30.10.2018 / FIUV

Пазіцыя № 8. “Прэфацыі”🕑 18 хвілін

Жаданне дадаць новыя прэфацыі ў Імшал 1962 года ад самага пачатку носіцца ў паветры вакол Апостальскай сталіцы. Першым такую прапанову ў сваім лісце да біскупаў зрабіў сам Бенедыкт XVI. Нядаўна арцыбіскуп Гвіда Поцца пацвердзіў, што Ватыкан рыхтуе адпаведны дэкрэт.

Федэрацыя “Una Voce”, якая аб’ядноўвае свецкіх вернікаў, прывязаных да надзвычайнай формы, палічыла неабходным выказаць сваё меркаванне насуперак гэтым жаданням. Аўтары гэтага артыкула сцвярджаюць, што ўвядзенне новых прэфацый у Імшал надзвычайнай формы парушыць характэрныя рысы гэтай формы Імшы і што нельга проста перанесці прэфацыі з новага Імшала ў стары, таму што новыя прэфацыі не адпавядаюць старым па стылі і функцыі.

У дадатку да артыкула занатоўваюцца наяўныя прэфацыі ў асноўныя перыяды развіцця рымскага абраду.


ПАЗІЦЫЯ № 8: ПРЭФАЦЫІ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Існуе вялікая колькасць лацінскіх прэфацый, якія датуюцца раннім Сярэднявеччам і пазнейшым часам, аднак гістарычна рымскі абрад характарызаваўся вельмі невялікай колькасцю прэфацый. Сакрамэнтарый Папы Адрыяна ўтрымліваў 14 прэфацый; з канца ХІ ст. да 1919 г. іх было 12; з 1919 да 1928 гг. было дададзена яшчэ чатыры. Акрамя таго, рэлігійным ордэнам і некаторым месцам было дазволена выкарыстоўваць некалькі дадатковых прэфацый. Старажытная літургічная традыцыя, прадстаўленая Імшалам 1962 года, адзначаецца малой колькасцю прэфацый, немагчымасцю выбіраць паміж прэфацыямі ў межах адной Імшы і іх стрыманым лацінскім стылем пры амаль поўнай адсутнасці прэцэдэнтаў, калі б прэфацыі дадавалі, нават у выпадку новых важных святаў. Прэфацыі Імшала 1970 года, якіх налічваецца 82, адрозніваюцца і стылем, і функцыяй, бо яны былі створаны як дадатак да новых эўхары­стычных малітваў; яны таксама ўкладзены з арыентацыяй на іншую паслядоўнасць малітваў, у якой, у адрозненне ад старажытнай рымскай традыцыі, прэфацыя не выконвае заступніцкай функцыі. Мы лічым, што магчымасць дадавання новых прэфацый у Імшал 1962 года не выконвае крытэрыя канстытуцыі Sacrosanctum concilium, згодна з якім “інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла”, асабліва з улікам таго, што надзвычайная форма рымскага абраду ўсё яшчэ знаходзіцца на ранняй стадыі прыняцця ў літургічнае жыццё Касцёла.

1. У лісце да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum (2007) Папа Бенедыкт XVI кажа пра даследаванне “практычных магчымасцяў” дапаўнення над­звычайнай формы рымскага абраду новымі прэфацыямі і пра кансультацыю па гэтым пытанні “з рознымі групамі, якія прысвяцілі сябе usus antiquior” [1]. Гэты артыкул з’яўляецца адказам на гэты заклік аб даследаванні і кансультацыі. У межах дыскусіі варта разгледзець спачатку гісторыю пытання, а затым крытэрыі арганічнага раз­віцця літургіі.

Гістарычны аспект

2. Мы валодаем толькі фрагментарнай інфармацыяй наконт таго, якія Імшалы выкары­стоўваліся ў Рыме (і іншых месцах) да ІХ ст., а існуючыя дакументы нельга лічыць вычарпальнымі. Аднак класічным і найбольш уплывовым прадстаўніком рымскага абраду гэтага ранняга перыяду з’яўляецца сакрамэнтарый Папы Адрыяна VIII ст. [2], які ўтрымлівае 14 прэфацый (гл. Дадатак, 1).

3. У адрозненне ад яго, многія іншыя Імшалы і зборнікі літургічных тэкстаў ад VII да ХІ ст. маюць значна большую колькасць прэфацый [3]. Несумненна, роля гэтых прэфацый заключаецца ў тым, каб надаць Імшы вельмі канкрэтны характар; іх можна лічыць “уласнымі” часткамі Імшы. Поўны сучасны зборнік лацінскіх прэфацый “Corpus Praefationum” складаецца агулам з 1674 прэфацый [4].

4. Тым не менш, з ХІ ст. стандартам пачала станавіцца невялікая колькасць прэфацый. Магчыма, гэта адбылося ў адказ на “фальшывую дэкрэталію Пелагія ІІ”, якая зацвяр­джае толькі 9 прэфацый, верагодна, без уліку агульнай прэфацыі. Сам дакумент называе сябе дэкрэталіяй VI ст., аднак паўстаў ён, верагодна, у ХІ ст. [5] Безадносна свайго паходжання ён быў уключаны ў пазнейшыя зборнікі кананічнага права [6]. Гэта наводзіць на думку, магчыма, цалкам слушна, што старажытнай рымскай практыкай было выкарыстанне вельмі абмежаванай колькасці прэфацый.

5. У ХІ ст. да спісу, прыведзенага ў “фальшывай дэкрэталіі”, была дададзена прэфацыя пра Найсвяцейшую Панну Марыю (хоць сама яна была заснавана на тэксце прэфацыі VIII ст.). Калі да гэтых дадаць таксама агульную прэфацыю і прэфацыю для Missa sicca на благаслаўленне пальмаў у Пальмавую нядзелю, то гэта будуць усе прэфацыі, якія знаходзіліся ў Рымскіх Імшалах 1474 і 1570 гадоў. Сем з іх знаходзяцца ў сакрамэнтарыі Папы Адрыяна, а тры паходзяць са старажытных франкскіх крыніцаў (гл. Дадатак, 3).

6. У гэты пазнейшы перыяд іншыя абрады і звычаі Лацінскага Касцёла часам маглі мець некалькі дадатковых прэфацый. Парыжскі Імшал 1738 года, які быў спробай захаваць асобны галіканскі абрад у Лацінскім Касцёле, меў ажно восем прэфацый, якіх не было ў Рымскім Імшале (гл. Дадатак, 4). Сярод іх, верагодна, былі і новыя творы.

7. Паміж 1919 і 1928 гг. у Рымскі Імшал было дададзена чатыры прэфацыі. Прэфацыя для Імшаў за памерлых (1919) паходзіла з Парыжскага Імшала 1738 года; прэфацыі пра св. Юзафа (1919), Хрыста Валадара (1925) і Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса (1928) былі новымі творамі. Кожная з іх уводзілася ў межах больш шырокіх літургічных зменаў: перагляду літургіі дня ўсіх памерлых вернікаў [7] і свята Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса [8], стварэння свята Хрыста Валадара [9] і развіцця пабожнасці да св. Юзафа [10]. Перагледжаны ў 1955 г. Вялікі тыдзень выкарыстоўваў старажытную прэфацыю для новай Імшы Хрызма (тады як прэфацыя для Missa sicca на благаслаўленне пальмаў знікла). Розныя рэдакцыі Імшала 1962 года ўключаюць у сябе прэфацыі, зацверджаныя для канкрэтных месцаў альбо рэлігійных ордэнаў; найбольш вядомыя чатыры “галіканскія” прэфацыі, зацверджаныя для краінаў з галіканскай спадчынай (гл. Дадатак, 7).

8. Дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў 1968 года ўвёў яшчэ восем прэфацый [11]. Адна з іх мае старажытнае паходжанне і амаль не рэдагавалася; іншыя сем альбо істотна адрэдагаваныя, альбо з’яўляюцца новымі творамі. Гэты дэкрэт таксама дадаў новыя эўхарыстычныя малітвы. У Імшале 1970 года знаходзіцца 82 прэфацыі; большасць з іх складзена нанова, а ў якасці асновы для іх выкарыстоўваліся розныя тэксты. Некаторыя з тых прэфацый, што знаходзіліся ў Імшале 1962 года або былі ўведзены дэкрэтам 1968 года, адкінулі ці перапісалі.

Аспект арганічнага развіцця

9. Канстытуцыя Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum concilium пералічвае крытэрыі сапраўднага літургічнага развіцця. Згадаўшы пра важнасць гістарычных даследаванняў і пастырскіх меркаванняў, канстытуцыя кажа:

…інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла, і з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых [12].

Гэта неабходныя ўмовы любога літургічнага развіцця, а не проста нейкія меркаванні сярод іншых. З улікам гэтага можна зрабіць наступныя заўвагі.

10. Адносна малую колькасць прэфацый можна лічыць характарыстычнай рысай старажытнай літургічнай традыцыі рымскага абраду. Як было заўважана раней, у сакрамэнтарыі Папы Адрыяна іх было 14; з ХІ ст. да 1919 г. іх было 12; яшчэ чатыры было дададзена ў пачатку ХХ ст. Гэта спалучаецца з агульным стрыманым і суровым характарам рымскага абраду, які праяўляецца таксама ў яго невялікім лекцыянарыі, адзінай эўхарыстычнай малітве і г. д. Таксама і па сваім стылі прэфацыі рымскага абраду стрыманыя і суровыя ў параўнанні з тымі, якія знаходзяцца ў галіканскіх і іншых крыніцах. Літургіст Адрыян Фортэск’ю казаў пра гэта наступным чынам:

Галоўнай рысай рымскага абраду заўсёды была суровая прастата. Яна ўсё яшчэ з’яўляецца яго асаблівасцю, калі параўноўваць з больш квяцістымі ўсходнімі абрадамі. Напэўна, варта прыкласці намаганні і захаваць таксама і знешні выраз гэтай рысы, каб стрымаць усялякія візантыйскія тэндэнцыі ў нашым абрадзе [13].

Магчыма, насуперак крытычнаму тону Фортэск’ю трэба падкрэсліць, што рэчы, каштоўныя для адной літургічнай традыцыі, не абавязкова з’яўляюцца чымсьці шкодным у іншай. Той самай канчатковай мэты — пакланення Богу і збаўлення душаў — можна дасягнуць рознымі сродкамі. У гэтым месцы трэба толькі заўважыць, што прастата і суровасць рымскай літургічнай традыцыі з’яўляецца адным з такіх сродкаў, які дакладна годны захавання, як і ўсё іншае, што атрымала развіццё пад кіраўніцтвам Божага Провіду ў літургічных традыцыях Касцёла [14]. Гэтая прастата мае практычныя перавагі, якія асабліва праяўляюцца ў магчымасці падрыхтоўкі адначасова поўных і лёгкіх Імшалаў [15], а таксама ў тым, што грунтоўнае знаёмства свецкіх вернікаў з тэкстамі Імшала робіцца прасцейшым, а гэта аказвае важны ўплыў на якасць удзелу ў літургіі [16].

11. У гісторыі амаль не існавала прэцэдэнтаў, калі ў Рымскі Імшал дадаваліся прэфацыі. Паміж ХІ і ХХ стст. іх не дадавалі ўвогуле, хоць гэтыя стагоддзі пабачылі шмат новых святаў і пабожных кірункаў. Трэба таксама падкрэсліць значэнне стабільнасці літургіі: яна дапамагае вернікам працягваць карыстацца тымі самымі кнігамі і цягам жыцця развіваць сваю знаёмасць з Імшалам, яднаючы свой літургічны досвед з досведам папярэднікаў і наступнікаў.

12. У развіцці рымскага абраду часта здаралася, што даўно прынятыя мясцовыя звычаі рабіліся паўсюднымі. Гэты прынцып можна прымяніць да галіканскіх і іншых новых прэфацый або да прэфацый рэлігійных ордэнаў. Аднак застаецца пытанне наконт тэрміновасці такой змены ў кантэксце як патрэбы стабільнасці ў літургічных кнігах надзвычайнай формы, так і розніцы ў духу паміж галіканскім і рымскім стылем. Аднак здаецца цалкам слушным, каб галіканскія прэфацыі працягвалі выкарыстоўвацца ў краінах з галіканскай спадчынай [17], а іншыя прэфацыі, з адмысловых нагодаў зацверджаныя для канкрэтных месцаў і рэлігійных ордэнаў, працягвалі выкарыстоўвацца ў гэтых месцах і ордэнах.

13. Найбольш разважлівым шляхам можа здавацца ўдзяленне паўсюднага дазволу на іх выкарыстанне на выбар. Аднак трэба заўважыць, што характэрнай рысай надзвычайнай формы рымскага абраду з’яўляцца мінімізацыя колькасці частак на выбар [18]; у сучасны перыяд не было прэцэдэнту, каб існаваў выбар прэфацый [19]. Мноства опцый перашкаджае вернікам сачыць за літургіяй, а таксама ставіць літургію ў залежнасць ад асобы святара. Святы Айцец пісаў пра небяспеку літургічнай “крэатыўнасці”:

Усё менш відаць тут Бога, а большую і большую важнасць набывае тое, што робяць людзі, якія тут сустракаюцца і якія не хочуць падпарадкоўвацца “прад­-вызначанай схеме” [20].

14. Магчымасць увядзення ў надзвычайную форму прэфацый, ўкладзеных для Імшала 1970 года, звязана з праблемамі, якія мы толькі што прадставілі. Іншай праблемай з’яўляецца змена ролі прэфацыі пры пераходзе ад аднаго Імшала да іншага.

15. Адна з прычын гэтага заключаецца ў тым, што старажытная лацінская літургічная традыцыя мае шмат супольнага са старажытным александрыйскім абрадам, асабліва калі памятаць, што прэфацыя і Рымскі Канон старэйшыя за ўстаўку “Sanctus” [21]. У гэтых традыцыях прэфацыя адыгрывае заступніцкую, а не толькі эўхарыстычную (падзячную) ролю. Імшал жа 1970 года, наадварот, выкарыстоўвае эўхарыстычныя малітвы, якія паходзяць ад (альбо ўкладзеныя на ўзор) аналагаў ва ўсходніх абрадах, у якіх заступніцкія просьбы з’яўляюцца часткай эўхарыстычнай малітвы, а не прэфацыі [22]. Таму, як многія старажытныя лацінскія прэфацыі, прэфацыя пра апосталаў у Імшале 1962 года з’яўляецца заступніцкай: яна ўпрошвае Пана “не пакідаць сваёй аўчарні” [23]. У Імшале 1970 года гэтая прэфацыя была перапісана з мэтай выдаліць яе заступніцкі характар [24].

16. Акрамя таго, прэфацыі ў Імшале 1970 года прызначаны для ўжывання з ІІ і ІІІ эўхарыстычнымі малітвамі [25], значна больш кароткімі за Рымскі Канон, і павінны дапаўняць іх. Як у свой час заўважыў кардынал Леркара, рэформа імкнулася:

…зрабіць з эўхарыстычнай малітвы больш цэльную адзінку, якая ўключала б прэфацыю, “Sanctus” і анамнэзу [26].

17. Гэтыя абставіны прывялі да таго, што абсалютная большасць старажытных лацінскіх прэфацый нягледзячы на іх вялікую колькасць аказалася непрыдатнай для Імшала 1970 года [27]. Здаецца лагічным таксама адваротнае сцвярджэнне, што прэфацыі Імша­ла 1970 года непрыдатныя для Імшала 1962 года.

Заключэнне

18. У цэнтры гэтага пытання ляжыць захаванне аўтэнтычнага духу старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі [28] як праз зварот да агульных прынцыпаў арганічнага раз­віцця, так і праз нагадванне жадання Папы Бенедыкта XVI “захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца” [29]. У гэтым сэнсе варта адзначыць рашэнне Святога Айца, які, жадаючы замяніць малітву за жыдоў у літургіі Вялікай пятніцы, не ўставіў туды аналагічную малітву з Імшала 1970 года, а ўклаў новую, больш згодную з літургічным кантэкстам. Калі казаць пра прэфацыі, то гэтую традыцыю характарызуе асаблівы лацінскі стыль, невялікая колькасць прэфацый і вельмі абмежаваная колькасць элементаў на выбар.

19. У сваёй канчатковай выснове мы схіляемся да адтэрміноўкі ва ўвядзенні новых прэфацый. Нам не здаецца, што існуе нейкая пільная неабходнасць дадаваць новыя прэфацыі або што ў дадзеным выпадку выконваецца крытэрый Sacrosanctum concilium, што “гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла”. Трэба прызнаць, што пасля перыяду беспрэцэдэнтнай літургічнай змены цягам кароткага перыяду часу, якая выклікала такое замяшанне, доўгатэрміновую шкоду і пакуты [30], больш практычным і сапраўды істотным выглядае перыяд захавання спакою, асабліва ў выпадку ўсяго, што можа здавацца навінкай. Закончыць можна словамі Бенедыкта XVI:

Больш важным з’яўляецца пярэчанне практычнага характару. Ці належыць нам зноў усё перастаўляць? Нічога не наносіць столькі шкоды літургіі, як пастаянны актывізм, нават калі здаецца, што ён здзяйсняецца ў імя сапраўднай адновы [31].


Дадатак

1. Прэфацыі ў сакрамэнтарыі Папы Адрыяна: агулам 14

  • Агульная
  • На Божае Нараджэнне
  • На Аб’яўленне Пана
  • Велікодная
  • На Унебаўшэсце Пана
  • На Спасланне Духа Святога
  • Пра апосталаў
  • in Natali Papae
  • На пасвячэнне святара
  • На кансэкрацыю алтара
  • На шлюбную Імшу
  • Пра св. Андрэя
  • Дзве пра св. Анастасію (адна насамрэч дадатковая на Божае Нараджэнне)

2. Прэфацыі, загаданыя “фальшывай дэкрэталіяй Пелагія ІІ”: агулам 10

З сакрамэнтарыя Папы Адрыяна:

  • Велікодная
  • На Унебаўшэсце Пана
  • На Спасланне Духа Святога
  • На Божае Нараджэнне
  • На Аб’яўленне Пана
  • Пра апосталаў

З франкскіх крыніцаў:

  • Пра Найсвяцейшую Тройцу
  • Пра Крыж
  • На Вялікі пост

(Агульная прэфацыя, як здаецца, маецца на ўвазе па змоўчанні.)

3. Прэфацыі ў Рымскіх Імшалах 1474 і 1570 гадоў: агулам 12

З фальшывай дэкрэталіі:

  • На Божае Нараджэнне
  • На Аб’яўленне Пана
  • Велікодная
  • На Унебаўшэсце Пана
  • На Спасланне Духа Святога
  • Пра апосталаў
  • На Вялікі пост
  • Пра Крыж
  • Пра Найсвяцейшую Тройцу

Таксама: агульная прэфацыя.

Дададзена ў ХІ стагоддзі: Пра Найсвяцейшую Панну Марыю.

Акрамя таго: прэфацыя для Missa sicca Пальмавай нядзелі.

 4. Прэфацыі Парыжскага Імшала (“de Vintimille”) 1738 года: агулам 19

  • На Адвэнт
  • На Божае Нараджэнне
  • На Аб’яўленне Пана
  • На Вялікі пост
  • Пра Крыж
  • Велікодная
  • На пасвячэнне касцёла
  • Пра Найсвяцейшую Панну Марыю
  • Пра апосталаў
  • Пра св. Дыянісія, Рустыка і Элеўтэрыя
  • На Вялікі Чацвер (і на ватыўную Імшу пра Найсвяцейшы Сакрамэнт)
  • На Унебаўшэсце Пана
  • На Спасланне Духа Святога
  • Пра Найсвяцейшую Тройцу
  • Пра Найсвяцейшы Сакрамэнт і на Божае Цела
  • Пра апекуноў і тытульных святых
  • На шлюбную Імшу
  • Агульная прэфацыя
  • На Імшу за памерлых

5. Прэфацыі, дададзеныя ў Рымскі Імшал з 1919 па 1928 гг.: агулам 4

  • Пра памерлых
  • Пра св. Юзафа
  • На свята Хрыста Валадара
  • Пра Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса

(Прэфацыя пра памерлых знаходзіцца ў Парыжскім Імшале 1738 года, але паходзіць яна, верагодна, са старажытных крыніцаў.)

6. Вынік рэформы Вялікага тыдня ў 1955 годзе: 1 дададзена, 1 скасавана

Скасавана: прэфацыя для Missa sicca Пальмавай нядзелі
Дададзена: старажытная прэфацыя на Імшу Хрызма

7. Прэфацыі для выкарыстання pro aliquibus locis і рэлігійнымі ордэнамі ў 1962 годзе

Каб не падаваць вычарпальны ліст: рэлігійныя ордэны зазвычай мелі прэфацыі на святы сваіх заснавальнікаў. Сярод іх:

  • Пра св. Бенедыкта
  • Пра св. Аўгустына
  • Пра св. Францішка Сальскага
  • Пра св. Норбэрта*
  • Пра св. Дамініка*
  • Пра св. Яна ад Крыжа*
  • Пра св. Тэрэзу Авільскую*
  • Пра св. Іллю*
  • Пра НПМ з гары Кармэль*

* зацверджаныя ў 1919 годзе ці пазней

Францысканскі “Missale Romano-Seraphicum” мае дадатковыя ўласныя прэфацыі на святы св. Францішка, св. Дамініка і св. Клары.

Некаторыя французскія дыяцэзіі маюць уласныя прэфацыі, якія паходзяць з неагаліканскай традыцыі (гл. Дадатак, 4). Сярод іх Ліён, які мае свае прэфацыі не толькі на дні святых, але таксама:

  • На Адвэнт
  • На Вялікі чацвер
  • На Божае Цела
  • На пасвячэнне касцёла

Іспанскія дыяцэзіі маюць уласную прэфацыю на свята св. Тэрэзы Авільскай.

Для ўсіх дыяцэзій Францыі і Бельгіі зацверджаны чатыры прэфацыі з неагаліканскага Імшала 1738 года:

  • На Адвэнт
  • Пра Найсвяцейшы Сакрамэнт
  • Усе святыя / Св. Пётр і Павел
  • На пасвячэнне касцёла

[1] Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum (2007): “Абедзве формы Рымскага абраду могуць узаемна ўзбагаціць адна адну: у стары Імшал можна і трэба ўнесці новых святых і некаторыя з новых прэфацый. Камісія “Ecclesia Dei” ў кантакце з рознымі групамі, якія прысвяцілі сябе usus antiquior, разгледзіць практычныя магчымасці”.

[2] Т. зв. “Адрыянум”, сакрамэнтарый, высланы Папам Адрыянам І (772–795) Карлу Вялікаму па просьбе апошняга. Гэты сакрамэнтарый стаў асновай для працы Алкуіна па рэформе франкскай літургіі.

[3] Сакрамэнтарый Папы Льва (“Sacramentarium Veronense”, ed. L. C. Mohlberg, Rome, Herder 1966), які паходзіць прыблізна з пачатку VII ст., утрымлівае больш за 240 прэфацый (дакладная колькасць залежыць ад таго, як лічыць прэфацыі, якія практычна дублююцца; агулам іх можна налічыць 280; акрамя таго, сакрамэнтарый арганізаваны ў каляндарным парадку, а перыяд ад студзеня да сярэдзіны красавіка ў ім адсутнічае). Аднак, хоць у яго ўключаны рымскі матэрыял, гэта зборнік з розных італьянскіх крыніцаў, прычым хутчэй менавіта зборнік, а не кніга, якая магла б выкарыстоўвацца ў канкрэтным касцёле ці дыяцэзіі. “Стары” сакрамэнтарый Папы Гелазія, які ўтрымлівае рымскі, франкскі і іншыя матэрыялы і быў створаны паблізу Парыжа каля 750 года (“Liber Sacramentorum Romanae Aecclesiae ordinis anni circuli”, рэд. L. C. Mohlberg, L Eizenhöfer, Peter Siffrin, Rome, Herder 1960), мае каля 53 прэфацый; Ангулемскі сакрамэнтарый мае каля 219 прэфацый (гэтая лічба ўключае некаторыя амаль паўторныя прэфацыі, але ў кнізе таксама ёсць некаторыя пропускі). Сакрамэнтарый 348 з Санкт-Галена меў у сваёй арыгінальнай версіі 48 розных прэфацый, а перапрацаваная версія дадала яшчэ 175.

[4] Гэтая калекцыя ўключае новыя прэфацыі, апублікаваныя да 1969 года.

[5] Справядлівае падазрэнне, што гэты тэкст з’яўляецца творам самога Бурхарда, біскупа Вормса, выказана ў артыкуле B. Capelle, “Les origines de la Préface romain de la Vierge”, Rev d’histoire Eccl 38 (1942), 46–58, на с. 47.

[6] “Corpus iuris canonici” (Decretum Gratiani III, 1, 71 (Friedberg, I 1313); пар. Durandus, IV, 33, 35).

[7] Адпаведную прэфацыю ўвялі пасля рэформы Задушнага дня, калі Папа Пій Х упершыню стварыў поўны Афіцый для гэтага дня, узняў яго ступень і дазволіў святарам цэлебраваць тры Імшы.

[8] Фармуляр свята Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса быў грунтоўна перагледжаны ў 1928 годзе з далучэннем адмыслова напісаных спеваў.

[9] Свята Хрыста Валадара было ўстаноўлена Піем ХІ у энцыкліцы Quas primas у 1925 годзе.

[10] Літургічная пашана да св. Юзафа з’яўляецца прыкладам пастаяннага развіцця. Яго свята адсутнічае ў Рымскіх Імшалах да XV ст. Свята св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі (“Iustus ut palma”, 19 сакавіка), якое знаходзіцца ў Рымскім Імшале 1570 года, Клімэнт ХІ зрабіў абавязковым святам у 1714 годзе. У 1847 г. Пій ІХ устанавіў свята св. Юзафа, апекуна Касцёла (“Adiutor et protector”). Пій Х перанёс яго з ІІІ нядзелі пасля Вялікадня на ІІІ сераду пасля Вялікадня і дадаў да яго актаву. Гэтае апошняе свята было захавана ў якасці ватыўнай Імшы па серадах і выкрэслена з календара, саступіўшы месца новаму святу св. Юзафа, працаўніка (“Sapientia reddidit”), якое Пій ХІІ устанавіў на 1 мая ў 1955 г. У 1962 г. Ян ХХІІІ дадаў імя св. Юзафа ў Канон Імшы. Увядзенне ў 1919 г. прэфацыі для выкарыстання ў яго святы і ў ватыўных Імшах з’яўляецца часткай гэтага шырэйшага развіцця.

[11] “Preces Eucharisticae, Notitiae, 40, май–чэрвень 1968 года, с. 156.

[12] Sacrosanctum concilium, 23.

[13] Adrian Fortescue, “Ceremonies of the Roman Rite Described”, London: Burns Oates, 1936, p. xix.

[14] Згадаем словы Папы Бенедыкта XVI: “Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца” (ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum, 2007); пар. Пій ХІІ, Mediator Dei, 61, пра літургічнае развіццё на працягу часу: “ Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”.

[15] Як алтарных Імшалаў (напрыклад тых, якімі карыстаюцца вайсковыя капеланы), так і імшалаў для свецкіх вернікаў.

[16] Гл. Пазіцыя № 7, “Літургічная роля лацінскай мовы”.

[17] Надрукаваны для ЗША алтарны Імшал выдавецтва Benzinger, у які ўключаны змены ў тэкстах і рубрыках па стане на 1962 год, такія як увядзенне імя св. Юзафа ў Канон, таксама ўтрымлівае “галіканскія” прэфацыі. Дазвол на іх выкарыстанне на выбар быў дадзены дыяцэзіям ЗША ў 1963 г.

[18] Да 1956 года на меркаванне цэлебранта пакідалася больш магчымасцяў выбіраць дадатковыя калекты, а таксама цэлебраваць ватыўныя Імшы. Змяншэнне колькасці опцый, несумненна, пайшло на карысць вернікам, якія сочаць за Імшой па імшалах.

[19] Перад дэкрэтам 1759 года, які загадаў выкарыстоўваць у нядзелі на працягу года прэфацыю пра Найсвяцейшую Тройцу, магчыма, існавалі некаторыя варыяцыі ва ўжыванні ў гэтыя нядзелі прэфацыі пра Найсвяцейшую Тройцу і агульнай прэфацыі. Але гэта хутчэй залежала не ад выбару святара, а ад мясцовага звычаю. Тое, што ў даўніх літургічных кнігах, згаданых у параграфе 3, на канкрэтную Імшу падавалася некалькі прэфацый, у некаторых выпадках азначае магчымасць выбару, а ў іншых — гэта проста фіксацыя мясцовых звычаяў.

[20] Йозеф Ратцингер, “Богословие литургии” (Благотворительный фонд имени святителя Григория Богослова, 2017), “Дух литургии”, с. 85–86: “Цяпер святар… становіцца галоўнай кропкай адліку ва ўсёй літургіі. Усё залежыць ад яго. Мы павінны бачыць яго, адказваць яму, удзельнічаць у тым, што ён робіць. Ягоная крэатыўнасць падтрымлівае ўсю справу. Нядзіўна, што людзі імкнуцца зменшыць гэтую новаствораную ролю, размяркоўваючы розныя літургічныя функцыі паміж рознымі асобамі… Усё менш відаць тут Бога, а большую і большую важнасць набывае тое, што робяць людзі, якія тут сустракаюцца і якія не хочуць падпарадкоўвацца “прадвызначанай схеме”.

[21] Верагодна, “Sanctus” з’явіўся ў рымскім абрадзе ў 430-я гады.

[22] Гэта пацвярджаецца абмеркаваннем малітваў заступніцтва ў “Агульных уводзінах да Рымскага Імшала” (2002), 79.

[23] Прэфацыя пра апосталаў: “Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна пакорна ўпрошваць Цябе, Пане, каб Ты, спрадвечны Пастыр, не пакідаў сваю аўчарню, але праз святых апосталаў Тваіх няспынна атуляў яе апекай; няхай ёю кіруюць тыя гаспадары, якім Ты як намеснікам [або: у імя] справы сваёй даручыў пастырскую ўладу. Таму з Анёламі і Арханёламі, Тронамі і Панаваннямі і з усімі моцамі нябеснага войска мы спяваем Табе песню хвалы, няспынна ўсклікаючы”. (“Vere dignum et iustum est, aequum et salutare: Te, Domine suppliciter exorare, ut gregem tuum, Pastor aeterne, non deseras: sed per beatos Apostolos tuos, continua protectione custodias: Ut iisdem rectoribus gubernetur, quos operis tui vicarios eidem contulisti praeesse pastores. Et ideo cum Angelis et Archangelis, cum Thronis et Dominationibus, cumque omni militia caelestis exercitus, hymnum gloriae tuae canimus, sine fine dicentes”.)

[24] І прэфацыя пра апосталаў, Імшал 2002 года, беларускі пераклад: “Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы заўсёды і ўсюды Табе складалі падзяку, Пане, святы Ойча, усемагутны вечны Божа. Бо Ты, спрадвечны Пастыр, не пакідаеш сваю аўчарню, але праз святых апосталаў няспынна атуляеш яе апекай, каб кіравалі ёю тыя людзі, якім Ты як намеснікам Твайго Сына даручыў пастырскую ўладу. Таму з Анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы”.

[25] У Імшале 1970 года IV эўхарыстычная малітва мае нязменную прэфацыю. Гл. Annibale Bugnini, “The Reform of the Roman Liturgy (1948-1975)”, Collegeville: The Liturgical Press, 1990, с. 458.

[26] Bugnini, op. cit., с. 450, цытуецца мемарандум кардынала Леркара ад 1966 года.

[27] Гл. зноску 3.

[28] Гл. таксама Пазіцыя № 6, “Літургічны плюралізм”.

[29] Ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum.

[30] Папа Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў, які суправаджаў motu proprio Summorum Pontificum (2007): “І я бачыў, які глыбокі боль прычынялі самавольныя скажэнні Літургіі людзям, цалкам закаранёным у веры Касцёла”.

[31] “Дух литургии”, с. 89.

Пакінуць каментар

Scroll Up