24.11.2018 / Peter Kwasniewski

Св. Кацярына Александрыйская: забітая на коле Камісіі🕑 5 хвілін

Як шматгадовы студэнт і выкладчык філасофіі, я заўсёды адчуваў асаблівую прывязанасць да св. Кацярыны Александрыйскай, прынамсі з таго моманту, калі ўпершыню даведаўся пра яе існаванне і заступніцтва.

На дату 25 лістапада мой стары імшал (“St. Andrew’s Daily Missal”) упэўнена прыводзіць стандартную гісторыю яе жыцця і смерці, якую стагоддзямі прымалі ўсе хрысціяне:

Св. Кацярына нарадзілася ў Александрыі і была закатавана каля 310 года пры кіраванні Максіміна Дазы. Старажытныя запісы перадаюць, што, калі ёй было васемнаццаць гадоў і калі яе навучылі як філасофіі, так і рэлігіі, імператар сабраў групу філосафаў, каб пераканаць яе адрачыся ад Хрыста і пакланіцца ідалам. Аднак яна сама пераканала іх у іхніх памылках і навярнула іх у хрысціянства. Яе збілі бічамі і прывязалі да кола з прымацаванымі нажамі, аднак гэтая прылада катаванняў паламалася. Нарэшце, ёй сцялі галаву. Гэтая гісторыя была вялікай крыніцай натхнення для сярэднявечнай іканаграфіі. Св. Кацярына ўшаноўваецца як апякунка хрысціянскіх філосафаў і знаходзіцца сярод чатырнаццаці святых памочнікаў.

У традыцыйным Рымскім Імшале свята св. Кацярыны мае прыгожую калекту, якая спасылаецца на цудоўнае перанясенне яе цела ў кляштар на гары Сінай:

Божа, Ты на вяршыні гары Сінай даў закон Майсею і ў тым жа месцы рукамі Тваіх святых анёлаў цудоўным чынам змясціў цела святой Кацярыны, Тваёй дзевы і мучаніцы; дай, просім, каб праз яе заслугі і малітвы мы маглі дайсці да гары, якою з’яўляецца Хрыстус. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

Раней на гэтым тыдні мы разглядалі старажытную калекту свята Ахвяравання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У гэтым выпадку мы таксама бачым малітву, поўную ўнутранай гармоніі і глыбіні зместу. Яна прыгожа злучае святую гару, на якой Майсей атрымаў закон, з гарою, якой з’яўляецца сам Хрыстус, крыніца, сэнс і завяршэнне закону. Знакаміты хрысціянскі кляштар (які тут ускосна называецца месцам спачынку цела св. Кацярыны) у такім выпадку становіцца пэўным прамежкавым станам, які злучае нашае цяперашняе становішча пілігрымаў і вучняў з нашай будучай славай у небе. Можна сказаць, кляштар з’яўляецца выкананнем старога закону і сімвалам новага закону. Акрамя таго, калекта дае сведчанне ўмяшанню анёлаў у людскія справы; яна падкрэслівае рэальнасць цудаў, якія Бог здзяйсняе праз сваіх святых; калекта не толькі згадвае заступніцтва, але і прызнае заслугі св. Кацярыны, якія робяць яе памочніцай у час патрэбы. Нарэшце, гэта заўсёды карысна, калі табе нагадваюць, асабліва сёння, што стары закон паходзіць ад Бога, Які “даў закон Майсею”, і што ў сваім універсальным маральным складніку ён застаецца абавязковым для ўсяго чалавецтва. (Сюды ўваходзіць і шостае прыказанне Дэкалогу, наконт якога так шмат нашых сучаснікаў, здаецца, маюць сумневы.)

Традыцыйны Рымскі Мартыралог згадвае тое самае цудоўнае перанясенне рэліквій св. Кацярыны ў егіпецкі кляштар:

Нараджэнне св. Кацярыны, дзевы і мучаніцы, пры імператары Максіміне. За вызнанне хрысціянскай веры яна была кінута ў вязніцу ў Александрыі, затым выцерпела доўгае бічаванне пугай з металічнымі часткамі і, нарэшце, прыняла мучаніцтва праз сцінанне галавы. Яе цела анёлы цудоўным чынам перанеслі на гару Сінай, дзе яму аддаюць пабожнае ўшанаванне вялікія натоўпы хрысціянаў.

Нягледзячы на паўсюдную і вельмі даўнюю пабожнасць “вялікіх натоўпаў хрысціянаў” як на Усходзе, так і на Захадзе, літургічная рэформа 1960-х гг., якую не стрымлівалі ані пабожнасць, ані сціпласць, ані культурная павага, ані здаровы сэнс, палічыла магчымым зусім выдаліць яе свята з агульнага календара. Відаць, за яе гісторыяй і нават яе існаваннем было недастаткова гістарычнай верагоднасці нягледзячы нават на той праблематычны факт, што св. Кацярына была адной са святых, якія з’яўляліся св. Жанне д’Арк і давалі ёй парады. Выдаленне св. Кацярыны не дабралося да Мартыралога, але лішне казаць, што новы Мартыралог (пра яго ведаюць нямногія, бо, наколькі мне вядома, ён існуе толькі на лацінскай мове) акуратна апускае згадкі пра гістарычны кантэкст і цудоўныя дэталі.

Тым не менш стан рэчаў змяніўся пры пантыфікаце польскага філосафа і паэта Караля Вайтылы, які нягледзячы на іншыя верагодныя недахопы цаніў сферу разумнага суджэння, а таксама ролю культуры і выяўленчага мастацтва. У 2002 годзе апякунку філосафаў паціху вярнулі ў Імшал Novus Ordo ў якасці “неабавязковага ўспаміну” на тую ж дату, што і дагэтуль, на 25 лістапада. Аднак пакуль што, прынамсі да выбару Папы Льва XIV ці Бенедыкта XVII, паслясаборнае аднаўленне мае свае межы. Калекта для гэтага неабавязковага ўспаміну з’яўляецца толькі ценем сваёй былой славы. Мы адкінулі ўнікальную малітву, якая засноўвалася на стагоддзях пабожнасці, і прынялі агульную малітву, якую можна было б прымяніць да дзясяткаў святых біскупаў або Папаў:

Усемагутны вечны Божа, Ты даў Твайму народу святую Кацярыну, панну і непераможную мучаніцу, праз яе заступніцтва ўмацуй нашую трываласць у веры, каб мы цалкам аддавалі сябе справе еднасці Касцёла.

Падобна як і ў выпадку калектаў пра св. Альбэрта Вялікага, у новай калекце няма амаль нічога спецыфічнага для св. Кацярыны. Старая ж калекта была сшытая быццам бы адмыслова на св. Кацярыну і нагадвала адзін з многіх унікальных гатычных сабораў у Францыі.

Кажуць, што любая памылка ў тэалогіі пачынаецца з памылкі ў філасофіі або што кепская тэалогія з’яўляецца наступствам кепскай філасофіі. Несумненна, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў гэта пацвярджалася зноў і зноў. Тую ж дынаміку можна бачыць і ў літургічнай рэформе: яе галоўныя рашэнні ці тэндэнцыі ўкаранены ў выдуманых і неправераных прадпасылках наміналізму, валюнтарызму, лібералізму, рацыяналізму і натуралізму. Таму, магчыма, і атрымаўся дасканалы прыклад іроніі, калі св. Кацярына Александрыйская, апякунка філосафаў, апынулася сярод святых, якія панеслі штосьці накшталт тэкстуальнага мучаніцтва ў руках Камісіі і выканаўцаў яе пастановаў.

Няхай св. Кацярына моліцца за нас і выпрасіць для нас ласку адкрыцця традыцыйнай рэлігіі, за якую яна сама панесла мучаніцтва і смерць.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: Карл фон Блас, “Цудоўнае перанясенне цела святой Кацярыны Александрыйскай на гару Сінай”, 1860.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up