16.10.2018 / FIUV

Пазіцыя № 6. “Літургічны плюралізм і надзвычайная форма рымскага абраду”🕑 16 хвілін

Чарговая Пазіцыя Міжнароднай федэрацыі “Una Voce” закранае тэму літургічнага плюралізму, г. зн. паралельнага існавання шматлікіх літургічных абрадаў і звычаяў.

Артыкул прыводзіць аргументы на карысць гэтай з’явы, якая “ніколі не лічылася перашкодай, а хутчэй разглядалася як прыкмета жыццяздольнасці” Касцёла. У якасці прыкладаў можна назваць існаванне ўсходніх абрадаў нават на тых тэрыторыях, дзе больш распаўсюджаны рымскі абрад, а таксама разнастайныя звычаі ў самім рымскім абрадзе: як тэрытарыяльныя, так і манаскія. Нават у нашыя часы рымская літургічная сям’я прырастае: пры пантыфікаце Бенедыкта XVI быў укладзены літургічны звычай для былых англіканскіх супольнасцяў, якія перайшлі ў еднасць з Рымам.

Такім чынам, літургічны плюралізм з’яўляецца не толькі старым, але і станоўчым фактам. Адпаведна, магчымасць існавання надзвычайнай формы рымскага абраду таксама не павінна аспрэчвацца, тым больш з тых пазіцый, быццам яна адмоўна ўплывае на еднасць Касцёла.


ПАЗІЦЫЯ № 6: ЛІТУРГІЧНЫ ПЛЮРАЛІЗМ І НАДЗВЫЧАЙНАЯ ФОРМА РЫМСКАГА АБРАДУ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Існаванне “надзвычайнай формы” рымскага абраду стала фактам дзякуючы непрадбачаным гістарычным абставінам, і існуе меркаванне, што праз карацейшы ці даў­жэйшы час “звычайная” і “надзвычайная” формы павінны нейкім чынам аб’яднацца. Аднак існаванне літургічнага плюралізму ў Касцёле, як на Захадзе, так і на Усходзе, ніколі не лічылася перашкодай, а хутчэй разглядалася як прыкмета жыццяздольнасці. Гэта рашуча пацвярджаюць некалькі дакументаў Другога Ватыканскага сабору і паз­нейшае навучанне Касцёла. “Ідэал” літургічнай разнастайнасці хутчэй дэманструе еднасць веры, а не падрывае яе, паколькі розныя літургічныя формы з’яўляюцца ўцелаўленнем веры ў розных умовах. Яны робяць акцэнт на розных тэалагічных адметнасцях і адыгрываюць важную ролю ў спрыянні еднасці Касцёла. Касцёл працягваў падтрымліваць існуючыя формы і нават уводзіць новыя аж да сённяшняга дня. Таксама ён клапоціцца аб іх абароне ад надмернага ўплыву (звычайнага) рымскага абраду, які мог бы парушыць іх характэрны ўнёсак у жыццё Касцёла.

Плюралізм у літургіі і гармонія ў веры

1. У гэтым артыкуле мы не будзем паглыбляцца ў пытанне далейшага развіцця звычайнай формы рымскага абраду, а звернемся да пытання таго, ці з’яўляецца праблемай існаванне ў лацінскім абрадзе дадатковай, “надзвычайнай” формы рымскага абраду і ці трэба ў бліжэйшай ці далейшай перспектыве пры магчымасці як-небудзь скасаваць яе, напрыклад, шляхам стварэння адзінай, цэльнай формы рымскага абраду.

2. Аднаўленне існавання дзвюх “формаў” рымскага абраду можна назваць выпадковым [1], аднак сама па сабе наяўнасць мноства літургічных формаў у Касцёле не з’яўляец­ца адхіленнем ад нормы або чымсьці непажаданым. Варта адзначыць, што ў апостальскай канстытуцыі Quo primum (1570) Папа Пій V выказаўся на карысць захавання шанаваных абрадаў [2], а Другі Ватыканскі сабор у сваёй канстытуцыі пра святую літургію Sacro­sanctum concilium, “верна трымаючыся традыцыі”, заявіў:

…святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць [3].

У іншым месцы:

У справах, якія не датычаць веры ці агульнага дабра, Касцёл не хоча навязваць строгай і аднастайнай формы нават у Літургіі [4].

Кажучы пра вялікую колькасць абрадаў, дэкрэт Orientalium Ecclesiarum сцвярджае, што “разнастайнасць у Касцёле не толькі не перашкаджае яго еднасці, але наадварот выяўляе яе” [5].

3. У Лацінскім Касцёле гэты прынцып гістарычна праяўляўся ў багатай разнастайнасці абрадаў і звычаяў, якія альбо вызначаліся па геаграфічнай прыкмеце (асабліва амбразіянскі і масарабскі абрады), альбо належалі канкрэтным манаскім ордэнам. Як у Сярэднявеччы ў рэгіёнах з мясцовымі звычаямі францысканцы выкарыстоўвалі Missale Seraphicum (цесна звязаны з рымскім абрадам), так у сучасныя часы (перад Саборам) на тэрыторыях, для якіх быў характэрны рымскі абрад, парафіі дамініканцаў і прэманстрантаў захоўвалі свае ўласныя літургічныя традыцыі. Сёння на землях “пераважна лацінскай традыцыі” існуюць Усходнія Касцёлы [6]; не бачачы ў гэтым праблемы, Папа Ян Павел ІІ лічыў такую сітуацыю магчымасцю для лацінскіх каталікоў даведацца пра ўсходнія абрады [7]. Нядаўна Папа Бенедыкт XVI пачаў працэс стварэння новай формы рымскага абраду для членаў Англіканскай супольнасці, якія былі прыняты ў поўную еднасць са Святым Пасадам. Мэтай гэтага працэсу з’яўляецца:

…захоўваць унутры Каталіцкага Касцёла літургічныя, духоўныя і пастырскія традыцыі Англіканскай супольнасці як каштоўны дар, які ўмацоўвае веру членаў Ардынарыята, і як багацце, якім можна дзяліцца з іншымі [8].

Кажучы пра дэкрэт Другога Ватыканскага сабору пра экуменізм Unitatis redintegratio [9], Папа Ян Павел ІІ пісаў:

…мы знаходзім моц і энтузіязм для ўзмоцненага пошуку гармоніі ў гэтай сапраўднай разнастайнасці формаў, якая застаецца ідэалам Касцёла [10].

4. Што датычыцца дзвюх формаў рымскага абраду, то Бенедыкт XVI падкрэсліў гармонію веры, якая ляжыць у аснове разнастайнасці літургічных формаў [11]. Адразу пасля гэтага ён сказаў пра значэнне і артадаксальнасць надзвычайнай формы:

Тое, што было святым для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным. Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца [12].

Каштоўнасць плюралізму

5. Плюралізм з’яўляецца “ідэалам” па дзвюх прычынах. Па-першае, як кажа інструкцыя Il Padre, incomprensibile, паўтараючы за дэкрэтам Orientalium Ecclesiarum [13] і інструкцыяй Varietates legitimae (1994) [14], розныя абрады з’яўляюцца ўцелаўленнем веры ў розных умовах:

Гэтая разнастайнасць усходніх літургій зусім не шкодзіць еднасці Касцёла і нават умацоўвае яе, дазваляючы яму пускаць карані ў канкрэтных рэаліях акрэсленага часу і прасторы [15].

6. Па-другое, дэкрэт Unitatis redintegratio нагадвае нам, што розныя тэалагічныя трады­цыі, якія знаходзяць свой выраз ва ўласных літургічных абрадах, даюць пачатак узаемадапаўняльным тэалагічным акцэнтам.

Разам з тым, што было сказана вышэй пра законную разнастайнасць, трэба так­сама сказаць і пра адрозныя тэалагічныя фармуліроўкі дактрыны, бо на Усходзе i на Захадзе пры вывучэнні праўд Аб’яўлення выкарыстоўваліся розныя метады i падыходы да пазнання i вызнання боскіх рэчаў. Таму нічога дзіўнага, што ў адных больш адпаведна прадстаўлены i лепш асветлены, чым у другіх, некаторыя аспекты таямніц Аб’яўлення, у выніку чаго гэтыя розныя тэалагічныя фармуліроўкі нярэдка ўзаемадапаўняюцца, чым супярэчаць сабе [16].

7. Папа Бенедыкт пісаў пра Імшал 1962 года як пра каштоўнае пацвярджэнне пэўных праўдаў:

Магчымасць такой цэлебрацыі [паводле Імшала 1962 года] з’яўляецца наймацнейшым і таму найбольш нязносным (для іх) пярэчаннем меркаванню тых, хто лічыць, што вера ў Эўхарыстыю, сфармуляваная Трыдэнцкім саборам, страціла сваё значэнне [17].

8. Пэўныя каштоўныя рысы надзвычайная форма падзяляе з англіканскім звычаем [18], а таксама некаторымі ўсходнімі абрадамі. Тое, што ўсходнія абрады ўздзейнічаюць на “ўсю цэласнасць асобы” [19], ужо абмяркоўвалася ў Пазіцыі № 2 [20]; іншай іх рысай з’яўля­ецца вернасць традыцыі:

Сёння мы часта адчуваем сябе закладнікамі цяперашняга часу. Ёсць адчуванне, што чалавек страціў пачуццё прыналежнасці да гісторыі, якая была перад ім і будзе пасля яго. Гэтую спробу знайсці сваё месца паміж мінуўшчынай і будучыняй, ад сэрца дзякуючы за атрыманыя і чаканыя даброты, асабліва прапануюць усходнія абрады, якія адзначаюцца ясным пачуццём неразрыўнасці, якая называецца Традыцыяй і эсхаталагічным чаканнем [21].

Плюралізм і еднасць Касцёла

9. Яшчэ адна каштоўная рыса — гэта важнасць літургічных традыцый Усходніх Касцёлаў і англіканскага звычаю для экуменізму. Усведамляючы гэта, Папа Ян Павел ІІ патрабаваў:

…поўнай павагі да годнасці іншых і адкідання меркавання, быццам увесь корпус абрадаў і традыцый Лацінскага Касцёла з’яўляецца больш поўным і больш адпаведным для дэманстрацыі паўнаты правільнай дактрыны [22].

Інструкцыя Il Padre, паўтараючы за Orientalium Ecclesiarum [23], падкрэслівае важнае значэнне экуменізму ў развіцці ўсходніх абрадаў:

Таму пры кожнай спробе літургічнай адновы неабходна ўлічваць практыку праваслаўных братоў, ведаючы яе, паважаючы яе і адыходзячы ад яе як найменш, каб не павялічваць ужо існуючага раздзялення… [24]

10. Зноў жа, тут ёсць аналогія з надзвычайнай формай. Папа Бенедыкт XVI моцна падкрэслівае важнасць павагі да “старажытнай лацінскай літургічнай традыцыяй”, каб, калі гэта магчыма, пераадолець падзелы ў Касцёле [25]. Гэтыя падзелы датычацца не толькі груп, але і індывідуальных каталікоў, якія пасля літургічнай рэформы адчуваюць адчужэнне ад Касцёла. Як піша Папа Бенедыкт XVI:

І я бачыў, які глыбокі боль прычынялі самавольныя скажэнні Літургіі людзям, цалкам укаранёным у веры Касцёла [26].

11. Трэба згадаць таксама важнае значэнне надзвычайнай формы рымскага абраду для экуменізму ў стасунках з праваслаўнымі Цэрквамі. Кажучы пра Summorum Pontificum, святой памяці Патрыярх Маскоўскі Алексій ІІ адзначыў: “Аднаўленне і ацэнка старажытнай літургічнай традыцыі — гэта факт, які мы станоўча вітаем” [27].

Заключэнне

12. Сам па сабе літургічны плюралізм не з’яўляецца і ніколі не быў для Касцёла перашкодай і разглядаўся як крыніца жыццяздольнасці. Ён дэманструе адказ веры на розныя абставіны і прадстаўляе сабою скарб тэалагічных і духоўных акцэнтаў, якія ўзаемна дапаўняюцца. Плюралізм абрадаў і звычаяў падтрымліваецца і развіваецца Святым Пасадам па сённяшні дзень.

13. Як і ў выпадку ўсходніх абрадаў, Касцёл заўсёды спрыяў абрадам і звычаям са стара­жытным паходжаннем унутры Лацінскага Касцёла, а таксама рабіў высілкі, каб заха­ваць іх, калі ім пагражала знікненне альбо калі яны адчувалі празмерны ўплыў рымскага абраду. Як і ўжо згаданыя літургічныя традыцыі манаскіх ордэнаў, масараб­скі абрад з’яўляецца прыкладам абраду, які мае настолькі вялікае гістарычнае і тэалагічнае значэнне, што сам факт таго, што ён працягвае цэлебравацца ў некаторых месцах, належыць цаніць і ахоўваць, хоць выкарыстанне яго кніг і зрабілася вельмі вузкім. Якім абмежаваным ці шырокім не стала б з часам выкарыстанне надзвычай­най формы, яна таксама будзе мець каштоўнасць для ўсяго Касцёла як жывая трады­цыя, багатая крыніца духоўнасці і тэалогіі, а таксама глыбокая сувязь з літургічнай спадчынай Лацінскага Касцёла.

14. Папа Бенедыкт XVI пацвердзіў каштоўнасць надзвычайнай формы. Як і ўсходнія абра­ды, яна захавае і будзе развіваць сваё значэнне для ўсяго Касцёла, калі толькі заста­нецца вернай сабе, свайму духу і традыцыям. Яе цэласнасць таксама важная для яе ролі ў справе еднасці Касцёла. Трэба засвоіць навуку, якую мы спазналі з лёсу ўсходніх абрадаў у мінулых стагоддзях, калі Святы Пасад зацвердзіў такія змены, пра якія сёння можна толькі шкадаваць [28].

15. Словы інструкцыі Il Padre, якія напісаны з думкай пра Усходнія Касцёлы, можна прымяніць і да надзвычайнай формы:

З гістарычных і культурных прычын яны захавалі больш непасрэдную сувязь з духоўнай атмасферай хрысціянскіх вытокаў, што ўсё часцей нават Захад прызнае не прыкметай застою і адсталасці, а каштоўнай вернасцю крыніцам збаўлення [29].


[1] Папа Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў з нагоды motu proprio Summorum Pontificum (2007): “На момант увядзення новага Імшала не падалося неабходным выдаць спецыяльныя нормы для магчымага выкарыстання папярэдняга Імшала. Верагодна, была зроблена здагадка, што мова ідзе пра нешматлікія асобныя выпадкі, якія могуць быць вырашаныя кожны паасобку на месцах. Аднак хутка высветлілася, што немалая колькасць вернікаў заставалася глыбока прывязанай да выкарыстання гэтага рымскага абраду…”

[2] Прыняцце Рымскага Імшала замест іншага абрадавага звычаю дазваляецца толькі пасля аднадушнай згоды катэдральнага капітула або капітула супольнасці, а ў дадатак патрабуецца згода біскупа або настаяцеля. Пій V, апостальская канстытуцыя Quo primum (1570): Рымскі Імшал у перагледжаным выданні 1570 года павінен выкарыстоўвацца ва ўсіх касцёлах, “акрамя тых толькі, якім практыка служэння Імшы іншым чынам была дадзена больш як дзвесце гадоў таму адначасова з устанаўленнем і зацвярджэннем касцёла Апостальскай Сталіцай, а таксама тым, у якіх падобны звычай пераважаў бесперапынна на працягу не менш за дзвесце гадоў; у гэтых выпадках Мы ніякім чынам не скасоўваем іх вышэйзгаданыя прывілеі альбо правы. Тым не менш, калі гэты Імшал, які Мы палічылі патрэбным выдаць, здасца апошнім больш прымальным, Мы гэтым дазваляем ім цэлебраваць Імшу паводле гэтага абраду пры згодзе іх біскупа альбо настаяцеля, а таксама ўсяго капітула, не зважаючы на ўсё супярэчнае”. (“Nisi ab ipsa prima institutione a Sede Apostolica adprobata, vel consuetudine, quae, vel ipsa institutio super ducentos annos Missarum celebrandarum in eisdem Ecclesiis assidue observata sit: a quibus, ut praefatam celebrandi constitutionem vel consuetudinem nequaquam auferimus; sic si Missale hoc, quod nunc in lucem edi curavimus, iisdem magis placeret, de Episcopi, vel Praelati, Capitulique universi consensu, ut quibusvis non obstantibus, juxta illud Missas celebrare possint, permittimus”.)

[3] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя Sacrosanctum concilium, 4: “Traditioni denique fideliter obsequens, Sacrosanctum Concilium declarat Sanctam Matrem Ecclesiam omnes Ritus legitime agnitos aequo iure atque honore habere, eosque in posterum servari et omnimode foveri velle”.

[4] Sacrosanctum concilium, 37: “Ecclesia, in iis quae fidem aut bonum totius communitatis non tangunt, rigidam unius tenoris formam ne in Liturgia quidem imponere cupit”.

[5] Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт Orientalium Ecclesiarum, 2: “…ita ut varietas in Ecclesia nedum eiusdem noceat unitati, eam potius declaret”.

[6] Інструкцыя Il Padre, incomprensibile (1996), 10.

[7] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Orientale lumen (1995), 24: “Я лічу, што адным з важных шляхоў узрастання ва ўзаемным разуменні і еднасці з’яўляецца менавіта паглыбленне нашых ведаў пра адзін аднаго. Дзеці Каталіцкага Касцёла ўжо ведаюць шляхі, якія Святы Пасад вызначыў для дасягнення гэтага: ведаць літургію Усходніх Касцёлаў”. (“Putamus sane magnum pondus ad crescendum in mutua comprehensione atque unitate tribuendum esse meliori mutuae intellegentiae. Catholicae Ecclesiae filii iam noverunt vias quas Sancta Sedes significavit ut ii eiusmodi propositum consequi valeant: liturgiam Ecclesiarum Orientalium noscere [выпраўлена з “nascere”]”.) (Цытаваны фрагмент заканчваецца зноскай на інструкцыю In Ecclesiasticum futurorum (1979), 48.)

[8] Бенедыкт XVI, апостальская канстытуцыя Anglicanorum coetibus (2009), III.

[9] Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт Unitatis redintegratio, 4: “Трымаючыся еднасці ў неабходным, няхай усе захаваюць у Касцёле належную свабоду адносна даручаных ім паслуг у разнастайных формах духоўнага жыцця і дысцыпліны, а таксама ў розных літургічных абрадах і нават у тэалагічным апрацаванні праўды Аб’яўлення; ва ўсім няхай захоўваюць любоў. Так паступаючы, з кожным днём будуць штораз паўней выяўляць каталіцкасць, a таксама апостальскі характар Касцёла”. (“In necessariis unitatem custodientes, omnes in Ecclesia, secundum munus unicuique datum, cum in variis formis vitae spiritualis et disciplinae, tum in diversitate liturgicorum rituum, immo et in theologica veritatis revelatae elaboratione, debitam libertatem servent; in omnibus vero caritatem colant. Hac enim agendi ratione ipsi veri nominis catholicitatem simul et apostolicitatem Ecclesiae in dies plenius manifestabunt”.)

[10] Orientale lumen, 2: “…satis iterum virium reperimus ac studii ut ea in veritate ac multiplicitate concordiae augeamus conquisitionem quae Ecclesiae remanet propositum optimum”.

[11] Ліст да біскупаў з нагоды motu proprio Summorum Pontificum: “Няма ніякай супярэчнасці паміж адным і другім выданнем Рымскага Імшала”.

[12] Ibid.

[13] Дэкрэт Другога Ватыканскага сабору Orientalium Ecclesiarum, 2: “Разнастайнасць у Касцёле не толькі не перашкаджае яго еднасці, але наадварот выяўляе яе. Каталіцкі Касцёл жадае, каб традыцыі кожнага мясцовага Касцёла, ці абраду, засталіся цэлымі і непарушнымі. Акрамя гэтага, ён прагне таксама дастасаваць свой спосаб жыцця да зменлівых умоў часу i месца” (“varietas in Ecclesia nedum eiusdem noceat unitati, eam potius declaret; Ecclesiae enim catholicae hoc propositum est, ut salvae et integrae maneant uniuscuiusque particularis Ecclesiae seu ritus traditiones, eademque pariter vult suam vitae rationem aptare variis temporum locorumque necessitatibus”).

[14] Інструкцыя Varietates legitimae (1994), 4: “Канстытуцыя Sacrosanctum concilium казала пра розныя формы літургічнай адаптацыі. Пазней Магістэрый Касцёла выкарыстаў тэрмін “інкультурацыя”, каб дакладней акрэсліць “уцелаўленне Евангелля ў аўтаномных культурах і адначасовае ўвядзенне гэтых культур у жыццё Касцёла” [Зноска: св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Slavorum Apostoli (1985), 21]. Інкультурацыя азначае “глыбокую трансфармацыю аўтэнтычных культурных каштоўнасцяў праз іх інтэграцыю ў хрысціянства і ўжыўленне хрысціянства ў розныя людскія культуры” [Зноска: св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Redemptoris missio (1990), 52]”.

[15] Il Padre, incomprensibile, 15.

[16] Unitatis redintegratio, 17: “Etenim in veritatis revelatae exploratione methodi gressusque diversi ad divina cognoscenda et confitenda in Oriente et in Occidente adhibiti sunt. Unde mirum non est quosdam aspectus mysterii revelati quandoque magis congrue percipi et in meliorem lucem poni ab uno quam ab altero, ita ut tunc variae illae theologicae formulae non raro potius inter se compleri dicendae sint quam opponi”. Пар. Orientale lumen, 5: “Хрысціянская традыцыя Усходу звязана з пэўным спосабам прыняцця, разумення веры ў Пана Езуса і жыцця ёю. У гэтым сэнсе яна надзвычай блізкая да хрысціянскай традыцыі Захаду, якая нарадзілася і ўзгадавалася на той самай веры. Аднак яе законна і пахвальна аддзяляюць ад апошняй, паколькі ўсходнія хрысціяне маюць свой уласны спосаб успрымання і разумення, а таксама самабытны спосаб перажываць свае адносіны са Збаўцам” (“Certum enim modum secum importat orientalis traditio suscipiendi intellegendi vivendi Domini Iesu fidem. Ita profecto proxime illa ad christianam accedit Occidentis traditionem quae eadem nascitur aliturque fide. Tamen legitime atque insignite ab illa differt, cum proprium habeat sentiendi percipiendique morem christifidelis orientalis, ac propterea nativam aliquam rationem suae colendae necessitudinis cum Salvatore”). Пар. таксама Orientalium Ecclesiarum, 5: “[Святы Сабор] урачыста сцвярджае, што Касцёлы, як Усходнія, так i Заходнія, маюць права i абавязак кіравацца ўласнымі спецыяльнымі нормамі, бо яны маюць старажытнае паходжанне, а таксама больш адпавядаюць мясцовым звычаям вернікаў i здаюцца больш прыдатнымі ў клопаце пра дабро душ” (“Quamobrem sollemniter declarat, Ecclesias Orientis sicut et Occidentis iure pollere et officio teneri se secundum proprias disciplinas peculiares regendi, utpote quae veneranda antiquitate commendentur, moribus suorum fidelium magis sint congruae atque ad bonum animarum consulendum aptiores videantur”).

[17] J. Ratzinger, “The Theology of the Liturgy” у выд. Alcuin Reid, “Looking Again at the Question of the Liturgy with Cardinal Ratzinger: Proceedings of the July 2001 Fontgombault Liturgical Conference”, Farnbrough: St Michael’s Abbey Press, 2003, c. 18–33, c. 20.

[18] Сярод іх перыяд Сямідзясятніцы (Septuagesima), сухія і крыжовыя дні і актава Пяцідзясятніцы.

[19] Orientale lumen, 11: “tota sua cum persona”.

[20] Пазіцыя №2, “Літургічная пабожнасць і ўдзел у літургіі”, 9.

[21] Orientale lumen, 8: “Captivos hodie saepius nos temporis praesentis esse sentimus: quasi si notionem homo amiserit sese esse particulam alicuius historiae praecedentis et subsequentis. Huic magno labori, quo contendit quis ut se inter praeteritum collocet futurumque tempus cum grato sane animo tam de acceptis quam de donis postmodum accipiendis, clarum praestant Orientales Ecclesiae sensum continuationis, quae sibi Traditionis atque eschatologicae exspectationis nomina sumit”.

[22] Orientale lumen, 20: “Certe, hodiernae menti videtur vera coniunctio fieri posse aliorum plene observata dignitate, dempta simul illa opinione universos mores et consuetudines Ecclesiae Latinae pleniores esse et aptiores ad rectam doctrinam demonstrandam”.

[23] Orientalium Ecclesiarum, 24: усходнія каталікі павінны спрыяць еднасці з іншымі ўсходнімі хрысція­намі, сярод іншага, праз “пабожную вернасць старажытным усходнім традыцыям” (“religiosa erga antiquas traditiones orientales fidelitate”).

[24] Il Padre, incomprensibile, 21.

[25] Ліст да біскупаў з нагоды motu proprio Summorum Pontificum: “Гэты позірк у мінулае накладае сёння на нас абавязак: прыкласці ўсе намаганні, каб ва ўсіх тых, хто сапраўды жадае адзінства, была магчымасць застацца ў гэтым адзінстве ці набыць яго зноў”.

[26] Ibid.

[27] Агенцтва навінаў Zenit паведаміла з Рыма 29 жніўня 2007 года наступнае. “Крок Бенедыкта XVI па аднаўленні больш шырокай цэлебрацыі паводле Рымскага Імшала 1962 года атрымаў станоўчы водгук ад праваслаўнага Патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ. “Аднаўленне і ацэнка старажытнай літургічнай традыцыі — гэта факт, які мы станоўча вітаем”, — сказаў Алексій ІІ італьянскаму штодзённіку Il Giornale. Апостальскае пасланне Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, апублікаванае ў ліпені, тлумачыць новыя нормы, якія дазваляюць выкарыстанне Імшала 1962 года ў якасці надзвычайнай формы літургічнай цэлебрацыі. “Мы вельмі моцна трымаемся традыцыі, — працягнуў ён. — Калі б не вернае захоўванне літургічнай традыцыі, Руская праваслаўная Царква не змагла б ператрываць час пераследу”.

[28] Il Padre, incomprensibile, 24: “Гэтыя ўмяшанні сталі эфектам ментальнасці і пераканання таго часу, з-за якіх адчувалася пэўная падпарадкаванасць нелацінскіх літургій — лацінскай, якую лічылі ritus praestantior. Такая пастава магла прывесці да ўмяшанняў ва ўсходнія літургічныя тэксты, якія сёння ў святле тэалагічных даследаванняў і прагрэсу патрабуюць перагляду ў сэнсе вяртання да традыцыі продкаў”. Пар. Orientalium Ecclesiarum, 6, пра літургічныя абрады Усходніх Касцёлаў: “Усё гэта павінна з найбольшай дакладнасцю захоўвацца самімі ўсходнімі хрысціянамі, якія павінны глыбей пазнаваць гэтыя рэчы і больш дасканала іх выкарыстоўваць. Калі з-за акалічнасцяў часу або асоб яны нейкім чынам адыдуць ад гэтага, то няхай імкнуцца вярнуцца да традыцыі продкаў” (“Haec omnia, igitur, maxima fidelitate ab ipsis Orientalibus observanda sunt; qui quidem harum rerum cognitionem in dies maiorem usumque perfectiorem acquirere debent, et, si ab iis ob temporum vel personarum adiuncta indebite defecerint, ad avitas traditiones redire satagant”). Інструкцыя Varietates legitimae сцвярджае падобнае пра гісторыю літургіі на Захадзе (17): “Цягам стагоддзяў рымскі абрад добра інтэграваў тэксты, спевы, жэсты і абрады з розных крыніцаў і адаптаваўся да мясцовых культур на місійных тэрыторыях, нават калі ў пэўныя перыяды часу імкненне да літургічнай аднастайнасці хавала гэты факт”. Зноскі да гэтага фрагмента даюць прыклады рысаў, якія рымскі абрад набыў з часам як адказ на мясцовыя ўмовы, а таксама настаўніцкія адказы на такія новаўвядзенні.

[29] Il Padre, incomprensibile, 9.

Пакінуць каментар

Scroll Up