16.11.2018 / Te igitur

Абрад адпушчэння пры катафалку🕑 8 хвілін

Пры абмеркаванні традыцыйнай Імшы за памерлых мы згадвалі, што яе непасрэдным працягам з’яўляецца абрад адпушчэння памерлага (absolutio), калі яго душа ў малітве даручаецца Богу. (У новай тэрміналогіі выкарыстоўваецца больш зразумелая назва “абрад апошняга даручэння і развітання”.) Калі браць агульна, то гэтая цырымонія з’яўляецца часткай поўнага абраду пахавання (totus ordo exsequiarum), які, згодна з Рымскім Рытуалам, складаецца з пяці частак:

  1. Перанясенне цела ў касцёл.
  2. Афіцый за памерлых.
  3. Пахавальная Імша.
  4. Адпушчэнне памерлага.
  5. Пахаванне на могілках [1].

Вядома, на практыцы гэты парадак выконваўся дзесьці больш, дзесьці менш поўна. Але, згодна з першапачатковай задумай Рытуала, святар мусіў накіравацца ў дом памерлага, дзе чытаў псальмы і крапіў цела асвячанай вадою. Затым — таксама ў суправаджэнні псальмаў — працэсія накіроўвалася ў касцёл і труна ставілася ў цэнтральнай наве перад галоўным алтаром. Тады святар займаў месца ў хоры і сам (або наперамен з арганістам, як гэта прапаноўвае ў сваім цырыманіяле біскуп Нававейскі) чытаў Афіцый за памерлых (прынамсі нейкую яго частку). Далей ён пераапранаўся і служыў Імшу-рэквіем, непасрэдна пасля якой наступаў абрад адпушчэння.

На практыцы існавалі розныя варыянты. Афіцый па справядлівай прычыне можна было прачытаць у мінімальным варыянце (напрыклад, толькі адзін накцюрн з гадзіны matutinum) або прапусціць. Імшу-рэквіем не заўсёды дазваляў у той жа дзень адслужыць каляндар, а калі цела дастаўлялі пасля поўдня, то служыць не мог ужо святар, бо паабедаў (трохгадзінны эўхарыстычны пост замест посту ад поўначы быў уведзены толькі ў 1957 годзе, а гадзінны — у 1964 годзе).

Прапускаць жа на пахаваннях абрад адпушчэння не дазваляецца ніколі. Выключэннем не з’яўляецца нават сітуацыя, калі па нейкай прычыне цела памерлага нельга даставіць у касцёл (напрыклад, калі яно страчана або існуе небяспека заражэння). У такім выпадку цела памерлага лічыцца маральна прысутным, і адпушчэнне служыцца пры канструкцыі, якая знешне нагадвае труну і называецца катафалкам (absente defuncti corpore). Іншым выпадкам, калі адпушчэнне павінна быць адслужана абавязкова, з’яўляецца Імша ў гадавіну смерці дыяцэзіяльнага біскупа [2].

Па жаданні адпушчэнне можна адслужыць таксама пры адсутнасці цела (absente defuncti corpore):

  • на трэці, сёмы, трыццаты дзень ад смерці або пахавання;
  • у гадавіну смерці або пахавання;
  • па просьбе вернікаў або з-за абавязку святара [3].

Нас цікавіць менавіта варыянт absente defuncti corpore, які выкарыстоўваецца таксама і ў Задушны дзень: у гэтым выпадку катафалк з’яўляецца зборным сімвалам усіх памерлых вернікаў, за якіх і ўзносіцца малітва падчас абраду адпушчэння.

Адпушчэнне пры катафалку наступае адразу пасля Імшы-рэквіема: служыць яго павінен той жа святар. Каля свайго крэсла ён здымае маніпул (таксама гэта робяць дыякан і субдыякан), мяняе арнат на чорную капу і ў суправаджэнні дыякана, акалітаў з кадзілам і святой вадой накіроўваецца да катафалка, займаючы месца паміж ім і алтаром, аднак становячыся крыху на бок, каб не стаяць плячыма да алтара. На супрацьлеглым баку катафалка, тварам да святара і алтара, стаіць субдыякан з працэсійным крыжам у суправаджэнні двух акалітаў з ліхтарамі.

A. Fortescue. The Ceremonies of the Roman Rite Described (1919), 427.

Затым кантары і хор спяваюць рэспансорый “Libera me, Domine”. Пасля яго заканчэння хоры наперамен спяваюць “Kyrie, eleison. Christe, eleison. Kyrie, eleison”, святар інтануе першыя словы малітвы “Pater noster” і адпраўляецца абыходзіць катафалк, акрапляючы яго па тры разы з правага і левага боку. Затым, таксама ў цішыні, ён акаджвае катафалк. Абодва разы, праходзячы каля ног катафалка, святар кланяецца перад працэсійным крыжам, а дыякан укленчвае. Робіцца гэта таму, што ў кантэксце дадзенага набажэнства працэсійны крыж замяняе алтарны крыж і яму аказваюцца тыя ж жэсты ўшанавання [4].

Пасля вяртання на сваё месца святар заканчвае малітву “Pater noster”, спявае некалькі вершаў і малітву, благаслаўляе катафалк жэстам рукі і сыходзіць у сакрыстыю.

Тэксты для адпушчэння пры катафалку даюцца таксама ў Рымскім Імшале (у раздзеле Ordo absolutionis). Ніжэй мы прыводзім іх пераклад разам з рубрыкамі, дапаўняючы неабходнае з тэкстаў на выпадак praesente defuncti corpore. У залежнасці ад абставінаў мужчынскі род у тэкстах трэба замяніць на жаночы, а адзіночны лік — на множны. Адпаведныя змены ўдакладнены ў літургічных кнігах, аднак тут яны апушчаны і ўсё прыведзена ў мужчынскім родзе і адзіночным ліку.

* * *

[1] A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described, 2003, p. 447.

[2] J. O’Connell, The Book of Ceremonies, 1943, p. 336.

[3] A. J. Nowowiejski, Ceremoniał parafialny, 1931, s. 400.

[4] P. Mańkowski, Po naszemu. Pamiętnik liturgisty, s. 136.

* * *

Гл. таксама:

Missale Romanum 1962. Ordo absolutionis (PDF)

Відэа спяванай Імшы за памерлых з абрадам адпушчэння пры катафалку

ORDO ABSOLUTIONIS IN EXSEQUIIS ABSENTE DEFUNCTI CORPORE

Гэты абрад служыцца, калі пахавальныя абрады выконваюцца ў адсутнасць цела памерлага, ці то на трэці, сёмы, трыццаты дзень або гадавіну смерці ці пахавання памерлага, ці то ў іншы дзень.

Калі адпушчэнне наступае адразу пасля Імшы за памерлага, у ёй прапускаецца Апошняе Евангелле. Пасля Імшы цэлебрант in plano на баку Паслання здымае арнат і маніпул, апранае капу чорнага колеру і, папярэджаны двума акалітамі (адным — з лодкай і кадзільніцай, іншым — з кацялком асвячанай вады і крапільніцай), за якімі ідзе субдыякан з крыжам і два цэраферарыі з запаленымі ліхтарамі, а таксама духавенствам, падыходзіць з дыяканам з левага боку да катафалка. Субдыякан з крыжам становіцца ў нагах катафалка паміж згаданымі акалітамі, што трымаюць ліхтары. Цэлебрант жа, наадварот, стаіць у галавы катафалка, паміж алтаром і труною, але крыху на бок Паслання, абярнуўшыся да крыжа субдыякана. Злева ад яго знаходзіцца дыякан, а побач з ім два іншыя акаліты, якія носяць кадзільніцу і кацялок з асвячанай вадой. Тады, прапускаючы малітву Non intres і г. д., прысутнае духавенства спявае рэспансорый Líbera me, Dómine. Тым часам падаецца кадзіла, яно благаслаўляецца і накладаецца ў кадзільніцу.

℟. Líbera me, Dómine, de morte ætérna, in die illa treménda: Quando cæli movéndi sunt et terra. Dum véneris iudicáre sǽculum per ignem.
℣. Tremens factus sum ego, et tímeo, dum discússio vénerit, atque ventúra ira.
℟. Quando cæli movéndi sunt et terra.
℣. Dies illa, dies iræ, calamitátis et miseríæ, dies magna et amára valde.
℟. Dum véneris iudicáre sǽculum per ignem.
℣. Réquiem ætérnam dona eis, Dómine: et lux perpétua lúceat eis.
℟. Líbera me, Dómine, de morte ætérna, in die illa treménda: Quando cæli movéndi sunt et terra. Dum véneris iudicáre sǽculum per ignem.
℟. Вызвалі мяне, Пане, ад вечнай смерці ў той жудасны дзень, калі зрушацца неба і зямля і калі Ты прыйдзеш судзіць свет агнём.
℣. Трымценне і страх ахопяць мяне, калі наблізіцца суд і надыходзячы гнеў.
℟. Калі зрушацца неба і зямля.
℣. Дзень той, дзень гневу, спусташэння і няшчасця, дзень вялікі і вельмі горкі.
℟. Калі Ты прыйдзеш судзіць свет агнём.
℣. Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць.
℟. Вызвалі мяне, Пане, ад вечнай смерці ў той жудасны дзень, калі зрушацца неба і зямля і калі Ты прыйдзеш судзіць свет агнём.

Пакуль паўтараецца папярэдні рэспансорый, святар пры дапамозе дыякана, набірае кадзіла з лодкі і накладае ў кадзільніцу, благаслаўляючы яго звычайным чынам. Пасля заканчэння апошняга рэспансорыя кантар з першым хорам кажа:

Kýrie, eléison. Пане, змілуйся.

Другі хор адказвае:

Christe, eléison. Хрыстэ, змілуйся.

Затым усе разам кажуць:

Kýrie, eléison. Пане, змілуйся.

Пасля гэтага святар гучным голасам кажа:

℣. Pater noster. ℣. Ойча наш.

Усе ціха працягваюць. Тым часам святар бярэ з рук дыякана крапільніцу і, абыходзячы вакол катафалка ў суправаджэнні таго ж дыякана, які ідзе справа і падтрымлівае пярэдні край капы, акрапляе цела памерлага асвячанай вадою тры разы з левага боку цела і тры разы з правага. Праходзячы перад алтаром і перад крыжам, які знаходзіцца насупраць яго, святар нізка кланяецца, а дыякан укленчвае; калі ж ён праходзіць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, то ўкленчвае. Затым, вярнуўшыся на сваё месца, пры дапамозе дыякана бярэ кадзільніцу і, падобна як і пры акаджэнні, абыходзіць вакол катафалка і акаджвае цела. Пасля гэтага, вярнуўшы кадзільніцу, становіцца на сваім месцы. Дыякан трымае перад ім адкрытую кнігу, і святар са зведзенымі рукамі кажа:

℣. Et ne nos indúcas in tentatiónem.
℟. Sed líbera nos a malo.
℣. І не ўводзь нас у спакусу.
℟. Але збаў нас ад злога.
℣. A porta ínferi.
℟. Erue, Dómine, ánimam eius.
℣. Ад брам пякельных.
℟. Выбаў душу яго, Пане.
℣. Requiéscat in pace.
℟. Amen.
℣. Няхай адпачывае ў спакоі.
℟. Амэн.
℣. Dómine, exáudi oratiónem meam.
℟. Et clamor meus ad te véniat.
℣. Пане, выслухай маю малітву.
℟. А просьба мая няхай да Цябе дойдзе.
℣. Dóminus vobíscum.
℟. Et cum spíritu tuo.
℣. Пан з вамі.
℟. І з духам тваім.
Orémus.
Absólve, quǽsumus, Dómine, ánimam fámuli tui N. ab omni vínculo delictórum: ut, in resurrectiónis glória, inter Sanctos et eléctos tuos resuscitátus respíret. Per Christum Dóminum nostrum. ℟. Amen.
Молімся.
Звольні, просім, Пане, душу слугі Твайго N. ад усіх путаў грахоўных, каб, узняты да жыцця, ён мог адпачыць у хвале ўваскрасення сярод святых і выбраных Тваіх. Праз Хрыста, Пана нашага. ℟. Амэн.

Затым, робячы правай рукою знак крыжа над труною, цэлебрант кажа:

℣. Réquiem ætérnam dona ei, Dómine.
℟. Et lux perpétua lúceat ei.
℣. Вечны адпачынак дай яму, Пане.
℟. А святло вечнае няхай яму свеціць.

Кантары спяваюць:

℣. Requiéscat in pace.
℟. Amen.
℣. Няхай адпачывае ў спакоі.
℟. Амэн.

Цэлебрант на адным тоне спявае:

℣. Anima eius et ánimæ ómnium fidélium defunctórum per misericórdiam Dei requiéscant in pace.
℟. Amen.
℣. Яго душа і душы ўсіх памерлых вернікаў праз Божую міласэрнасць няхай адпачываюць у спакоі.
℟. Амэн.

Прыведзены вышэй верш апускаецца, калі адпушчэнне служыцца за ўсіх памерлых вернікаў.

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Пакінуць каментар

Scroll Up