25.10.2018 / Edward Pentin

Ці робяцца высілкі, каб пранесці на сінод, прысвечаны моладзі, адкінутыя тэмы?🕑 5 хвілін

Дыскусійнае пытанне гомасэксуальнасці можа быць незаўважна ўведзена ў фінальны дакумент пры дапамозе змененай мовы і спасылкі на шырока ганьбаваны працоўны дакумент.

У дадзены момант айцы сінода вывучаюць і вядуць дыскусіі наконт фінальнага дакумента сінода, прысвечанага моладзі, уносячы змены і прапановы да чарнавога варыянта, па якім у суботу адбудзецца галасаванне параграф за параграфам.

Агульнае адчуванне сярод біскупаў, у тым ліку з Афрыкі (чые галасы, па меркаванні некаторых, “заглушаліся”), такое, што іхнія погляды былі пачуты і знайшлі сваё месца ў дакуменце.

Аднак крыніцы ў зале пасяджэнняў кажуць, што цяпер робяцца высілкі, каб пры дапамозе іншых сродкаў пранесці ў дакумент рэчы, якія, як чакаецца, не пройдуць пры галасаванні большасцю ў дзве траціны і супраць якіх цвёрда выступае большасць айцоў сінода.

Найбольш заўважныя перасцярогі звязаны з уключэннем у дакумент ідэалагічнага скароту “ЛГБТ”, супраць якога актыўна выступалі афрыканскія біскупы, прапануючы падкрэсліць тое, пра што навучае Катэхізіс, і арганізаваць больш якасную катэхізацыю.

Каб абысці гэтыя перашкоды, некаторыя айцы сінода, як мяркуецца, пераважна з нямецкай моўнай групы, падаюць прапановы, у якіх выкарыстоўваюцца альтэрнатыўныя тэрміны, якія замяняюць сабою паняцці “ЛГБТ” і гомасэксуальнасці, напрыклад “якасць людскіх адносінаў”, “патрэба праясніць антрапалогію” або “новая антрапалогія”.

Магчыма, яшчэ большае значэнне мае іншая іхняя прапанова, паводле якой у фінальны дакумент будзе ўключаны сказ, які настойвае, каб фінальны дакумент чытаўся разам і неадрыўна ад instrumentum laboris, працоўнага дакумента сінода.

Гэта дазволіць іншым спосабам уключыць “ЛГБТ” у фінальны дакумент, таму што гэты скарот згадваецца ў instrumentum laboris, што ў сваёй прамове адкрыта крытыкаваў арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шап’ю. Сам instrumentum laboris шырока крытыкавалі як перад сінодам, так і падчас яго.

Біскуп Эндру Нкеа Фуанья з Мамфэ (Камерун) распавёў у інтэрв’ю Register, што іншы афрыканскі біскуп “вельмі моцна” выказаў на сінодзе, што працоўны дакумент — “нібы зярнятка, якое павінна памерці, каб фінальны дакумент мог даць парасткі і вырасці”. “Таму мы ўсе спадзяёмся, што instrumentum laboris памрэ”, — сказаў біскуп Нкеа.

Выступаючы перад журналістамі ў сераду, кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня нямецкай канферэнцыі біскупаў, пастараўся згладзіць праблему гомасэксуалізму, кажучы, што, на яго думку, гэтая тэма не абмяркоўвалася ў Касцёле ў Германіі. “Яна не адыгрывае цэнтральнай ролі, хоць некаторыя хацелі б унесці яе проста ў цэнтр усіх спраў”, — сказаў ён.

Ён прызнаў існаванне “розных лобі” і сказаў, што “здзіўлены”, чаму ў яго “ўвесь час пытаюцца пра адны і тыя ж рэчы, быццам гэта і ёсць цэнтр паслання Езуса”.

Аднак падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп Мюнхена заявіў таксама пра неабходнасць “змяніць нашу паставу”. Касцёл “патрабуе змены, патрабуе стаць іншым”, казаў ён, дадаючы, што маладыя людзі жадаюць бачыць “аўтэнтычны Касцёл, здольны слухаць”. Па яго словах, заявы “неабходна перавесці ў змены”.

Дыскусіі ў зале пасяджэнняў

У межах дыскусіі ў зале пасяджэнняў розныя айцы сінода задавалі пытанне, чаму працоўны дакумент павінен надалей згадвацца ў фінальным дакуменце. Адзін з айцоў заявіў, што гэта выкліча замяшанне, бо афіцыйным павінен лічыцца толькі адзін дакумент. Калі так не будзе, то навошта, казаў ён, увогуле праводзіць сінод.

Падчас 44 прамоваў у гэтую раніцу ўздымаліся і іншыя перасцярогі, сярод іншага пра адсутнасць усялякіх згадак пра св. Паўла VI, хоць ён і быў толькі што кананізаваны, а таксама пра неабходнасць сказаць штосьці пра ягоную энцыкліку Humanae vitae. Іншыя прапановы датычыліся спасылак на св. Яна Паўла ІІ, які таксама заўважна адсутнічае ў дакуменце. Трэба меркаваць, што ў дакуменце не згадваецца катэхеза пра тэалогію цела і апостальская адгартацыя пра сям’ю Familiaris consortio. Гэта таксама будзе вынесена ў якасці прапановы.

Іншыя прапановы ўключалі ў сябе просьбы аб словах пра чысціню, аб спасылках на энцыкліку Бенедыкта XVI Deus caritas est, аб фрагменце пра больш шырокую прысутнасць жанчын і сем’яў у семінарыйнай фармацыі, аб патрэбе “класічнай антрапалогіі” і лепшым азначэнні сінадальнасці. Адзін з айцоў сінода заявіў, што ідэя галасаваць па дактрынальных справах “вельмі небяспечная”, таму што яна вядзе да незразумелага вучэння. Іншыя біскупы заклікалі даць азначэнне “нулявой цярпімасці”, паколькі многія не да канца разумелі значэнне гэтага выразу.

Дакумент быў напісаны пераважна двума спецыяльнымі сакратарамі сінода: бразільскім езуітам кс. Джакома Костай, адным з галоўных аўтараў instrumentum laboris, і італьянскім салезіянцам кс. Расана Сала, прафесарам Папскага салезіянскага ўніверсітэта ў Рыме.

Італьянскі тэкст чарнавога фінальнага дакумента, які, як сцвярджаецца, атрымаў поўныя энтузіязму воплескі, калі яго план зачытвалі ўчора, па просьбе некаторых англамоўных біскупаў быў хутка перакладзены на англійскую мову, на што ахвотна згадзіўся генеральны сакратар сінода кардынал Ларэнца Балдзісэры.

Чарнавік складаецца з 173 параграфаў і закранае тэмы ад суправаджэння і распазнання да сінадальнасці і фармацыі.

Кардынал Уілфрыд Нап’е з Дурбана (ПАР) 23 кастрычніка заявіў Register, што ў дакумент прайшло “даволі шмат перасцярог”, выказаных у працоўных групах, хоць ён і згадзіўся, што фінальная справаздача наўрад ці можа адпавядаць перспектыве кожнага.

“Многія рэчы даволі слабыя”, — сказаў ён, згадаўшы спасылкі на маральнае вучэнне Касцёла. Разам з тым, кардынал не лічыць, што існавала нейкая стрыманасць у абмеркаванні “маральных пытанняў або маральных праблем”. Ён таксама паведаміў, што афрыканскія біскупы “вельмі моцна супрацівіліся” якому-небудзь уключэнню гомасэксуальнай праграмы ў дакумент.

Па словах кардынала, у цэлым ён “задаволены дакументам” і вітае “заўважную адсутнасць злосці і горычы” ў параўнанні з сінодамі на тэму сям’і ў 2014 і 2015 гг. На яго думку, гэтаму паспрыяла прысутнасць моладзі і “цалкам новы ўраджай біскупаў”.

Магчыма, найбольш значнай рысай фінальнага дакумента будзе тое, што ён першы ў сваім родзе атрымае вагу папскага магістэрыя, што паспрыяе дэцэнтралізацыі, паколькі дасць значную ўладу ў рукі біскупаў.

Некаторыя разглядаюць такі ход падзеяў як сур’ёзную рызыку, аднак кардынал Нап’е кажа, што фінальны дакумент гэтага сінода з’яўляецца “даволі добрым аналізам”, які вызначае “ўсе выклікі, якія чакаюць наперадзе”.

“Магістэрый — гэта тое, што кожны біскуп забярэ з гэтай канферэнцыі дадому” і што будзе “ўведзена ў іх дыяцэзіях”, сказаў ён, выказаўшы вялікае спадзяванне, што “мы маем вельмі добры фундамент, на якім можна будаваць”.

Таксама сёння стала вядома, што ў пятніцу будзе абраны новы склад звычайнай рады сінода біскупаў, які будзе рыхтаваць наступны сінод. Папа вырашыў змяніць колькасць членаў з 15 да 21 і ўключыць туды не толькі біскупаў, але таксама спецыялістаў і кіраўнікоў некаторых дыкастэрый.

Чакаецца, што зацверджаны тэкст фінальнага дакумента будзе апублікаваны ў суботу ўвечары.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up