21.11.2018 / Peter Kwasniewski

Вызвалі, Пане, свой Касцёл ад сапсаванай літургіі🕑 5 хвілін

Сёння (20 лістапада) у традыцыйным рымскім календары адзначаецца свята св. Фелікса з Валуа (†1212). Хто гэты невядомы святы, спытаецеся вы, і чаму ён займае месца ў нашым календары? Ці не было б лепш выкрэсліць яго? У прынцыпе, у календары Novus Ordo 1969 года так і было зроблена: Фелікс растварыўся ў чыстым паветры альбо, можна сказаць, вярнуўся на сваю старонку ў Мартыралогу, дзе пра яго амаль ніхто не ўспамінае.

Аднак, на маю думку, мудрасць Святой Маці-Касцёла распаўсюджваецца на ўсе часы, а выдаленне гэтага святога, як і многіх іншых, з’яўляецца проста чарговым прыкладам касцёльнай хваробы Альцгеймера.

Кажуць, што святы Фелікс быў членам каралеўскага двара ў Францыі. Так гэта ці не, аднак ён адмовіўся ад усіх сваіх зямных валоданняў і стаў весці жыццё пустэльніка. Яго адшукаў св. Ян з Маты, які чуў пра яго рэпутацыю святога чалавека, і разам яны заснавалі Ордэн Найсвяцейшай Тройцы і вызвалення вязняў, або Ордэн трынітарыяў. Члены гэтага ордэна падарожнічалі ў Святую Зямлю і абменьвалі сябе на палонных хрысціянаў, якіх трымалі мусульмане. Падобны ордэн у 1218 годзе заснавалі св. Пётр Наласка, св. Раймунд з Пеньяфорта і кароль Арагона Хаймэ І (ордэн мэрсэдарыяў).

Якія ўрокі можа даць нам св. Фелікс? У адрозненне ад многіх іерархаў у сённяшнім Касцёле, якія трымаюцца сваёй улады, прэстыжу і задавальненняў і якія адмаўляюцца змяняць штосьці ў сабе або інстытутах, над якімі яны пастаўлены, Фелікс жадаў пакінуць усё дзеля “каштоўнай жамчужыны”, якою з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён адкінуў усялякія перспектывы кар’еры, становішча і ўплыву, каб рабіць тое, што было само па сабе карысным для яго несмяротнай душы і для здароўя Касцёла. У гэтым сэнсе Фелікс з’яўляецца супрацьлегласцю біскупам ці святарам, якія прывязаны да свету і якіх можна назваць “антыфеліксаўскімі”: няшчаснымі ў сваіх уласных грахах, як дбання, так і занядбання, і прычынай няшчасця сваёй аўчарні.

Чым займаўся ордэн, заснаваны св. Феліксам? Ён выкупляў хрысціянаў з рук язычніцкіх прыгнятальнікаў. Сёння для Каталіцкага Касцёла няма нічога, нічога больш важнага, чым зноў адкрыць сваё радыкальнае супрацьстаянне са светам, целам і д’яблам — трыма ворагамі, над якімі ён мае духоўную ўладу і ад цяжкага ярма якіх ён можа вызваліць вернікаў. Робіць ён гэта прапаведаваннем грунтоўнага вучэння і выхаваннем святога жыцця пры дапамозе сакрамэнтаў і пабожнага служэння літургіі. Таксама і св. Фелікс добра змагаўся ў бескампраміснай бітве з моцамі цемры, у прыватнасці з цемрай ісламу. Ці знойдуць біскупы, святары і вернікі Еўропы хаця б частку смеласці і перакананняў, якімі адзначаліся гэтыя святыя часоў крыжовых паходаў?

Дадам яшчэ штосьці. Некалькі разоў на год Касцёл у сваім традыцыйным цыкле святых упрошвае Пана вызваліць нас рабства або няволі. Дазвольце прывесці некалькі прыкладаў. Калекта на сённяшняе свята св. Фелікса гучыць наступным чынам:

Божа, Ты пажадаў голасам з неба паклікаць святога Фелікса, Твайго вызнаўцу, з пустэльні да справы вызвалення палонных. Учыні, просім, каб дзякуючы Тваёй ласцы і яго заступніцтву мы былі вызвалены з палону нашых грахоў і дайшлі да нябеснай айчыны. Праз Пана нашага…

8 лютага мы молімся праз заступніцтва кампаньёна св. Фелікса:

Божа, Ты пажадаў праз пасрэдніцтва св. Яна [з Маты] нябесным распараджэннем заснаваць Ордэн Найсвяцейшай Тройцы для вызвалення палонных з няволі сарацынаў. Дай, просім, каб, падтрыманыя яго заслугамі, з Тваёй дапамогай мы былі вызвалены з палону душы і цела. Праз Пана нашага…

24 верасня:

Божа, Ты пажадаў праз пасрэдніцтва найхвалебнейшай Маці свайго Сына даць свайму Касцёлу новых дзяцей для вызвалення хрысціянаў з моцы язычнікаў. Учыні, просім, каб праз заслугі і заступніцтва той, каго мы пабожна ўшаноўваем як заснавальніцу такой вялікай справы, мы былі вызвалены ад усіх грахоў і ад няволі шатана. Праз таго ж Пана нашага….

1 жніўня:

Божа, Ты святому апосталу Пятру, вызваленаму з кайданоў, даў сысці непашкоджаным. Вызвалі і нас, просім, ад путаў грахоўных і ў сваёй міласэрнасці ўтрымай нас ад усялякага зла. Праз Пана нашага…

Усё гэта вельмі патрэбныя нам малітвы, якія мы павінны ўзносіць за сябе і за нашых узлюбленых, за Касцёл, калі яго акружаюць язычнікі і душаць сарацыны. Літургія ведае нашы патрэбы, ведае іх вельмі дакладна і ўкладае гэтыя словы ў вусны сваіх святароў і ў сэрцы сваіх дзяцей.

Дзе гэтыя малітвы ў Novus Ordo?

Усе яны зніклі. Кожная з іх. Таксама як і малітвы, якія кажуць пра пагарду да зямных рэчаў і прыхільнасць нябесным.

Няволя, палон, кайданы? Занадта негатыўна. Занадта складана. Занадта сярэднявечна. Занадта загадкава. Паталагічныя аптымісты, з якіх складалася Камісія, узялі свае сучасныя нажніцы і выразалі ўсё, што больш не падыходзіла да духу часу, нават калі гэта азначала адкіданне матэрыялу, які выхоўваў каталіцкія душы на працягу стагоддзяў*. Зрабіўшы так, яны паказалі сябе няўдзячнымі, эгацэнтрычнымі і недальнабачнымі.

Гэта адна з тысячы прычын, чаму мы павінны зноў і зноў спакойна казаць нашым сябрам, што аддаюць перавагу новай Імшы: праблема не ў тым, “якім чынам цэлебруецца літургія”, быццам бы для паляпшэння сітуацыі дастаткова апрануць яе, як найпрыгажэйшае Дзіця Езуса з Прагі. Не, праблема значна больш глыбокая: яна сягае самай асновы тэкстаў і рубрык новай літургіі, якія з’яўляюцца дэфармаванымі, перакошанымі, абрэзанымі, неадэкватнымі, неадназначнымі і разбуральнымі для каталіцтва. Нам патрэбна не нейкая “рэформа рэформы”, не багацце пахаў і званкоў, абрэзаных арнатаў і прыгожых свечнікаў, хоць гэта таксама важныя рэчы. Нам патрэбна аднаўленне сапраўднай рымскай літургіі ў сваёй паўнаце, у тым выглядзе, у якім яна дазравала на працягу стагоддзяў веры і культу, несумненна каталіцкай у кожным сваім жэсце, слове і спеве.

Няхай Пан вызваліць свой Касцёл з плену новай літургіі, спрошчанай, скарочанай, адрэдагаванай па прынцыпах паліткарэктнасці, і дасць усім сваім дзецям доступ да нескажоных абрадаў нашага збаўлення, а таксама вызваленне ад усяго зла, якое нас акружае.

Св. Фелікс з Валуа, маліся за нас!

* Свята св. Фелікса ў яго дыяцэзіі пачало святкавацца ў 1215 годзе і было пашырана на ўвесь Касцёл у 1679 годзе.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: Вінчэнца Кардучы, “Сустрэча св. Яна з Маты і св. Фелікса з Валуа”, 1634–1635 (фрагмент).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Тэксты малітваў перакладзены з лацінскай мовы.

Пакінуць каментар

Scroll Up