06.11.2018 / FIUV

Пазіцыя № 9. “Цішыня і нячутнасць у надзвычайнай форме рымскага абраду”🕑 14 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 9: ЦІШЫНЯ І НЯЧУТНАСЦЬ У НАДЗВЫЧАЙНАЙ ФОРМЕ РЫМСКАГА АБРАДУ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Адной з заўважных рысаў надзвычайнай формы рымскага абраду з’яўляецца ціхае або нячутнае прамаўленне літургічных тэкстаў, і гэта абурае тых, хто прызвычаіўся да дыдактычнай мадэлі літургіі, як гэта было ў выпадку прыхільнікаў сінода ў Пістоі. Існуе тры прычыны, чаму вернікі не чуюць некаторыя тэксты падчас Імшы. Па-першае, на спяваных Імшах некаторыя тэксты заглушаны спевам; сярод іншага, заглушаюцца якраз тыя тэксты, якія спяваюцца. Папа Пій Х падкрэсліваў цесную сувязь паміж спевам і літургічнай прасторай, у якой можа знаходзіцца гэты спеў. Па-другое, “святарскія малітвы”, напрыклад “Munda cor meum” і “Lavabo”, цэлебрант скіроўвае асабіста да Бога, і яны выражаюць блізкія адносіны паміж святаром і Богам, якія, як заўважаў Папа Бенедыкт XVI, усім належыць цаніць і наследаваць. Па-трэцяе, цішыня Канона вылучае яго як асабліва сакральную малітву, а атмасфера цішыні нагадвае цішыню Кальварыі. Папа Бенедыкт XVI пісаў пра глыбокі малітоўны ўдзел вернікаў у гэтай “напоўненай цішыні”, якую стварае ціхі Канон.

1. Заўважным адрозненнем надзвычайнай формы рымскага абраду з’яўляецца наяўнасць цішыні, асабліва падчас Канона, тады як у звычайнай форме такой практыкі няма. Гэтая рыса з’яўляецца натуральнай паралеллю з цэлебрацыяй ad orientem [1], таму што яны разам развіліся і распаўсюдзіліся ў раннія стагоддзі Касцёла [2]. Прысутнасць цішыні ў надзвычайнай форме з’яўляецца складанай справай, аднак сама цішыня не выключана і са звычайнай формы. Дадзены артыкул не дасць вычарпальных падрабязнасцей па гэтай тэме і абмяжуецца пэўнымі агульнымі разважаннямі наконт месца цішыні ў надзвычайнай форме рымскага абраду.

2. Ціхая малітва была адным з трох аспектаў старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі, якія крытыкаваў сінод янсеністаў у Пістоі ў 1786 годзе, у выніку чаго гэтую крытыку асудзіў Папа Пій VI [3]. Акрамя цішыні, крытыцы падвергліся складанасць цырымоній і выкарыстанне ненароднай мовы, аднак здаецца, што цішыня была самым вялікім выклікам для прынцыпаў Асветніцтва, на якіх засноўваўся сінод у Пістоі. Бо літургія, верагодна, не зрабілася б адразу зразумелай для вернікаў, калі б яе спрасцілі і пераклалі на народную мову, але надалей прамаўлялі малітвы нячутна. Хоць вернікі, нават тыя, якія валодаюць толькі мінімальнай літургічнай адукацыяй, маюць магчымасць пазнаёміцца са зместам сталых частак Імшы [4], якія прамаўляюцца ціха, для разумення ролі цішыні важна выйсці па-за межы функцыянальнай і дыдактычнай ма­дэлі і разгледзець яе сімвалічнае значэнне.

Нячутнасць

3. Варта коратка сказаць пра тыя выпадкі, калі малітвы прамаўляюцца не ціха, але іх усё адно не чуваць. Гэта здараецца на спяванай Імшы, калі спеў інтроіта і “Kyrie” заглушае падрыхтоўчыя малітвы [5] і тыя малітвы, што ідуць адразу за імі, нават калі ў адваротным выпадку іх было б чуваць. Падобным чынам, спеў іншых зменных і сталых частак заглушае голас святара, калі ён чытае тыя самыя тэксты.

4. У традыцыйнай практыцы існуе вельмі сціслая сувязь паміж літургічнай музыкай і літургіяй. Папа Пій Х у сваім motu proprio пра сакральную музыку Tra le sollecitudini растлумачыў, што спеў не павінен залішне выходзіць за межы прасторы, якую стварыла для яго літургія [6]. Калі б цэлебрант не чытаў тэксты, якія спявае хор, гэтая прастора значна зменшылася б — і ўвогуле знікла, калі б спеву не было дазволена заглушаць іншыя малітвы. Пій Х папярэджвае, што калі спеў выходзіць за гэтыя межы, “літургія ў сваіх функцыях пачынае выглядаць другаснай і нібыта прыслугоўвае музыцы” [7].

5. Прынцып нячутнага прамаўлення малітваў цэлебрантам у той час, як ідзе спеў, захоўваецца ў Імшале 1970 года ў выпадку аферторыя, малітвы якога можна прамаўляць ціха нават тады, калі спеву няма.

Ціхія малітвы святара

6. У іншую катэгорыю трапляюць малітвы, якія пэўным сэнсе з’яўляюцца асабістымі малітвамі святара, які іх прамаўляе. Гэта асабліва датычыцца выпадкаў, калі ён просіць аб ачышчэнні і ласцы годна выканаць сваё служэнне. Сюды ўваходзіць малітва “Munda cor meum” перад Евангеллем, малітва “Lavabo” перад Канонам і ціхія малітвы падчас Камуніі святара. Папа Бенедыкт XVI робіць наступныя каментарыі:

Ціхія малітвы святара запрашаюць яго ўспрыняць сваё заданне як сапраўды асабістае, каб ён мог цалкам аддаць сябе Пану. Яны падкрэсліваюць шлях, якім кожны з нас — асабіста, аднак разам з іншымі — павінен падыходзіць да Пана. Колькасць гэтых святарскіх малітваў была моцна зменшана падчас літургічнай рэформы, але, дзякуй Богу, яны існуюць… [8]

7. Цішыня гэтых малітваў хвалюючым чынам паказвае асабісты характар святарскага задання: яны звернуты толькі да Бога. Як адзначае Папа Бенедыкт, гэты акцэнт з’яўляецца важным як для самога святара, так і для вернікаў, якія павінны далучацца да яго і наследаваць яго прыклад пакоры перад Богам.

Цішыня Канона

8. Асобна ад іншых малітваў стаіць Канон Імшы. Калі на спяванай Імшы “Sanctus” спяваецца падчас Канона [9], то самі словы кансэкрацыі прамаўляюцца падчас выключнага перыяду цішыні, калі нічога няможна спяваць ці граць на аргане. Гэтая цішыня робіцца больш інтэнсіўнай пры дапамозе званочкаў, якія спачатку папярэджваюць пра набліжэнне кансэкрацыі, а затым гучаць падчас самой двайной кансэкрацыі. Пазней, калі спеву няма, можна чуць, як цэлебрант крыху гучнейшым голасам кажа: “Nobis quoque peccatoribus” — пачатковыя словы малітвы за жывых [10], што падкрэслівае нягоднасць святара пасля моманту яго найбольш сціслай ідэнтыфікацыі з Хрыстом. За выключэннем гэтых момантаў, поўная цішыня Канона стварае асаблівую сакральную атмасферу і павялічвае яго важнасць у параўнанні з тым, што ідзе перад ім і пасля яго. Гэта нагадвае словы прарока Абакума, якія выкарыстоўваюцца ў літургіі св. Якуба: “Пан у сваёй святой святыні. Няхай уся зямля суцішыцца перад ім” [11]. І зноў, у кнізе Мудрасці:

Калі спакойная ціша ахапіла ўсё, і ноч у сваім бегу дайшла да сярэдзіны, усемагутнае Слова Тваё з нябёсаў, з каралеўскіх пасадаў, як няўмольны воін, упала сярод спустошанай зямлі [12].

9. Гэтая частка Імшы натуральным чынам нагадвае нам пра тое, як першасвятар уваходзіць у святое святых у Храме, пра медытацыю Майсея, схаванага ў воблаку на гары Сінай, пра цішыню Кальварыі, якую перапыняюць толькі апошнія словы. Значэнне святара, які выходзіць са звычайнага свету і ўваходзіць у іншую рэальнасць, каб сустрэцца з Богам, моцна падкрэслена ў іканаграфіі. Пра такія паралелі казалі Айцы і дактары Касцёла. Гэтую традыцыю падсумаваў св. Роберт Белармін [13].

10. Як мы заўважалі вышэй, у выпадку малітваў святара цішыня паказвае, што малітва скіравана да Айца, а не да сабранага люду, але гэтым разам не таму, што гэтая просьба мае асабісты характар, а з-за яе ўнікальнай сакральнай прыроды. Важнасць малітваў Канона заключаецца ў тым, што адбываецца на алтары: гэтыя малітвы маюць перадусім выканаўчую, а не інфарматыўную ці дыдактычную ролю. Бл. кардынал Джон Генры Ньюмэн так казаў пра гэта:

Словы неабходныя, але як сродак, а не як мэта; гэта не проста зварот да трона ласкі, гэта значна большы інструмент — інструмент кансэкрацыі, інструмент ахвяры [14].

11. Да свайго абрання Папа Бенедыкт XVI неаднаразова прапаноўваў, каб у звычайнай форме Канон прамаўляўся ціха [15]. Ён кажа наступнае:

Кожны, хто калі-небудзь знаходзіўся ў касцёле, з’яднаным у ціхай малітве Канона, спазнаў, што такое сапраўды напоўненая цішыня. Гэта адначасова гучны і пранікаючы крык да Бога і напоўнены Духам малітоўны акт. Тут сапраўды ўсе моляцца Канон разам, хоць і ў лучнасці з адмысловым заданнем святарскага служэння. Тут усе яднаюцца, да ўсіх дакранаецца Хрыстус, Дух Святы вядзе ўсіх да той супольнай малітвы перад Айцом, якая з’яўляецца сапраўднай ахвярай — любоўю, якая яднае і злучае Бога са светам [16].

Вартасць цішыні

12. У апостальскім лісце Spiritus et Sponsa (2003) св. Ян Павел ІІ пісаў пра важнасць цішыні ў кантэксце паўторнай евангелізацыі Захаду:

Адным з аспектаў, якому мы мусім спрыяць у нашых супольнасцях з большай адданасцю, з’яўляецца досвед цішыні. Нам патрэбная цішыня, “каб дазволіць Духу Святому загучаць у сэрцах і каб цясней злучыць асабістую малітву са словам Божым і з агульным голасам Касцёла”. У грамадстве, што жыве на ўсё больш нястрымнай хуткасці, часта заглушаным шумам і заблытаным эфемернымі рэчамі, жыццёва неабходна нанова адкрыць вартасць цішыні. Распаўсюджанне, таксама па-за межамі хрысціянскага культу, практык медытацыі, якія аддаюць перавагу засяроджанасці, невыпадковае. Чаму б з педагагічнай адвагай не распачаць адмысловую адукацыю ў сферы цішыні ў межах асабістага хрысціянскага досведу? Будзем жа трымаць перад нашымі вачыма прыклад Езуса, Які “выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся” (Мк 1:35). Літургія са сваімі рознымі знакамі і сімваламі не можа ігнараваць цішыню [17].

Як мы абмяркоўвалі ў Пазіцыі № 2 [18] і насуперак асветніцкім меркаванням сінода ў Пістоі, літургія дзейнічае не толькі на вербальным узроўні, але і невербальна. Нядаўна Папа Бенедыкт XVI пацвердзіў важнасць цішыні як “асабліва магутнага спосабу выказацца” [19]:

Калі Бог прамаўляе да нас нават у цішыні, то мы, у сваю чаргу, адкрываем у цішыні магчымасць размовы з Богам і пра Бога. “Нам патрэбная цішыня, якая становіцца сузіраннем, якая ўводзіць нас у Божую цішыню і вядзе нас да таго месца, дзе нараджаецца Слова, адкупленчае Слова” [20].

У літургіі цішыня з большай моцай перадае сакральнасць і важнасць ключавых момантаў нават сучасным людзям [21].

13. Папа Бенедыкт XVI сцвярджаў, што “для таго, каб цішыня была плённай… яна не павінна быць проста паўзай у літургічным дзеянні” [22]. Насамрэч патрабуецца тое, што ён ва ўрыўку, працытаваным у пар. 10, называе “напоўненай цішынёю”: напоўненая цішыня, у якой ёсць штосьці асаблівае і прыдатнае для таго, каб над ім паразважаць. Тут ёсць пэўная паралель са спевам, які, паводле навучання св. Пія Х, мае месца не падчас паўзы ў літургіі, а падчас таго, як яна працягваецца. Цішыня святарскіх малітваў і Канона ў надзвычайнай форме стварае гэтую “напоўненую цішыню” натуральным і поўным сімвалічнасці спосабам.


[1] Гл. Пазіцыя № 4, “Літургічная арыентацыя”.

[2] Йозеф Ратцингер, “Богословие литургии” (Благотворительный фонд имени святителя Григория Богослова, 2017), “Дух литургии”, с. 216: “Невыпадкова ў Ерузалеме ад самых ранніх часоў часткі Канона чыталі ў цішыні, а на Захадзе ціхі Канон, часткова заглушаны медытатыўным спевам, зрабіўся нормай”. У нас няма сведчанняў таго, ці прамаўляўся Канон ціха да VIII ст.; пра тэндэнцыю чытання яго ціхім голасам сведчыць спроба імператара Юстыніяна забараніць гэтую практыку ў 565 г. (навэла 137 у зборніку Mommsen, “Corpus Juris Civilis”, т. 3, с. 699). Здаецца верагодным, што oratio super oblata, альбо сакрэта, прамаўлялася ціха ад моманту яе ўвядзення ў Імшу ў V ст., але гэта немагчыма ўстанавіць дакладна. Юнгман, цытуючы Амалярыя (+ каля 850 г.) сцвярджае, што адрозненне паміж гучнымі словамі “Nobis quoque peccatoribus” і астатняй часткай Канона, якая чытаецца ціха, было падкрэслена і абмяркоўвалася ў IX ст. (Joseph Jungmann, “The Mass of the Roman Rite: Its origins and development”, англ. выд.: New York: Benzinger, 1955, т. II, с. 257, зн. 47).

[3] Пій VI, була Auctorem fidei (1794), 33: “Сцвярджэнне сінода, у якім ён выказвае жаданне знішчыць прычыны, якія часткова давялі да таго, што прынцыпы, звязаныя з парадкам літургіі, аказаліся забытымі, “вярнуўшы літургіі большую прастату абрадаў, выражаючы яе на народнай мове і гучна прамаўляючы словы”; [Каментарый:] быццам бы сённяшні парадак літургіі, прыняты і зацверджаны Касцёлам, у пэўнай меры нарадзіўся з-за таго, што прынцыпы, якімі ён павінен кіравацца, аказаліся забытымі — [Тэалагічная кваліфікацыя сцвярджэння:] неразважлівае, абразлівае для пабожных вушэй, крыўднае для Касцёла, спрыяючае абвінавачванням ерэтыкоў супраць яго”. Пра спробы французскіх біскупаў настойваць, каб Канон чытаўся гучна, у XVI ст. і потым у XVIII ст., гл. Archdale A. King, “Liturgy of the Roman Church”, London: Longmans, 1987, с. 431–432.

[4] Многія гады Святая Кангрэгацыя абрадаў забараняла перакладаць сталыя часткі Імшы; апошнім разам гэтая пастанова была паўторана ў 1858 г. Аднак агульны сэнс Канона і нават парафразы яго частак уваходзілі ў пабожныя кнігі для ўдзелу ў Імшы, якія пачалі з’яўляцца разам з кнігадрукаваннем і асабліва развіваліся з XVII ст. Гл. Alcuin Reid, “The Organic Development of the Liturgy”, San Francisco: Ignatius Press, 2005, зн. 191 на с. 63.;Thomas Frederick Simmons, “The Lay Folks Mass Book, or, the Manner of Hearing Mass: with Rubrics and Devotions for the People, in Four Texts, and Office in English according to the Use of York, from Manuscripts of the Xth to the XVth Century” (Early English Text Society, 1879).

[5] Падрыхтоўчыя малітвы (малітвы каля прыступак алтара) не мусяць быць абавязкова нячутнымі, але яны таксама гістарычна належаць да катэгорыі асабістых малітваў святара (гл. параграфы 6–7), альбо прынамсі святара і іншых пасвячаных служыцеляў. Раней іх прамаўлялі ў сакрыстыі або ў дарозе да алтара (гл. Jungmann, op. cit., т. I, с. 291–295). Гэта таксама аргумент у апраўданне таго, што ў спяванай Імшы гэтых малітваў не чуваць.

[6] Св. Пій Х, motu proprio Tra le sollecitudini (1903), 22–23: “Не дазволена трымаць святара пры алтары, каб ён доўгі час, не прадугледжаны літургіяй, чакаў з прычыны спеву альбо музыкі. Згодна з касцёльнымі прадпісаннямі, спеў “Sanctus” на Імшы павінен скончыцца перад узнясеннем, і таму святар тут павінен звяртаць увагу на спевакоў. “Gloria” і “Credo”, згодна з грыгарыянскай традыцыяй, павінны быць адносна кароткія. Увогуле трэба лічыць вельмі сур’ёзным злоўжываннем, калі літургія ў сваіх функцыях пачынае выглядаць другаснай і нібыта прыслугоўвае музыцы, бо музыка з’яўляецца ўсяго толькі часткай літургіі і яе пакорнай служанкай”.

[7] Больш поўную цытату гл. вышэй, у зносцы 6. Мы спадзяёмся, што роля сакральнай музыкі ў надзвычайнай форме рымскага абраду стане прадметам будучага артыкула гэтай серыі.

[8] Ратцингер, op. cit., с. 214. Далей Папа Бенедыкт пералічвае месцы ў Імшале 1970 года, дзе знаходзяцца ціхія малітвы: падчас падрыхтоўкі да абвяшчэння Евангелля, падчас падрыхтоўкі дароў, перад і пасля таго, як святар прымае Камунію.

[9] Калі спяваць “Sanctus” і “Benedictus” грыгарыянскім спевам, яны зазвычай выходзяць кароткімі. Паліфанічныя варыянты часта даўжэйшыя, і з гэтай прычыны “Benedictus” адкладаюць на час пасля кансэкрацыі. (Раней хорам рэкамендавалі дзяліць “Sanctus” і “Benedictus” падобным чынам і ў грыгарыянскім варыянце; у Graduale Romanum 1908 года гэта не было растлумачана, але пра гэта казала Святая Кангрэгацыя абрадаў у адказе на dubium (14 студзеня 1921 года); у 1958 годзе інструкцыя “Musica Sacra” скасавала гэтае правіла.)

[10] Часта лічыцца, што гэтыя словы адносяцца выключна да духавенства. Гл. Jungmann, op. cit., с. 249–250. Ён таксама абмяркоўвае магчымае практычнае паходжанне вымаўлення гэтых словаў уголас і прыводзіць алегарычныя інтэрпрэтацыі, запісаныя ў творах Амалярыя, Бернольда Канстанцкага і Дзюрана, і іх значэнне ў распаўсюджанні гэтай практыкі з урачыстай Імшы на ціхую (op. cit., с. 258–259 і зн. 54).

[11] Абк 2:20: “Госпад жа ў Сваёй святыні святой; хай маўчыць перад Ім уся зямля”. (“Dominus autem in templo sancto suo: sileat a facie eius omnis terra”.) Пар. Саф 1:7: “Змоўкніце перад абліччам Госпада Бога, бо блізка дзень Госпада; бо Госпад прыгатаваў ахвяру, асвяціў Сваіх пакліканых”. (“Silete a facie Domini Dei: quia iuxta est dies Domini, quia praeparavit Dominus hostiam sanctificavit vocatos suos”.) Таксама Іс 32:17: “…вынікам справядлівасці будзе супакой” і больш яскрава па-лацінску: “…cultus iustitiae silentium”. Беларускі пераклад тут даецца паводле Бібліі ў выданні Біблійнага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, 2017).

[12] Мдр 18:14: “Cum enim quietum silentium contineret omnia et nox in suo cursu medium iter haberet, omnipotens sermo tuus de caelo a regalibus sedibus durus debellator in mediam exterminii terram prosilivit”.

[13] Св. Роберт Белармін, “Disputationes de controversiis christianae fidei”, кніга VI, раздзел 12. “Мы таксама маем прыклад ахвяры Старога закону. Бо для ўрачыстага ахвяравання ладану было загадана, каб толькі святар прайшоў праз заслону для ахвярапрынашэння, молячыся за сябе і за люд. Яны стаялі звонку, чакаючы; яны не толькі не маглі чуць святара, яны нават не бачылі яго… Зноў жа, калі Хрыстус вісеў на крыжы як узор усялякай ахвяры, Ён прыносіў сваю ахвяру ў цішыні”. Цыт. па выд. Thomas Crean OP, “The Mass and the Saints”, Oxford: Family Publications, 2008, с. 104; гл. таксама вышэй зн. 9.

[14] Бл. кард. Джон Генры Ньюмэн (1848), “Loss and Gain: The Story of a Convert”, ч. II, раздз. 20.

[15] Ратцингер, op. cit., с. 216–217, адносна прапановы, зробленай у 1978 годзе і паўтараючы яе.

[16] Ратцингер, op. cit., с. 217.

[17] Св. Ян Павел II, апостальскае пасланне Spiritus et Sponsa (2003). Першая ўнутраная цытата ўзята з Агульных уводзінаў да Літургіі гадзінаў, 202.

[18] Пазіцыя № 2, “Літургічная пабожнасць і ўдзел у літургіі”.

[19] Бенедыкт XVI, Пасланне на 46-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі “Цішыня і Слова: шлях евангелізацыі” (2002): “Напрыклад, часта мы заўважаем, што менавіта ў цішыні адбываецца сапраўдная камунікацыя паміж людзьмі, якія любяць адно аднаго: жэсты, выразы твару і мова цела з’яўляюцца знакамі, пры дапамозе якіх яны адкрываюцца адно аднаму. І пра радасць, і пра трывогу, і пра цярпенне можна сказаць у цішыні — сапраўды, яна дае ім асабліва магутны спосаб выказацца. Таму цішыня дае пачатак больш актыўнай камунікацыі, патрабуючы чуласці і здольнасці слухаць, што часта з’яўляецца сапраўднай мерай і прыродай адносінаў. Калі паведамленняў і інфармацыі зашмат, каб адрозніць важнае ад няважнага і другаснага, патрэбна цішыня”.

[20] Ibid. Унутраная цытата ўзята з гаміліі Папы Бенедыкта падчас святой Імшы з членамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі 6 кастрычніка 2006 года. Папа Бенедыкт XVI абмяркоўваў маўчанне Бога як сродак размовы з намі, спасылаючыся на словы св. Фаўстыны Кавальскай у яе “Дзённіку”: “Маўчанне — гэта такая магутная мова, што яна дасягае трону Бога жывога; маўчанне — гэта Яго мова, хоць таемная, але магутная і жывая”. (Св. сястра Фаўстына Кавальская, “Дзённік. Божая Міласэрнасць у маёй душы”, Мінск: Про Хрысто, 2014, § 888).

[21] Пар. св. Павел VI, апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (1975), 42: “Сучаснаму чалавеку абрыдлі размовы; ён, відавочна, стаміўся ад слухання і, што яшчэ горш, стаў глухі да словаў” (“Qui sunt hodie homines, eos novimus, orationibus iam saturatos, saepe saepius audiendi fastidientes atque – quod peius est – contra verba obdurescentes videri”).

[22] Ратцингер, op. cit., с. 211.

Пакінуць каментар

Scroll Up