26.10.2018 / Edward Pentin

Чарнавік фінальнага дакумента прасоўвае на пярэдні план пытанне сінадальнасці🕑 7 хвілін

Гэтае пытанне наўрад ці абмяркоўвалася падчас кастрычніцкай сустрэчы, аднак яно, на здзіўленне многіх айцоў сінода, пераважае ў трэцяй частцы чарнавіка.

Адзін з аспектаў чарнавіка фінальнага дакумента сінода, прысвечанага моладзі, на гэтым тыдні выклікаў перасцярогі некаторых айцоў сінода. Гэтым аспектам стала нечаканае ўвядзенне тэмы “сінадальнасці” — пад гэтым словам прынята разумець дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю Касцёла і Магістэрыя з пераносам улады ад папства і Ватыкана ў мясцовыя касцёлы.

Гэтае пытанне наўрад ці абмяркоўвалася падчас кастрычніцкай сустрэчы, аднак яно, на здзіўленне многіх айцоў сінода, пераважае ў трэцяй частцы чарнавіка.

У суботу, на заканчэнне кастрычніцкага сінода на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, пасля некалькіх дзён дыскусіі і ўнясення прапановаў наконт чарнавіка, 267 айцоў сінода будуць галасаваць па фінальным дакуменце.

Register пабачыў адпаведныя тэксты пра сінадальнасць, якія знаходзяцца ў трох параграфах. Два з іх называюцца “Місійная сінадальнасць Касцёла” і “Сінадальнасць у штодзённым жыцці”. Дакумент кажа, што гэты сінод зноў абудзіў сінадальнасць, і дае розныя азначэнні, у тым ліку слуханне, супрацоўніцтва і дыялог з усімі людзьмі добрай волі, асабліва з тымі, што знаходзяцца на перыферыі.

Папа Францішак доўгі час выступаў за “сінадальны” Касцёл — той, у якім кожны слухае адзін аднаго і вучыцца ад іншых. Канцэпцыя сінадальнасці з’яўляецца старажытнай; зазвычай пад ёй разумеюць працэс распазнання з дапамогай Духа Святога і ўдзелам усіх вернікаў.

У ключавой прамове па гэтым пытанні ў кастрычніку 2015 года Францішак сказаў, што “падарожжа сінадальнасці — гэта падарожжа, якога Бог жадае ад свайго Касцёла ў трэцім тысячагоддзі”. Сінадальны Касцёл, па яго словах, гэта Касцёл “узаемнага слухання”, у якім кожная асоба “мае чаму павучыцца”.

Такая мадэль кіравання асабліва падабалася кардыналу Карла Марыя Марціні, які ўскладаў надзею на “пэўнага кшталту пастаянную раду кіраўнікоў Касцёла, акрамя Папы”. Ён адным з першых прапанаваў мадэль “сінадальнага” Касцёла, у якім Папа больш не кіруе як абсалютны манарх.

На брыфінгу для прэсы ў чацвер арцыбіскуп Эктар Мігель Кабрэхас Відартэ (Трухільё, Перу) сказаў, што сінадальнасць — гэта штосьці большае за кіраванне Касцёлам, бо яна ўключае ўсіх вернікаў у дух супрацоўніцтва.

“Калі я кажу кожнага, то пад Касцёлам я маю на ўвазе не проста біскупаў, святароў. Не! Гэта таксама свецкія асобы і вернікі на ўсіх узроўнях, — сказаў ён. — І кожны з нас, біскупаў, пакліканы — і гэта частка такой сінадальнасці — развіваць гэтае супрацоўніцтва”. Па словах арцыбіскупа Кабрэхаса, сінадальнасць заключаецца ў тым, што ўвесь Касцёл “ідзе разам” не толькі з моладдзю, якая ў Касцёле, але “таксама з тымі, хто далёка, з няверуючымі”.

Аднак у сераду, падчас агульнага пасяджэння, прысвечанага абмеркаванню чарнавіка, каля дзясятка айцоў сінода выказалі сур’ёзныя перасцярогі наконт уключэння гэтага пытання. Яны лічаць, што гэта больш “гарызантальны” стыль кіравання Касцёлам, які патэнцыйна можа паставіць сіноды і іх вучэнне над аўтарытэтам Папы. Яны таксама сцвярджаюць, што гэта настолькі вялікая змена ў кіраванні Касцёлам, што яна заслугоўвае большай увагі і, магчыма, асобнага сінода, прысвечанага гэтаму пытанню.

Адпаведна, айцы сінода назвалі гэта “небяспечным” і “неразважлівым” крокам, асабліва калі ён не будзе адэкватна растлумачаны і зразуметы.

Кардынал Вінсэнт Нікалс (Вэстмінстэр, Англія), паводле крыніцаў, асабліва моцна выступаў супраць сінадальнасці, кажучы, што бачыў іншыя эклезіяльныя супольнасці, дзе ёю карыстаюцца і дзе яна “не працуе”. Былі пададзены прапановы змяніць гэтыя параграфы.

Галоўнай перасцярогай было тое, што сінадальнасць змогуць лёгка выкарыстоўваць розныя групы і асобы пад уплывам прыхамацяў і духу свету, каб падарваць вучэнне і еднасць Касцёла. Гэтая перасцярога выказваецца асабліва ў сувязі з тым, што цяпер Папа Францішак, калі пажадае, зможа надаць фінальнаму дакументу сінода вагу папскага Магістэрыя, хоць некаторыя тэолагі сцвярджаюць, што гэта выходзіць за межы ягонай улады. Яны таксама цікавяцца, чаму сінадальнасць неабходна прасоўваць якраз цяпер, калі Англіканская супольнасць, якая доўгі час выкарыстоўвае сінадальную мадэль кіравання, разрываецца гэтай мадэллю на кавалкі.

Размаўляючы з Register на ўмовах ананімнасці, розныя крыніцы на самім сінодзе і па-за ім выказвалі неспакой, што сінадальнасць уключана ў фінальны дакумент у прадчуванні панамазонскага сінода ў наступным годзе, які, як яны лічаць, будзе выкарыстаны для ўвядзення жанатага духавенства ў лацінскі абрад (недахоп святароў у амазонскім рэгіёне можа быць выкарыстаны менавіта ў кантэксце сінода, каб даць яшчэ больш шырокі дазвол).

Яны таксама лічаць, што сінадальнасць выкарыстоўваецца, каб прасунуць змякчэнне вучэння Касцёла пра неўрэгуляваныя саюзы, у прыватнасці гомасэксуальныя адносіны.

Напрыклад, трэці раздзел чарнавіка пра сінадальнасць кажа пра неабходнасць таго (аб гэтым прасілі маладыя людзі), каб было праведзена больш глыбокае антрапалагічнае даследаванне сэксуальнасці ў сінадальным стылі.

“Мы думалі, што галоўнай праблемай будзе ЛГБТ, — кажа крыніца на сінодзе, — аднак галоўная праблема — вось гэта, таму што калі [ЛГБТ] не пройдзе, яны змогуць пракруціць яго яшчэ раз і ўвесці яго праз сінадальнасць”.

Кардынал Крыстаф Шонбарн з Вены пастараўся згладзіць перасцярогі, сказаўшы сіноду, што гэта проста рэалізацыя таго, якім чынам сінадальнасць бачыў св. Павел VI, хоць крыніцы паведамілі Register, што ягоныя словы “мала каго пераканалі”.

Аднак некаторыя лічаць, што пры правільным выкарыстанні сінадальнасць можа быць добрым аспектам. Сінадальная мадэль была задумана для таго, каб “павялічыць еднасць паміж біскупамі і Папам”, кажа дамініканец Томас Петры, віцэ-прэзідэнт і дэкан дамініканскага вучэбнага дома ў Вашынгтоне. Гэта, па яго словах, Папа Францішак падкрэсліў у сваёй апостальскай канстытуцыі 2018 года Episcopalis communio.

Роберт Галь, святар з Opus Dei і выкладчык маральнай філасофіі ў Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме, таксама акцэнтаваў увагу на моцных баках сінадальнай мадэлі, сказаўшы, што яна адпавядае Другому Ватыканскаму сабору і акцэнту св. Яна Паўла ІІ на ўдзеле вернікаў у жыцці Касцёла. Унёсак моладзі на гэтым сінодзе, дадаў ён, “можа прапанаваць крэатыўны голас і каталізаваць эфект пастырскіх высілкаў у сферы фармацыі, распазнання і асвячэння”.

Аднак абодва гэтыя святары таксама прызналі небяспеку.

А. Петры згадаў прэцэдэнт сінодаў пра сям’ю 2014 і 2015 года і тыя “неадназначнасці”, якія сталі іх вынікам, з-за чаго з’явілася меркаванне, што былі адкрытыя дзверы тым пастырскім практыкам, якія “адыходзяць” ад універсальных, “заснаваных на аб’яўленым вучэнні”.

Сіноды, па словах дамініканца, залежаць ад Папы, які павінен выконваць сваю ролю “ясна і эфектыўна”, каб ствараць паразуменне паміж біскупамі, яднаць іх, пацвярджаць вучэнне і карэктаваць высновы, калі гэта неабходна. Калі, па яго словах, неадназначнасці дазваляюць застацца, можа стварыцца ўражанне “канцыліярызму”, які ставіць такія сходы і іхняе вучэнне вышэй за аўтарытэт Папы.

Кс. Галь папярэдзіў, што “любая спроба дэмакратызаваць Касцёл будзе небяспечнай”, бо Касцёл “перадае Божае пасланне”, а не з’яўляецца “проста месцам кансэнсусу, які ствараецца праз дэмакратычныя працэсы”. Айцы сінода, па яго словах, “абавязаны дзейнічаць у еднасці з усім Божым людам, у тым ліку і са святымі ў небе”.

Аднак каталіцкая сінадальнасць не абавязкова прынясе такія ж адмоўныя наступствы, як і англіканская мадэль.

“Харызма Пятра павінна ў прынцыпе выключаць канцыліярызм або англіканізм у Касцёле, — кажа а. Петры, — але гэта не выпрабавана”.

Іншыя сцвярджаюць, што ўсё залежыць ад аўтарытэту Пятра, які трымае лодку Пятра на правільным курсе, а не трымаецца на кіраванні “без рук”, за што крытыкуюць стыль кіравання Папы Францішка, напрыклад у сувязі з нядаўняй дыскусіяй вакол інтэркамуніі з пратэстантанцкімі сужэнцамі.

У англіканстве сіноды аказаліся эфектыўным сродкам лібералізацыі калісьці прававерных інстытутаў, менавіта таму, як кажуць, прыхільнікі неартадаксальных пазіцый найбольш выступаюць за сінадальнасць. Аднак а. Петры “не ўпэўнены”, што галоўнай мэтай Папы Францішка з’яўляецца лібералізацыя каталіцкага вучэння і практыкі, “як бы ні прымушалі нас паверыць у гэта тыя, што знаходзяцца вакол яго або гавораць ад ягонага імя”.

Іншыя не згаджаюцца з гэтым і лічаць, што Папа выкарыстоўвае сінадальнасць менавіта для лібералізацыі касцёльнага вучэння і фактычнай “пратэстантызацыі” Касцёла. Яны спасылаюцца на змякчэнне вучэння Касцёла пра ўдзяленне Камуніі некаторым разведзеным і “паўторна жанатым асобам”, якое паследавала пасля сінодаў на тэму сям’і. Іхнія падазрэнні таксама выклікала тое, што гэтая праблема была прасунута на сінодзе тады, калі ўжо не заставалася часу абмеркаваць яе. Той жа факт, што нядаўна без лішняй рэкламы быў апублікаваны артыкул Міжнароднай тэалагічнай камісіі на тую ж тэму, паказвае, што мэта, магчыма, была такой ад самага пачатку.

Сіноды будуць “выкарыстоўвацца ў якасці інструментаў падрыву каталіцкага вучэння і маральнасці”, — прадказаў рымскі тэолаг у размове на ўмовах ананімнасці. “Як папярэднія сіноды ў Касцёле выкарыстоўваліся для падрыву каталіцкага вучэння і маральнасці, — лічыць ён, — так і будучыя сіноды будуць выкарыстоўвацца такім жа чынам”.

Святар згадаў у якасці прыкладу Пістойскі сінод 1786 года, кажучы, што ў 1794 годзе Папа Пій VI асудзіў яго як ерэтычны і сказаў, што гэты сінод увёў “праблемныя навінкі пад выглядам меркаванай рэформы” і быў скліканы біскупамі, які былі “інаватарамі ў мастацтве падману”.

Аднак, па словах кс. Галя, Папа Францішак “прасоўвае сінадальнасць не для разбаўлення вучэння, а для спрыяння ўдзелу”. На яго думку, Папа мае намер “адкрыць новыя вароты Духу Святому, каб Асвячальнік мог эфектыўна прамаўляць праз кожнага хрысціяніна”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up