17.10.2018 / Edward Pentin

Працоўныя групы прадставілі вынікі сваіх абмеркаванняў🕑 6 хвілін

Сярод найбольш папулярных тэмаў на гэты момант былі сумленне, распазнанне і пастырская апека пакліканняў.

Учора былі апублікаваны справаздачы моўных груп па другой частцы instrumentum laboris (працоўнага дакумента) сінода, прысвечанага моладзі. Яны закраналі розныя аспекты распазнання паклікання.

Многія моўныя групы прадставілі падобныя разважанні на такія тэмы, як суправаджэнне моладзі і роля сумлення.

Англамоўная група A рэкамендавала даць у фінальным дакуменце “яснае азначэнне паклікання, заснаванае на тэалогіі, антрапалогіі і эклезіялогіі, якое будзе адлюстроўваць знакі часу”.

Члены гэтай групы, якую мадэруе арцыбіскуп Мумбая (Індыя) кардынал Освальд Грасіас, напісалі, што скліканы сінод “можа звярнуцца не толькі да каталікоў, але і да ўсіх людзей добрай волі” і што, па іх меркаванні, “фундаментальным пакліканнем чалавека” з’яўляецца “пакліканне да любові, якая для хрысціянаў мае імя, і гэтае імя — Езус”.

“Мы разглядаем пакліканне як падарожжа пошуку і адкрыццяў, — кажуць яны, — як фундаментальны заклік выраўнаць свае розум і жыццё паводле розуму і жыцця Хрыста, паводле Божай волі”.

Аднак група таксама заўважыла, што маладых людзей “усё яшчэ прыцягвае радыкальны заклік да здзяйснення рэальных, гераічных і прароцкіх зменаў у свеце” і што Касцёл у сваім “пастырскім суправаджэнні” з’яўляецца “Mater et Magistra”, Маці і Настаўніцай.

Менавіта гэтаму, па словах айцоў сінода з групы А, трэба надаць “значна большую ўвагу” ў адпаведным раздзеле instrumentum laboris. У гэтай групе, сярод іншых, знаходзяцца кардынал Вінсэнт Нікалс (Вэстмінстэр, Англія), кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека, і кардынал Джон Нджуэ (Найробі, Кенія).

Англамоўная група B, мадэратарам якой з’яўляецца кардынал Блэйз Супіч (Чыкага, ЗША), прапанавала перапісаць першы раздзел так, каб ён “засяроджваўся на станоўчай ацэнцы асаблівай і нязменнай ласкі быцця маладым”. Члены групы падкрэслілі важнасць сувязі з Езусам, дадаўшы, што Ён таксама “асабіста сустракаўся з многімі цяжкасцямі, з якімі сутыкаецца моладзь у нашым сённяшнім свеце”, напрыклад з праблемай бежанства і выхавання ў “магчыма незаможнай сям’і”.

Важна адзначыць, што ў гэтай групе адбылася “грунтоўная дыскусія” наконт “акрэслення, ролі і фарміравання сумлення”. Неадназначны націск кардынала Супіча на першынство сумлення выходзіў на першы план ужо на мінулым сінодзе, і пазней ён паўтараў сваё меркаванне.

Члены групы ўклалі параграф, які “ахоплівае гэта”, і хацелі б бачыць ў фінальным дакуменце “яснае хрысціянскае тлумачэнне” сумлення, якое засноўваецца на Катэхізісе і з’яўляецца “даступным для моладзі”.

У гэтую групу ўваходзяць, сярод іншых, арцыбіскуп Пітэр Каменсолі (Мельбурн, Аўстралія), адзін з 12 членаў камісіі па падрыхтоўцы фінальнага дакумента, і езуіт а. Майкл Чэрны, падсакратар ватыканскай службы па праблемах мігрантаў і бежанцаў.

Сумленне стала таксама прадметам абмеркавання англамоўнай групы С, мадэратарам якой з’яўляецца кардынал Джозэф Кутс (Карачы, Пакістан). Па словах членаў гэтай групы, “маніпуляцыя ніколі не можа быць часткай сапраўднага суправаджэння”. Яны дадалі, што “цэняць” акцэнт, які дакумент робіць на “свабоду і сумленне асобы, якая знаходзіцца пад суправаджэннем”, і хацелі б, каб гэтыя канцэпцыі “былі больш поўна распрацаваны”.

Яны таксама разважалі над тым, што пакліканне можа быць заклікам не да дзеяння, “а да больш пасіўнага прыняцця любові іншых”. Яны прывялі ў якасці прыкладу Жана Ванье, заснавальніка “Каўчэга”, якога яны апісваюць як “прарока сучаснасці”, бо ён паказаў, што асобаў з “інтэлектуальнымі недахопамі” трэба ўспрымаць не як праблемных, а як дар, які заклікае нас да любові, “большай за прадуктыўнасць”.

Таксама група абмеркавала, што такое пакліканне да святасці, і сцвердзіла, што гэта гучыць як “проста заклік да пабожнасці або, яшчэ горш, заклік да проста пабожных практык”. Для іх жа заклік да святасці па вялікім рахунку з’яўляецца “заклікам да шчасця і радасці, а не знешнім пакараннем” і азначае, што чалавек павінен стаць “найлепшай магчымай версіяй сябе” і знайсці “свой найлепшы магчымы шлях жыцця”.

Члены групы, сярод якіх знаходзяцца кардынал Кевін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і арцыбіскуп Энтані Муэрыя (Ньеры, Кенія), асцерагаюць, што следаванне за эмоцыямі пры пошуку паклікання “здаецца надта павярхоўным”. Таксама група падкрэсліла “цэнтральнае значэнне Эўхарыстыі ў працэсе распазнання”.

Англамоўная група D, якую мадэруе кардынал Дэніэл Дзінарда, старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША, выказалася супраць постмадэрнісцкай культуры, дзе асобаў заахвочваюць “вынаходзіць сябе” і акрэсліваць свае ўласныя каштоўнасці “шляхам рэалізацыі сваёй свабоды”. Па іх словах, такі падыход “несумяшчальны з біблейскім разуменнем чалавечай істоты”, якую Бог заклікае выйсці па-за межы сваіх “уласных праектаў і планаў”.

У гэтай групе таксама абмяркоўвалася сумленне, але тут яно, магчыма, атрымала больш здаровую прапрацоўку, чым у іншых групах. Члены гэтай групы, сярод якіх арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна і дапаможны біскуп Лос-Анджэлеса Роберт Бэрэн (рэлятар групы), сказалі, што іх занепакоіла мова, выкарыстаная ў працоўным дакуменце, якая “можа ствараць уражанне, што сумленне з’яўляецца асабістай справай чалавека”, заснаванай на “пачуццях і волі”. Яны прапанавалі выкарыстоўваць простую фразу “добра сфарміраванае сумленне”, якая дазволіць трымаць суб’ектывізм на адлегласці, і дадалі, што тэксты катэхізісаў YouCat і DoCat “асабліва добра дапамагаюць” фарміраваць сумленне.

Пэўныя цікавосткі з іншых моўных груп. Французскія групы падкрэслілі важнасць канфірмацыі, прычым група С задала пытанне, ці не варта паставіць яе “ў сэрца” паклікання. Група, у якую ўваходзяць кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, а таксама а. Бруно Кадарэ, генеральны магістр ордэна дамініканцаў, паведаміла, што будзе прапаноўваць параграф “пра моладзь як благаслаўленне для Касцёла, пра суправаджэнне пакліканняў у шматкультурным і шматканфесійным кантэксце, пра ролю супольнасцяў і моладзевых груп у суправаджэнні асобаў”.

Італьянская група В, рэлятарам якой з’яўляецца арцыбіскуп Бруна Фортэ, верагодна, галоўны ўкладальнік чарнавіка фінальнага дакумента, сцвердзіла, што “ўсе мы, нават тыя, хто суправаджае моладзь на яе шляху да чалавечай і духоўнай сталасці, з’яўляемся прабачанымі грэшнікамі, і сапраўдная свабода заўсёды з’яўляецца дадзенай свабодай, неадрыўнай ад дапамогі Божай ласкі”.

“У кожным падарожжы распазнання, — пішуць яны, — слуханне рэальнасці і павага да яе павінны быць звязаны з першынством Божага дзеяння, якое праяўляецца ў сакрамэнтах і ў досведзе адэкватнага духоўнага кіраўніцтва. Калі мы занядбаем гэты фундаментальны аспект, мы рызыкуем пакінуць маладых людзей самім сабе, асабліва калі яны сутыкаюцца з радыкальнымі пытаннямі, звязанымі з болем і смерцю”. Моладзь з’яўляецца “не толькі благаслаўленнем”, пішуць яны, “гэта таксама выклік, звязаны з нашай кволасцю”. У гэтую групу ўваходзяць арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня польскай канферэнцыі біскупаў, і кардынал Гуалцьера Басэці, старшыня канферэнцыі біскупаў Італіі.

Як і ў англамоўных групах, тут праводзіўся аналіз распазнання, пастырскай апекі пакліканняў і суправаджэння. Аднак іспанская група А, якую мадэруе кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, каардынатар групы кардыналаў С9, звярнула ўвагу на злачынныя банды і адзначыла, наколькі складана выйсці з іх маладым людзям, якія там апынуліся.

Група таксама задалася пытаннем, як Касцёл павінен “дзейнічаць з гомасэксуаламі”, хоць гэтая тэма і не згадвалася ў другой частцы instrumentum laboris (пра гэта ідзе мова толькі ў першай і трэцяй частках). Члены групы дадалі, што іх “нельга пакінуць без нашай пастырскай апекі”. Таксама, па іх словах, нельга закрываць вочы на “іншыя рэаліі, такія як гомасэксуальныя шлюбы, сурагатнае мацярынства, усынаўленне аднаполымі парамі, якія з’яўляюцца вельмі актуальнымі і якія развіваюць і прасоўваюць міжнародныя ўрадавыя інстытуты”.

Гэтая група, у якую ўваходзілі кардынал Карлас Агіяр Рэтэс з Мехіка і кардынал Хасэ Маэстрахуан з Панамы, таксама размаўляла пра цэлібат і адзінокіх людзей. Па іх словах, “тым, хто зрабіў такі выбар, а многія з гэтых людзей блізкія да Касцёла”, трэба сказаць “слова заахвочвання”.

Некаторыя выказвалі ў адрас сінода крытыку з прычыны тых тэм, якія на ім не абмяркоўваюцца. На мінулым тыдні Register згадваў, што дагэтуль на сінодзе не падымалася пытанне энцыклікі Humanae vitae, не было сказана амаль нічога пра пераследаваную моладзь або пра тое, як Касцёл можа дапамагчы моладзі змагацца з “культурай смерці”.

Поўныя тэксты справаздач працоўных груп па другой частцы instrumentum laboris можна прачытаць тут.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up