20.10.2018 / ACSA

Просьба аўстралійскіх студэнтаў да айцоў сінода: поўны тэкст🕑 7 хвілін

Ватыканскі карэспандэнт National Catholic Register Эдвард Пенцін нядаўна паведаміў пра тое, што аўстралійскія каталіцкія студэнты звярнуліся да айцоў сінода ў адкрытым лісце, дзе сярод іншага папрасілі іх пазбавіцца ад двухсэнсоўнасці ў навучанні і пакінуць Імшу ў спакоі, звярнуўшы больш пільную ўвагу на Божы Афіцый. З дазволу старшыні асацыяцыі мы прыводзім поўны тэкст ліста ў перакладзе на беларускую мову.

* * *

М-р Крыстафер Уілкс
ад імя цяперашніх і былых членаў
Аўстралійскай асацыяцыі каталіцкіх студэнтаў
старшыня асацыяцыі
150 City Road, Darlington, NSW 2007
president@australiancatholicstudents.org

12 кастрычніка 2018 года

Айцам сінода
Palazzo del Bramante
Città del Vaticano
synodus@synod.va

Айцы сінода, прадстаўнікі моладзі і ўсе вернікі, што ўдзельнічаюць у сінодзе, прысвечаным моладзі, веры і распазнанню паклікання,

Заахвочаныя магчымасцю, прадстаўленай сінадальным Касцёлам, мы пакорна просім аб тым, каб вы прынялі да ўвагі гэтую просьбу.

Фарміраванне моладзі — фарміраванне Касцёла

Моладзь не жадае фарміраваць Касцёл, пакуль Касцёл не зможа фарміраваць нас. Свет знаходзіцца ў замяшанні, і пасярод гэтага замяшання моладзі няма за што ўхапіцца. Мы хочам, каб айцы сінода нагадалі свету, што Бог уратуе нас толькі ў тым выпадку, калі мы прытулімся да Яго ў любові [1].

Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Энтані Фішэр нядаўна растлумачыў Аўстралійскай аса­цыяцыі каталіцкіх студэнтаў, што на айцоў Другога Ватыканскага сабору, на іх вучэн­не пра годнасць сумлення і неабходнасць яго фарміравання вялікі ўплыў аказаў бл. Джон Генры Ньюмэн. Менавіта дзякуючы Ньюмэну Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе сумленне “першым з усіх намеснікаў Хрыста” [2]. Але нават Ньюмэн усведамляў рызыку таго, што “сумленне” будуць інтэрпрэтаваць як прэрагатыву кожнага чалавека “быць самому сабе гаспадаром ва ўсіх рэчах” [3].

Без Касцёла і ўсяго, што ён прапануе — без Божага адкрыцця, традыцыі, супольнасці і самога розуму — сумленне не мае падмурку. Нам патрэбны надзейны маральны компас. Для гэтага моладзь неабходна добра навучыць праўдзе. Мы не можам фарміраваць Касцёл, калі самі не будзем добра сфарміраваны. Бясформенныя розумы выль­юцца ў бясформенны Касцёл, які пастаянна пазбягае праўды.

Гэтая фармацыя займае ўсё жыццё — той прамежак часу, на які моладзь не можа прэ­тэндаваць. Эпітафія на магіле Ньюмэна кажа:

“На працягу ўсяго свайго жыцця Ньюмэн быў чалавекам навяртання, чалавекам трансфармацыі, і таму ён заўсёды заставаўся і яшчэ больш станавіўся самім сабою”.

Кожны з нас, як Ньюмэн, з’яўляецца мужчынам ці жанчынай у працэсе навяртання. Як бы мы маглі асмеліцца фарміраваць Касцёл, які як Містычнае Цела Хрыста ўтрымлівае ў сабе мільярды пажыццёвых навяртанняў, надзеі і малітвы ўсіх памерлых вернікаў, мудрасць і святасць усёй супольнасці святых, а таксама цвёрдую веру і адвагу ўсё большага войска мучанікаў?

Як і ў мінулыя пакаленні, сённяшняя моладзь фарміруе Касцёл толькі тады, калі сама фарміруецца. Тады мы з Божай волі набываем форму Хрыстовых рук, вачэй, ног і сэрца.

Двухсэнсоўнасць

Аднак мы не можам спадзявацца на фармацыю ва ўмовах замяшання вакол такіх пытанняў, як кантрацэпцыя, сэксуальнасць, Камунія разведзеных і некаталікоў, жанатыя святары і пасвячэнне жанчын. Гэтае замяшанне паўстае з-за вышэйшых іерархаў, якія ў выказваннях на гэтыя тэмы наўмысна карыстаюцца двухсэнсоўнай мовай нягледзячы на вучэнне Хрыста, Айцоў Касцёла і яснае вучэнне Касцёла. Такая двух­сэнсоўнасць не з’яўляецца ані зычлівай, ані жаданай з боку моладзі, і на яе павінен звярнуць увагу гэты сінод.

Некаторыя айцы сінода жадаюць ухіліцца ад Касцёла “правілаў”, бо гэтыя правілы не заахвочваюць да асабістых адносінаў з Езусам Хрыстом. Аднак гэтыя правілы вядуць нас да Хрыста і заўсёды вялі. Нам трэба, каб Касцёл растлумачыў нам, чаму і якім чынам гэта адбываецца.

Калі Касцёл пазбягае праўды дзеля размоваў пра палітыку, моладзі застаецца выказ­ваць сваю веру толькі пры дапамозе павярхоўных банальнасцяў. Знарок незразумелыя словы, на дзіва, становяцца апорай і зацята паўтараюцца. Касцёл не павінен адахвочваць моладзь кіравацца правіламі ў любові, а святароў — вучыць ім.

Мы просім не толькі аб зразумеласці мовы, але і аб пашырэнні тых практык, якія дапамагаюць нам задаволіць свае духоўныя і цялесныя сакрамэнтальныя патрэбы: пілігрымак, споведзі, набажэнстваў, адарацыі, сакральнага мастацтва, музыкі і архітэктуры. Гэты свет бывае брыдкім месцам, і знешняя прыгажосць нашых касцёлаў павінна быць променем святла для нашых супольнасцяў, асабліва ў жыцці бедных людзей.

Час паказвае, што моладзь шукае сэнсу, а не ліслівасці. Многія маладыя людзі захапляюцца вядомымі інтэлектуаламі, такімі як д-р Джордан Пітэрсан. Ён не кажа моладзі, што з ёй усё ў парадку, як гэта робяць многія. Ён, хоць і вызнае сябе агностыкам, часта кажа: “Вазьмі свой крыж” [4]. Нават тыя людзі, якія маюць слабую веру, нейкім чынам у сваім сэрцы здагадваюцца, што гэты вобраз, гэтая прылада, крыж надае сэнс іхняму цярпенню. Карыстаючыся мовай псіхалогіі, Пітэрсан без апраўданняў і шырока разглядае значэнне Святога Пісання. Аднак Пітэрсан і такія, як ён, маюць свае межы. Інтуітыўна яны спазнаюць нейкую частку праўды, аднак яны не даюць паўнаты праўды, бо не маюць веры. Толькі Касцёл можа паказаць сапраўдны сэнс нашага свету. Айцам сінода неабходна прыняць гэтую місію. Моладзь жадае адназначнай праўды.

Годная Імша і ветлівы Касцёл

У сваёй прамове на сінодзе арцыбіскуп Фішэр папрасіў прабачэння за “непрыгожыя і няветлівыя літургіі”. Рыхтуючы аўстралійскую моладзь да пленарнага пасяджэння, арцыбіскуп спытаўся ў нас: якім чынам мы можам забяспечыць тое, каб наш спосаб малітвы і пакланення Богу быў годным і ветлівым?

Для большасці людзей раўнавага паміж годнасцю і ветлівасцю з’яўляецца цяжкім пытаннем. Вядома, мы жадаем, каб нашы касцёлы былі ўтульным месцам для кожнага і каб як мага больш душаў было прынята ў Касцёл. Аднак мы таксама жадаем, каб Імша была годнай той глыбокай рэальнасці, якую яна прадстаўляе: што кожны раз той самы евангельскі Езус Хрыстус сыходзіць на алтар у целе, крыві, з душою і боскасцю.

Праблема ў дыскусіі наконт годнасці і ветлівасці абмяжоўваецца да таго, якую форму і які агульны тон павінна прымаць Імша. З-за гэтага Найсвяцейшая Ахвяра выглядае полем бітвы паміж вернікамі, тады як яна павінна толькі абвяшчаць перамогу Хрыста над смерцю, часам і грахом.

Неаспрэчная праўда заключаецца ў тым, што Імша і тое, што яна прадстаўляе, мае вельмі глыбокае значэнне. Невыпадкова Апошняя вячэра была часткай фінальнага шэрагу падзей у зямным служэнні Хрыста. Калі Езус кажа: “Гэта цела Маё”, то гэта здараецца пасля ўсіх прыпавесцяў, казанняў і цудаў, якія, хоць таксама з’яўляюцца незвычайнымі, толькі намякаюць на тую ўражальную заяву, якую Ён зробіць на Апошняй вячэры.

Калі апосталам была неабходная настолькі агромністая падрыхтоўка каля ног Хрыста (і нават яны не да канца ўсё зразумелі), то як мы можам сёння спадзявацца зрабіць Імшу “даступнай” для людзей?

Як бы мы ні стараліся зрабіць яе сучаснай і простай для разумення, сутнасці Імшы нам не ахапіць. Зводзячы Імшу да ўзроўню нашага камфорту, мы ператвараем яе глыбокую сутнасць, якая фізічна праяўляецца ў пробліску Неба, у дзіўную заяўку, якую людзям цяжка ўспрымаць сур’ёзна.

Вырашэнне: больш шырокае выкарыстанне Божага Афіцыя свецкімі

Ветлівасці Касцёлу можна дадаць, не закранаючы саму Імшу. Айцам сінода варта паразважаць над заахвочваннем да больш шырокага выкарыстання Божага Афіцыя. Ён стане добрым дадаткам да ўсё больш папулярнай і плённай практыкі эўхарыстычнай адарацыі ў парафіях і ўніверсітэцкіх душпастырствах.

Уявіце сабе шырокую практыку Нешпараў у тым жа духу, што і практыка вечаровай малітвы супольнасці святога Эгідзія, з якой у Рыме, у базіліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ, сустракаецца вельмі шмат моладзі і пілігрымаў. Ціхае, залітае святлом свечак сховішча ад знешняга свету, куды заглядаюць цікаўныя мінакі. Добрая рука падае ім кнігу з псальмамі, і супольнасць далікатна вядзе іх праз малітву. Гэта можна лёгка распаўсюдзіць па ўсім свеце. Псальмы добра надаюцца для запрашэння людзей у Касцёл, таму што яны пастаянна кажуць пра прыйсце Езуса, рыхтуючы нас да Яго цудоўнай справы. І менавіта так, карыстаючыся старажытнай каталіцкай практыкай, мы можам атрымаць прыгожае і ветлівае набажэнства. Быць можа, такія прапановы і з’яўляюцца адным са спосабаў захаваць годную Імшу і развіць ветлівасць у Касцёле?

Заканчэнне

Аднойчы Ньюмэн разважаў пра Марыю як пра містычную ружу:

Якім чынам Марыя зрабілася Rosa Mystica, выбранай, далікатнай, дасканалай кветкай Божага духоўнага стварэння? Гэта здарылася дзякуючы таму, што яна нарадзілася, расла і ахоўвалася ў містычным садзе, або ў раі Божым [5].

Марыя, найвялікшае Божае стварэнне, з’яўляецца прыкладам для ўсяго Божага люду, тым больш для моладзі. Аднак, як тлумачыць Ньюмэн, Святое Пісанне карыстаецца вобразам саду, калі мае на ўвазе неба і яго святых насельнікаў. Дык як жа мы можам на ўзор Марыі зрабіцца кветкамі ў Божым раі? На скалістых гарах няма кветак, а ў пясках пустыні няма сакавітай садавіны. Мы не знойдзем неба, калі будзем блукаць па пустцы, якая нас акружае. Мы знойдзем яго, адрадзіўшыся ў хросце, узрастаючы дзякуючы сакрамэнтам і ахоўваючыся праўдаю ў Містычным Целе Хрыста — Касцёле.

Моладзь больш не жадае хадзіць па іншых месцах. Мы не жадаем суправаджэння ў пустэчы. Айцы сінода, пасадзіце нас у містычным садзе.

Вашы ў Пану,

Цяперашнія і былыя члены Аўстралійскай асацыяцыі каталіцкіх студэнтаў

[Імёны падпісантаў]

[1] Псальм 91:14-16

[2] § 1778

[3] Letter to the Duke of Norfolk, 1875

[4] https://jordanbpeterson.com/philosophy/on-the-ark-of-the-covenant-the-cathedral-and-the-cross-easter-message-i/

[5] “Meditations on the Litany of Loreto, for the month of May”.


Аўтар: Australian Catholic Students Association
Крыніца: ACSA
Ілюстрацыя: СС0.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу старшыні асацыяцыі.

Пакінуць каментар

Scroll Up