23.11.2018 / Peter Kwasniewski

Што надае грыгарыянскаму спеву ўнікальны характар (+аўдыёзапісы)🕑 5 хвілін

Учора я прадставіў (кароткую!) гісторыю грыгарыянскага спеву ў літургіі Каталіцкага Касцёла.

Сёння я засяроджуся на тых рысах, якія вылучаюць грыгарыянскі спеў сярод іншых музычных формаў, а затым парэкамендую свае любімыя аўдыёзапісы. Калі мы вызначым асаблівыя якасці грыгарыянскага спеву, нам будзе лягчэй зразумець, чаму ён натуральным чынам развіваўся побач з літургіяй і чаму Касцёл так высока цаніў яго на працягу стагоддзяў аж да нашых часоў.

1. Першынство слова. Грыгарыянскі спеў з’яўляецца музыкай на службе Божаму слову. Большасць спеваў засноўваецца на ўласных словах Бога ў Святым Пісанні, спяваецца музычнымі фразамі, якія падкрэсліваюць глыбіню значэння гэтых словаў. Грыгарыянскі спеў — гэта экзэгеза тэкста: мелодыя і рытм звязаны з тэкстам не выпадковым чынам. Яны раскрываюць яго праўду і надаюць ёй смак, падкрэсліваючы той ці іншы аспект, спыняючыся на адной фразе і схіляючыся над іншай.

2. Свабодны рытм. З прычыны сказанага вышэй грыгарыянскі спеў з’яўляецца адзіным неметрычным жанрам музыкі ў заходняй традыцыі. У сваіх музычных фразах ён следуе за натуральным рытмам Пісання, якое запісана не вершаваным метрам. Паколькі грыгарыянскі спеў не прывязаны да прадвызначанага чаргавання моцных і слабых доляў, як у двухдольным ці трохдольным метры (як, напрыклад, у маршы ці вальсе), а падпарадкоўваецца складам словаў, здаецца, што яго фразы плывуць, цякуць, в’юцца і лунаюць. Грыгарыянскі спеў хутчэй дыхае, чым маршыруе наперад; ён рухаецца хвалепадобнымі калыханнямі, нібы птушка, што кружыць у паднябессі. “Магія” спеву з большага выклікана яго нястрыманай плаўнасцю і свабодай руху, якая вырываецца з-пад панавання зямнога часу, прадстаўленага рытмам.

3. Унісонны спеў. Паколькі грыгарыянскі спеў засяроджаны на Божым слове, якое збірае нас у адно Містычнае Цела Хрыста, ён спяваецца ва ўнісон — гэта значыць, што кожны адначасова спявае тую самую мелодыю. Фактычна, вытанчаны рытм спеву, заблытанасць і мастацкасць яго мелодый магчымыя толькі дзякуючы настойліваму патрабаванню — як практычнаму, так і сімвалічнаму — выконваць спеў ва ўнісон. Мала якія рэчы больш выразна сведчаць пра еднасць, старажытнасць і паўсюднасць Касцёла і паказваюць у дзеянні, што Касцёл з’яўляецца адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім, чым вялікі сход людзей, які на Імшы супольна спявае Сімвал веры.

4. Адсутнасць суправаджэння. Грыгарыянскі спеў традыцыйна спяваецца акапэльна, гэта значыць без суправаджэння музычных інструментаў. Чысты чалавечы голас, які падымаецца да Бога ў малітве, з’яўляецца выключна сапраўдным, шчырым, пакорным, засяроджаным — і менш паддадзеным таму, што пры выкарыстанні інструментаў адцягвае ўвагу, асабліва калі на іх граюць віртуозна, надта энергічна альбо проста гучна.

5. Мадальнасць. Мадальнасць з’яўляецца другой характэрнай рысай грыгарыянскага спеву пасля свабоднага рытму. У аснове мадальнасці ляжыць паняцце ладу, які можна акрэсліць як пэўную паслядоўнасць цэлых тонаў і паўтонаў, сярод якіх ёсць дамінанта (або тон, на якім вядзецца рэцытацыя) і фінальны тон, на якім музыка сканчваецца. Улічваючы магчымасці, якія дае заходні чатырохлінейны нотны стан, грыгарыянскія спевы можна класіфікаваць у так званыя восем ладоў. З развіццём музыкі ў перыяд позняга рэнесансу і барочны перыяд папулярнасць набылі два лады, якія мы сёння называем мажорным і мінорным. Такое развіццё давала магчымасць ствараць складаныя паслядоўнасці акордаў і драматычныя мадуляцыі, аднак яно паставіла мелодыі ў больш вузкія рамкі, а разнастайнасць настрояў, якая перадавалася наборам з васьмі ладоў, была страчана — але толькі не ў грыгарыянскім спеве. Нашыя вушы настолькі прызвычаіліся да сістэмы мажору і мінору (а прызвычайваліся яны стагоддзямі), што грыгарыянскі спеў, які карыстаецца васьмю ладамі, рэдка адпавядае нашым сучасным музычным чаканням і ўражвае нас таямнічасцю, інтраспектыўнасцю, незавершанасцю, “светлым сумам”.

6. Ананімнасць. Абсалютная большасць спеваў была ўкладзена ананімнымі манахамі, кантарамі і канонікамі. У гэтым жыцці мы ніколі не даведаемся іх імёнаў. Наколькі добра гэты факт супрацьстаіць самалюбству, якое часта ідзе разам з мастацкай крэатыўнасцю і выканаўчай дзейнасцю! Грыгарыянскі спеў заглушае выразную асабовасць як праз тое, што мы не ведаем кампазітара, так і праз тое, што мы не можам “ззяць” або вылучацца, як рок-зоркі, калі спяваем у хоры або ў супольнасці вернікаў. Грыгарыянскі спеў дзейнічае супраць жадання выстаўляцца напаказ, заахвочвае да пагружэння сваёй асабовасці ў Хрыста і дазваляе нам дзейнічаць і адчуваць сябе членамі Містычнага Цела.

7. Эмацыйная стрыманасць. Было б няправільна казаць, што грыгарыянскі спеў выконваецца без эмоцый. Спяванне і слуханне гэтых мелодый (пры ўмове добрага выканання) прыносіць вялікае задавальненне. Яны дасягаюць глыбіняў радасці і весялосці, горычы і смутку, моцнай тугі і даверлівай надзеі. Яны выказваюць шмат тонкіх пачуццёвых граняў. У духоўна ўспрымальнай асобы яны могуць нават выклікаць слёзы. Аднак эмоцыі ў грыгарыянскім спеве стрыманыя, далікатныя, высакародныя і ачышчаныя. Яны вядуць да медытацыі, да палёту духа ў напрамку Бога, Які з’яўляецца Духам. Стрыманасць грыгарыянскага спеву набывае асаблівую важнасць у нашыя часы, калі так шмат людзей жыве вельмі хуткім жыццём, у пастаяннай занятасці дакранаючыся толькі да паверхні рэчаў, раздражняючыся і стамляючыся ад надта вялікай колькасці стымулаў. Несумненна, сёння значна больш, чым у Сярэднявеччы, грыгарыянскі спеў патрэбны нам у якасці лекавага сродку, жыццядайнага слабіцельнага, у якасці закліку да глыбейшага ўнутранага жыцця, у якасці натхняльніка і абаронцы правільнай духоўнай іерархіі.

8. Несумненная сакральнасць. Гэта, магчыма, найбольш відавочны факт, аднак яго значэнне часта недаацэньваюць: грыгарыянскі спеў развіўся як жанр, прызначаны выключна для Божага культу; ён не выкарыстоўваецца для іншых (свецкіх) мэтаў. Ён па сваёй сутнасці сакральны, адасоблены толькі для Бога. Гэта музычны эквівалент кадзіла і літургічнага ўбрання, якія выкарыстоўваюцца толькі для набажэнстваў. Такія рэчы з’яўляюцца “ганаровай вартай” або “прыслугай” Хрыста. Яны моцна ўказваюць на Яго прысутнасць і без прымусу ўводзяць нас у гэтую прысутнасць. Кажуць, што грыгарыянскі спеў — гэта “музычная ікона рымскага каталіцтва”. Грыгарыянскі спеў як такі абсалютна адрозніваецца ад свецкіх музычных стыляў, якія пры ўвядзенні ў касцёлы ствараюць непаразуменне: мы маем справу з нашым Панам ці са светам (ці нават са свецкасцю)? Мы паніжаем Бога да нашага ўзроўню ці просім Яго ўзняць нас да ўдзелу ў Ягонай боскасці?

Пяройдзем цяпер да рэкамендаваных аўдыёзапісаў. Кожны з іх асаблівы па-свойму і кожны з’яўляецца ўзорным з пункту гледжання выканання спеву. Невялікія адрозненні ў манеры выканання паказваюць законную разнастайнасць інтэрпрэтацый гэтай старажытнай формы мастацтва.

Benedicta (манахі Норчы)

Chant (манахі абацтва Хайлігенкройца)

Requiem (Святарскае брацтва св. Пятра)

Найлепшай прапановай з’яўляецца гэты набор сапраўды цудоўных аўдыёзапісаў. За $23,15 (з таго, што я апошні раз бачыў) вы можаце атрымаць 6 CD грыгарыянскага спеву, якія ахопліваюць асноўныя моманты літургічнага года. Вось прыклад гучання:

Choralschola der Wiener Hofburgkapelle


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Lifesitenews
ІлюстрацыяAlvesgaspar (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up