19.10.2018 / Edward Pentin

Аўстралійская моладзь — айцам сінода: мы не можам дапамагчы фарміраваць Касцёл, пакуль Касцёл не фарміруе нас🕑 3 хвілін

Група маладых людзей у сваім лісце да айцоў сінода крытыкуе замену праўды размовамі пра палітыку і звяртаецца да вышэйшых іерархаў, якія знарок выкарыстоўваюць неадназначную мову нягледзячы на вучэнне Хрыста.

Па словах групы маладых аўстралійцаў, двухсэнсоўнасць вакол каталіцкага вучэння “не з’яўляецца ані зычлівай, ані жаданай з боку моладзі”, і таму яна жадае, каб Касцёл фарміраваў яе ў праўдзе Хрыста.

У сваім лісце ад 12 кастрычніка, адрасаваным айцам сінода і ўсім сабраным удзельнікам, 217 аўстралійскіх студэнтаў і маладых прафесіяналаў падкрэсліваюць, што моладзь “не жадае фарміраваць Касцёл, пакуль Касцёл не зможа фарміраваць нас”, і што ім неабходны “надзейны маральны компас”.

“Свет знаходзіцца ў замяшанні, — пішуць яны, — і пасярод гэтага замяшання моладзі няма за што ўхапіцца. Мы хочам, каб айцы сінода нагадалі свету, што Бог уратуе нас толькі ў тым выпадку, калі мы прытулімся да Яго ў любові”.

Карыстаючыся вучэннем благаслаўлёнага Джона Генры Ньюмэна пра сумленне, яны падкрэсліваюць, што “без Касцёла і ўсяго, што ён прапануе”, сумленне не мае падмурку і што моладзь “неабходна добра навучыць праўдзе”.

“Мы не можам фарміраваць Касцёл, калі самі не будзем добра сфарміраваны, — паўтараюць яны. — Бясформенныя розумы выль­юцца ў бясформенны Касцёл, які пастаянна пазбягае праўды”.

Іхняя просьба з’явілася адначасова з пэўнай крытыкай сінода, асабліва яго працоўнага дакумента (instrumentum laboris), які, паводле тэалагічнай крытыкі, апублікаванай арцыбіскупам Філадэльфіі Чарльзам Шап’ю, мае ў сабе пяць асноўных праблем, сярод якіх “неадэкватнае прадстаўленне духоўнай улады Касцёла” і “няпоўная тэалагічная антрапалогія”.

Іншыя крытыкі, якія ўдзельнічаюць у сінодзе або сочаць за ім, выказваюць у размове з Register перасцярогі, што дыскусіям нестае грунтоўнасці і глыбіні і што яны заўважна пазбягаюць істотных пытанняў, звязаных з жыццём.

Падпісанты ліста, сярод якіх як цяперашнія, так і былыя члены Аўстралійскай асацыяцыі каталіцкіх студэнтаў, пытаюцца, як яны могуць хаця б асмеліцца фарміраваць Касцёл, праходзячы праз сваё ўласнае навяртанне, а таксама з увагі на тых, хто адышоў перад намі, у тым ліку святых і мучанікаў Касцёла.

Двухсэнсоўныя размовы пра палітыку

Падпісанты ліста сцвярджаюць, што яны не спадзяюцца на сваю здольнасць фарміраваць Касцёл ва ўмовах замяшання вакол такіх пытанняў, як “кантрацэпцыя, сэксуальнасць, Камунія разведзеных і некаталікоў, жанатыя святары і пасвячэнне жанчын”. Гэтае замяшанне, па іх словах, “паўстае з-за вышэйшых іерархаў, якія ў выказваннях на гэтыя тэмы наўмысна карыстаюцца двухсэнсоўнай мовай нягледзячы на вучэнне Хрыста, Айцоў Касцёла і яснае вучэнне Касцёла”.

“Такая двухсэнсоўнасць не з’яўляецца ані зычлівай, ані жаданай з боку моладзі, і на яе павінен звярнуць увагу гэты сінод”, — кажуць яны, дадаючы, што менавіта правілы заахвочваюць да асабістых адносінаў з Хрыстом, “вядуць нас да Хрыста і заўсёды вялі”.

“Калі Касцёл пазбягае праўды дзеля размоваў пра палітыку, моладзі застаецца выказ­ваць сваю веру толькі пры дапамозе павярхоўных банальнасцяў, — падкрэслівае аўстралійская моладзь. — Знарок незразумелыя словы, на дзіва, становяцца апорай і зацята паўтараюцца. Касцёл не павінен адахвочваць моладзь кіравацца правіламі ў любові, а святароў — вучыць ім”.

Затым яны заклікаюць айцоў сінода выказацца за пілігрымкі, адарацыю і іншыя формы пабожнасці, а таксама станоўча адгукаюцца пра феномен д-ра Джордана Пітэрсана, маючы на ўвазе папулярнасць гэтага канадскага клінічнага псіхолага, які “не кажа моладзі, што з ёй усё ў парадку, як гэта робяць многія”. Але яны таксама падкрэсліваюць, што Пітэрсан і іншыя, падобныя да яго, не могуць прапанаваць “паўнаты праўды”, таму што яны “не маюць веры”.

“Толькі Касцёл можа паказаць сапраўдны сэнс нашага свету, — сцвярджаюць маладыя людзі. — Айцам сінода неабходна прыняць гэтую місію. Моладзь жадае адназначнай праўды”.

Яны таксама пішуць айцам сінода пра патрэбу зрабіць Імшу “годнай той глыбокай рэальнасці, якую яна прадстаўляе” і выказваюцца супраць звядзення эўхарыстычнай цэлебрацыі “да ўзроўню нашага камфорту” і ператварэння яе ў “дзіўную заяўку, якую людзям цяжка ўспрымаць сур’ёзна”.

У якасці вырашэння праблемы моладзь прапануе пашырыць выкарыстанне Божага Афіцыя ў якасці дадатку да эўхарыстычнай адарацыі, бо псальмы могуць служыць сродкам прыцягнення людзей у касцёлы.

Яны завяршаюць сваю просьбу, падкрэсліваючы, што людзі не знойдуць неба, калі будуць “блукаць па пустцы, якая нас акружае”; зрабіць жа гэта можна праз сакрамэнты і “ахоўваючыся праўдаю ў Містычным Целе Хрыста — Касцёле”.

“Моладзь больш не жадае хадзіць па іншых месцах, — пішуць яны на заканчэнне. — Мы не жадаем суправаджэння ў пустэчы. Айцы сінода, пасадзіце нас у містычным садзе”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up