29.10.2018 / Edward Pentin

Фінальны дакумент сінода: пяць прычын для асцярог🕑 9 хвілін

Сінадальнасць, сэксуальныя злачынствы, гомасэксуальнасць, жанчыны ў Касцёле і хібны, але, відавочна, непераможны працоўны дакумент — вось некаторыя часткі выніковага тэкста, якія баляць на сэрцы ў некаторых біскупаў.

Ватыкан выпусціў тэкст фінальнага дакумента сінода, прысвечанага моладзі, у суботу вечарам, і хоць 249 айцоў сінода, якія галасавалі па гэтым дакуменце, суправадзілі завяршэнне галасавання моцнымі воплескамі, розныя часткі дакумента ўсё ж выклікаюць асцярогі, нават калі яны і атрымалі неабходныя дзве траціны галасоў. Падсумаваць гэтыя часткі можна наступным чынам:

1. Instrumentum laboris

Згодна з § 4 фінальнага дакумента, ён павінен чытацца “ў неразрыўнасці” з працоўным дакументам (instrumentum laboris) сінода. Гэта выклікае асцярогі, таму што працоўны дакумент па многіх прычынах шырока крытыкаваўся перад сінодам і пасля яго, сярод іншага за тое, што ён мае надта сацыялагічную прыроду. Таксама ў ім знаходзіўся ідэалагічны скарот “ЛГБТ”, якім карыстаецца гомасэксуальнае лобі, аднак гэты тэрмін не трапіў у фінальны дакумент. Кажуць, адзін з айцоў сінода выказаў думкі многіх, калі сказаў, што спадзяецца, што працоўны дакумент “памрэ”, каб новы мог “даць парасткі і вырасці”. Цяпер жа, калі абодва дакументы неабходна чытаць у святле адзін аднаго, існуе асцярога, што гэтыя і іншыя слабыя бакі і памылкі ў працоўным дакуменце будуць і далей мець сілу, а гэта зробіцца асабліва праблематычным, калі Папа Францішак вырашыць уключыць фінальны дакумент у папскі Магістэрый. (Ватыкан сцвярджае, што Папа яшчэ не прыняў рашэння, бо Касцёл мусіць “паразважаць і памаліцца над дакументам і затым рухацца наперад”.)

2. Сінадальнасць

Нягледзячы на істотны супраціў некаторых айцоў сінода ў апошнія дні пасяджэнняў усе параграфы пра сінадальнасць прайшлі парог у 2/3 галасоў, адначасова набраўшы найбольш галасоў супраць. Многім айцам сінода не падабалася ўключэнне гэтага тэрміна ў фінальны дакумент, бо ён амаль не фігураваў у сінадальных дыскусіях, быў устаўлены толькі пад самае завяршэнне сінода, не сустракаўся у працоўным дакуменце і, па іх меркаванні, з улікам сваёй важнасці заслугоўваў асобнага сінода. Некаторыя былі ўстрывожаны такім акцэнтам на гэтым пытанні (яно займае значную частку ІІІ раздзела фінальнага дакумента), бо яны бачылі ў гэтым інструмент дэцэнтралізацыі і дэмакратызацыі Касцёла і Магістэрыя з пераносам улады ад папства і Ватыкана ў мясцовыя касцёлы. Яны мяркуюць, што калі так станецца, у Касцёле будзе лягчэй уводзіць неартадаксальныя вучэнні. Папа Францішак і іншыя, аднак, кажуць, што сінадальнасць стварае Касцёл, больш здольны да “слухання”, і спрыяе ўключанасці ўсіх вернікаў у кіраванне Касцёлам. (Больш дэтальны аналіз станоўчых і адмоўных бакоў уключэння сінадальнасці ў дакумент гл. тут.)

Па словах арцыбіскупа Філадэльфіі Чарльза Шап’ю, многія лічылі, што сінадальнасць не пасуе натуральным чынам да сустрэчы, прысвечанай моладзі, і заслугоўвае “сур’ёзнай тэалагічнай рэфлексіі” і абмеркавання сярод біскупаў. “Гэтага не адбылося, што не адпавядае “сумеснаму падарожжу” Папы і біскупаў у духу калегіяльнасці”, — сказаў ён.

3. Гомасэксуальнасць

У межах раздзела пра сінадальнасць за неадназначную мову, якую можна інтэрпрэтаваць рознымі спосабамі, крытыкуюць § 150 — самы непапулярны ўрывак, які набраў 65 галасоў супраць. Найбольш праблематычныя элементы гэтага параграфа з чарнавіка прыбралі (напрыклад, тры згадкі па сэксуальную арыентацыю — раней гэты тэрмін у касцёльных дакументах не выкарыстоўваўся — замянілі адной, у двукоссі), аднак ён усё яшчэ кажа пра тое, што сэксуальнасць патрабуе “больш глыбокай антрапалагічнай, тэалагічнай і пастырскай прапрацоўкі” шматлікімі, але “прыдатнымі спосабамі”. Як згадвалася раней на гэтым тыдні, нямецкамоўная група імкнулася ўвесці падобную тэрміналогію, каб замяніць ідэалагічны скарот “ЛГБТ”, які выкарыстоўвае гомасэксуальнае лобі, аднак пакінуць той самы сэнс: размякчэнне вучэння Касцёла пра гомасэксуальнасць. Па словах арцыбіскупа Шап’ю, гэтая неабходнасць “паглыблення” або “развіцця” нашага разумення антрапалагічных праблем з’яўляецца адной з найбольш “схаваных і непакоячых” праблем у тэксце. “Відавочна, мы можам і заўсёды павінны прыкладаць больш малітвы і разважання да складаных людскіх праблем”, — кажа ён і дадае, што Касцёл “ужо мае ясную, багатую і выразную хрысціянскую антрапалогію. Няма сэнсу ствараць сумненні або двухсэнсоўнасць вакол справаў людской ідэнтычнасці, мэты і сэксуальнасці, калі толькі хтосьці не рыхтуе глебу для змены таго, у што верыць і чаму вучыць Касцёл наконт гэтых трох рэчаў, пачынаючы з сэксуальнасці”.

Іншая асцярога звязана з тым, што гэты параграф таксама кажа пра пазіцыю Касцёла “супраць усялякай дыскрымінацыі і гвалту па сэксуальнай прыкмеце”. Гэта разыходзіцца з тым, што кажа § 2358 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які ў гэтым сэнсе выступае супраць “несправядлівай дыскрымінацыі”, а не “ўсялякай дыскрымінацыі”. Некаторыя цяпер цікавяцца, ці можна будзе, напрыклад, звольніць кагосьці з каталіцкай установы, калі ён здзейсніць учынак, які супярэчыць вучэнню Касцёла ў гэтай сферы. Інфармаваныя крыніцы, блізкія да працэса, паведамілі Register, што “многія прапаноўвалі і прасілі” ўнесці змены, каб параграф казаў пра “несправядлівую дыскрымінацыю”, аднак іх праігнаравалі.

Пэўныя айцы сінода, магчыма, пераважна з Афрыкі, змаглі дадаць спасылку на ліст Кангрэгацыі дактрыны веры да біскупаў (1986), падпісаны кардыналам Ёзафам Ратцынгерам, у якім пацвярджаецца пастырскае вучэнне Касцёла па праблеме гомасэксуальнасці. Аднак далей § 150 заахвочвае суправаджэнне “гомасэксуальных асобаў у веры”, пакідаючы незразумелым, якім чынам гэта неабходна выконваць. (Мова можа ісці пра дыскусійную манеру езуіта кс. Джэймса Марціна, які нібыта жадае нармалізаваць гомасэксуальную практыку ў Касцёле, або пра манеру апостальства “Courage”, якое раіць мужчынам і жанчынам з гомасэксуальнымі схільнасцямі жыць чыстым жыццём у “сяброўстве, праўдзе і любові”). Гэты параграф не згадвае чысціні наўпрост. Нягледзячы на гэта, як сцвярджаюць крыніцы, параграф значна лепшы за тое, якім ён мог быць: “Дзякуй тым айцам сінода, якія паспяхова дабіліся выкідання найгоршых частак”, — кажа крыніца, блізкая да працэса. (Ніжэй гл. пераклад § 150 і яго версіі з чарнавіка.)

4. Жанчыны ў Касцёле

Несумненна, роля жанчын у Касцёле з’яўляецца вельмі важнай, аднак яна згадваецца значна часцей, чым гэтага можна было чакаць, нават у параўнанні з чарнавіком. Пра яе ідзе мова ў §§ 55, 148 і 163. Па словах прэс-сакратара сінода Паола Руфіні, галоўны сэнс гэтых параграфаў заключаецца ў тым, каб даць “большае прызнанне ролі жанчын на ўсіх касцёльных узроўнях, у тым ліку ў працэсах, звязаных з прыняццем рашэнняў”, у той жа час “цалкам паважаючы пасвячанае служэнне, якое адлюстроўвае тое, якім чынам Езус узаемадзейнічаў з мужчынамі і жанчынамі ў свой час”. Крытыкі кажуць, што гэты “перабольшаны націск” на пытанне, якое дакумент называе “непазбежнай зменай”, проста азначае пракладанне шляху да прыняцця жанчын-дыяканаў (ватыканская камісія, скліканая ў 2016 годзе, працягвае вывучаць гэтую магчымасць). Канчатковай мэтай, па іх словах, з’яўляецца пасвячэнне жанчын у святары, хоць Папа Францішак рашуча выключыў такую магчымасць. Падчас сінода гучалі розныя пратэсты, звязаныя з тым, што двум рэлігійным настаяцелям мужчынскага полу было дазволена галасаваць, тады як іх калегам жанчынам — не, хоць яны таксама ўдзельнічалі ў сінодзе. Некаторыя мяркуюць, што гэта было зроблена наўмысна, каб справакаваць пратэсты і тым самым апраўдаць гэты акцэнт на большым удзеле жанчын у жыцці Касцёла “на ўсіх касцёльных узроўнях”.

5. Сэксуальныя злачынствы

Урыўкі пра сэксуальныя злачынствы духавенства найбольш не задаволілі айцоў сінода з тых краін, якія гэты крызіс найбольш закрануў. Іншыя ж біскупы лічылі, што гэтага ў дакуменце зашмат і што лепш пакінуць гэтую тэму да сустрэчы ў лютым. Арцыбіскуп Шап’ю сказаў, што фрагменты пра злоўжыванні былі “неадэкватныя і расчаравальныя” і што лідары Касцёла не з тых краін, якія закрануў крызіс, “яўна не разумеюць яго маштабаў і сур’ёзнасці”. “У тэксце вельмі слаба адчуваецца шчырая просьба аб прабачэнні”, — кажа ён, дадаючы, што клерыкалізм “з’яўляецца часткай праблемы злоўжыванняў, аднак для многіх свецкіх асобаў, асабліва бацькоў, гэта далёка не цэнтральная праблема”.

Нягледзячы на згаданыя асцярогі большая частка дакумента заслугоўвае пахвалы. Арцыбіскуп Сіднэя Энтані Фішэр сцвярджае, што ў ім ёсць “некаторыя натхняльныя, нават лірычныя ўрыўкі”, і прызнае, што некаторыя фрагменты “раздзьмутыя і поўныя паўтораў”. Агулам, па яго словах, дакумент “надта доўгі, каб яго маглі прачытаць многія маладыя людзі, выхавацелі і святары”, таму спатрэбяцца “падсумаванні і інструкцыі па вывучэнні”. Іншыя кажуць, што не мае значэння, наколькі карыснымі будуць добрыя часткі, калі двухсэнсоўныя фрагменты дакумента выкарыстаюць для таго, каб стварыць бачнасць змены ў вучэнні Касцёла. “Нявызначанасць заўсёды будзе інтэрпрэтавана горшым спосабам”, — кажа крыніца, блізкая да сінода.

Іншыя асцярогі былі звязаны з працэдурамі: многія біскупы былі незадаволены тым, што не былі загадзя падрыхтаваны пераклады, тым больш што яны павінны былі галасаваць па дакуменце, які па новых правілах мог стаць часткай папскага Магістэрыя. У парушэнне рэгламенту першыя дзве часткі дакумента былі прачытаны раніцай з паралельным аўдыёперакладам, а галасаванне адбылося пасля абеда. Затым такім жа чынам была прачытана трэцяя частка і адразу, без усялякага перапынку для разважання над тэкстам, адбылося галасаванне. “Усе параграфы дакумента прайшлі ў такім выглядзе, як былі прадстаўлены, — кажа арцыбіскуп Фішэр, — хоць і не ўсе з аднолькавым энтузіязмам”.

Пераклад фінальнага дакумента на англійскую мову чакаецца праз некалькі тыдняў.

* * *

Параграф 150 у фінальным дакуменце: 

150. Існуюць пытанні, звязаныя з целам, пачуццёвасцю і сэксуальнасцю, якія патрабуць больш глыбокай антрапалагічнай, тэалагічнай і пастырскай прапрацоўкі, якія павінна быць праведзена найбольш прыдатнымі спосабамі і на найбольш прыдатных узроўнях, ад мясцовага да паўсюднага. Сярод іх паўстаюць пытанні, завязаныя, у прыватнасці, з розніцай і гармоніяй паміж мужчынскай і жаночай ідэнтычнасцямі і сэксуальнымі схільнасцямі. У гэтай справе Сінод пацвярджае, што Бог любіць кожную асобу, таксама як і Касцёл; апошні паўтарае сваю пазіцыю супраць усялякай дыскрымінацыі і гвалту па сэксуальнай прыкмеце. Ён таксама пацвярджае цвёрдае антрапалагічнае значэнне адрозненняў і ўзаемадзеяння паміж мужчынам і жанчынай і лічыць спрашчэннем вызначэнне ідэнтычнасці людзей зыходзячы толькі з іхняй “сэксуальнай арыентацыі” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла наконт душпастырства гомасэксуальных асобаў, 1 кастрычніка 1986 года, № 16). У многіх хрысціянскіх супольнасцях ужо існуюць шляхі суправаджэння гомасэксуальных асобаў у веры: Сінод рэкамендуе заахвочваць такія шляхі. Гэтыя шляхі дапамагаюць асобам зразумець сваю асабістую гісторыю, свабодна і адказна прызнаць сваё хроснае пакліканне, прызнаць жаданне належаць да супольнасці і рабіць унёсак у яе жыццё, распазнаваць найлепшыя шляхі дасягнення гэтага. Такім спосабам мы дапамагаем кожнаму маладому чалавеку, не выключаючы нікога, усё больш і больш інтэграваць сэксуальнае вымярэнне ў яго асабовасць, расці ў якасці адносінаў і ісці насустрач [рэалізацыі] дару з сябе.

Параграф 150 ў чарнавіку:

150. Існуюць пытанні, звязаныя з целам, пачуццёвасцю і сэксуальнасцю, якія патрабуць больш глыбокай антрапалагічнай, тэалагічнай і пастырскай прапрацоўкі, якія павінна быць праведзена ў сінадальным стылі, як таго патрабуе сама моладзь. Сярод іх паўстаюць пытанні, завязаныя, у прыватнасці, з розніцай і гармоніяй паміж мужчынскай і жаночай ідэнтычнасцямі і сэксуальнымі арыентацыямі. У гэтай справе Сінод пацвярджае, што Бог любіць кожную асобу, таксама як і Касцёл; апошні паўтарае сваю пазіцыю супраць усялякай дыскрымінацыі і гвалту па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. Ён таксама пацвярджае цвёрдае антрапалагічнае значэнне адрозненняў і ўзаемадзеяння паміж мужчынам і жанчынай і лічыць недарэчным вызначэнне ідэнтычнасці людзей зыходзячы толькі з іхняй сэксуальнасці. Сінод таксама абвяшчае неабходнасць заахвоціць і ўмацаваць у супольнасцях шляхі суправаджэння ў веры тых асобаў, якія жывуць ў рознымі сэксуальнымі арыентацыямі. Гэтыя шляхі могуць дапамагчы асобам зразумець сваю асабістую гісторыю, прызнаць жаданне належаць да супольнасці і рабіць унёсак у яе жыццё, распазнаваць найлепшыя шляхі дасягнення гэтага. Такім спосабам мы дапамагаем кожнаму маладому чалавеку, не выключаючы нікога, усё больш і больш інтэграваць сэксуальнае вымярэнне ў цэласнасць яго асабовасці, расці ў якасці адносінаў і ісці насустрач [рэалізацыі] дару з сябе.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара. Урыўкі чарнавіка і фінальнага дакумента даюцца ў перакладзе з англійскай мовы. Адрозненні ў беларускіх варыянтах адпавядаюць адрозненням у англійскіх варыянтах.

Пакінуць каментар

Scroll Up