02.11.2018 / Te igitur

Імша-рэквіем: ясная мэта, стрыманы настрой🕑 9 хвілін

Пане Езу Хрыстэ, Валадар хвалы, вызвалі душы ўсіх памерлых вернікаў ад пякельных пакутаў і глыбокага прадоння. Вызвалі іх з ільвінай пашчы, няхай не праглыне іх апраметная, каб не ўпалі яны ў цемру. Але няхай сцяганосец святы Міхал увядзе іх у святое святло, якое Ты калісьці абяцаў Абрагаму і ягоным нашчадкам [1].

* * *

Традыцыйны рымскі абрад вельмі сур’ёзна ўспрымае рэаліі смерці. У той час як секулярны свет суцяшае сябе словамі пра тое, што “ён цяпер у лепшым свеце”, “яна больш не пакутуе”, каталіцкая вера разумее, што смерць — гэта не толькі пераход да новага жыцця, але і скрыжаванне, за якім далейшыя шляхі ахутаны таямніцай, а лёс памерлага найчасцей невядомы. Рымская літургія рэалістычна падыходзіць да малітвы за памерлых: з аднаго боку, яна выказвае надзею на ўратаванне душы і прапануе суцяшэнне жывым, а з іншага боку, яна ўлічвае магчымасць пакарання і моліцца аб вызваленні душы.

Асаблівай нагоды для аптымізму гэты баланс не дае, таму традыцыйная Імша за памерлых, або Імша-рэквіем, хоць і не пазбаўлена хрысціянскай радасці, мае глыбока засяроджаны і смутны характар.

Якім чынам Імша-рэквіем перадае гэты настрой? Якім чынам яна ўваходзіць у сугучча з эмоцыямі вернікаў? Зразумела, тэксты гэтай Імшы прасякнуты тэмамі смерці, пакарання і ўратавання. Аднак дзякуючы багатай сімволіцы Імша-рэквіем можа выказваць пэўныя рэаліі веры таксама невербальнымі спосабамі. Гэтым разам мы засяродзімся менавіта на цырыманіяльных сродках, якія выражаюць смутак і малітоўную засяроджанасць, тым больш што новая Імша (або той выгляд, у якім яна сёння служыцца) гэтыя сродкі з большага страціла.

Адмова ад цырыманіяльнага бляску

Разумеючы эмацыянальны стан вернікаў, Імша-рэквіем адмаўляецца ад усялякага цырыманіяльнага бляску і прызнае, што гэта не тая нагода, каб выстаўляць напаказ усё багацце свайго ўбранства.

Найперш гэта праяўляецца ў тым, што святар заўсёды служыць Імшу-рэквіем у арнаце чорнага колеру [2]. Гэты колер з’яўляецца ўніверсальным знакам жалобы і ў літургіі сімвалізуе супрацьлегласць усялякаму колеру, смутак з-за смерці і цемру магілы [3].

Цёмныя колеры пераважаюць і ў афармленні алтара. Антыпендый — фрагмент тканіны, які закрывае пярэднюю частку алтара — таксама павінен быць чорнага колеру. Вэлюм на табернакулюме не дазваляецца рабіць чорнага колеру, таму што колер смерці не адпавядае жывой прысутнасці Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, таму на Імшах за памерлых ён мае фіялетавы колер (пры наяўнасці на алтары Найсвяцейшага Сакрамэнту антыпендый таксама павінен быць фіялетавы). Падобны колер (чорны або фіялетавы) мае і дыван, які пакрывае толькі верхні ўзровень прыступак, дзе стаіць святар, а самі прыступкі павінны быць адкрытыя [4].

Існуе шэраг непрадпісаных рэчаў, якія ўведзены ў Імшу за памерлых для таго, каб сімвалы выглядалі цэласна з эстэтычнага пункту гледжання. Напрыклад, падчас рэквіема прынята ставіць на алтар жоўтыя свечкі з неадбеленага воску, якія ў параўнанні з белымі свечкамі выглядаюць больш сціпла і (паводле першапачатковай ідэі) менш каштуюць [5]. Часта да іх таксама выкарыстоўваюць срэбраныя або жалезныя свечнікі і драўляны алтарны крыж [6].

Алтарныя карткі, прызначаныя адмыслова для Імшы за памерлых, робяцца чорна-белымі і ўстаўляюцца ў чорныя рамкі. Калі выкарыстоўваецца адмысловы Імшал, дзе знаходзяцца толькі Імшы пра памерлых (Missale Defunctorum), то ён таксама адметны сваёй чорнай вокладкай і чорнымі закладкамі.

Liturgical Arts Journal апублікаваў добры фотаздымак, на якім можна параўнаць убранства алтара Лонданскага араторыя для звычайнай Імшы і для Імшы за памерлых (павялічыць).

Што датычыцца музычнага суправаджэння Імшы, то граць на аргане дазволена толькі для падтрымання спеву. Калі спеву няма, арган таксама змаўкае. Святар спявае ўсе малітвы (калі Імша спяваная) не ўрачыстым тонам, а буднім.

На Імшы за памерлых скасоўваюцца ўсе пацалункі рук і прадметаў. Зазвычай прыслугоўваючыя выконваюць іх, калі даюць або забіраюць у святара літургічныя прадметы. Аднак, паколькі пацалунак у пэўнай ступені сімвалізуе радасць, на Імшы-рэквіеме ім месца няма. Аналагічна, на ўрачыстым рэквіеме не перадаецца і пацалунак спакою. Гэты пропуск сімвалізуе тое, што пры пераходзе чалавека да іншага жыцця Касцёл на зямлі страчвае ўладу над ім і не можа перадаць яму спакой [7]. Адпаведна, прапускаецца і папярэдняя малітва аб спакоі “Domine Iesu Christe, qui dixisti”.

Пэўныя змены робяцца і ў сталых частках Імшы [8]. У малітвах каля прыступак алтара прапускаецца псальм 42 “Iudica me”. Тлумачыцца гэта справядлівым меркаваннем, што радок “чаму журышся, душа мая, і чаму ўва мне непакоішся” ў абставінах смерці чалавека гучыць даволі недарэчна [9]. Не пасуе да жалобнай Імшы і даксалогія “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому”, якой зазвычай завяршаюцца псальмы. У выпадку псальма 42 праблемы няма, бо псальм прапускаецца цалкам, а вось псальм 25 “Lavabo inter innocentes” падчас абмывання рук захоўваецца, але даксалогія ў ім апускаецца. Зразумела, што ў Імшы за памерлых не прамаўляецца ані “Gloria”, ані “Alleluia”.

Паводле тлумачэння а. Праспэра Геранжэ, словы роспуску “Ite, missa est” таксама лічыліся выразам радасці [10], таму іх палічылі неабходным прыбраць з Імшы за памерлых. З ХІІ ст. іх пачалі замяняць словамі  “Requiescant in pace” (“Няхай спачываюць у супакоі”). Гэты выраз заўсёды прамаўляецца ў множным ліку, нават калі Імша служыцца за адну асобу. На яго даецца адказ “Amen”, а не “Deo gratias”.

Адмова ад благаслаўлення жывых людзей

Другой характэрнай рысай традыцыйнай Імшы за памерлых з’яўляецца яе малітоўная сканцэнтраванасць на тым памерлым, за якога яна ахвяруецца. На практыцы гэта праяўляецца ў тым, што амаль усе благаслаўленні “адбіраюцца” ў жывых людзей і пераходзяць памерламу.

Прыклад гэтага бачны ўжо на самым пачатку Імшы, калі святар чытае інтроіт. Зазвычай на першыя словы гэтай малітвы ён робіць на сабе знак крыжа. Аднак паколькі цяпер Імша засяроджана на памерлай асобе, святар робіць вялікі знак крыжа над Імшалам паралельна паверхні алтара, нібы благаслаўляючы таго, хто ляжыць перад ім у зямлі.

Таксама святар не просіць для сябе благаслаўлення перад чытаннем Евангелля. Ён чытае малітву “Munda cor meum”, але прапускае наступныя просьбы аб благаслаўленні. Апускаюцца пры чытанні Евангелля і іншыя дэталі, якія звязаны з радасцю і знешнім бляскам: не носіцца святло, святар не цалуе кнігу.

Спяваная Імша-рэквіем у Оксфардзе. Звярніце ўвагу, што падчас Евангелля свечкі-“акаліткі” стаяць на крэдэнсе і не выкарыстоўваецца кадзіла.

Падчас ахвяравання дароў святар змешвае ў келіху віно і ваду. Пры гэтым ён, як звычайна, прамаўляе малітву “Deus, qui humanae substantiae”, аднак не благаслаўляе ваду ў ампулцы. Згодна з сімволікай Імшы, вада абазначае вернікаў, віно сімвалізуе нашага Пана, а ўліванне кроплі вады ў віно азначае наш удзел у боскасці Хрыста. Адсюль становіцца зразумелым пропуск гэтага благаслаўлення: даброты Імшы па магчымасці ахвяруюцца за душу памерлай асобы.

Праспэр Геранжэ прыводзіць іншае тлумачэнне, якое засноўваецца на тым, што Касцёл не мае ўлады над душамі ў чысцы. Да той пары, пакуль чалавек жыве, Касцёл на зямлі карыстаецца ўладай, атрыманай ад Пана, і вядзе чалавека да трыумфуючага Касцёла (і тады Касцёл схіляецца перад гэтай святой душою ва ўшанаванні) або да пакутуючага Касцёла, і тады Касцёл на зямлі можа толькі маліцца за гэтую душу. Аднак выконваць над ёю сваю ўладу ён больш не можа і прапаноўвае ёй толькі сваё заступніцтва. Менавіта для таго, каб паказаць, што Касцёл не мае ўлады над душамі ў чысцы, у гэтым абрадзе прапускаецца знак крыжа [11]. Такім чынам, гэта трэці выпадак, калі ў Імшы адбываюцца змены ў знаках благаслаўлення.

На ўрачыстай Імшы за памерлых субдыякан не трымае патэну за плячыма святара, таму ў яго свабодныя рукі, каб акадзіць святыя постаці падчас узнясення.

У гэтым месцы варта згадаць пра яшчэ адну змену, якая датычыцца малітвы “Agnus Dei”. Калі на звычайнай Імшы мы кажам “змілуйся над намі” і “адары нас супакоем”, то на Імшы за памерлых мы двойчы просім “дай ім адпачынак” і на трэці раз “дай ім адпачынак вечны”. Гэта выразна пераносіць акцэнт малітвы з нас саміх на душы памерлых. Адпаведна, святар таксама не ўдарае сябе ў грудзі, бо моліцца не за сябе.

Нарэшце, благаслаўленне вернікаў напрыканцы Імшы таксама прапускаецца. У Імшалах 1558 і 1560 гг. яшчэ існавала асаблівая формула благаслаўлення прысутных на Імшы за памерлых (“Бог, жыццё жывых, уваскрасенне памерлых, няхай благаславіць вас на вякі вечныя”), аднак пазнейшыя Імшалы прынялі практыку, што ўсе благаслаўленні жывых людзей на Імшы-рэквіеме павінны прапускацца, і таму святар пасля словаў “Requiescant in pace” чытаў малітву “Placeat” і адразу пераходзіў да Апошняга Евангелля [12].

Развітанне з целам

Нарэшце, непасрэдна з жалобнай Імшою звязаны абрад развітання з целам. Калі мова ідзе пра пахавальную Імшу, то перад прэзбітэрыем змяшчаецца труна, аднак у Дзень задушны цела адсутнічае і труну замяняе катафалк, накрыты чорнай тканінай з выявай крыжа, або прынамсі кавалак чорнай тканіны. Вакол катафалка ставіцца шэсць свечак з цёмнага воску. Святар моліцца над катафалкам, акрапляючы яго святой вадой і абыходзячы яго з кадзілам. У гэтым абрадзе не дазваляецца выкарыстоўваць кветкі, аднак, калі Імша-рэквіем служыцца за памерлага іерарха, на катафалку змяшчаюцца адпаведныя інсігніі, якія адпавядаюць яго годнасці [13].

Катафалк на ўрачыстай Імшы ў дамініканскім абрадзе за біскупа Іва Адрованжа. Фота: Ars Celebrandi.

Дзякуючы пастановам Папы Бенедыкта XVI вернікі зноў могуць свабодна карыстацца літургічнымі скарбамі традыцыйнай лацінскай Імшы, таму кожны можа прасіць свайго пробашча, каб пасля смерці па ім або па ягоных блізкіх была адслужана святая Імша-рэквіем. Магчыма, настойлівасць вернікаў і ўключэнне адпаведнай просьбы ў завяшчанні маглі б значна паўплываць на адраджэнне старажытнай літургіі ў нашай краіне.

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), дзе не пазначана іншае.


[1] Фрагмент аферторыя Імшы за памерлых у Імшале 1962 года: “Dómine Iesu Christe, Rex glóriæ, líbera ánimas ómnium fidélium defunctórum de pœnis inférni et de profúndo lacu: líbera eas de ore leónis, ne absórbeat eas tártarus, ne cadant in obscúrum: sed sígnifer sanctus Míchaël repræséntet eas in lucem sanctam: Quam olim Abrahæ promisísti et sémini eius”.

[2] Novus Ordo дазваляе выкарыстоўваць на Імшах за памерлых чорны колер (Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 346д), аднак на практыцы прынята выкарыстоўваць фіялетавы. У традыцыйнай лацінскай Імшы фіялетавы колер на рэквіемах не дазволены.

[3] Morrisroe, P. (1908). Liturgical Colours. In The Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company. Retrieved November 1, 2018 from New Advent: http://www.newadvent.org/cathen/04134a.htm.

[4] Fortescue, Ceremonies of the Roman Rite Desribed, 2003, 155.

[5] У традыцыйным рымскім абрадзе, паводле касцёльнага права, выкарыстоўваюцца або васковыя свечкі, або свечкі з нейкім працэнтам воску. Напрыклад, паводле цырыманіяла Фортэск’ю, свечкі на алтары павінны мець прынамсі 65 % воску. Раней існавала магчымасць набыць больш дарагія свечкі з адбеленага воску (белага колеру), якія выкарыстоўваюцца на працягу большай часткі літургічнага года, і таннейшыя свечкі з простага воску (жоўтага колеру), якія прадпісаны на Адвэнт, Вялікі пост, Імшы за памерлых і іншыя смутныя нагоды. Цяпер для вырабу белых свечак воск больш не адбельваюць, выкарыстоўваючы замест воску парафін або стэарын. Адпаведна, больш урачыстыя, белыя свечкі сталі таннымі, а свечкі для жалобных нагодаў, васковыя — дарагімі. Падрабязнае абмеркаванне гэтага пытання гл. у арт. “Васковая свечка ў літургіі”.

[6] Liturgical Arts Journal, “Of Requiems, Wood, Iron and Unbleached Beeswax: Internal Consistencies of the Signs”, 02.11.2017. https://www.liturgicalartsjournal.com/2017/11/of-requiems-wood-iron-and-unbleached.html

[7] Gueranger, Explanation of the Prayers and Ceremonies, 60–61.

[8] Гэтыя змены пералічаны ў раздзеле ХІІІ рубрык Імшала.

[9] Lebrun, I, 99.

[10] Gueranger, Explanation of the Prayers and Ceremonies, 66

[11] Gueranger, Explanation of the Prayers and Ceremonies, 25–26.

[12] Jungmann, II, 446.

[13] Morrisroe, P. (1908). Catafalque. In The Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company. Retrieved November 1, 2018 from New Advent: http://www.newadvent.org/cathen/03427a.htm

Пакінуць каментар

Scroll Up