05.11.2018 / Edward Pentin

Бачанне сінода з таго боку свету: інтэрв’ю з арцыбіскупам Энтані Фішэрам🕑 10 хвілін

Арцыбіскуп-дамініканец вітае працу тых, хто вядзе моладзь да Хрыста і Касцёла, агульны настрой сустрэчы і ўнёсак маладых слухачоў.

Арцыбіскуп Сіднэя (Аўстралія) Энтані Фішэр працаваў у інфармацыйнай камісіі кастрычніцкага сінода, прысвечанага моладзі, і быў выбраны ў звычайную раду сінода біскупаў, якая будзе рыхтаваць наступную сустрэчу.

У гэтым інтэрв’ю з рымскім карэспандэнтам Эдвардам Пенцінам ад 28 кастрычніка арцыбіскуп-дамініканец вітае працу тых, хто вядзе моладзь да Хрыста і Касцёла, агульны настрой сустрэчы і ўнёсак маладых слухачоў.

Аднак ён таксама падкрэслівае рысы, якія лічыць слабымі, у тым ліку “расчаравальную” нясмеласць, звязаную з маральным вучэннем Касцёла, нежаданне прадаставіць пераклады, а таксама тое, што амаль усе айцы сінода адчувалі сябе “выключанымі” з абмеркавання пасля прадстаўлення сваіх прамоваў.

Агулам, ён мае пэўныя перасцярогі наконт форуму ў яго цяперашняй форме: “На гэтым сінодзе мы пісалі вучэнне нібы на ляту, — кажа ён. — Вучэнне так не ствараецца”.

* * *

Якое ваша агульнае ўражанне ад ходу сінода? Вы задаволены вынікам?

Як і яйка вікарыя [*], месцамі ён быў цудоўны. Добрая інвестыцыя часу і рэсурсаў паказала, наколькі сур’ёзна пастыры Касцёла ўспрымаюць справы “моладзі, веры і распазнання паклікання”. Адчувалася рэальная любоў да маладых людзей і жаданне прыцягнуць іх бліжэй да Хрыста і Касцёла. Было таксама вельмі карысна пачуць пра розныя праблемы, якія непакояць маладых людзей і іх пастыраў у розных частках свету. Мяне, напрыклад, гэта вельмі ўзбагаціла. Таксама былі каштоўныя моманты малітвы, сузірання і размоваў.

З іншага боку, на маю думку, фінальны дакумент надта доўгі і ў некаторых месцах двухсэнсоўны. Калі задумацца, для каго ён — для моладзі або людзей, задзейнічаных у моладзевым служэнні, для пастыраў, якія стараюцца зацікавіць моладзь Касцёлам, — то вельмі нямногія з іх прачытаюць штосьці настолькі доўгае і пакручастае.

У дакуменце ёсць пэўныя прыгожыя часткі, аднак за імі зазвычай ідзе больш нудны свецкі сацыялагічны аналіз. Я думаю, дакумент палепшыўся б ад добрага рэдагавання. Ён быў бы больш эфектыўны, калі б яго скарацілі ўдвая і напісалі больш зразумела.

Як можна параўнаць фінальны дакумент з працоўным дакументам, instrumentum laboris? Ці існуе нейкая небяспека ў тым, што гэтыя два дакументы прапануецца чытаць разам?

Фінальны дакумент значна лепшы, у параўнанні з instrumentum laboris, і гэта вынік вялікай працы біскупаў. Многія з айцоў сінода былі здзіўлены прапановай чытаць два дакументы разам: у рэшце рэшт, да самой прыроды працоўных дакументаў і разнастайных чарнавікоў належыць тое, што фінальны дакумент іх замяняе. Працоўны дакумент быў укладзены бюракратамі і не мае аўтарытэту біскупаў.

Ці павялічваецца нябяспека ад таго, што фінальны дакумент патэнцыйна можа стаць настаўніцкім вучэннем?

Папа прадказваў, што замест выдання сваёй уласнай паслясінадальнай апостальскай адгартацыі, як гэта рабілася раней, ён можа прысвоіць фінальны дакумент сінода як свой уласны. Гэта надало б дакументу сінода вагу, якой ён не меў раней.

Улічваючы паспешлівасць, з якой рыхтаваўся дакумент сінода, я б параіў не ставіць папскую “птушачку” аўтаматычна. Павінна быць зразумела, што працоўны дакумент і чарнавік фінальнага дакумента не могуць быць настаўніцкім вучэннем, таму што яны не з’яўляюцца выкананнем настаўніцкага і кіруючага служэння пастыраў Касцёла. Такія дакументы могуць быць вельмі інфарматыўнымі, бо за імі стаяць тэолагі, сацыёлагі, аргументы, але яны не з’яўляюцца высновамі пастыраў Касцёла.

Кажуць, агульны настрой быў добры.

Так, мне ён здаўся добрым, і тыя, хто прысутнічаў на некалькіх сінодах, казалі мне, што гэты быў лепшы за многія. У паветры не было таго напружання, якое некаторыя адчувалі на папярэдніх двух сінодах.

У фінальным дакуменце не так шмат спасылак на маральнае вучэнне Касцёла, аднак гэта вельмі важна для выхавання моладзі…

Вельмі многія праблемы маладых людзей былі маральнымі або духоўнымі па сутнасці, таму расчароўвае, што ўкладальнікі чарнавіка дакумента былі настолькі нясмелымі ў сэнсе выказвання маральнага вучэння Касцёла. Некаторыя з нас стараліся дадаць туды больш касцёльнага вучэння пра натуральнае права, маральныя абсалюты, разважлівасць і дзейнасць сумлення, пра спецыфічныя пытанні, такія як жыццё і сэкс, і гэта дало пэўныя паляпшэнні. Калі б фінальны дакумент больш ясна казаў пра такія рэчы, ён быў бы больш карысны.

Чаму, на вашу думку, у дакументах так мала сказана па гэтых пытаннях?

Магчыма, адным з фактараў было імкненне адказаць на меркаваныя пажаданні сучаснай моладзевай культуры, якая вельмі часта непрыхільна ставіцца да каталіцкай Традыцыі па маральных пытаннях. Іншым фактарам, на маю думку, быў прыхаваны погляд, што папярэднія два (або больш) пантыфікатаў былі надта інтэлектуальныя, надта катэхетычныя, надта ўстаноўчыя і што гэты сінод павінен быць зрухам ад галавы да сэрца, ад спекулятыўнага і маральнага інтэлекту да пачуццёвага распазнання.

Здаецца, укладальнікі чарнавіка адчувалі сябе няёмка не толькі з канкрэтнымі элементамі вучэння магістэрыя, але таксама і з актуальнай метадалогіяй магістэрыя і з тым, як высока ён цэніць практычны інтэлект.

Што вы думаеце наконт параграфаў пра гомасэксуальнасць?

Размовы пра “ЛГБТ” прайшлі, а фінальны дакумент значна лепш следуе настаўніцкай Традыцыі Касцёла па гэтых пытаннях, а не духу эпохі. Ён далікатна пацвярджае і падкрэслівае каталіцкае вучэнне пра мужчыну і жанчыну, сэксуальнасць і сужэнства і не зводзіць людзей да іх сэксуальных жаданняў.

Некаторым з нас больш спадабалася б, калі б ён быў больш зразумелы і моцны. Напрыклад, я не думаю, што фінальны дакумент ясна кажа пра мэту нараджэння дзяцей. Аднак гэта ўсё адно значна лепш, чым працоўны дакумент і чарнавік фінальнага дакумента.

Што за праблема была з перакладчыкамі фінальнага дакумента?

Здаецца, некаторыя арганізатары абурыліся тым, што прынамсі палова айцоў сінода і амаль усе слухачы не размаўляюць па-італьянску. Але факт у тым, што па-італьянску размаўляе 1 % насельніцтва планеты.

Калі Касцёл збіраецца праводзіць сапраўды міжнародныя сустрэчы, ён павінен палепшыць свой моўны бок і забяспечыць кожнага тэкстамі на некалькіх афіцыйных мовах сустрэчы. На гэтым сінодзе такога не было. Былі і іншыя праблемы з распарадкам дня і правіламі сінода, якія выклікалі ў некаторых адчуванне маніпуляцыі.

Вельмі цяжка галасаваць за параграф, калі чуеш яго ад перакладчыка, ці не так?

Так, дакумент чыталі вельмі хутка, перакладчыкі стараліся не адставаць, і айцы не паспявалі рабіць запісы на сваёй роднай мове. Таму нам не заўсёды было зразумела, за што нас просяць галасаваць “так” ці “не”.

Сёння дэлегаты на любой сур’ёзнай міжнароднай сустрэчы маюць перад сабою тэксты на афіцыйных мовах. Калі так могуць зрабіць ААН або гандлёвыя арганізацыі, то можа і Касцёл…

Вядома, я разумею, што Ватыкан мае менш персаналу, чым многія міжнародныя арганізацыі. Аднак калі мы гатовыя аплочваць падарожжы, размяшчэнне і час трохсот або каля таго лідараў Касцёла і іх дарадчыкаў на працягу цэлага месяца, то кошт прафесійнага перакладу будзе займаць адносна невялікую частку.

Наколькі ўплывовую і рэпрэзентатыўную ролю, на вашу думку, адыгрывалі маладыя слухачы?

На працягу ўсёй сустрэчы прысутнічала група з 36 маладых людзей. З імі было прыемна паразмаўляць нефармальна, і яны не вагаліся выступіць на агульных пасяджэннях і ў малых групах. Большасць з іх мае вельмі ідэалістычны настрой. Іхняя прысутнасць сапраўды станоўча паўплывала на ўвесь працэс. Аднак часам мне здавалася, што яны працавалі групай: яны пляскалі, віталі і станоўча прымалі каментарыі, якія адпавядалі пэўнаму вельмі канкрэтнаму сцэнарыю. Некаторыя кажуць, што моладзь навучылі падтрымліваць пэўныя пункты гледжання — не ведаю, ці праўда гэта. Аднак адзін з самых міжнародных айцоў сінода заўважыў, што на сінодзе не было (або амаль не было) маладых людзей з больш “класічным настроем” (ягоныя словы), якія маглі б выказаць такі пункт гледжання, і што па гэтай прычыне маладыя слухачы недастаткова добра прадстаўлялі сваё пакаленне.

Ці не заўважалі вы часам, што людзей, якія больш абаранялі традыцыю і артадоксію, як афрыканцы, змушалі замаўчаць?

Не, я не думаю, што замаўчаць прымушалі толькі больш традыцыйна настаўленых. Прымушалі ўсіх нас. Фактычна, пасля сваіх першапачатковых кароткіх прамоваў біскупам было амаль немагчыма зноў уставіць свой голас на агульным пасяджэнні.

Нават у свабодных дыскусіях?

Свабодных дыскусій было вельмі мала, зазвычай гэта была апошняя гадзіна вельмі доўгага дня. Прынамсі адзін раз увесь гэты час быў аддадзены пад прамовы экуменічных прадстаўнікоў. У іншыя дні ў гэты час рабіліся розныя абвесткі. А калі свабодныя дыскусіі і здараліся, слухалі толькі кардыналаў і маладых людзей; біскупаў не слухалі ўвогуле. Біскупы рабілі кароткую прамову ў пачатку, і на гэтым усё, калі казаць пра агульныя пасяджэнні.

Як здарылася, што ў фінальны дакумент прайшло так шмат матэрыялу пра “сінадальнасць”?

Ну, гэтага не было ў працоўным дакуменце, гэтага не было ў дыскусіях на агульных пасяджэннях, гэтага не было ў моўных групах, гэтага не было ў справаздачах з моўных груп — гэты матэрыял проста з’явіўся, быццам ніадкуль, у чарнавіку фінальнага дакумента.

Супраць гэтай відавочнай маніпуляцыі выступілі некаторыя айцы сінода. Гэта азначае, што некаторыя галасавалі супраць параграфаў пра сінадальнасць не таму, што не згаджаліся з імі, а таму, што яны не згаджаліся з тым, што гэтыя недарэчныя параграфы ўціскаюць у дакумент настолькі позна і без прычыны.

Ці можа быць, што гэтыя параграфы ўведзены з увагі на надыходзячы сінод па праблемах Амазоніі?

Некаторыя так лічаць: што яны былі ўведзены, каб даць магчымасць сіноду па Амазоніі адысці ад пазіцыі паўсюднага Касцёла па пытанні, напрыклад, цэлібату святароў; або каб дазволіць біскупскім канферэнцыям, напрыклад немцам, адысці ад вучэння паўсюднага Касцёла па такіх пытаннях, як благаслаўленне аднаполых саюзаў.

Магчыма і так, але я бачу гэта крыху па-іншаму. Цяпер праводзіцца ціск з патрабаваннем дэцэнтралізацыі розных аспектаў Касцёла ад Папы, кардыналаў і рымскіх дыкастэрый на рэгіянальны і лакальны ўзровень, а таксама ціск з патрабаваннем большага ўдзелу свецкіх у прыняцці рашэнняў у Касцёле. Усё залежыць ад таго, як што разумець, але выглядае гэта даволі разумным. Аднак з гэтым ёсць пэўныя эклезіялагічныя праблемы, і размовы пра сінадальнасць часта вельмі цьмяныя.

У маі Міжнародная тэалагічная камісія рыхтавала і даволі паспешліва зацвярджала дакумент пра сінадальнасць. Як надаць яму настаўніцкі аўтарытэт? Ну, можна станоўча працытаваць яго на сінодзе біскупаў, а потым Папа зацвердзіць гэты дакумент.

Ці лічыце вы, што з гэтымі сінодамі ёсць небяспека, што яны стануць інструментамі для ўвядзення неартадаксальнага вучэння?

Так, існуе сапраўдная небяспека. Вучэнне так не ствараецца. Калі вы рыхтуеце ватыканскі дакумент на нейкую тэму, вы збіраеце групу высокакваліфікаваных тэолагаў і экспертаў у гэтай галіне, якія пішуць новыя і новыя версіі чарнавікоў. Іншыя людзі крытыкуюць іх. Нарэшце, вы перадаеце дакумент біскупам у Кангрэгацыю дактрыны веры.

Папа можа рабіць свой унёсак на працягу той ці іншай стадыі, і, нарэшце, менавіта ягонае зацвярджэнне надае дакументу сапраўдны аўтарытэт. З майго досведу, дарастанне дакумента да публікацыі ў якасці элемента веры Касцёла зазвычай патрабуе некалькіх гадоў часу. На гэтым жа сінодзе мы пісалі вучэнне нібы на ляту: сінадальнасць прайшла менш, чым за тыдзень.

А галасаванне?

Галасаванне па ёй доўжылася хвіліны і вялося пад моцным ціскам часу, без магчымасці прапанаваць дадатковыя змены. На маю думку, вучэнне так не ствараецца.

Што вы думаеце пра аргумент кардынала Луіса Рафаэля І Сака, які ў сваёй прамове сказаў: “Лодка Пятра не падобная да іншых лодак; лодка Пятра нягледзячы на хвалі застаецца моцнай, таму што ў ёй Езус, і Ён ніколі не пакіне яе”. Ці лічыце вы, што нам не варта хвалявацца наконт сінадальнасці, таму што мы — не як англікане?

Я думаю, што гэта правільна і няправільна. Вядома, мы — не як англікане, таму што ў нас ёсць Пётр. Папства вельмі важнае, калі мова ідзе пра кіраванне лодкай у часы моцнага шторму, пра яднанне братоў і ўмацаванне нас у веры апосталаў.

Але калі Пётр кіруе ў аўтаматычным рэжыме і пакідае рэчы мясцовым капітанам, тады карабель можа ўзяць самыя розныя курсы, і не ўсе з іх будуць да лепшага.

Айцы сінода, якія бачылі той беспарадак, які сінадальнасць зрабіла ў Англіканскай царкве, або як яна запрацавала ва Усходніх Касцёлах толькі пасля стагоддзяў выпрацоўкі сінадальнага этыкету, добра ўсведамлялі станоўчыя бакі таго, што ў нас ёсць папства. Я думаю, што яны мелі асцярогі наконт таго, што сёння сінодамі можна маніпуляваць, іх можна змесці модай эпохі. Таксама яны з асцярогай ставіліся да неадназначнай мовы пра “сінадальны стыль”, “сінадальнае вучнёўства” і іншыя рэчы, некаторыя з якіх захаваліся ў фінальным дакуменце. У розных прамоўцаў гэта можа азначаць што заўгодна, і з-за гэтага могуць паўстаць раздзяленні.

Будзем спадзявацца, што каталікі дамовяцца пра больш зразумелае значэнне той сінадальнасці, якая цяпер адбываецца.


[*] “Яйка вікарыя” — алюзія да брытанскай карыкатуры 1895 г., якая паказвае, як вікарый снедае ў свайго біскупа. Той кажа: “Баюся, вам дасталося пратухлае яйка, містэр Джонс”. — “О не, Ваша Эксцэленцыя, насамрэч, некаторыя яго часткі сапраўды цудоўныя”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
ІлюстрацыяАрхідыяцэзія Сіднэя

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up