаментальнае месца ў лацінскай культуры, якая цесна сплецена з духоўнасцю. Лацінскую паэзію, гімнодыю і спеў, а таксама тэксты, якія натхнялі стварэнне музычных твораў ва ўсе эпохі хрысціянскай музыкі, нельга ані перакласці, ані замяніць народнымі эквівалентамі. Арыгінальны мастацкі твор будзе ў найлепшым выпадку заменены іншым мастацкім творам — перакладам. Лацінскія спевы, як з пункту гледжання паэтычных якасцяў, так і з пункту гледжання музыкі, з’яўляюцца, кажучы словамі св. Паўла VI, “шчодрай крыніцай хрысціянскай цывілізацыі і вельмі багатым скарбам пабожнасці”. Ён заклікае настаяцеляў рэлігійных ордэнаў “абдумаць тое, што яны хочуць пакінуць, і не дазволіць, каб перасохла крыніца, з якой яны ж самі шчодра чэрпалі да гэтага часу” [21].

9. Па-трэцяе, спадчына тэалогіі, філасофіі, кананічнага права і гісторыі Лацінскага Касцёла захоўваецца ў абсалютнай большасці выпадкаў на лацінскай мове. Нарматыўнай версіяй настаўніцкіх дакументаў амаль заўсёды з’яўляецца лацінская; нават вельмі добры пераклад ніколі не можа ахапіць усіх нюансаў арыгінала, прычым пераклады не заўсёды існуюць [22]; тое ж можна сказаць пра большасць галоўных прац тэалагічнай традыцыі [23]. Лацінская мова заўсёды лічылася важнай для захавання дакладнасці і неразрыўнасці ў вучэнні, што падкрэслена ў канстытуцыі Veterum sapientia. Важнасць лацінскай мовы для навуковых даследаванняў згадваецца ў дакументах Officiorum omnium [24], Veterum sapientia [25], Optatam totius [26]Inspectis dierum [27] і Lingua latina [28].

10. Па-чацвёртае, лаціна выконвае ролю мовы Касцёла, мовы абмену ідэямі і іх развіцця. Яна з’яўляецца, па словах св. Яна Паўла ІІ, “інструментам узаемнага сяброўства” [29]. Адміністратыўная важнасць лацінскай мовы падкрэсліваецца ў Officiorum omnium [30], Veterum sapientia, 4, Optatam totius, 13 і Lingua latina. Апошні з гэтых дакументаў кажа наступнае:

Лацінская мова заўсёды высока цанілася Каталіцкім Касцёлам і Рымскімі Пантыфікамі, бо яны лічылі яе сваёй уласнай мовай [31].

Лацінская мова як мова Касцёла

11. Варта таксама сказаць больш пра лацінскую мову як супольную мову Касцёла. На Другім Ватыканскім саборы ўдзельнікі і іх дарадчыкі маглі рабіць і разумець прамовы і каментарыі, а таксама разглядаць шматлікія версіі прапанаваных дакументаў на агульнай мове — лацінскай [32]. Дарэчы, даследаванне паказала, што выкарыстанне няроднай мовы спрыяе ўважліваму мысленню [33]. Сёння падобная дыскусія паміж біскупамі свету не была б магчымая, а таму варта паставіць пытанне, ці здолее Касцёл склікаць яшчэ адзін сусветны сабор.

12. Шматмоўныя арганізацыі, такія як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Еўрапейскі Саюз, сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі нягледзячы на багатыя рэсурсы. Немагчыма выдаць дакумент на некалькіх мовах і пераканаўча сцвярджаць, што ўсе яго версіі маюць дакладна адно і тое ж значэнне. Калі ж у выніку шматмоўнага абмеркавання мае паўстаць афіцыйны дакумент на адной мове, то тыя, хто ведае гэтую мову, атрымліваюць вялікую і несправядлівую перавагу. Таму не дзіўна, што міжнародная дыпламатыя мае моцную схільнасць да выкарыстання lingua franca (незалежна ад таго, лацінская гэта мова, французская ці англійская), каб кожны адукаваны чалавек мог прапанаваць на гэтай мове разумны каментарый, ахапіць тэксты, якія падлягаюць абмеркаванню, і зразумець значэнне нават самых малых зменаў, якія ўносяцца ў гэтыя тэксты.

13. Касцёл патрабуе дакладнасці пры абмеркаванні і ўкладанні дакументаў яшчэ больш, чым свецкая дыпламатыя, а здольнасць біскупаў, сабраных на сінодзе ці сусветным саборы, разумець дыскусіі і ўдзельнічаць у іх мае самае вялікае значэнне. Сённяшняе невалоданне лацінскай мовай, якое назіраецца нават сярод вышэйшых іерархаў, прывяло да тэндэнцыі, калі на той ці іншай сустрэчы або пры распрацоўцы нейкага канкрэтнага дакумента выкарыстоўваецца пэўная зручная народная мова. Гэта, аднак, стварае праблемы, бо ставіць у невыгоднае становішча і нават можа цалкам пазбавіць права голасу тых, хто менш знаёмы з гэтай народнай мовай [34]; таксама гэта стварае моўны разрыў паміж дыскусіямі і афіцыйнымі дакументамі на лацінскай мове. Сітуацыя, калі важнае лацінскае сцвярджэнне фактычна не абмяркоўваецца тымі, ад імя каго публікуецца дакумент (бо насамрэч яны працуюць над фармулёўкамі на нейкай іншай мове, якія перакладчык палічыў эквівалентнымі), можа патэнцыйна прывесці да бяды.

14. За рэдкім выключэннем не існуе практычнай альтэрнатывы для публікацыі настаўніцкіх дакументаў на лацінскай мове [35], бо яны павінны плаўна спасылацца і развіваць фармулёўкі ранейшых лацінскіх дакументаў і не павінны рабіцца неадназначнымі ці незразумелымі з-за хуткіх змен, характэрных для народных моваў.

15. Сённяшні Касцёл з’яўляецца супольнасцю без агульнай мовы. Замест гэтага Касцёл карыстаецца некалькімі мовамі, пераход паміж якімі здзяйсняецца пры дапамозе перакладчыкаў з рознай кваліфікацыяй, многія з якіх працуюць на СМІ і ў інтэрнэце. Камунікацыя паміж народамі і пакаленнямі ў Касцёле хутка прыходзіць у заняпад, бо старэйшае пакаленне, якое вывучала лацінскую мову, замяняецца новым пакаленнем, якое зазвычай яе не вывучае. Таму не дзіўна, што кананічнае права і папскі Магістэрый рабілі такі акцэнт на важнасць лацінскай мовы. Лацінскай мове трэба неадкладна вярнуць яе шанаванае месца ў семінарыях і каталіцкіх навучальных установах.


Дадатак: Некаторыя практычныя меркаванні

А. Стан лацінскай мовы ў каталіцкіх навучальных установах і семінарыях

Засноўваючыся на рэзультатах нефармальнага даследавання, якое правяла Міжна­родная федэрацыя “Una Voce”, можна зрабіць выснову, што як у Касцёле, так і ў свецкіх навучальных установах вывучэнне лацінскай мовы зрабілася адзнакай элітных устаноў. Найлепшыя семінарыі, асабліва ў Рыме, яшчэ захоўваюць пэўны стандарт лацін­скай мовы, але, з іншага боку, існуе шмат семінарый у свеце, дзе лацінская мова не выкладаецца ўвогуле. Іншыя семінарыі, якіх, магчыма, большасць, трымаюцца нізкага ўзроўню лацінскай мовы, навучаючы студэнтаў перадусім правільна вымаўляць сло­вы і даючы ім базавы слоўнік і граматыку. Зазвычай навучанне працягваецца адзін год і адбываецца не вельмі інтэнсіўна. Такі ўзровень лацінскай мовы амаль бескарысны: паколькі ім нельга скарыстацца ў навуковай працы, хутчэй за ўсё пасля заканчэння курса яго перастануць развіваць, і ў хуткім часе ён забудзецца.

Канферэнцыя біскупаў ЗША атрымала ад Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі дазвол выключаць лацінскую мову з праграм семінарый з той прычыны, што Канферэнцыя жадала выкарыстаць гэты час на вывучэнне іншых прадметаў, у тым ліку іспанскай мовы. Словы св. Яна ХХІІІ кажуць іншае:

Калі абставіны часу і месца запатрабуюць увядзення ў праграму іншых прадметаў, акрамя звычайных, то трэба альбо падоўжыць перыяд навучання, альбо скараціць выкладанне гэтых дадатковых прадметаў ці перанесці іх вывучэнне на іншы час [36].

Каталіцкія навучальныя ўстановы па ўсім свеце знаходзяцца у яшчэ горшым стане: нават у найлепшых школах лацінская мова захоўваецца толькі ў якасці прадмету па выбары, а стандарты на многіх публічных экзаменах непараўнальна больш нізкія, чым яны былі 50 гадоў таму. Гэта робіць працу семінарый яшчэ больш складанай, асабліва ў краінах з добра развітай сеткай каталіцкіх школ.

Б. Як можна выкладаць лацінскую мову

У апостальскім пасланні Sacrificium laudis св. Павел VI звяртаецца да настаяцеляў рэлі­гійных ордэнаў:

Вядома, для навабранцаў вашых святых атрадаў лацінская мова прадстаўляе некаторыя цяжкасці, магчыма, немалыя. Але гэтыя цяжкасці, як вы ведаеце, не павінны лічыцца непераможнымі [37].

Напэўна, сёння выкладанне лацінскай мовы ў семінарыях прадстаўляе большыя складанасці, чым у мінулыя часы. Мы можам прывесці некаторыя карысныя назіранні з досведу выкладання старажытных моваў дарослым на ўніверсітэцкім узроўні, дзе гэтыя мовы неабходныя для паспяховага заканчэння ўніверсітэта і дзе, аднак, імі рэдка валодаюць выпускнікі школы. Хоць гэта і не ідэальны варыянт, аднак спалучэнне інтэнсіўных летніх падрыхтоўчых курсаў і інтэнсіўнае выкладанне ў пачатку курса можа зрабіць магчымым выкарыстанне старажытнай мовы на працягу самога ўніверсітэцкага курса. Гэта прыводзіць да таго, што мова замацоўваецца ў памяці студэнтаў і яе лёгка ўдасканальваць далей.

Калі прыводзіць канкрэтныя прыклады, то студэнты-тэолагі ў Оксфардзе, якія зазвычай маюць слабыя схільнасці да новазапаветнай грэцкай мовы, якая паўсюдна лічыц­ца больш складанай за лацінскую, інтэнсіўна вывучаюць яе на працягу першых двух семестраў, пасля чаго здаюць экзамен. На экзамене студэнты ранжыруюцца пераважна дзякуючы наяўнасці задання на пераклад з англійскай мовы на грэцкую, але дастатковую адзнаку могуць атрымаць нават тыя студэнты, якія не маюць лінгвістычнага таленту, калі яны перакладуць тэкст з Евангелля св. Марка з грэцкай мовы на англійскую, бо там грэцкая мова адносна простая. Калі прыняць падобную мадэль у выпадку лацінскай мовы і выкарыстаць прапедэўтычны год у семінарыі, то выкладанне лацінскай мовы пасля першых двух семестраў будзе займаць менш гадзі­наў, а надзейны падмурак будзе ўжо закладзены. Лішне казаць, што ў семінарыях варта выкладаць не класічную лацінскую мову, а лацінскую мову літургіі і лацінскіх Айцоў, якая мая больш свабодную граматыку і значна карацейшы слоўнік. Таксама варта распрацаваць рэсурсы для папярэдняй працы абітурыентаў, якія маюць намер паступаць у семінарыю.

В. Лацінская мова і свецкія асобы

Варта адзначыць, што Касцёл ніколі не меў намеру абмяжоўваць выкарыстанне лацінскай мовы выключна да духавенства і ў гісторыі не існавала выпадкаў такога абмежавання. Свецкіх асобаў таксама заклікаюць да вывучэння лацінскай мовы, што вельмі важна абдумаць ва ўсіх каталіцкіх універсітэтах і каледжах. Папа Пій ХІ так піша ў апостальскім пасланні Officiorum omnium:

Але калі ў выпадку свецкай асобы, якая сапраўды прасякнута адукацыяй, няведанне лацінскай мовы, якую мы можам сапраўды назваць “каталіцкай” мовай, указвае на пэўны застой у яе любові да Касцёла, наколькі ж больш адпавядае абсалютна кожнай духоўнай асобе мець адэкватную практыку і веданне гэтай мовы! [38]

Праз пяцьдзясят гадоў св. Ян Павел ІІ выказаўся не менш палымянымі словамі:

Таму ў гэтыя часы, калі, як вядома, лацінскія творы і гуманітарныя даследаванні ў многіх месцах трапілі ў занядбанне, мы звяртаемся найперш да моладзі, каб яна з энтузіязмам прыняла гэтую, так бы мовіць, лацінскую спадчыну, якой Касцёл надае вялікае значэнне, і актыўна здабывала з яе карысць. Няхай яны зразумеюць, што гэтая заўвага Цыцэрона (Brutus 37, 140) пэўным чынам датычыцца іх саміх: “Не так выдатна ведаць лацінскую мову, як сорамна яе не ведаць”. Мы заклікаем усіх вас, прысутных, і вашых калег, якія дапамагаюць вам, працягваць шляхетную працу і ўзнімаць стан лацінскай мовы, якая таксама — хоць і не ў такой ступені, як раней — з’яўляецца пэўнай сувяззю паміж людзьмі розных моваў. Ведайце, што Наступнік святога Пятра ў сваім найвышэйшым служэнні моліцца, каб вашыя пачынанні шчасліва дасягнулі выніку, што ён з вамі і што ён умацоўвае вас [39].


[1] Пазіцыя № 7, “Літургічная роля лацінскай мовы”.

[2] Ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum (2007): “Выкарыстанне старога Імшала патрабуе вядомай ступені літургічнай падрыхтоўкі, а таксама валодання лацінскай мовай. Як першае, так і другое сустракаецца не так і часта”. Пытанне неабходнай кваліфікацыі святароў, якія жадаюць служыць Імшу ў надзвычайнай форме, было растлумачана з пункту гледжання касцёльнага права ў інструкцыі Universae Ecclesiae (2011), 20b: “Што датычыць валодання лацінскай мовай, неабходна, каб святар, які мае намер служыць, мог правільна вымаўляць словы і разумеў іх значэнне”. (“Ad usum Latini sermonis quod attinet, necesse est ut sacerdos celebraturus scientia polleat ad verba recte proferenda eorumque intelligendam significationem”.)

[3] Кодэкс кананічнага права 1917 года, кан. 1364.2: “Яны [г. зн. семінарысты] павінны старанна вывучаць мовы, асабліва лацінскую і родную мову семінарыстаў” (“Linguas praesertim latinam et patriam alumni accurate addiscant”).

[4] Кодэкс кананічнага права 1983 года, кан. 249: “Institutionis sacerdotalis Ratione provideatur ut alumni non tantum accurate linguam patriam edoceantur, sed etiam linguam latinam bene calleant”.

[5] Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт пра фармацыю святароў Optatam totius 13: “…ac praeterea eam linguae latinae cognitionem acquirant, qua tot scientiarum fontes et Ecclesiae documenta intelligere atque adhibere possint [зноска]. Studium linguae liturgicae unicuique ritui propriae necessarium habeatur, cognitio vero congrua linguarum Sacrae Scripturae et Traditionis valde foveatur”. Зноска ідзе на апостальскае пасланне св. Паўла VI Summi Dei Verbum, гл. зноску 12 ніжэй.

[6] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium 36, 1: “Linguae latinae usus, salvo particulari iure, in Ritibus latinis servetur”. Пар. 54: “Аднак трэба паклапаціцца, каб вернікі ўмелі разам чытаць ці спяваць і лацінскія часткі парадку Імшы, прызначаныя для іх”. (“Provideatur tamen ut christifideles etiam lingua latina partes Ordinarii Missae quae ad ipsos spectant possint simul dicere vel cantare”.)

[7] Sacrosanctum concilium 101, 1: “Паводле векавой традыцыі лацінскага абраду духоўныя павінны захаваць у Афіцыі лацінскую мову” (“Iuxta saecularem traditionem ritus latini, in Officio divino lingua latina clericis servanda est”). Тое ж было паўторана ў інструкцыі In edicendis (1965), 1, дзе пералічаны выпадкі, для якіх можна прадумаць саступкі, напрыклад для місійных тэрыторый.

[8] Пій ХІ, апостальскае пасланне Officiorum omnium (1922), Acta Apostolicae Sedis 14 (1922), c. 349–358: “Таму — і гэта гарантавана кананічным правам (Кодэкс кананічнага права, кан. 1364) — у адукацыйных установах, дзе даспяваюць чаканні святарскага пасвячэння, мы жадаем, каб семінарыстам вельмі дакладна выкладалі лацінскую мову. Гэтага мы жадаем таксама з той прычыны, што ў тым выпадку, калі яны пазней возьмуцца за вышэйшыя дысцыпліны, якія трэба напэўна перадаваць і прымаць на лацінскай мове, часам менавіта з-за няведання лацінскай мовы яны не могуць дасягнуць поўнага разумення вучэння і тым больш прысвяціць сябе схаластычным дысцыплінам, якія заточваюць маладыя таленты для далейшай абароны праўды”.

[9] Кангрэгацыя па справах семінарый, ліст Latinam excolere linguam (1957), Acta Apostolicae Sedis 50 (1958), с. 292–296.

[10] Св. Ян ХХІІІ, апостальская канстытуцыя Veterum sapientia (1962) 11, 4: “Там, дзе выкладанне лацінскай мовы часткова страціла свой бляск з-за набліжэння акадэмічнай праграмы да той, што прымяняецца ў дзяржаўных навучальных установах, у выніку чаго выкладанне зрабілася не такім старанным і грунтоўным, як гэта было раней, традыцыйны метад навучання гэтай мове павінен быць цалкам адноўлены. Такая Наша воля, і ніхто не павінен сумнявацца ў тым, ці неабходна захоўваць суровы кантроль над праграмай, па якой вучацца каталіцкія студэнты; і датычыцца гэта не толькі колькасці і кшталту прадметаў, якія яны вывучаюць, але таксама і перыяду часу, які прысвячаецца выкладанню гэтых прадметаў”. (“Sicubi autem, ob assimulatam studiorum rationem in publicis civitatis scholis obtinentem, de linguae Latinae cultu aliquatenus detractum sit, cum germanae firmaeque doctrinae detrimento, ibi tralaticium huius linguae tradendae ordinem redintegrari omnino censemus; cum persuasum cuique esse debeat, hac etiam in re, sacrorum alumnorum institutionis rationem religiose esse tuendam, non tantum ad disciplinarum numerum et genera, sed etiam ad earum docendarum temporis spatia quod attinet”.)

[11] Кангрэгацыя па справах семінарый, інструкцыя Sacrum latinae linguae depositum (1962), Acta Apostolicae Sedis 54, c. 339–368. Гэты дакумент падрабязна разглядае змест праграмы семінарскай адукацыі.

[12] Св. Павел VI, апостальскае пасланне Summi Dei Verbum (1963): “Культурная фармацыя маладога святара павінна напэўна ўключаць у сябе адэкватнае валоданне мовамі і асабліва лацінскай мовай (перадусім для святароў лацінскага абраду)”. (“In studiorum denique supellectile, qua adulescens clerus ornari oportet, sane ponenda est non exigua variarum linguarum scientia, in primisque Latinae, si maxime de sacerdotibus agatur Latini ritus”.)

[13] Св. Павел VI, апостальскае пасланне Sacrificium laudis (1966): “Аднак жа ўзгаданыя рэчы [г. зн. прось­бы дазволіць цэлебрацыю Афіцыя на народнай мове] адбываюцца нават пасля таго, як Другі Сусветны Ватыканскі сабор пасля адпаведнага разважання ўрачыста заявіў пра сваё рашэнне па гэтым пытанні (Sacrosanctum concilium, 101, 1), а ў наступных Інструкцыях былі дадзены канкрэтныя нормы. У першай Інструкцыі (ad exsecutionem Constitutionis de sacra Liturgia recte ordinandam), выдадзенай 26 верасня 1964 года, было пастаноўлена наступнае: “Пры супольнай цэлебрацыі Божага афіцыя клерыкі абавязаны захоўваць лацінскую мову” (№ 85). У другой Інструкцыі (de lingua in celebrandis Officio divino et Missa “conventuali” aut “communitatis” apud Religiosos adhibenda), апублікаванай 23 лістапада 1965 года, гэтае прадпісанне пацвярджаецца, і адначасова аддаецца вялікая ўвага духоўнай карысці вернікаў і асаблівым умовам, якія дзейнічаюць на місіянерскіх тэрыторыях. Таму, пакуль законным чынам не будзе пастаноўлена іншае, гэтыя законы маюць сілу і патрабуюць паслухмянасці, якой кансэкраваныя асобы, дарагія сыны Касцёла, павінны адрознівацца”. (“Sed ea, quae supra diximus, fieri contingunt, postquam Concilium Oecumenicum Vaticanum Secundum meditate ac sollemniter hac de re suam edixit sententiam (Cf. Const. de sacra Lit. Sacrosanctum Concilium, n. 101, 1), et Instructionibus eam subsecutis certae editae sunt normae; in quarum Instructione altera, ad exsecutionem Constitutionis de sacra Liturgia recte ordinandam die XXVI mensis Septembris anno MCMLXIV emissa, haec sunt decreta: «In divino Officio in choro persolvendo clerici linguam latinam servare tenentur» (n. 85); altera vero, quae de lingua in celebrandis Officio divino et Missa «conventuali» aut «communitatis» apud Religiosos adhibenda inscribitur ac die XXIII mensis novembris anno MCMLXV fuit vulgata, praeceptum illud confirmatur simulque ratio ducitur spiritualis fidelium emolumenti et peculiarium condicionum, quae in regionibus obtinent missionali opere excolendis. Donec ergo aliter legitime statuatur, hae leges vigent et obtemperationem expostulant, qua religiosos sodales, filios Ecclesiae carissimos, apprime commendari oportet”.)

[14] Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі, інструкцыя Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis (1970), 66: “Што датычыцца завяршэння гэтых выкладаў, то любы недахоп неабходных ведаў, якія патрабуюцца ад святара, павінен быць выпраўлены альбо перад, альбо падчас вывучэння філасофіі, як сказана ў № 60. У якасці прыкладу можна назваць дастатковае валоданне лацінскай мовай, якога пастаянна і настойліва патрабуе Касцёл. Спіс і праграму гэтых выкладаў трэба ўключыць у Схему святарскай падрыхтоўкі”.

[15] Св. Павел VI, хірограф Romani sermonis (1976). Мэтамі арганізацыі з’яўляюцца спрыянне вывучэнню і выкарыстанню лацінскай мовы.

[16] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Dominicae cenae (1980), 10: “Рымскі Касцёл асабліва абавязаны лаціне, цудоўнай мове старажытнага Рыма, і ён павінен дэманстраваць гэта, калі толькі прадставіцца нагода”. (“Ecclesia quidem Romana erga linguam Latinam, praestantissimum sermonem Urbis Romae antiquae, peculiari obligatione devincitur eamque commonstret oportet, quotiescumque offertur occasio”.)

[17] Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі, інструкцыя Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis (1980): “Сабор абсалютна не забараніў выкарыстоўваць лацінскую мову. Насамрэч ён зрабіў адваротнае. Таму сістэматычнае выключэнне лацінскай мовы з’яўляецца не менш асуджальным злоўжываннем, чым сістэматычнае жаданне некаторых асобаў выкарыстоўваць выключна яе. Яе раптоўнае і поўнае знікненне не пройдзе без сур’ёзных пастырскіх наступстваў”.

[18] Інструкцыя Inspectis dierum (1989), 66: “Але зразумела, што для таго, каб правільна вывучаць патрыстыку, неабходна мець правільныя інструменты і рэсурсы. Імі з’яўляюцца бібліятэкі, у якіх маецца добры запас патрыстыкі (“corpora”, альбо зборнікі, манаграфіі, агляды ці часопісы, слоўнікі). Таксама зразумела, што патрэбны класічныя і сучасныя мовы. Аднак, паколькі ва ўніверсітэтах нашых часоў яўна ёсць праблемы з гуманітарнымі навукамі, мы павінны, наколькі гэта магчыма, паглыбіць вывучэнне лацінскай і грэцкай мовах у нашых уласных установах святарскай фармацыі”. (“Perspicuum est autem ad studia patristica apte peragenda necessaria esse instrumenta et subsidia congruentia—ut bibliotheca rite instructa quoad patristicam (corpora seu collectiones, monographiae, commentarii seu ephemerides, lexica), atque linguas classicas et hodiernas necessarias quoque esse. Sed cum in excolendis studiis humanisticis scholae nostri temporis aperte deificiant, opus erit—quod id fieri possit—ut in nostris Institutis formationis sacerdotalis studia linguae Graecae et Latinae amplius corroborantur”.)

[19] Папа Бенедыкт XVI, паслясінадальная апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis (2007), 62: “In universum petimus ut futuri sacerdotes, inde a Seminarii tempore, ad Sanctam Missam Latine intellegendam et celebrandam nec non ad Latinos textus usurpandos et cantum Gregorianum adhibendum instituantur; neque neglegatur copia ipsis fidelibus facienda ut notiores in lingua Latina preces ac pariter quarundam liturgiae partium in cantu Gregoriano cantus cognoscant”.

[20] Гл. таксама Пазіцыя № 7, “Літургічная роля лацінскай мовы”.

[21] Sacrificium laudis: “cum sit in Ecclesia Latina christiani cultus humani fons uberrimus et locupletissimus pietatis thesaurus”, “Rogamus igitur omnes, ad quos pertinet, ut ponderent, quae dimittere velint, neque fontem sinant inarescere, unde ad praesens usque tempus ubertim hauserint”.

[22] Варта заўважыць, што для наступных дакументаў, якія цытуюцца ў дадзеным артыкуле, на вэб-старонцы Ватыкана няма перакладаў на англійскую, французскую ці нямецкую мовы: Officiorum omnium Пія ХІ, Veterum sapientia св. Яна ХХІІІ, Sacrum latinae linguae depositum Кангрэгацыі па справах семінарый, In edicendis Святой Кангрэгацыі абрадаў, Sacrificium laudis св. Паўла VI, Ratio fundamentalis Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі (як версіі 1970 года, так і версіі 1980 года), а таксама Inspectis dierum. З пералічаных дакументаў толькі канстытуцыя Veterum sapientia даступная на іспанскай мове і толькі апостальскае пасланне Sacrificium laudis — на італьянскай. Для некаторых з гэтых дакументаў (але не для большасці) існуюць неафіцыйныя пераклады на некаторыя народныя мовы.

[23] Нават такая важная і ўплывовая праца, як “Theologia moralis” св. Альфонса Лігуоры не перакладзена на англійскую мову. Семінарысты, якія не ведаюць лацінскай мовы, моцна абмежаваныя ў доступе да Традыцыі і могуць трапіць пад уплыў спрэчных суджэнняў перакладчыкаў.

[24] Officiorum omnium: “[Калі лацінская мова будзе выкладацца старанна:] Тады гэтая сітуацыя, над якой мы часта перажываем, больш не здарыцца: калі нашыя клерыкі і святары, занядбоўваючы багатымі тамамі Айцоў і дактароў Касцёла, у якіх вельмі зразумела выкладзены і неаспрэчна абаронены нашыя праўды веры, не прыкладаюць дастаткова намаганняў для вывучэння лацінскай літаратуры і запаўняюць свае недахопы ў ведах дактрыны пазнейшымі аўтарамі, якім, можна сказаць, не хапае не толькі яснай мовы і дакладнасці ў тлумачэнні, але таксама і правільнай інтэрпрэтацыі догматаў”.

[25] Veterum sapientia 11.2: “Выконваючы сваю айцоўскую апеку, яны [біскупы і генеральныя настаяцелі] павінны сцерагчы таго, каб ніхто пад іх юрысдыкцыяй, жадаючы рэвалюцыйных зменаў, не пісаў супраць выкарыстання лацінскай мовы ў выкладанні вышэйшых святых навук альбо ў літургіі, а таксама не лічыў неістотнай волю Святога Пасаду ў гэтай справе і не інтэрпрэтаваў яе памылкова”. (“Paterna iidem sollicitudine caveant, ne qui e sua dicione, novarum rerum studiosi, contra linguam Latinam sive in altioribus sacris disciplinis tradendis sive in sacris habendis ritibus usurpandam scribant, neve praeiudicata opinione Apostolicae Sedis voluntatem hac in re extenuent vel perperam interpretentur”.)

[26] Optatam totius, 13, як працытавана вышэй, у параграфе 3.

[27] Inspectis dierum, 53: “Вывучэнне патрыстыкі і патралогіі на сваім першапачатковым этапе заключаецца ў выпісванні [зместу] і патрабуе выкарыстання падручнікаў і іншых бібліяграфічных рэсурсаў. Аднак, калі хтосьці даходзіць да складаных і заблытаных пытанняў тэалогіі Айцоў Касцёла, не дастаткова ніводнага з гэтых рэсурсаў: трэба звяртацца непасрэдна да тэкстаў саміх Айцоў. Бо належыць выкладаць і вывучаць патрыстыку — асабліва ў акадэміях і па спецыяльных праграмах — так, каб выкладчык і студэнт самі звярталіся непасрэдна да першакрыніцаў”.

[28] Бенедыкт XVI, Lingua latina (2012). 2: “Таксама і ў нашыя дні для вяртання да вытокаў, з якіх зазвычай чэрпаюць шматлікія вобласці ведаў, такія як тэалогія, літургічная навука, патрыстыка і кананічнае права, вельмі важным з’яўляецца веданне лацінскай мовы і культуры, як пра гэта навучае Другі Ватыканскі сабор (гл. дэкрэт пра фармацыю святароў Optatam totius, 13)”. (“Nostris quoque temporibus Latinae linguae et cultus cognitio perquam est necessaria ad fontes vestigandos ex quibus complures disciplinae ceteroqui hauriunt, exempli gratia Theologia, Liturgia, Patrologia et Ius Canonicum, quemadmodum Concilium Oecumenicum Vaticanum II docet (cfr Decretum de Institutione sacerdotali, Optatam totius, 13)”.)

[29] Св. Ян Павел ІІ, прамова да пераможцаў 12-га Ватыканскага спаборніцтва, 22 лістапада 1978 года: “…гэтым вы аказваеце вельмі каштоўную дапамогу Рымскаму Касцёлу, які захаваў годнасць мовы Лацыума, паколькі ён заўсёды бачыў у ім сувязь еднасці, бачны знак стабільнасці і інструмент узаемнага сяброўства”. (“…id facientes, Romanae Ecclesiae magni pretii auxilium confertis, quae Latii sermonis dignitatem servavit, quippe quod unitatis vinculum, stabilitatis aspectabile signum, mutuae necessitudinis instrumentum semper existimaret”.)

[30] Officiorum omnium: “Паколькі лаціна з’яўляецца такой мовай, Божым провідам было пастаноўлена, каб яна прынесла Касцёлу як настаўніку штосьці цудоўна карыснае і каб яна служыла вялікай сувяззю еднасці для больш адукаваных вернікаў Хрыстовых; гэта значыць каб давала ім не толькі штосьці, дзякуючы чаму яны, рассеяныя па розных мясцінах і сабраныя ў адным месцы, маглі б лёгка параўноўваць свае думкі і ідэі розумаў, але таксама — і гэта больш важна — штосьці, пры дапамозе чаго яны могуць больш глыбока зразумець справы Маці-Касцёла і больш цесна з’яднацца з галавою Касцёла”.

[31] Lingua latina, 1: “Latina Lingua permagni ab Ecclesia Catholica Romanisque Pontificibus usque est aestimata, quandoquidem ipsorum propria habita est lingua”.

[32] Перавагі лацінскай мовы ў якасці агульнай не абмяжоўваюцца да духавенства ці да каталікоў. Англіканскі апалагет К. С. Льюіс з 1948 да 1961 года вёў перапіску з італьянскім святаром св. Джавані Калабрыяй на лацінскай мове, а пасля смерці апошняга — таксама з членамі яго супольнасці, бо гэта была іх адзіная агульная мова. (Гл. “The Latin Letters of C.S. Lewis: C.S. Lewis & Don Giovanni Calabria”, рэд. і перакл. Martin Moynihan, South Bend, Indiana: St Augustine’s Press, 1998.)

[33] Boaz Keysar, Sayuri L. Hayakawa, Sun Gyu An, “The Foreign Language Effect: Thinking in a Foreign Tongue Reduces Decision Biases“, Psychological Science 2012, 23: 661–668, 666: “Эфект іншаземнай мовы на прыняцце рашэння, найбольш верагодна, вызначаецца шматлікімі фактарамі, якія павялічваюць псіхалагічную дыстанцыю і спрыяюць разважлівасці”.

[34] Пар. Veterum sapientia (1962), 3: “Па сваёй прыродзе лацінская мова найбольш надаецца для спрыяння кожнай форме культуры сярод народаў. Яна не выклікае зайздрасці. Яна не аддае перавагу ніводнай нацыі, але праяўляе аднолькавую бесстароннасць да ўсіх і лёгка прымаецца ўсімі”. (“Suae enim sponte naturae lingua Latina ad provehendum apud populos quoslibet omnem humanitatis cultum est peraccommodata: cum invidiam non commoveat, singulis gentibus se aequabilem praestet, nullius partibus faveat, omnibus postremo sit grata et amica”.)

[35] Гэта пацвярджае Lingua latina 2: “Акрамя таго, каб паказаць універсальную прыроду Касцёла, літургічныя тэксты рымскага абраду маюць сваю парадыгмальную форму на лацінскай мове, як і галоўныя настаўніцкія дакументы, а таксама ўрачыстыя, афіцыйныя акты Рымскіх Пантыфікаў”. (“In hac praeterea lingua, ut universalis Ecclesiae natura pateat, typica forma sunt scripti liturgici libri Romani Ritus, praestantiora Magisterii pontificii Documenta necnon sollemniora Romanorum Pontificum officialia Acta”.)

[36] Veterum sapientia 11.4: “Quodsi, vel temporum vel locorum postulante cursu, ex necessitate aliae sint ad communes adiciendae disciplinae, tunc ea de causa aut studiorum porrigatur curriculum, aut disciplinae eaedem in breve cogantur, aut denique earum studium ad aliud reiciatur tempus”.

[37] Sacrificium laudis: “Procul dubio lingua latina sacrae militiae vestrae tironibus aliquam et fortasse haud tenuem difficultatem opponit. Haec autem, quemadmodum novistis, talis non est habenda, ut vinci et superari non possit”.

[38] “Quod si in quopiam homine laico, qui quidem sit tinctus litteris, latinae linguae, quam dicere catholicam vere possumus, ignoratio quemdam amoris erga Ecclesiam languorem indicat, quanto magis omnes clericos, quotquot sunt, decet eiusdem linguae satis gnaros esse atque peritos”.

[39] Св. Ян Павел ІІ, зварот да “Opus Fundatum Latinitas”, 27 лістапада 1978 года (Acta Apostolae Sedis 74 (1979), с. 44–46): “Ad juvenes ergo imprimis convertimur, qui hac ætate, qua litteræ Latinæ et humanitatis studia multis locis, ut notum est, jacent, hoc veluti Latinitatis patrimonium, quod Ecclesia magni æstimat, alacres accipiant oportet et actuosi frugiferum reddant. Noverint ii hoc Ciceronis effatum (Brutus 37, 140) ad se quodam modo referri “Non … tam præclarum est scire Latine, quam turpe nescire”. Omnes autem vos qui hic adestis, et socios qui vobis opitulantur, adhortamur ut pergatis nobilem laborem et attollatis faciem Latinitatis quæ est etiam, licet arctioribus quam antea finibus circumscriptum, vinculum quoddam inter homines sermone diversos. Scitote beati Petri in summo ministerio Successorem incepti vestri felices exitus precari, vobis adesse, vos confirmare”.

Пакінуць каментар

Scroll Up