23.10.2018 / Edward Pentin

Кардынал Сара на сінодзе: навучайце моладзь веры шчыра і з адвагай🕑 3 хвілін

“Недаацэнка здаровага ідэалізму маладых людзей можа нанесці ім сур’ёзную шкоду, бо яна закрывае дзверы для сапраўднага працэсу ўзрастання, сталення і святасці”.

Маральнае вучэнне Касцёла “не нясе ў сабе няяснасці”, і пастыры Касцёла не павінны разбаўляць яго, “хаваючы праўду і стараючыся прывабіць моладзь ва ўлонне Касцёла”. Пра гэта заявіў кардынал Рабэр Сара.

На мінулым тыдні ў сваёй прамове (поўны тэкст ніжэй) на сінодзе, прысвечаным моладзі, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў сказаў, што пытанне “заключаецца ў тым, каб з адвагай і шчыра прапаноўваць хрысціянскі ідэал, трымаючыся каталіцкага маральнага вучэння”.

Ён заявіў, што “неад’емнай рысай” моладзі з’яўляецца тое, што ва ўсіх сферах жыцця яна шукае “высокія і патрабавальныя ідэалы”, і што гэтую рысу нельга недаацэньваць.

Адпаведна, “павага і спрыянне ідэалізму маладых людзей могуць зрабіць іх каштоўным рэсурсам для грамадства, якое жадае расці і развівацца”.

* * *

Моладзь і навучанне маральнай дактрыне (IL 196–197)

Маладыя людзі выказалі розныя просьбы ў сферы маральнага вучэння. З аднаго боку, яны патрабуюць ад Касцёла яснасці наконт некаторых пытанняў, якія іх асабліва непакояць: свабода ва ўсіх сферах, а не толькі ў сэксуальных адносінах, недыскрымінацыя па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, роўнасць паміж мужчынам і жанчынай нават у Касцёле і г. д. (пар. IL 53). З іншага боку, яны заклікаюць да адкрытай і непрадузятай дыскусіі па маральных пытаннях і нават чакаюць радыкальнай змены, сапраўднага развароту вучэння Касцёла ў гэтых сферах. Фактычна яны просяць, “каб Касцёл змяніў сваё вучэнне” (фінальны дакумент перадсінадальнай сустрэчы, ч. ІІ, № 5).

Аднак вучэнне Касцёла па згаданых пытаннях не нясе ў сабе няяснасці: дастаткова працытаваць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (пар. частка 3, раздзел ІІ, арт. 6). У прыватнасці, што датычыцца шырока дыскутаванага сёння пытання гомасэксуальнасці, то вучэнне Касцёла яснае (пар. ККК, 2357–2359; два дакументы Кангрэгацыі дактрыны веры: Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла пра душпастырства гомасэксуальных асобаў, 1986; Некаторыя меркаванні, якія датычацца адказу на заканадаўчыя прапановы па недыскрымінацыі гомасэксуальных асобаў, 1992). Тое, што асобы, якіх датычыцца змест гэтых дакументаў, не распаўсюджваюць яго, гэта іншае пытанне, але Касцёл нельга абвінаваціць у адсутнасці яснасці. Калі праблема і ёсць, то яна заключаецца ў адсутнасці яснасці з боку некаторых пастыраў, якія не прадстаўляюць вучэнне належным чынам. У такім выпадку той, хто выконвае munus docendi, павінен зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад Богам.

Таму пытанне заключаецца ў тым, каб з адвагай і шчыра прапаноўваць хрысціянскі ідэал, трымаючыся каталіцкага маральнага вучэння, а не разбаўляць яго, хаваючы праўду і стараючыся прывабіць моладзь ва ўлонне Касцёла. Маладыя людзі самі кажуць гэта ў фінальным дакуменце перадсінадальнай сустрэчы: “Моладзь мае шмат пытанняў наконт веры, але жадае адказаў, якія не з’яўляюцца спрошчанымі і якія не выкарыстоўваюць загадзя падрыхтаваныя фармулёўкі” (фінальны дакумент перадсінадальнай сустрэчы, ч. ІІІ, № 11).

Магчыма, нам варта трымаць у галаве той урывак з Евангелля, у якім Езус не зніжае патрабаванняў свайго закліку да багатага маладога чалавека, які жадаў ісці за Ім (пар. Мк 10:17-22). Акрамя таго, неад’емнай рысай стану маладых людзей з’яўляецца жаданне пастаянна шукаць высокія і патрабавальныя ідэалы ва ўсіх сферах: не толькі ў прыватным абсягу сферы пачуццяў і эмоцый або ў прафесіянальнай сферы, але таксама і ў справядлівасці, у празрыстасці пры змаганні ў карупцыяй, у павазе да годнасці людскога жыцця. Недаацэнка здаровага ідэалізму маладых людзей можа нанесці ім сур’ёзную шкоду, бо яна закрывае дзверы для сапраўднага працэсу ўзрастання, сталення і святасці. Таму павага і спрыянне ідэалізму маладых людзей могуць зрабіць іх каштоўным рэсурсам для грамадства, якое жадае расці і развівацца.

+ Кардынал Рабэр Сара
прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up