07.11.2018 / Св. Ян Віянэй

Св. Ян Віянэй. Пра чысцовыя пакуты і спосабы ратавання пакутуючых душаў (1 з 2)🕑 13 хвілін

“Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць” (Ян 5:25).

Вельмі смутная і трывожная сітуацыя нашых бацькоў, родных, знаёмых, калі яны пайшлі з гэтага свету, не расплаціўшыся з Божай справядлівасцю. Бо тады яны сказаны на тую страшную вязніцу, якая называецца чысцом, і будуць там заставацца да таго часу, пакуль цалкам не выплацяць сваіх даўгоў. “Як страшна, — кажа Апостал народаў, — трапіць у рукі Бога жывога” (Гбр 10:31).

Але навошта я, браты дарагія, узышоў сёння на амбону і ад чыйго імя павінен прамаўляць да вас? Узышоў па загадзе Бога, а прамаўляць павінен ад імя вашых бацькоў, родных, знаёмых. Усё ж менавіта перад імі вы маеце доўг удзячнасці. Прыгадайце сабе, што яны зрабілі для вас, калі жылі на гэтай зямлі. Вазьміце пад увагу іх становішча ў чысцовым вогнішчы і паспяшайцеся да іх з дапамогай.

Здаецца мне, што чую, як яны крычаць: “Скажы нашым бацькам, скажы нашым маці; скажы нашым дзецям, усім нашым родным, якія страшныя пакуты мы зносім. Няхай злітуюцца з нас і не адмовяць нам у сваёй дапамозе. З таго часу, як мы разлучыліся з імі, мы ўвесь час гарым у гэтым вогнішчы. Няхай яны ўзрушацца нашым галашэннем і вызваляць нас з гэтай нядолі! Прадстаў ім, слуга Божы, падрабязна перадусім веліч нашай мукі, а потым сродкі, якімі яны могуць яе аблегчыць або цалкам нас вызваліць”. Суцяшальніца засмучаных, заступіся за нас.

Вітай, Марыя!

α) Як каталіцкія вернікі, мы добра ведаем, дарагія браты, што існуе чысцец, гэта значыць месца, дзе душы памерлых вернікаў выплачваюць даўгі Божай справядлівасці. Гэта праўда нашай веры, што калі наша пакута не адпавядала велічы нашых грахоў, то хоць Пан Бог прабачыў нам нашыя грахі, з якіх мы спавядаліся, хоць Ён вызваліў нас ад вечнага пакарання, але для поўнага разліку з зямных караў мы будзем сказаныя на пакуты чысца. Калі Бог не пакідае без узнагароды ніводнай добрай думкі, ніводнага жадання і нават найменшага ўчынку, то не пакіне без пакарання таксама ніводнай нават самай лёгкай правіны. Мы пойдзем у чысцец і будзем цярпець да таго часу, пакуль Божая справядлівасць не палічыць нас цалкам ачышчанымі. У Святым Пісанні мы знаходзім шмат доказаў таго, што хоць грахі нам прабачаюцца, аднак Бог ускладае на нас абавязак зносіць на гэтым свеце розныя часовыя пакаранні, а ў тым свеце выплачваць усё да астатняй капейкі ў чысцовым полымі.

Гляньце, што здарылася з Адамам: калі ён шкадаваў за свой грэх, Бог яго прабачыў, аднак сказаў на пакуту, якая трывала больш за 900 гадоў. Якая ж гэта доўгая пакута! Давід насуперак Божай волі загадаў перапісаць усіх сваіх падданых, аднак пазней пад мукамі сумлення прызнаў свой грэх, упаў тварам на зямлю і прасіў у Бога прабачэння. Бог узглянуў на ягонае шкадаванне, прабачыў віну, але паслаў прарока Гада, каб той сказаў яму: Выберы, кароль, адну з трох караў, якія Бог прызначыў за твой грэх: пошасць, вайну або голад. Давід адказаў: лепш трапіць у рукі Пана, які ўжо столькі разоў аказваў сваю міласэрнасць, чым у рукі людзей. Ён выбраў пошасць, якая трывала тры дні і забрала ў яго 70 тысяч падданых. А калі б Пан Бог не стрымаў рукі анёла, выцягнутай над горадам, то ўвесь Ерузалем быў бы спустошаны. Убачыўшы, колькі няшчасцяў пайшло з-за ягонага граху, Давід прасіў Бога, каб звярнуў сваю кару супраць яго самога, а нявінны народ пашкадаваў.

Ах, браты дарагія, колькі ж гадоў выпадзе цярпець у чысцы нам, што ўчынілі столькі грахоў і пад выглядам таго, што паспавядаліся, не робім належнай пакуты. Колькі ж гадоў мукі чакае нас на тым свеце!

β) Полымя ў чысцы тое самае, што і ў пекле. Розніца заключаецца толькі ў тым, што яно не вечнае. Даў бы Бог, каб нейкая з тых бедных душаў, што там прабываюць, стала сёння на маім месцы, акружаная паглынаючым яе агнём, і распавяла пра свае мукі, напоўніла гэты касцёл сваімі крыкамі. Можа, змякчыла б і абудзіла да літасці вашыя сэрцы! О, як жа мы церпім, уратуйце нас, браты, з гэтай мукі, вы можаце гэта прыспешыць. О, калі б вы адчувалі, наколькі балюча быць адлучанымі ад Бога! Хто ж зможа гэта выказаць? Гарэць у полымі, распаленым справядлівасцю Божай, зносіць нечуваны боль, адчуваць паглынаючы жаль, ведаючы, што мы маглі гэтага пазбегнуць! О, дзеткі дарагія, крычаць бацькі, мы вас так любілі, ці ж праўда, што вы цяпер нас пакінулі? Вы адпачываеце на мяккім ложку, а мы ў страшным вогнішчы. Вы аддаецеся забавам, а мы ўдзень і ўначы церпім і плачам. Вы жывеце ў дамах, якія мы вам пакінулі, карыстаецеся працай рук нашых, а мы, пакінутыя вамі столькі год таму, церпім страшныя пакуты. Ані міласціны не даеце, ані пра Імшу святую не просіце, каб прыйсці нам на дапамогу. Можаце нам дапамагчы, можаце нас з вязніцы ўратаваць, аднак не думаеце пра гэта. О, якія ж страшныя нашы пакуты!

Так, браты дарагія, калі мы енчым у вогнішчы, то змяняем сваё меркаванне пра тыя лёгкія правіны, калі можна назваць іх лёгкімі, якія мы дапускалі. “О мой Божа, — усклікае кароль-прарок, — гора нават самаму справядліваму чалавеку, калі Ты асудзіш яго без міласэрнасці. Калі Ты знайшоў плямы на сонцы і злосць у анёлах, то што ж будзе з грэшнікам?” Колькі ж гадоў чысцовых мук належыць нам, што здзейснілі столькі смяротных грахоў, а амаль нічога не робім, каб адплаціць Божай справядлівасці!

γ) Мы чытаем у Святым Пісанні, што Пан Бог аднойчы сказаў аднаму са сваіх прарокаў: “Ідзі да караля Ерабаама і дакарай яго ад Майго імя за грэх ідалапаклонства, які ён дапусціў. Не спажывай аніякай ежы ані ў яго, ані ў дарозе”. Прарок паслухаўся гэтага наказу, не звяртаючы ўвагі на тое, што яму пагражае вялікая небяспека. Ён стаў перад каралём і, згодна з Божай воляй, дакараў яго за правіну. Кароль моцна пакрыўдзіўся на такую смеласць прарока, падняў руку і загадаў яго схапіць. Аднак рука караля тут жа высахла. Бачачы такую кару, Ерабаам апамятаўся і пачаў шкадаваць. Пан Бог узглянуў на ягонае шкадаванне, прабачыў яму грэх і аздаравіў руку. Гэтая міласць змяніла стаўленне караля, ён больш не гневаўся на прарока, а прасіў, каб той сеў з ім за стол і спажыў ежу. “Не магу, — адказаў прарок, — Пан Бог мне забараніў; хоць бы ты мне даў палову каралеўства, не зраблю гэтага”. Калі вяртаўся, сустрэў фальшывага прарока, які казаў, што пасланы ад Пана, і схіляў яго да спажывання ежы з ім. Ён прыняў гэтае запрашэнне і тое-сёе з’еў. Але як толькі выйшаў з дома фальшывага прарока, адразу сустрэў агромністага льва, які яго пажэр. Калі спытаемся, што прывяло да гэтай смерці, то атрымаем адказ, што вінаватая ў ёй непаслухмянасць прарока.

Паглядзім яшчэ на Майсея, які быў так мілы Богу. На хвіліну толькі ён засумняваўся, ці пачне вада біць са скалы, і два разы ў скалу ўдарыў. Бог жа сказаў: Я абяцаў табе, што ўвойдзеш у абяцаную зямлю, якая аплывае мёдам і малаком, але ты засумняваўся і два разы ўдарыў у скалу, быццам аднаго не было дастаткова, таму ў якасці пакарання толькі здалёк убачыш гэтую зямлю, але ў яе не ўвойдзеш.

Калі Бог так сурова карае лёгкія правіны, то як жа будзе караць няўважлівасць у малітве, неўласцівыя паводзіны ў касцёле. Ах, наколькі ж мы сляпыя! Колькі гадоў ці стагоддзяў рыхтуем для сябе ў чысцы за столькі правінаў, якія ні за што сабе ўважаем. Як жа па-іншаму будзем адгукацца, калі апынемся пасярод таго полымя, у якім так намацальна, так балюча адчуем Божую міласэрнасць!

δ) Бог справядлівы, браты дарагія, ва ўсім, што робіць. Ён узнагароджвае нас за найменшы ўчынак, узнагароджвае нават нашыя прагненні, усялякую добрую думку, нават калі мы з-за нейкіх перашкод не змаглі давесці яе да справы. Але, з іншага боку, калі мова ідзе пра пакаранне, нічога не прабачае. Кожная правіна, нават найменшая, можа нас у чысцец завесці. Многія святыя не раней дайшлі да неба, як пасля прабывання ў чысцы на працягу пэўнага часу. Святы Пётр Дам’ян кажа, што ягоная сястра шмат гадоў заставалася ў чысцы за тое, што аднойчы слухала з прыемнасцю пэўную распусную песеньку. Два манахі паабяцалі адзін аднаму, што той, хто першы з іх памрэ, нейкім спосабам паведаміць таму, што застаўся пры жыцці, пра свой стан, у якім знаходзіцца пасля смерці. Бог дазволіў таму, што памёр першым, выканаць сваё абяцанне. Той паказаўся свайму прыяцелю і запэўніў яго, што пятнаццаць дзён прабываў у чысцы за тое, што надта любіў рабіць па-свойму. Калі жывы павіншаваў яго з такім нядоўгім прабываннем у чысцы, памерлы адказаў: “Я хацеў бы, каб з мяне дзесяць тысяч гадоў на зямлі скуру здзіралі, бо нават самую вялікую пакуту няможна параўнаць з тымі цярпеннямі, якія я ў чысцы зносіў”. Адзін святар запэўніваў свайго прыяцеля, што на працягу некалькіх месяцаў заставаўся ў чысцы за тое, што адкладаў выкананне завяшчання, у якім былі запісы на розныя дабрачынныя мэты.

Ах, як многія і цяпер, браты дарагія, маюць за сабою тую самую віну! Ужо восем або дзесяць гадоў таму памерлі іхнія бацькі і абавязалі іх даць такую або гэтакую міласціну, замовіць столькі ці столькі святых Імшаў, а яны дагэтуль таго не выканалі! Колькі ёсць такіх, што з асцярогі, каб там не было нейкіх запісаў на дабрачынныя мэты, не хочуць зазірнуць у завяшчанне, складзенае на іх карысць бацькамі або прыяцелямі! Вось, тыя бедныя душы застаюцца ў чысцы, зносяць страшныя пакуты, таму што не выканана іхняя апошняя воля. Бедныя, што ж вы зрабілі? Вы хацелі ашчаслівіць дзяцей або нашчадкаў вашых, і каб павялічыць іхнюю маёмасць, палепшыць іхні лёс, вы занядбоўвалі ўласныя душы, не клапаціліся пра іх збаўленне. Выкананне добрых учынкаў, якія маглі зрабіць самі, вы даверылі сваім дзецям. Ах, якімі ж неразважлівымі вы былі, калі забыліся пра саміх сябе, пра сваё збаўленне!

Хтосьці скажа: мае бацькі добра жылі, вельмі клапаціліся аб Божай ласцы і сваім збаўленні. Ах, ці так шмат трэба, каб трапіць у чысцец? Паслухаем, што кажа пра гэта Альбэрт Вялікі, цноты якога вядомыя ва ўсім свеце. Пасля смерці ён паказаўся аднаму са сваіх прыяцеляў і паведаміў, што Пан Бог паслаў яго ў чысцец за тое, што ён хвіліну цешыўся сваёй навукай. Што яшчэ больш дзіўна, нават многія кананізаваныя святыя праходзілі праз чысцец. Святы Севярын, арцыбіскуп Кёльна, праз некалькі гадоў пасля смерці паказаўся аднаму са сваіх прыяцеляў і сказаў, што быў у чысцы за тое, што адклаў да вечара малітву, якую павінен быў прамовіць раніцай. О, як шмат хрысціянаў будзе ў чысцы за тое, што адкладалі свае малітвы на іншы час, сцвярджаючы, што мелі важнейшыя справы да выканання! Калі б мы шчыра прагнулі мець Бога, то пазбягалі б як вялікіх, так і малых грахоў, бо адлучэнне ад Бога, нават кароткае, вельмі страшнае для душаў!

ε) Святыя Айцы кажуць, што чысцец знаходзіцца побач з пеклам. Гэта лёгка зразумець, калі мы возьмем пад увагу, што штодзённы грэх недалёкі ад смяротнага. Паводле тых жа Айцоў, не ўсе душы для кампенсацыі Божай справядлівасці пакутуюць у чысцы — некаторыя з іх пакутуюць у тых месцах, у якіх грашылі. Святы Папа Грыгорый даў нам такі прыклад. Адзін пабожны святар, які быў хворы, па загадзе лекара штодзень хадзіў мыцца ў даволі далёкае месца. Заўсёды там яго чакаў нейкі невядомы чалавек, які дапамагаў яму распрануцца, а пасля мыцця даваў ручнік, каб выцерціся. Аднойчы святар з удзячнасці прынёс незнаёмаму чалавеку кавалак благаслаўлёнага хлеба. “Мой ойча, — кажа чалавек, — ты даеш мне рэч, якой я не скарыстаюся, бо я дух, хоць ты і бачыш мяне ў целе. Калісьці я быў тут гаспадаром і тут я адбываю свой чысцец. Слуга Божы, злітуйся з мяне; калі хочаш, можаш вызваліць мяне ад тых пакутаў, якія я зношу: ахвяруй за мяне святыя Імшы, ахвяруй свае малітвы”. І, сказаўшы гэта, знік.

Ах, браты дарагія, ведаючы пра гэта, ці можам мы не памятаць пра нашых бацькоў, якія, можа, тут, побач з намі? Калі б ім Бог дазволіў нам паказацца, то яны самі б нам да ног кінуліся. “Дзеці дарагія, — сказалі б, — майце над намі літасць, не забывайцеся пра нас”. Так, браты дарагія, увечары, ідучы на адпачынак, мы бачылі б бедных бацькоў нашых, якія прасілі б нас ад дапамозе, бачылі б мы іх у нашых дамах, на нашых палях. Гэтыя бедныя душы кружаць вакол нас, ідуць за намі паўсюль, але, на жаль, гэта бедныя жабракі каля злых багачоў! Яны прадстаўляюць ім свае патрэбы і свае пакуты, але злыя багачы не звяртаюць на гэта ўвагі. “Просім, — кажуць, — аб адной Ойча наш, аб адной Вітай, Марыя, аб адной святой Імшы”.

Ах, якімі няўдзячнымі былі б мы, калі б адмовілі нашаму бацьку, нашай маці ў той дробнай частачцы тых дабротаў, якія яны такой цяжкай працай здабылі для нашага шчасця! Скажыце мне: калі б ваш бацька або ваша маці, або адно з вашых дзяцей былі ў полымі, калі б вы бачылі іхнія рукі, выцягнутыя да вас з просьбай аб дапамозе, то ці былі б вы такімі нячулымі і дазволілі б ім гарэць на вашых вачах? Ах, вера нас вучыць, што тыя бедныя душы церпяць такія страшныя пакуты, што ніводзін чалавек не можа гэтага зразумець.

ζ) Калі мы хочам, дарагія браты, падрыхтаваць сабе неба, то будзем жа нястомна маліцца за душы, якія церпяць у чысцы. Малітва за памерлых — гэта знак выбранасці і моцны сродак збаўлення. Святое Пісанне дае нам цудоўнае параўнанне ў гісторыі Ёнатана. Саўл, ягоны бацька, пад страхам смерці забараніў усім жаўнерам есці якую-небудзь ежу, пакуль яны не перамогуць філістымлянаў. Ёнатан, які не зважаў на гэты наказ і быў вельмі змучаны, намачыў канец стралы ў мёдзе і пакаштаваў. Саўл спытаўся ў Пана, ці не парушыў хто гэтую забарону? Даведаўшыся, што ягоны сын парушыў яе, ён загадаў схапіць яго і сказаў: “Няхай то мне зробіць Бог і няхай здзейсніць, што смерцю памрэш”. Ёнатан, убачыўшы, што бацька сказаў яго на смерць за парушэнне гэтага загаду, звярнуў свае вочы на народ і з плачам пачаў нагадваць пра ўсе паслугі, якія яму зрабіў, усе ласкі, якімі адарыў. Люд кінуўся да ног Саўла: “Чаму аддаеш на смерць Ёнатана, які вызваліў нас ад рук непрыяцеляў? Не, не, няхай і волас не ўпадзе з галавы ягонай; мы павінны ўратаваць яго, ён нам зрабіў вельмі шмат дабрадзействаў, мы не можам, не павінны забыцца пра гэта”. “І ўратаваў люд Ёнатана, і ён не памёр”.

Гэта вобраз таго, што дзеецца пры смерці. Як толькі той, хто моліцца за душы, церпячыя ў чысцы, стане перад судом Езуса Хрыста, каб здаць рахунак са свайго жыцця, гэтыя душы, ужо ўратаваныя з чысца ягонымі стараннямі, кінуцца да ног Збаўцы і скажуць: “Пане, злітуйся з гэтай душы, яна вырвала нас з полымя, яна за нас адплаціла Тваёй справядлівасці. Забудзь пра яе правіны, як яна прасіла, каб Ты забыў пры нашыя правіны”.

Ах, як жа вялікія прычыны заахвочваюць нас спачуваць гэтым церпячым душам. Але ў той жа час як хутка мы забываемся пра гэтыя душы. Можна сказаць, што памяць пра памерлых прамінае разам з гукам званоў. Цярпіце, бедныя душы, плачце ў гэтым агні, распаленым Божай справядлівасцю, дарэмныя вашыя ўскліканні, ніхто вас не пачуе, ніхто вам не дапаможа. Вось як мы дзякуем, дарагія браты, за любоў, за дабрату, якую нам аказвалі нашы самыя блізкія, самыя сардэчныя ў жыцці людзі.

Ах, не будзем жа — прашу вас ад усяго сэрца — сярод гэтых няўдзячных, гэтых нягодных, бо, працуючы над іх уратаваннем, мы працуем і над нашым уласным збаўленнем.


Аўтар: св. Ян Віянэй
Крыніца: Sermons du Vénérable Serviteur de Dieu Jean-Baptiste-Marie Vianney, Curé d’Ars. Tome quatrième. Paris. Librairie Victor Lecoffre. 1883 a. Польскі тэкст: Nauki na niedziele i święta całego roku miane w Kollegiacie Łowickiej przez Księdza Antoniego Chmielowskiego. T. III: Czas po Zielonych Świątkach. Warszawa 1893, ss. 657-668. Анлайн: http://www.ultramontes.pl/vianney_o_cierpieniach.htm
Ілюстрацыя: Fr Lawrence Lew, O.P. (CC BY-NC-SA), алтарны абраз у катэдры Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна.

Тэкст перакладзены з польскага перакладу.

Пакінуць каментар

Scroll Up