17.11.2018 / Te igitur

Італьянскія біскупы прагаласавалі за новы варыянт малітвы “Ойча наш”🕑 2 хвілін

Генеральная асамблея епіскапату Італіі ўхваліла новы пераклад трэцяга выдання Рымскага Імшала і падае яго на зацвярджэнне ў Ватыкан. Унесеныя змены выклікаюць сур’ёзныя пытанні. Пра гэта паведамляе старонка New Liturgical Movement услед за газетай Avvenire, што належыць італьянскай біскупскай канферэнцыі. Найбольш важныя змены датычацца двух месцаў: малітвы Панскай і гімна “Хвала на вышынях”.

Перадапошняя просьба малітвы “Ойча наш” стала прадметам дыскусіі амаль год таму, калі сам Папа Францішак усумніўся, што Бог можа “ўводзіць у спакусу” і прапанаваў даследаваць гэтае пытанне і пры неабходнасці ўдакладніць пераклад. (Пытанне абмяркоўвалася ў кантэксце італьянскай мовы, аднак беларускі пераклад перадае тыя ж сэнсы эквівалентным чынам.) Як паведамляла тады Ватыканскае радыё,

Святы Айцец выказаў меркаванне, што радок малітвы “Ойча наш”, у якім гаворыцца “не ўводзь нас у спакусу”, не быў добра перакладзены. Пантыфік заўважыў, што нядаўна французскі епіскапат зацвердзіў новы пераклад гэтай малітвы, у якім спрэчны радок гучыць інакш, а менавіта: “не дазволь мне [нам] ўвайсці ў спакусу”.

У падобным сэнсе выказваўся таксама мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, хоць і адзначаў, што змяніць пераклад малітвы ў нас будзе цяжка. (Некаторыя аргументы супраць змены гл. тут.)

Выглядае, што ўжо тады італьянскія біскупы прынялі словы Папы да ўвагі і рэалізавалі яго прапанову ў новым перакладзе Рымскага Імшала. Змянілася малітва Панская наступным чынам.

  • старая версія: non ci indurre in tentazione
  • новая версія: non abbandonarci alla tentazione (не пакідай нас у спакусе)

На старонцы NLM прыводзяцца аргументы супраць такой змены, сярод якіх і тое, што арыгінальны грэцкі дзеяслоў eisenenkēis ні ў адным слоўніку не даецца ў значэнні “пакідаць”.

Яшчэ больш дзіўная змена датычыцца гімна “Хвала на вышынях Богу”, а канкрэтна словаў “на зямлі супакой людзям добрай волі”.

  • старая версія: pace in terra agli uomini di buona volontà
  • новая версія: pace in terra agli uomini, amati dal Signore (на зямлі супакой людзям, узлюбленым Панам)

Анансуючы гэтыя змены, італьянскія біскупы заўважылі, што пераклад рабіўся не з лацінскай мовы, а з арыгінальных моў.

Варта таксама згадаць іншыя дзве рэчы. Формулу кансэкрацыі віна, якая ў італьянскім варыянце казала, што Кроў будзе праліта “за вас і за ўсіх” (іт. per voi e per tutti), у адпаведнасць з арыгіналам (лац. pro multis, бел. за многіх) не прывялі. Таксама ў малітве “Domine, non sum dignus” цяперашні італьянскі тэкст кажа: “Пане, я не варты ўдзельнічаць пры Тваім стале” (іт. O Signore, non sono degno di partecipare alla tua mensa). У новай версіі гэты радок застаўся без зменаў.

Новы пераклад Імшала на італьянскую мову з’явіўся ў святле апостальскага паслання Папы Францішка Magnum principium. У ім ён усклаў большую частку адказнасці за стварэнне і зацвярджэнне перакладаў на нацыянальныя канферэнцыі біскупаў, моцна абмежаваўшы ўдзел Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў у гэтым працэсе. Раней інтэрпрэтацыя гэтага дакумента стала прычынай канфлікту паміж Францішкам і прэфектам згаданай кангрэгацыі кардыналам Рабэрам Сара.

ФотаPufui Pc Pifpef I / Wikimedia Commons (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up