18.10.2018 / Edward Pentin

Айцец сінода: навучайце пра жыццё яшчэ больш ясна, чым раней🕑 7 хвілін

Кардынал Уілфрыд Нап’е асцерагае перад ідэалагічнай каланізацыяй, а кардынал Леанарда Сандры кажа, што моладзь на Усходзе жадае яснага, аўтэнтычнага вучэння і радыкальнага сведчання.

17 кастрычніка ў сваім апошнім аглядзе падзеяў з сінадальнай залы пасяджэнняў арцыбіскуп Энтані Фішэр ОР (Сіднэй, Аўстралія) кажа, што афрыканцы на гэтым сінодзе “робяць шмат шуму”.

“Кардынал Нап’е [арцыбіскуп Дурбана, ПАР] шчыра і эмацыйна казаў пра тое, як міжнародныя інстытуты, агенцтвы і арганізацыі дапамогі працягваюць каланізаваць Афрыку, накладаючы на дапамогу дадатковыя ўмовы і ўмешваючыся ў пытанні, звязаныя з сэксуальнасцю, сужэнствам, кантрацэпцыяй, абортамі аж да тэрміну нараджэння і г. д. Мы павінны навучаць моладзь з яшчэ большай яснасцю, чым раней, а не дапамагаць сваім бяздзеяннем той культуры, якая заахвочвае маладых людзей да шматразовых абортаў і таму падобнага. Дзякуючы заступніцтву св. Паўла VI мы можам зрабіць моладзь апосталамі жыцця і любові.

Афрыканцы робяць шмат шуму на гэтым сінодзе: яны паходзяць з самай дынамічнай часткі Касцёла; сярэдні ўзрост іх вернікаў — 20-30 гадоў, а іхнія лідары цвёрдыя ў веры і аптымістычныя. Чорны Папа быў бы моцнай фігурай! Наперад, каталіцкая Афрыка!

Вось некаторыя іншыя рэчы, сказаныя падчас другой сесіі 14-га агульнага пасяджэння:

• кожны малады чалавек з’яўляецца нашым; не існуе сваіх і не сваіх;

• адказныя за фармацыю семінарыстаў і маладых кансэкраваных асобаў павінны даць кандыдатам прастору, каб тыя пазнавалі сябе і Бога, пацвярджалі і каштавалі сваё пакліканне, а нават рабілі памылкі па меры ўзрастання ў разважлівасці; трэба ўлічваць пастырскі досвед тых, хто працуе на перыферыі, з беднымі, у малых супольнасцях і г. д.; неабходна супрацьстаяць новаму клерыкалізму;

• адказваючы на “экранную культуру” нашай моладзі (у адрозненне ад кніжнай культуры), мы павінны распрацаваць электронныя інструменты для lectio divina, катэхізацыі, распазнання;

• маладыя каталікі ў краінах з каталіцкай меншасцю патрабуюць дапамогі ў сувязі з дыскрымінацыяй, распазнаннем сваёй ідэнтычнасці і [культурнай] разнастайнасці.

Кардынал Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, сказаў, што моладзь на Усходзе жадае яснага вучэння, а таксама аўтэнтычнага, радыкальнага сведчання нават да смерці.

Кардынал Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, пахваліў ініцыятывы св. Яна Паўла ІІ, звязаныя з моладдзю, асабліва Сусветныя дні моладзі. Існуе моцнае пацвярджэнне таго, што СДМ натхняюць новыя моладзевыя служэнні ў прымаючай краіне і ўзбуджаюць шмат пакліканняў. СДМ часта з’яўляюцца вырашальным момантам у працэсе навяртання многіх маладых людзей. Яго Эмінэнцыя спаслаўся на аўстралійскае даследаванне, у якім вывучаўся ўплыў СДМ на моладзь.

* * *

Гэтай раніцай [17 кастрычніка] адзін з біскупаў нагадаў нам, што св. Павел папярэджваў маладога Цімафея (2 Цім 4), што настане час (і ўжо настаў), “калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых”. У гэтых абставінах Павел загадвае яму, як і нам сёння: “Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і памерлых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні… будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны, споўні сваё служэнне”.

Іншы біскуп працытаваў барда Бенгаліі Рабіндраната Тагора: “Я спаў і прысніў, што жыццё — гэта радасць. Я прачнуўся і ўбачыў, што жыццё — гэта служэнне. Я дзейнічаў, і вось служэнне было радасцю”.

На сённяшняй першай ранішняй сесіі было сказана наступнае:

• пра працэс пераводу маладых людзей са стану аб’ектаў пастырскай апекі ў стан суб’ектаў, якія прадастаўляюць апеку і евангелізуюць сваіх сяброў;

• моладзь вучыцца не толькі праз слуханне, але і праз дзеянне; неабходна заняцца справамі справядлівасці і міласэрнасці;

• многія маладыя людзі выраслі ў разбураных сем’ях і з’яўляюцца эмацыйна-духоўнымі сіротамі, таму нашы парафіі які ніколі павінны быць сем’ямі, якія прымуць іх; будучы прынятымі, яны могуць таксама ўдзельнічаць у адказнасці за місійную дзейнасць;

• надта многія студэнты ўніверсітэтаў перастаюць практыкаваць веру; бацькам не заўсёды ўдаецца з гэтым справіцца; нам трэба прыкласці больш намаганняў для іх заахвочвання;

• пасля доўгай адсутнасці ў Касцёле некаторыя маладыя людзі вяртаюцца: што мы можам зрабіць, каб такіх людзей было болььш? Катэхізацыя, пілігрымкі, сустрэчы, разлічаныя на “маладых дарослых”;

• мы можам зрабіць больш, каб паставіць новыя медыя на службу Евангеллю; моладзь можа падказаць нам, якім чынам гэта зрабіць;

• трэба шырэй распаўсюджваць і выкарыстоўваць катэхізісы Youcat і Docat;

• патрэбны маладыя катэхеты і надзейная анлайн-евангелізацыя і катэхізацыя; “новыя медыя з’яўляюцца агорай нашай эпохі” (Бенедыкт XVI), і таму тут ёсць шмат магчымасцяў; аднак многія старонкі і блогі прадстаўляюць крайнія пазіцыі і скажаюць каталіцкае вучэнне, таму моладзі патрэбны зацверджаныя рэсурсы;

• афрыканскай моладзі патрэбны доступ да адукацыі, і гэтая адукацыя павінна закранаць правы і абавязкі грамадзянаў, годнасць жанчын, важнасць і абмежаванні палітыкі, супрацьдзеянне карупцыі.

Адзін з біскупаў сказаў, што гэты Год моладзі паставіў перад лідарамі Касцёла задачу даць маладым людзям больш магчымасцяў служыць і праяўляць лідарскія якасці. Св. Павел дае нам заданне: “Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці” (1 Цім 4:12).

* * *

З агульнага пасяджэння 16 кастрычніка (трынаццатага па ліку)

“Крыж з’яўляецца Божым пасланнем любові да чалавецтва. Аднак IL амаль не згадвае ўкрыжаванага Хрыста. Заклік узяць крыж і ісці робіць [малады чалавек] Хрыстус да [пераважна маладых] апосталаў, а ў якасці [дзіцячага] даверу перад імі стаіць дзіця; фінальны дакумент павінен адлюстроўваць заклік Хрыста.

Біскупы з Конга, Малі, Малаві, Сенегала, Маўрыкія і Эфіопіі казалі пра маладую энергічнасць і цярпенні маладых каталікоў у некаторых частках Афрыкі. Яны адзначалі іхнюю адданасць Хрысту нягледзячы на праблемы, нават пераслед, цяжкасці з атрыманнем адукацыі і іхнія ініцыятывы, накіраваныя на карысную працу, прадпрымальнасць і інтэгральнае развіццё. ⛪ імкнецца дапамагчы такім ініцыятывам, ствараючы ўмовы для школьнікаў, вышэйшай адукацыі, мікракрэдытавання, абвяшчаючы маральнае і сацыяльнае вучэнне, ствараючы душпастырствы і групы (YCW, LoM). Такія праекты дапамагаюць скараціць масавую міграцыю, беднасць, ізаляцыю і дэзарыентацыю.

Халдзейскі арцыбіскуп Тэгерана казаў пра пакутуючы Касцёл на Сярэднім Усходзе і пра прыгажосць моладзі, якая працягвае пакланяцца Богу нават сярод такой небяспекі.

Індыйскі біскуп казаў пра пераслед маладых хрысціянаў у некаторых частках Індыі, пра групавыя згвалтаванні (таксама і яго пляменніцы, манашкі) і мучаніцтвы (ён распавёў вельмі кранальную гісторыю пра маладога чалавека, які не стаў адмаўляцца ад Хрыста і быў павольна закатаваны бандай фундаменталістаў). Гэта і ёсць насенне новых хрысціянаў.

В’етнамскі біскуп апісаў Касцёл, у якім 90 % моладзі практыкуе веру і больш за 2 млн маладых людзей уваходзяць у в’етнамскі эўхарыстычны рух моладзі [у нас у адным Сіднэі іх тысячы]. Гэты рух спалучае сацыяльнае, катэхетычнае і малітоўнае жыццё і з’яўляецца прыкладам таго, што гэта магчыма.

Два біскупы з Нігерыі распавялі, што іхнія маладыя людзі з’яўляюцца “невылечнымі аптымістамі” і вельмі прывязаны да сваіх сем’ў. Аднак яны могуць вельмі лёгка паддавацца прапаведнікам Евангелля дабрабыту, сілам, якія падрываюць сям’ю, і прымусу да міграцыі.

Айцы сінода, эксперты і моладзь прапаноўваюць наступнае:

• нам патрэбны пастыры, якія адчуваюць не сваіх авечак, а маладых авечак!

• але многія біскупскія канферэнцыі, дыяцэзіі і парафіі мала ўкладаюцца ў служэнне моладзі;

• ⛪️ павінен быць укаранёны ў гэтым свеце, але сваёй мэтай ён павінен мець вечнасць; такія знакі, як беднасць, чысціня, паслухмянасць, малітва і справы міласэрнасці, прамаўляюць з эсхаталагічнай перспектывы;

• наш дакумент павінен больш падрабязна разглядаць абвяшчэнне керыгмы (Лодзь);

• нашым адказам на тую нездавальняючую ежу, якую прапануе моладзі сучаснасць, павінна быць культывацыя ў іх малітоўнай паставы і практык, пабожнасці і культу, а таксама заклік жыць гераічным жыццём святасці, пацверджаны ўласным прыкладам;

• неабходна добра фарміраваць сумленні моладзі і мець упэўненасць, што праўда, прыгажосць і дабрата з’яўляюцца рэальнымі, аб’ектыўнымі і ўкаранёнымі ў Хрысце; любоў вылечвае раны, пераўзыходзіць эгаізм, спрыяе сапраўднаму росту;

• моладзь жадае пачуць ад нас моцнае і яснае пацвярджэнне біблійна-каталіцкага погляду на сужэнства і сям’ю;

• калі сінод не мае чаго сказаць наконт масавай міграцыі моладзі з Афрыкі, то гэты дакумент страціць рэлевантнасць прынамсі для аднаго кантынента;

• жанатае духавенства нясе карысць Усходнім Касцёлам;

• для многіх маладых людзей каталіцкая школа з’яўляецца ⛪️;

• удзельнікі Неакатэхуменальнага шляху [неакаты] і іх семінарыі [неакацяняты] ідуць дарогай керыгмы, навяртання, катэхізацыі і місіі; іхнія сем’і пачулі заклік нашага новага святога Паўла VI да шчодрага нараджэння дзяцей і да абвяшчэння Евангелля свету.

Адна маладая італьянка распавяла, як яна спыніла практыкаваць веру пасля канфірамацыі, як гэта часта робіць моладзь. Пасля вялікага смутку яна зноў адкрыла для сябе Божую любоў і далучылася да руху “New Horizon”. Яе супольнасць шукае маладых людзей у розных “гарачых кропках”. Яна рэкамендавала, каб некаторыя стратэгічна размешчаныя парафіі даверылі рухам, сем’ям, жанчынам, а таксама грунтоўна перайначылі семінарыі.

Іншая маладая жанчына з Камеруна апісала вельмі адрозную рэальнасць беднасці, вядзьмарства, сэксуальнай залежнасці і беспарадку. Дзякуючы братам з супольнасці Эмануэль яна адкрыла для сябе водар святасці, які быў для яе вельмі прыемны. У сваім новым жыцці яна аддалася малітве, супольнасці і місіі.

У якасці ўзнагароды за гэты доўгі дзень сінадальнай працы ўвечары я схаджу на шпацыр з сіднэйскімі семінарыстамі і маладымі святарамі, якія вучацца ў Рыме”.


Аўтар: Edward Pentin / Abp. Anthony Fisher OP
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up