22.11.2018 / Peter Kwasniewski

Кароткая гісторыя грыгарыянскага спеву ад караля Давіда да нашых часоў🕑 4 хвілін

Хтосьці мог бы падумаць, што няма чаго шмат размаўляць пра рэч, якая на лацінскай мове называецца “cantus planus”. Зрэшты сама гэтая назва кажа, што гэта спеў і што ён роўны.

Насамрэч грыгарыянскі спеў абсалютна не з’яўляецца роўным, хіба што ў тым сэнсе, што яго прыгожыя мелодыі паводле задумы спяваюцца без акампанементу і гарманізацыі, згодна са старажытнай манаскай культурай, у якой ён расквітнеў. Тое, што мы называем “грыгарыянскім спевам”, з’яўляецца адной з найбольш багатых і вытанчаных формаў мастацтва ў заходняй музыцы, а нават у музыцы любой культуры.

Традыцыя спеву Святога Пісання, вядомая як кантыляцыя, бярэ свае пачаткі прынамсі за 1000 гадоў да нараджэння Хрыста. Розныя кнігі Старога Запавету, асабліва Псальмы і Кронікі, сведчаць пра цэнтральную функцыю музыкі ў храмавым кульце. Некаторыя з грыгарыянскіх мелодый, якія выкарыстоўваюцца да сённяшняга дня, вельмі блізкія да габрэйскіх сінагагальных мелодый. Сярод іх “tonus peregrinus” для псальма 113 “In exitu Israel”, старажытны распеў для Евангелля і мелодыя для прэфацыі.

Паколькі Псалтыр Давіда быў укладзены менавіта для мэтаў Божага культу і разглядаўся як месіянская кніга ў поўным сэнсе гэтага слова, мы бачым, што Пётр, Павел і Апостальскія Айцы вельмі шмат цытуюць яго ў прапаведаванні. Першыя хрысціяне спантанна прынялі кнігу Псальмаў у якасці свайго “малітоўніка”. Далей хрысціянская літургія як цэлае развівалася як спалучэнне Псалтыра і Ахвяры. Псалтыр з’яўляецца “слоўным кадзілам” нашай малітвы і праслаўлення, жэстам ушанавання з боку нашага розуму. Крывавая ахвяра, смерць і разбурэнне жывёлы з’яўляецца поўнай здачай нашага існавання на волю Бога. У Імшы гэтыя дзве рэчы цудоўным чынам спалучыліся ў разумную ахвяру, якая складаецца з дасканалага ахвяравання Езуса Хрыста на алтары, Які далучае нашыя малітвы і хвалы да сваіх і робіць іх годнымі Найсвяцейшай Тройцы.

У першым тысячагоддзі хрысціянства спеў развіваўся вельмі хутка. У часы Папы Грыгорыя Вялікага, які кіраваў з 590 да 604 года, корпус спеву для Ахвяры Імшы і штодзённага цыклу малітвы (Божага Афіцыя) ужо сфарміраваўся. Св. Грыгорый не толькі надаў канчатковую форму Рымскаму Канону, які з’яўляецца ключавой характэрнай рысай лацінскага абраду, але ў той жа час арганізаваў і музычны рэпертуар, у выніку чаго гэты спеў пачалі называць у яго гонар — грыгарыянскім.

З часам распявацца пачалі не толькі псальмы і іх антыфоны, але і біблійныя чытанні, малітвы, просьбы, літаніі, загады (напрыклад, “flectamus genua”) — і ўвогуле ўсё, што трэба было абвясціць уголас. Цэнтральныя элементы рэпертуару грыгарыянскага спеву датуюцца раней за 800 год, а асноўная яго частка была ўкладзена да 1200 года.

Грыгарыянскі спеў — гэта адмыслова створаная музыка, якая развіваецца паралельна з літургіяй Касцёла, таму ён спадарожнічаў літургіі ўсюды, куды б яна ні пайшла. Ніхто і не думаў аб аддзяленні тэкстаў літургіі ад іх музыкі; гэта быў нібы цялесна-духоўны кампазіт, нібы сужэнская пара. Спеў можна параўнаць з убраннем, якое носіць на літургіі святар. Як толькі цырыманіяльны дрэс-код развіўся, ніхто ў здаровым розуме не думаў адмовіцца ад арната, стулы, альбы, амікта і маніпула. Слугі караля з гонарам носяць гэтае ўбранне! Падобна і спеў з’яўляецца ўбраннем, якое носяць літургічныя тэксты.

Трыдэнцкі сабор (1545–1563) пацвердзіў месца грыгарыянскага спеву ў літургіі і не ўхваліў выкарыстання залішне складанай паліфанічнай музыкі, асабліва калі яна засноўвалася на свецкіх мелодыях.

Тым не менш з часам старажытныя мелодыі пачалі скарачаць і скажаць, змушаючы іх падпарадкавацца правільнаму рытму, як мы бачым гэта ў сённяшняй рытмічнай музыцы. У пачатку ХІХ ст. грыгарыянскі спеў знаходзіўся ў стане сур’ёзнага распаду і занядбання.

Раней ці пазней павінна было наступіць аднаўленне такога багатага скарбу Касцёла, а насамрэч інтэгральнай часткі яго ўрачыстай літургіі. Адбылося гэта дзякуючы сумеснай працы манаха і Папы. У 1833 годзе а. Праспэр Геранжэ (1805–1875) заснаваў Салемскае абацтва і зрабіў яго цэнтрам манаскага жыцця, якое ўключала ў сябе цалкам спяваныя Божы Афіцый і Імшу. Манахі абацтва ўважліва даследавалі старажытныя рукапісы, імкнучыся аднавіць асаблівасці мелодый і рытмаў.

У хуткім часе пасля свайго абрання ў 1903 годзе Папа Пій Х сустрэўся ў Рыме з манахамі Салемскага абацтва і ўсклаў на іхнія плечы заданне апублікаваць усе літургічныя спеўныя кнігі з выпраўленымі мелодыямі і рытмамі. Манахі згадзіліся, і Пій Х зацвердзіў іхнюю працу. Ад гэтага папскага даручэння пайшоў доўгі шэраг уплывовых публікацый альбо самога Салема, альбо ім ліцэнзаваных. Большасць з іх выкарыстоўваецца і сёння: перадусім гэта кнігі Liber usualis, Graduale Romanum і Antiphonale monasticum.

Паміж Салемам, Піем Х і канстытуцыяй Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum concilium існуе простая і лагічная сувязь. Вось што Сабор кажа на гэтую тэму:

Літургічнае дзеянне атрымлівае больш годную форму, калі Божае служэнне адбываецца ўрачыста: са спевам… З найвялікшым клопатам трэба захоўваць і аберагаць скарбніцу сакральнай музыкі. Трэба старанна падтрымліваць гурты спевакоў… Касцёл прызнае грыгарыянскі спеў за ўласцівы для рымскай Літургіі. Таму ў літургічных дзеяннях ён павінен займаць першае месца сярод іншых разнавіднасцяў спеву. Не выключаныя з Божага служэння іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва паліфонія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння.

Першасны Літургічны рух, з якога выйшлі гэтыя словы заахвочвання, вельмі моцна прысвячаў сябе аднаўленню і адраджэнню самых багатых і прыгожых традыцый каталіцкай малітвы. На жаль, выбуховая сумесь памылковага антыкварыянізму і ахвочага да навінак мадэрнізму ўставіла палкі ў колы гэтай працы, стварыўшы зону баявых дзеянняў, у якой акапаліся супярэчныя погляды на касцёльную музыку, а сам спеў быў сказаны на амаль поўнае выміранне. Добрая ж навіна заключаецца ў тым, што ў некаторых месцах зноў пачынаюць ім карыстацца. Грыгарыянскі спеў ніколі не вымра, таму што гэта дасканалая літургічная музыка.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Lifesitenews
ІлюстрацыяAlvesgaspar (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up