13.11.2018 / FIUV

Пазіцыя № 10. “Эўхарыстычны пост”🕑 21 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 10: ЭЎХАРЫСТЫЧНЫ ПОСТ

У фармаце PDF

Кароткі змест: З самых старажытных часоў святую Камунію прымалі, захоўваючы пост, прычым пост ад поўначы і нават даўжэйшы цягам стагоддзяў лічыўся нормай. Папа Пій ХІІ скараціў пост да трох гадзінаў, каб зрабіць магчымай цэлебрацыю Імшы ўвечары. У 1964 г. Павел VI, падкрэсліваючы важнасць духоўнай падрыхтоўкі да плённага прыняцця Камуніі, скараціў пост да адной гадзіны. Ян Павел ІІ і Бенедыкт XVI звярталі ўвагу на развіццё легкадумных адносінаў да прыняцця святой Камуніі. Каб супрацьстаяць ім, трэба сур’ёзна абдумаць вяртанне да трохгадзіннага посту, устаноўленага Піем ХІІ. Пэўныя нязручнасці для вернікаў, а часам і неабходнасць устрымацца ад прыняцця святой Камуніі падкрэсляць важнасць і значэнне Найсвяцейшага Сакрамэнту, стануць сродкам змагання з тэндэнцыяй прыступаць да святой Камуніі толькі таму, што да яе прыступаюць іншыя, адновяць “голад і прагу” святой Камуніі, пра якія казаў Папа Ян Павел ІІ, і заахвоцяць практыку духоўнай Камуніі, якую рэкамендавалі Ян Павел ІІ і Бенедыкт XVI.

1. Тэматыка гэтай серыі артыкулаў закранае не толькі праблемы, звязаныя непасрэдна з надзвычайнай формай рымскага абраду, якімі яна адрозніваецца ад звычайнай формы, але таксама і тыя справы, якія прынамсі ў прынцыпе можна прымяніць да звычайнай формы (літургічная арыентацыя [1] і спосаб прыняцця святой Камуніі [2]) альбо якія датычацца яе ў пэўнай ступені (такія як цішыня [3] або грыгарыянскі спеў [4]). У гэтым артыкуле мы разглядаем справу, якая звязана з асаблівым характарам надзвычайнай формы, але якая моцай кананічнага права датычыцца ўсіх каталікоў лацінскага абраду, а менавіта эўхарыстычны пост.

Гістарычныя звесткі

2. Па словах Тэртуліяна, Найсвяцейшы Сакрамэнт прымаецца “перад усялякай іншай ежай” [5]. Пры цэлебрацыі Імшы на досвітку, што было ўстаноўлена ў якасці практыкі ў ІІ ст., меўся на ўвазе пост ад поўначы [6]; гэты пост быў уведзены ў шырокую практыку [7], хоць у Сярэднявеччы часта ўстанаўліваліся значна даўжэйшыя пасты [8], прычым не толькі без ежы і вады, але і без сужэнскіх адносінаў [9]. Пост не быў абавязковым для хворых [10]. Удзяленне Камуніі вернікам, якія захоўваюць пост, хоць і знаходзіцца ў супярэчнасці з прыкладам Апошняй Вячэры [11], мае моцную сувязь з правобразам Эўхарыстыі —кармленнем пяці тысяч [12].

3. Частата прыняцця вернікамі святой Камуніі, здаецца, моцна зменшылася пасля IV ст., нягледзячы на пастаянныя заклікі да адваротнага [13]. Рашучыя змены ў гэтай сітуацыі наступілі пры пантыфікаце Папы Пія Х, калі дэкрэтам Святой Кангрэгацыі Сабору былі асуджаны даўнія янсеністычныя памылкі ў гэтай справе і растлумачаны ўмовы плённага прыняцця святой Камуніі [14]. Пій Х таксама заахвоціў да ўстанаўлення значна ніжэйшага ўзросту прыняцця першай святой Камуніі і ўвёў больш шчодрыя саступкі для пэўных цяжкіх абставінаў. Папа Пій ХІІ ўвёў пост працягласцю ў тры гадзіны, які не парушаўся “натуральнай вадою” (г. зн. вадою без дамешак), найперш пад рознымі ўмовамі (у 1953 г.), а затым — у сваім motu proprio Sacram communionem (1957) [15] — у якасці паўсюднай практыкі, дадаючы шчодрыя саступкі для хворых [16].

4. У 1964 г. Папа Павел VI скараціў пост як для святароў, так і для вернікаў да адной гадзіны перад момантам прыняцця Камуніі [17]; гэтае правіла паўтарае Кодэкс кананічнага права 1983 года [18].

Пост і пашана да Найсвяцейшага Сакрамэнту

5. Папа Павел VI ў інструкцыі пра святую Камунію Immensae caritatis (1973) падкрэслівае “найвышэйшую пашану, якая належыць такому вялікаму Сакрамэнту”, а ў зносцы пад гэтымі словамі прыводзіць працяглую цытату з дакументаў Трыдэнцкага сабору, дзе мова ідзе пра неабходнасць сакрамэнтальнай споведзі перад прыняццем Камуніі, калі вернік свецкага або духоўнага стану ўсведамляе за сабою смяротны грэх. Цытата пачынаецца такімі словамі:

Не належыць прымаць удзел у ніякіх святых функцыях без святасці. Таму можна ўпэўнена сказаць, што чым больш хрысціяне адчуваюць святасць і боскасць гэтага нябеснага сакрамэнту, тым больш яны павінны прыкладаць усялякія намаганні, каб не прыступаць да яго без пашаны і святасці, асабліва таму што мы маем палохаючыя словы св. Паўла: “Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне” (1 Кар 11:29). Тыя, хто жадае прыняць Камунію, павінны памятаць пра загад св. Паўла: “Няхай выпрабоўвае сябе чалавек” (1 Кар 11:28) [19].

6. Св. Ян Павел ІІ ў апостальскім пасланні Dominicae cenae (1980) з глыбокім неспакоем заўважыў, што сярод вернікаў з’явілася непавага да Найсвяцейшага Сакрамэнту, і апісаў дзве супрацьлеглыя з’явы. Па-першае, скрупулёзнасць, якая ў мінулыя часы адахвочвала ад частага прыняцця Камуніі, з большага знікла, аднак усё яшчэ ёсць вернікі, якія занядбоўваюць магчымасцямі для прыняцця гэтага сакрамэнту з-за “адсутнасці эўхарыстычнага “голаду” і “прагі”, што таксама сведчыць пра адсутнасць правільнай успрымальнасці да гэтага сакрамэнту любові і пра неразуменне яго прыроды” [20].

7. Па-другое, “часам, а насамрэч даволі часта, да Камуніі прыступае кожны ўдзельнік эўхарыстычнай супольнасці; і ў некаторых выпадках, што пацвярджаюць дасведчаныя пастыры, не прадпрымаецца адпаведнага дбання пра ўдзел у сакрамэнце пакуты для ачышчэння свайго сумлення” [21]. Гэта з’яўляецца вынікам адсутнасці “якаснага ўспрымання хрысціянскага сумлення” [22]. Папа Бенедыкт XVI таксама скардзіўся на гэтую другую паставу [23].

8. Св. Ян Павел ІІ і Папа Бенедыкт XVI ў толькі што згаданых урыўках абмяркоўваюць праблему прыняцця Камуніі ў руку, якую яны звязваюць з адсутнасцю пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэтая справа абмяркоўваецца ў іншым артыкуле [24]. Тут мы разгледзім магчымасць вырашэння той праблемы, пра якую яны кажуць, іншым спосабам, а менавіта вяртаннем папярэдняй дысцыпліны эўхарыстычнага посту.

Вяртанне дысцыпліны Пія ХІІ

9. Патрабаванне захоўваць падоўжаны пост перад прыняццем святой Камуніі з’яўляецца натуральным і традыцыйным спосабам падкрэсліць вялікае значэнне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Папа Бенедыкт XVI сам робіць акцэнт на гэтым значэнні, удзяляючы святую Камунію толькі ў вусны і ў паставе на каленях [25]. Такі пост абавязвае кожнага верніка сур’ёзна падыходзіць да прыняцця гэтага сакрамэнту, патрабуючы ад яго прадбачлівасці, а часам невялікай, але сімвалічна вымоўнай ахвяры. Акрамя таго, хоць пост і патрабуе час ад часу рабіць некаторыя практычныя дастасаванні (напрыклад, планаваць прыёмы ежы), ён не стварае тых жа псіхалагічных ня­зручнасцяў у момант прыняцця Камуніі, якія стварыла б адмова ў дазволе прыняць Камунію ў руку.

10. Пост ад поўначы з’яўляецца практыкай, асвячанай стагоддзямі ўжывання, але яго вяртанне ў дадзены час яўна стварыла б практычныя складанасці. Гэта асабліва закранула б вернікаў, прывязаных да надзвычайнай формы рымскага абраду, якая часта служыцца ў нязручныя гадзіны, калі касцёлы свабодныя або калі святары маюць вольны час. Таму мы прапануем вярнуць дысцыпліну трохгадзіннага посту, устаноўленую Папам Піем ХІІ.

11. Менш частае прыняцце святой Камуніі, пра якое ішла мова ў пар. 3, было вынікам глыбейшага разумення надзвычайнай прыроды Найсвяцейшага Сакрамэнту, звязанага з пакаяльнай дысцыплінай. Таксама ў ранейшыя часы на эўхарыстычны пост рабілі большы націск, але паколькі гэты пост быў абавязковы перад удзелам у Імшы, прынамсі ў нядзелі і святы, нават тады, калі асоба не прыступала да святой Камуніі [26], ён не з’яўляўся перашкодай да яе прыняцця. Больш частая споведзь дазваляла выра­шыць праблему годнага духоўнага стану вернікаў, якія прымалі Камунію, але яна патрабавала развіцця інфраструктуры і катэхізацыі, на што быў патрэбны час [27].

12. Напачатку ХХ ст. св. Пій Х бачыў найбольшую перашкоду для частай Камуніі не ў посце ад поўначы, а ў неразуменні духоўных умоваў, неабходных для яе годнага прыняцця. Мэтай жа зменаў, уведзеных Піем ХІІ, было не столькі спрашчэнне посту, колькі арганізацыя магчымасці служыць Імшу ў розныя гадзіны дня, каб спрасціць яе ўклю­чэнне ў працоўны ці школьны дзень [28].

13. Патрабавальнасць дысцыпліны Пія ХІІ не трэба перабольшваць, але яна азначае, што з практычных прычынаў прыняцце Камуніі для некаторых людзей будзе цяжкім або немагчымым. Гэта магло б аказацца карысным для супрацьстаяння тэндэнцыі, на якую звярталі ўвагу Ян Павел ІІ і Бенедыкт XVI і пра якую мова ішла ў пар. 7, калі некаторыя вернікі прыступаюць да Камуніі толькі таму, што гэта робяць усе астатнія. Сапраўды, калі асоба не прымае святую Камунію, яна рызыкуе прыцягнуць да сябе ўвагу і нават даць нагоду для скандалу [29]. Тыя, хто не можа прыступіць да святой Камуніі, змогуць замест гэтага звярнуцца да практыкі духоўнай Камуніі, да якой заахвочвалі Ян Павел ІІ, які з гэтай нагоды цытаваў св. Тэрэзу [30], а потым Бенедыкт XVI [31], які прасіў удзельнікаў папскай Імшы на Сусветных днях моладзі зрабіць духоўную Камунію, калі звычайнае ўдзяленне Камуніі аказалася немагчымым [32]. Такая практыка таксама спрыяе “голаду і празе” Эўхарыстыі, якіх жадаў Папа Ян Павел ІІ.

Заключэнне

14. Гэта можа здавацца радыкальнай прапановай, але аднаўленне былой дысцыпліны было б адносна простым сродкам, які дазволіў бы падкрэсліць каштоўнасць Найсвя­цейшага Сакрамэнту і важнасць падрыхтоўкі да яго прыняцця. Цяперашняя праблема легкадумных адносінаў да святой Камуніі патрабуе глыбокай катэхізацыі, а трох­гадзінны пост будзе сам па сабе формай катэхізацыі, якая падкрэслівае звышнатуральную прыроду Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчыма, больш эфектыўнай, чым просты заклік на словах.

15. Не трэба лічыць, што накладанне больш цяжкой дысцыпліны Касцёла прывядзе да яе адкідання ці нават да адыходу ад Касцёла. Сур’ёзная форма дысцыпліны дэманструе сур’ёзнасць прадмету гэтай дысцыпліны, а больш патрабавальныя рэлігіі часта прыцягваюць больш прыхільнікаў, чым рэлігіі з мяккімі патрабаваннямі [33]. Дабравольнае прыняцце некаторымі вернікамі больш жорсткага посту не мела б такой катэхетычнай сілы; не мела б яно і заслугі як учынак паслухмянасці. Публічная кампанія з мэтай заахвочвання такой дабравольнай практыкі магла б нават прывесці да абвінавачванняў у фарысействе.

16. Нарэшце, трэба сказаць, што цяперашняя дысцыпліна, калі пост доўжыцца адну гадзіну перад момантам прыняцця Камуніі, амаль не закранае вернікаў [34]; таму менш праўдападобна, што ў такой форме пра яе будуць памятаць і ўспрымаць яе сур’ёзна, а звяртанне ўвагі на выкананне такога дробнага абавязку выглядае не вельмі раз­важлівым [35]. Каб вярнуць адпаведную пашану да Эўхарыстыі, несумненна, трэба, каб абавязак посту таксама карыстаўся пашанай.


Дадатак А: Sacra Tridentina Synodus

Дэкрэт Святой Кангрэгацыі Сабору, падчас пантыфікату Папы Пія Х, 1905 (урывак)

1. Частая і штодзённая Камунія як практыка, найбольш горача жаданая Хрыстом, на­шым Панам, і Каталіцкім Касцёлам, павінна быць даступнай кожнаму верніку, любога стану і ўмоваў жыцця; каб нікому з тых, хто знаходзіцца ў стане ласкі і хто набліжаецца да святога Стала з правільным і пабожным намерам (recta piaque mente), гэта не было забаронена.

2. Правільны намер заключаецца ў наступным: каб той, хто набліжаецца да святога Стала, рабіў гэта не з пачуцця руціны, не з ганарыстасці, не з увагі на людскую павагу, але з жаданнем падабацца Богу, мацней яднацца з Ім у любові і прыбягаць да гэтага боскага леку для сваёй слабасці і недахопаў.

3. Хоць тым, хто часта альбо штодзённа прымае святую Камунію, асабліва належыць быць вольнымі ад штодзённых грахоў, прынамсі ад тых, што здзяйсняюцца цалкам дабравольна, а таксама ад усялякай прывязанасці да іх, тым не менш дастаткова, каб яны былі вольнымі ад смяротнага граху і мелі намер ніколі не грашыць у будучыні; калі яны будуць мець такі шчыры намер, то дзякуючы штодзённай Камуніі яны паступова пазбавяцца нават ад штодзённых грахоў і ад усялякай прывязанасці да іх.

4. Аднак, хоць сакрамэнты Новага Закону і прыносяць свой плён ex opere operato, тым не менш лепшая духоўная пастава таго, хто іх прымае, прыводзіць да большай іх эфектыўнасці, таму трэба дбаць пра тое, каб Камуніі папярэднічала старанная падрыхтоўка, а за ёю ішла адпаведная падзяка, наколькі каму дазваляюць сілы, абставіны і абавязкі.

5. Каб практыка частай і штодзённай Камуніі выконвалася з большай разважлівасцю і прыносіла больш шчодры плён, варта пытацца парады ў спаведніка. Аднак спаведнікі павінны дбаць пра тое, каб нікога не адгаворваць ад частай альбо штодзённай Камуніі, калі ён знаходзіцца ў стане ласкі і прыступае да яе з правільным намерам.

6. Але зразумела, што дзякуючы частаму і штодзённаму прыняццю Найсвяцейшай Эўхарыстыі ўмацоўваецца еднасць з Хрыстом, шчодра падтрымліваецца духоўнае жыццё, душа больш багата надзяляецца цнотамі, а задатак вечнага шчасця больш надзейна спасылаецца на верніка, таму пробашчы, спаведнікі і прапаведнікі павінны часта і аддана, а таксама ў згодзе з зацверджаным навучаннем Рымскага Катэхізіса заклікаць вернікаў да гэтай пабожнай і збаўчай практыкі.

Дадатак Б: Sacram communionem

Motu proprio Папы Пія ХІІ, 1957 (урывак)

1. Ардынарыі месца, за выключэннем генеральных вікарыяў, якія не валодаць адмысловымі паўнамоцтвамі, могуць дазволіць, каб святая Імша штодня цэлебравалася пасля поўдня, калі гэта будзе неабходна для духоўнай карысці значнай колькасці вернікаў.

2. Святары і вернікі павінны на працягу трох гадзінаў устрымлівацца ад цвёрдай ежы і алкагольных напояў, а ад спажывання безалкагольных напояў — на працягу адной гадзіны. Вада не парушае посту.

3. Адгэтуль захоўваць пост на працягу часу, пададзенага ў № 2, павінны таксама тыя, хто служыць Імшу альбо прымае святую Камунію апоўначы альбо ў першыя гадзіны дня.

4. Хворыя, нават калі яны не знаходзяцца ў ложку, могуць без абмежавання часу спажываць перад Імшою альбо святой Камуніяй безалкагольныя напоі, а таксама сапраўдныя і адпаведныя лекі, як у вадкай, так і цвёрдай форме.

Мы шчыра заклікаем святароў і вернікаў, якія могуць рабіць гэта, захоўваць перад Імшою і святой Камуніяй старую і шанаваную форму эўхарыстычнага посту. Усе тыя, хто будзе карыстацца гэтымі дазволамі, павінны кампенсаваць за атрыманае дабро, ззяючы прыкладам хрысціянскага жыцця, а таксама выконваючы пакаянныя ўчынкі і справы міласэрнасці.

Дадатак В: “Хворы” ў дысцыпліне Sacram communionem

Раздзел 4 Sacram communionem наконт “хворых” патрабуе пэўнай інтэрпрэтацыі ў свя­тле кананічнага права. Хоць гэта і можа здавацца складаным, у гэтым адлюстроўваецца вялікае дбанне Папы Пія ХІІ аб тым, каб не накладаць на вернікаў аніякага несправядлівага цяжару [36].

1. “Хворыя” — гэта тыя, для каго пост стварае “ўмерана сур’ёзныя” нязручнасці. Яны могуць узнікаць з-за хваробы, узросту, доўгага падарожжа, часовага або хранічнага стану альбо з любой іншай прычыны. Сюды ўваходзяць і тыя, хто рызыкуе захварэць, хто чакае аперацыі і г. д., і тыя, хто хварэў перад Камуніяй, таму што ў абодвух выпадках пост накладае цяжар на дадзеную асобу. Тыя, для каго пост не стварае сур’ёзных нязручнасцяў, не з’яўляюцца “хворымі” з пункту гледжання права (напрыклад, асоба са зламанай рукою).

2. У “безалкагольныя напоі” ўваходзяць таксама напоі, якія маюць харчовую вартасць, напрыклад супы. Аднак няхворым асобам у кантэксце № 2 на працягу першых дзвюх гадзінаў посту дазволена толькі піць “напоі” (per modum potus). Цвёрдая ежа парушае пост нават у выпадку хворага.

3. Лекі, нават калі іх складнікам з’яўляецца алкаголь (рашчыненыя ў алкаголі і г. д.), не парушаюць посту. Алкагольныя напоі, нават калі яны прымаюцца ў медыцынскіх мэтах па прадпісанні лекара, парушаюць пост.


[1] Пазіцыя № 4, “Літургічная арыентацыя”.

[2] Пазіцыя № 3, “Спосаб прыняцця святой Камуніі”.

[3] Пазіцыя № 9, “Цішыня і нячутнасць у надзвычайнай форме рымскага абраду”.

[4] Рыхтуецца.

[5] Выраз “ante omnem cibum”, які выкарыстоўвае Тэртуліян (“Ad uxorem” II, 5: PL 1, 1296), можна таксама перакласці як “перад кожным пасілкам”, таму выказвалася меркаванне, што Эўхарыстыю прымалі перад пасілкамі ў якасці супрацьяддзя. Абмеркаванне гл. у выд. Alphonse Sammut, “The Eucharistic Fast in the Light of the Last Papal Documents”, Rome: Miscellania Francescana, 1959, с. 14–15 і Joseph Jungmann, “The Mass of the Roman Rite: Its Origins and Development”, New York: Benzinger, 1955, т. II, с. 366, зн. 34. Паводле такой інтэрпрэтацыі, святая Камунія ўсё адно прымалася перад пасілкам, а не пасля яго.

[6] На працягу некалькіх стагоддзяў штогадовае выключэнне з правіла служыць Імшу раніцай рабілася для Вялікага чацвярга. Гэта азначала, што ў Вялікі чацвер святую Камунію трэба было прымаць без папярэдняга посту: гл., напрыклад, Трэці Карфагенскі сабор (397 г.), кан. 29: “Ніхто не можа цэлебраваць сакрамэнт Алтара, не захоўваючы посту, акрамя як у адзіны дзень, калі святкуецца вячэра Пана”. (“Ut sacramenta altaris nonnisi a ieiunis hominibus celebrentur, except uno die in quo coena Domini celebrantur”.) Брагскі сабор у 572 г. асудзіў гэтае выключэнне: гл. Sammut, op. cit., с. 28–29.

[7] Гл. св. Тамаш Аквінскі, “Summa Theologica”, 3a, q. 80, a. 8, ad 5: “Сцвярджэнне, што гэты сакрамэнт павінен трапіць у вусны хрысціяніна перш, чым іншая ежа, не трэба разумець у абсалютным сэнсе, у значэнні часу ўвогуле. Калі б гэта датычыла часу ўвогуле, то той, хто адзін раз наеўся і напіўся, потым ніколі не змог бы прыняць сакрамэнту Эўхарыстыі. Таму гэтыя словы належыць аднесці да дадзенага дня. Пачатак дня для розных людзей азначае рознае, бо некаторыя распачынаюць дзень апоўдні, іншыя — пры заходзе сонца, яшчэ іншыя — апоўначы, а ёсць і такія, што распачынаюць дзень на світанні, аднак Касцёл услед за рымлянамі распачынае дзень апоўначы. Таму чалавек, які спажыў ежу ці напой пасля поўначы, не можа ў той самы дзень прыступіць да святой Камуніі, але можа яе прыняць, калі меў пасілак перад поўначчу”. (“Сum dicitur, hoc sacramentum prius quam alii cibi debet mitti in os Christiani, non est intelligendum absolute respectu totius temporis, alioquin qui semel comedisset et bibisset, nunquam postea posset hoc sacramentum accipere. Sed est intelligendum quantum ad eundem diem. Et licet principium diei secundum diversos diversimode sumatur, nam quidam a meridie, quidam ab occasu, quidam a media nocte, quidam ab ortu solis diem incipiunt; Ecclesia tamen, secundum Romanos, diem a media nocte incipit. Et ideo, si post mediam noctem aliquis sumpserit aliquid per modum cibi vel potus, non potest eadem die hoc sumere sacramentum, potest vero si ante mediam noctem”.)

[8] Jungmann, op. cit., т. II, с. 363–364.

[9] Jungmann, op. cit., т. II, с. 363, зн. 23.

[10] Sammut, op. cit., с. 29; таксама гл. ніжэй.

[11] Мц 26:26: “Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”; Мк 14:22: “І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім, кажучы: “Бярыце, гэта Цела Маё”. Пар. 1 Кар 11:18-30 пра сувязь паміж Эўхарыстыяй і вячэрай любові ў раннім Касцёле.

[12] Мк 6:34-44; Лк 9:11-17; Ян 6:4-13.

[13] Jungmann, op. cit., т. II, с. 360–362.

[14] Святая Кангрэгацыя Сабору, дэкрэт Sacra Tridentina Synodus (1905): гл. Дадатак A.

[15] Гл. Дадатак Б.

[16] Гл. Дадатак В.

[17] 21 лістапада 1964 года, Tempus Eucharistici ieiunii servandi reducitur, AAS 57 (1965), 186: “З увагі на цяжкасці, якія ў многіх краінах адчуваюцца з прычыны эўхарыстычнага посту, Вярхоўны Пантыфік, ласкава саступаючы просьбам Біскупаў, пастанаўляе, каб пост без цвёрдай ежы быў скарочаны да адной гадзіны перад святой Камуніяй як для святароў, так і для вернікаў. Гэтае правіла таксама датычыцца спажывання алкагольных напояў з захаваннем, аднак, адпаведнай меры”. (“Attentis multarum regionum difficultatibus quoad  ieiunium eucharisticum, Summus Pontifex, petitionibus Episcoporum benigne annuens, concedit ut ieiunium quoad cibos solidos reducatur ad unam horam ante Sanctam Communionem, et quidem tum pro sacerdotibus tum pro fidelibus. In hac autem concessione includitur quoque potuum alchoolicorum usus, servata tamen debita moderatio”.) Osservatore Romano, 4 снежня 1964 года, 2.

[18] Кодэкс кананічнага права, кан. 919 § 1: “Асоба, якая збіраецца прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, павінна ўстрымлівацца прынамсі на працягу адной гадзіны перад святой Камуніяй ад любой ежы і напояў, за выключэннем толькі вады і лекаў”. (“Sanctissimam Eucharistiam recepturus per spatium saltem unius horae ante sacram communionem abstineat a quocumque cibo et potu, excepta tantummodo aqua atque medicina”.)

[19] Трыдэнцкі сабор, сесія 13, раздзел 7: “Si non decet ad sacras ullas functiones quempiam accedere nisi sancte, certe, quo magis sanctitas et divinitas cœlestis hujus sacramenti viro Christiano comperta est, eo diligentius cavere ille debet, ne absque magna reverentia et sanctitate ad id percipiendum accedat, præsertim cum illa plena formidinis verba apud apostolum legamus: Qui manducat et bibit indigne, judicium sibi manducat et bibit, non dijudicans corpus Domini. Quare communicare volenti revocandum est in memoriam ejus præceptum: Probet autem seipsum homo”.

[20] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Dominicae cenae (1980), 11: “deficiente “fame” et “siti” eucharistica, sub qua latet similiter parum sufficiens aestimatio atque intellegentia ipsius naturae huius excellentis Sacramenti amoris”.

[21] Ibid.: “Interdum scilicet, immo compluribus in casibus, cuncti eucharisticae celebrationis participes ad communionem accedunt, tametsi nonnumquam — ut comprobant periti rerum pastores — habita non est debita cura, ut prius Paenitentiae Sacramentum reciperent propriam ad conscientiam mundandam”.

[22] Ibid.: “bonum quod subtilitas est christianae conscientiae impulsae”.

[23] Peter Seewald, Pope Benedict XVI, “The Light of the World: the Pope, the Church and the Signs of the Times”, London: Catholic Truth Society, 2010, с. 156: “Існуе вялікая небяспека павярхоўнасці [пры прыняцці святой Камуніі] менавіта ў тых Імшах, якія мы праводзім у базіліцы святога Пятра… У гэтым кантэксце, калі людзі думаюць, што кожнаму аўтаматычна трэба прымаць Камунію (усе ідуць, таму я таксама пайду) я жадаю ясна даць зразумець… Гэта не проста нейкі сацыяльны рытуал, у якім мы можам прыняць удзел, калі хочам”. Пар. цытата з паслясінадальнай адгартацыі Папы Бенедыкта XVI Sacramentum сaritatis (2007) у зносцы 31 ніжэй.

[24] Пазіцыя № 3, “Спосаб прыняцця святой Камуніі”, асабліва пар. 5–8.

[25] Seewald, Pope Benedict, op. cit., с. 156.

[26] Jungmann, op. cit., т. II, с. 366: “На працягу Сярэднявечча абавязку посту сурова трымаліся не толькі ў сувязі са святой Камуніяй, але яго пастаянна прадпісвалі нават для ўдзелу ў Імшы (напрыклад, сінод у Брыксэне ў 1453 г.) альбо прынамсі рэкамендавалі для ўдзелу ў Імшы”. Гэта не так дзіўна, калі звярнуць увагу на тое, якое вялікае значэнне прыпісвалі сузіранню Гостыі і духоўнай Камуніі ў кантэксце вельмі рэдкай сакрамэнтальнай Камуніі. Юнгман абмяркоўвае гэта на папярэдніх старонках. Пар. Eamon Duffy, “The Stripping of the Altars: Traditional religion in England c.1400-c.1580”, New Haven: Yale, 1992: пра пост перад Імшою, с. 42; пра сузіранне Гостыі, с. 95–102.

[27] Дафі адзначае, што для ажыццяўлення рашэння Чацвёртага Латэранскага сабору (1215) аб тым, што ўсе каталікі павінны спавядацца і прымаць Камунію прынамсі адзін раз на год, патрабаваўся вялікі арганізацыйны і катэхетычны высілак. У яго рэалізацыі вельмі дапамагло існаванне жабрацкіх ордэ­наў; таксама вельмі істотным было развіццё парафіяльнай сістэмы ў папярэднія стагоддзі: Duffy, op. cit., с. 53–56; 93–94. Пар. Jungmann, op. cit., т. II, с. 363: “Але ў Сярэднявеччы з яго распаўсюджанымі пара­фіяльнымі абмежаваннямі і часта недастатковай арганізацыяй душпастырства, не толькі не існавала жадання, але з большага не было нават магчымасці паспавядацца і, адпаведна, часта прымаць Камунію”.

[28] Sammut, op. cit., с. 101: “Несумненна, вячэрнія Імшы былі найбольшай карысцю і самай моцнай саступ­кай, якая вынікала з гэтых дакументаў [Christus Dominus (1953) і Sacram communionem (1957)]”. Трох­гадзінны пост спрасціў прыняцце Камуніі на Імшах, якія вымушана служыліся пасля снедання, напры­клад у дзённых школах альбо на галоўных парафіяльных Імшах, а таксама на вячэрніх Імшах.

[29] Dr. Edward Peters, “The Communion Fast: a Reconsideration”, Antiphon 11.3 (2007), с. 234–244; с. 243: цяперашні кароткі пост “пазбаўляе людзей з неспакойным сумленнем незаўважнага спосабу пазбег­нуць прыняцця Цела і Крыві Пана ў тым стане, які пагражае прафанацыяй (1 Кар 11:27)”.

[30] Св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Ecclesia de Eucharistia (2003), 34: “Менавіта таму варта развіваць у душы пастаяннае жаданне Сакрамэнту Эўхарыстыі. Так узнікла практыка “духоўнай камуніі”, шчасліва ўкара­нёная ад вякоў у Касцёле і рэкамендаваная святымі настаўнікамі духоўнага жыцця. Святая Тэрэза ад Езуса пісала: “Калі не прыступаеце да Камуніі і не ўдзельнічаеце ў святой Імшы, то найбольш карысна практыкаваць духоўную камунію… Дзякуючы ёй вас шчодра пазначае любоў нашага Пана”. (‘Opportunum est continuatum Sacramenti eucharistici desiderium alere. Inde “communionis spiritualis” orta est consuetudo, quae feliciter complura iam saecula in Ecclesia viget quaeque a vitae spiritalis Sanctis magistris commendatur. Sancta Teresia a Iesu scripsit: “Cum communionem non sumitis neque Missae estis participes potestis spiritaliter communicare, id quod est valde frugiferum… Sic Domini nostri amor multum in vobis imprimatur”’)  (Унутраная цытата паходзіць з “Camino de Perfección” св. Тэрэзы, раздз. 35).

[31] Бенедыкт XVI, паслясінадальная адгартацыя Sacramentum caritatis (2007), 55: “Без сумненняў, поўны ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца тады, калі мы асабіста прыступаем да алтара, каб прыняць св. Камунію. Аднак неабходна звярнуць увагу на тое, каб гэтае справядлівае сцвярджэнне не вяло да пэўнага аўтаматызму сярод вернікаў, быццам праз сам толькі факт знаходжання ў касцёле падчас літургіі існуе права ці магчыма абавязак прыступаць да эўхарыстычнага Стала. Нават, калі немагчыма прыступіць да сакрамэнтальнай Камуніі, удзел у св. Імшы застаецца неабходным, важным, значным і плённым. У такіх умовах добра развіваць прагненне поўнай еднасці з Хрыстом, напрыклад, праз практыку духоўнай камуніі, згаданай Янам Паўлам ІІ і рэкамендаванай святымі настаўнікамі духоўнага жыцця”. (“Sine dubio plena participatio Eucharistiae habetur cum quis accedit etiam personaliter ad altare Communionis recipiendae gratia.(169) Attamen cavendum est ne haec iusta affirmatio forsitan introducat inter fideles quendam automatismum, quasi quispiam ob solam praesentiam in ecclesia, liturgiae tempore, ius habeat, vel forsitan etiam officium, ad Mensam eucharisticam accedendi. Etiam cum non datur facultas ad sacramentalem communionem accedendi, participatio Sanctae Missae manet necessaria, valida, significans et fructuosa. Bonum est his in rerum adiunctis desiderium plenae cum Christo coniunctionis colere per consuetudinem exempli gratia communionis spiritalis, memoratae a Ioanne Paulo II et commendatae a Sanctis vitae spiritalis moderatoribus”.) Гэты фрагмент адносіцца да энцыклікі Ecclesia de Eucharistia (2003), 34 св. Яна Паўла ІІ, працытаванай у папярэдняй зносцы.

[32] Пасля таго, як бура пашкодзіла шматлікія намёты, у якіх захоўваліся кансэкраваныя Гостыі для ўдзялення Камуніі падчас папскай Імшы 21 жніўня 2011 года, толькі частка сабраных асобаў, агульная колькасць якіх налічвала 1 млн чалавек, змагла прыняць святую Камунію. Іншых заахвоцілі прыняць духоўную Камунію. Прэс-сакратар Ватыкана кс. Федэрыка Ламбардзі пазней пракаментаваў гэтае здарэнне: “Гэта дапамагло нам прыгадаць каштоўныя словы з нядаўняга дакумента Папы, які папярэджваў, што “неабходна звярнуць увагу на тое, каб гэтае справядлівае сцвярджэнне не вяло да пэўнага аўтаматызму сярод вернікаў, быццам праз сам толькі факт знаходжання ў касцёле падчас літургіі існуе права ці, магчыма, абавязак прыступаць да эўхарыстычнага Стала. Нават калі немагчыма прыступіць да сакрамэнтальнай Камуніі, удзел у св. Імшы застаецца неабходным, важным, значным і плённым. У такіх умовах добра развіваць прагу поўнай еднасці з Хрыстом” праз практыку духоўнай Камуніі, як гэта называе старажытная і прыгожая традыцыя… глыбокае жаданне з’яднацца з Ім таксама з’яўляецца эфектыўнай крыніцай еднасці” (Zenit, 4 верасня 2011 года).

[33] Mark van Vugt, Anjana Ahuja, “Selected: Why some people lead, why others follow, and why it matters”, London: High Profile Books, 2010, с. 85: “Парадаксальна, але чым больш дарагія рытуалы звязаны з сістэмай вераванняў, там больш трывалай яна з’яўляецца. Адно з даследаванняў рэлігійных суполь­насцяў у Амерыцы ХІХ стагоддзя паказала, што тыя, хто найбольш сурова патрабаваў ад сваіх пасля­доўнікаў (адмаўляцца ад зямных дабротаў, жыць у цэлібаце, пазбягаць кантактаў са знешнімі людзьмі, не ўжываць пэўнай ежы і алкаголю), заставаўся больш трывалым”. Аўтары цытуюць некалькі даслед­аванняў, з якіх вынікае гэтае абагульненне.

[34] Пар. Peters, op. cit., с. 241: “Калі сапраўды цялесны пост спрыяе годнаму прыняццю Эўхарыстыі, як сцвярджаюць паўтары тысячы гадоў практыкі, трэба шчыра прызнаць, што такога стану няможна дасягнуць за адну гадзіну часу”. Д-р Пітэрс далей прапануе (с. 243) вярнуць трохгадзінны пост, але адлічваць яго ад пачатку Імшы, каб было зразумела, калі яго трэба распачынаць.

[35] Peters, ibid., c. 236: “Бессэнсоўныя прадпісанні не павінны быць прадметам заканадаўства, інакш узнікне непавага да права”.

[36] Поўны аналіз гл. у Sammut, op. cit., с. 116–117, с. 83–88.

Пакінуць каментар

Scroll Up