14.11.2018 / Св. Ян Віянэй

Св. Ян Віянэй. Пра чысцовыя пакуты і спосабы ратавання пакутуючых душаў (2 з 2)🕑 8 хвілін

Гэта другая частка казання. Першую частку гл. тут.

η) Аднак, можа, вы спытаецеся, якім чынам можна гэтыя душы суцешыць, уратаваць з чысца і завесці ў неба. Адказ на гэтае пытанне просты і даўно ўказаны Касцёлам. 1. Малітвай і міласцінай. 2. Адпустамі. 3. Ахвярай святой Імшы.

Перадусім малітвамі. Калі мы молімся за душы ў чысцы, то на іх карысць мы аддаём усё тое, што Бог даў бы нам, калі б мы маліліся за сябе. Але, на жаль, нашай малітвы вельмі мала, бо мы грэшнікі і просім за вінаватых. Мой Божа, чаго ж трэба, каб Твая любоў была вялікай? Кожную раніцу мы можам ахвяраваць за душы, што церпяць у чысцы, усе нашы штодзённыя ўчынкі і ўсе малітвы, якія прамовім на працягу дня. Гэта сапраўды няшмат. Уявіце сабе, што хтосьці мае звязаныя рукі і нясе на сабе пэўны цяжар. Кожны дзень мы праходзім каля яго і здымаем крыху гэтага цяжару: праз нейкі час мы цалкам вызвалім гэтага няшчаснага чалавека ад ягонага цяжару. З чысцовымі душамі сітуацыя падобная: мы здымаем з іх цяжар, памяншаем іх цярпенні кожны раз, калі штосьці робім для іх. То на 15 хвілін, то на гадзіну мы скарачаем іхняе пакаранне і ўсё больш набліжаем іх да неба.

Па-другое, мы можам ратаваць душы з чысца пры дапамозе адпустаў. Гэта вялікая дапамога невымоўнага кошту. Яна хутка набліжае душы да неба, бо мы ахвяруем за іх заслугі Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста, заслугі цнотаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі і розных святых, якія рабілі больш пакуты, чым таго патрабавалі іхнія грахі. Ах, калі б мы хацелі, то хутка зрабілі б чысцец пустым, ахвяруючы за бедныя чысцовыя душы ўсе адпусты, якія можам атрымаць. Падумайце, браты дарагія, колькі адпустаў можна атрымаць, прымаючы ўдзел у крыжовым шляху, прамаўляючы ружанец або іншыя малітвы, да якіх далучаны адпусты. Вельмі вялікая наша віна, вельмі вялікая нячуласць, калі, маючы такія добрыя сродкі для ўратавання душаў нашых родных, мы не робім гэтага, а дазваляем, каб яны гарэлі ў страшным чысцовым полымі!

Па-трэцяе, самым магутным спосабам уратавання душаў з чысца з’яўляецца святая Імша. Калі мы ахвяруем яе за гэтыя бедныя душы, то ўжо не грэшнік просіць за грэшніка, а Бог, роўны свайму Айцу, Які ні ў чым не адмаўляе Сыну. Нас у гэтым запэўніў Езус Хрыстус, калі сказаў: “Ойча, дзякую Табе, бо Ты заўсёды чуеш Мяне”.

Вось прыклад, які сведчыць пра тое, наколькі вялікая эфектыўнасць святой Імшы. У гісторыі Касцёла чытаем, што ў хуткім часе пасля смерці караля Карла [Лысага] пэўны святы чалавек з дыяцэзіі Рэймса па імені Бэрнольд захварэў і, атрымаўшы апошнія сакрамэнты, цэлы дзень амаль нічога не казаў і даваў толькі слабыя прыкметы жыцця. Пад вечар ён адкрыў вочы і папрасіў спаведніка. Усё зрабілі, як ён прасіў, спаведнік прыбыў, і ён, заліўшыся слязьмі, сказаў: “Я быў на тым свеце і апынуўся ў тым месцы, дзе прабывае біскуп Пардзюль з Лана. Страшна пакутуе ён у полымі. Убачыўшы мяне, ён сказаў: “Паколькі ты яшчэ вернешся на зямлю, прашу, не забудзься пра мяне; ты можаш вызваліць мяне адсюль і, чаго я вельмі жадаю, паяднаць мяне з Богам”. “Якім чынам?” — спытаўся я. “Знайдзі тых, каму я пры жыцці рабіў дабро, і скажы ім, каб маліліся за мяне і каб прасілі аб святой Імшы”. Я зрабіў тое, чаго ён ад мяне хацеў, і ў хуткім часе ўбачыў яго прыгожым, як сонца, увогуле не церпячым, цалкам задаволеным. Ён казаў такія словы: “Глядзі, колькі шчасця мне прынеслі малітвы і святая Імша”. Крыху далей я ўбачыў караля Карла, які казаў так: “Сябра, як жа я пакутую! Пайдзі да біскупа Гінкмара і скажы яму, што я пакутую за тое, што не слухаў ягоных парадаў. Аднак я разлічваю, што ён дапаможа мне выйсці з гэтага месца пакутаў. Прасі таксама ўсіх, каму я пры жыцці рабіў дабро, каб маліліся за мяне, каб ахвяравалі святыя Імшы дзеля майго вызвалення”. Біскуп Гінкмар, які якраз збіраўся служыць святую Імшу, пачаў адразу маліцца з людам у гэтым намеры. Тады я ўбачыў караля ў сваім каралеўскім адзенні і ў ззянні славы” (Fleury, Hist., t. 11, r. 877).

У гэтым мы маем доказ таго, як нашы малітвы, добрыя ўчынкі, а перадусім святыя Імшы дзейсна дапамагаюць ратаваць бедныя душы з чысцовых мук.

Возьмем іншы прыклад, які таксама знаходзім у гісторыі Касцёла; ён яшчэ больш пераканаўчы. Адзін пабожны святар, даведаўшыся пра смерць свайго сябра, якога вельмі любіў у Богу, не знайшоў лепшага сродку для аказання яму дапамогі, як найхутчэй ахвяраваць за яго душу святую Імшу. Ён пачаў яе адначасова з вялікай пабожнасцю і вялікім болем. Пасля кансэкрацыі, уздымаючы Гостыю ўгару, ён сказаў: “Ойча спрадвечны, ахвярую Табе цела і душу Твайго Найдаражэйшага Сына. Пакорна прашу Цябе, злітуйся з душы майго сябра, які знаходзіцца ў чысцовым полымі. Зробім замену: я дам Табе Твайго Сына, а Ты вызвалі майго сябра”. Ён узносіў сваю просьбу з такой жывой верай, што Бог выслухаў яго, і ён убачыў, як душа ягонага сябра перайшла з чысца да неба.

θ) Святая Пэрпэтуя моцна заахвочвае да малітвы за чысцовыя душы. Бог зрабіў, што яна бачыла, як ейны брат гарэў у полымі, хоць і памёр, не маючы сямі год, і на працягу ўсяго жыцця пакутаваў на рак, страшна крычучы і ўдзень, і ўначы. Шмат малітваў і пакуты рабіла яна, каб уратаваць яго; нарэшце, убачыла, што ён перайшоў да неба, прамянеючы, як анёл. Ах, як жа шчаслівыя ўсе тыя, хто мае такіх сяброў!

Здаецца, што бедныя гэтыя душы па меры свайго набліжэння да неба церпяць яшчэ больш. Яны знаходзяцца ў тым жа становішчы, што і Абсалом: на працягу нейкага часу ён заставаўся ў выгнанні, потым вярнуўся ў сваю краіну, аднак яму нельга было бачыцца са сваім бацькам, які вельмі яго любіў. Калі яму сказалі, што ён блізка ад бацькі, але не можа яго ўбачыць, ён усклікнуў: “Ах, пагляджу хаця б на вокны і сады майго бацькі, калі не магу пабачыць яго. Скажыце яму, што хачу лепш памерці, чым быць тут і не бачыць яго самога. Скажыце яму, што мала таго, каб ён мяне прабачыў: я жадаю і прашу, каб ён дазволіў мне пабачыцца з ім”. З гэтымі беднымі душамі сітуацыя падобная: чым бліжэй надыходзіць час іх выхаду з выгнання, тым больш павялічваецца іхняя любоў да Бога, іхняе жаданне бачыць Яго — яны не адчуваюць у сабе дастаткова сілы для трывання ў пакутах. “Пане, — усклікаюць яны, — узглянь на нас вокам сваёй міласэрнасці. Хутка нашы пакуты скончацца, дазволь нам хутчэй убачыць Цябе. Ах, якія ж шчаслівыя тыя, што могуць пазбегнуць гэтага полымя! Мы пазбаўлены гэтага шчасця. Больш за тое, у нас няма ані бацькоў, ані сяброў. Хоць бы злітаваліся з нас хаця б тыя, да каго дойдзе наш голас; ужо столькі гадоў мы застаемся ў гэтым полымі, распаленым Божай справядлівасцю. Калі б вы маглі зразумець велічыню тых цярпенняў, якія мы тут зносім, то не пакінулі б нас. У якім жа мы страшным становішчы, ніхто не мае да нас літасці!”

ι) Несумненна, браты дарагія, тое, што гэтыя бедныя душы нічога для сябе зрабіць не могуць, але шмат могуць для нас. Хто іх заклікае, заўсёды атрымае пажаданую ласку. Калі святыя, якія знаходзяцца ў небе, займаюцца нашым збаўленнем, хоць ім нічога ад нас не патрэбна, то наколькі ж больш — чысцовыя душы, якія мы падтрымлівалі нашымі малітвамі, пасля вызвалення з чысца з удзячнасцю будуць пра нас памятаць і дапамагаць нам у збаўленні. “Не адмаўляй, — скажуць, — у сваёй ласцы, Пане, тым нашым братам, якія столькі стараліся, каб вызваліць нас з полымя”. Ці ж не будзе маці прасіць Бога аб ласцы для сваіх дзяцей, якія яе любілі і прасілі аб вызваленні яе з чысца? Пастыр, які пры жыцці вельмі клапаціўся пра збаўленне сваіх парафіянаў, ці забудзецца пра іх у вечнасці? Ах, не забудзецца.

Так, браты дарагія, кожны раз, калі нам будзе штосьці патрэбна, будзем звяртацца з даверам да гэтых святых душаў у цвёрдым перакананні, што яны заступаюцца за нас перад Богам. Якое ж гэта шчасце для нас, што ў малітвах, якія мы ўзносім за чысцовыя душы, мы маем настолькі цудоўны сродак забеспячэння для сябе неба! Хочучы прасіць Бога аб шкадаванні за грахі, будзем звяртацца да гэтых душаў, якія столькі гадоў прабывалі ў чысцовым агні! Хочучы прасіць аб трыванні ў дабры, будзем заклікаць гэтыя душы, якія дзякуючы сваёй трываласці цяпер сузіраюць Бога. У хваробе, у смутку будзем жа думаць пра чысцец і пра тыя душы, што там былі; тым самым мы не падманемся, а толькі здабудзем пажаданы вынік!

κ) Якая ж выснова з гэтага ўсяго? Вось жа, рэч пэўная, што надзвычай мала тых выбраных, хто не праходзіў праз чысцовае полымя; што пакаранне, якое яны там адбывалі, перавышае нашае разуменне. Рэч пэўная, што ў нашых руках ёсць усё неабходнае для дапамогі гэтым няшчасным душам, а менавіта малітва, пакута, міласціна, а перадусім святая Імша. Нарэшце, не выклікае сумненняў, што гэтыя душы, поўныя любові, жадаючы аддзячыць нам, выпрасяць для нас у тысячу разоў больш, чым мы ім даём. Калі мы будзем у чысцы, то гэтыя душы паспяшаюцца і будуць выпрошваць у Бога для нас тую самую ласку, якую мы выпрасілі для іх. Бо яны добра ведаюць, якія страшныя там пакуты і наколькі жорсткае разлучэнне з Богам.

Прысвяцім, дарагія браты, некалькі гадзінаў на працягу гэтай актавы на такую збавенную справу. Вельмі, вельмі шмат душаў пяройдзе да неба дзякуючы святым Імшам і нашым малітвам, міласціне, пакутам. Няхай кожны з нас падумае пра сваіх бедных бацькоў, родных, знаёмых і дабрадзеяў. Так, дарагія браты, будзем жа рабіць усё магчымае для суцяшэння іх у пакутах. Так мы спадабаемся Богу, Які жадае іх вызвалення, і выпрасім для іх самае жаданае шчасце, шчасце сузірання Бога, Які жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.


Аўтар: св. Ян Віянэй
Крыніца: Sermons du Vénérable Serviteur de Dieu Jean-Baptiste-Marie Vianney, Curé d’Ars. Tome quatrième. Paris. Librairie Victor Lecoffre. 1883 a. Польскі тэкст: Nauki na niedziele i święta całego roku miane w Kollegiacie Łowickiej przez Księdza Antoniego Chmielowskiego. T. III: Czas po Zielonych Świątkach. Warszawa 1893, ss. 657-668. Анлайн: http://www.ultramontes.pl/vianney_o_cierpieniach.htm
Ілюстрацыя: Fr Lawrence Lew, O.P. (CC BY-NC-SA), алтарны абраз у катэдры Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна.

Тэкст перакладзены з польскага перакладу.

Пакінуць каментар

Scroll Up