13.10.2018 / Edward Pentin

Прапушчаны элемент сінода: абмеркаванне Humanae vitae🕑 5 хвілін

Аўтар гэтай энцыклікі Павел VI будзе ў нядзелю кананізаваны, аднак яе пасланне не паўплывала на абмеркаванні сінода.

ГОРАД ВАТЫКАН — Адной з рэчаў, якія адсутнічаюць у дыскусіях кастрычніцкага сінода па праблемах моладзі, з’яўляецца энцыкліка Humanae vitae, хоць у гэтым годзе адзначаецца 50-годдзе яе публікацыі, а Папа Францішак у нядзелю кананізуе аўтара гэтай энцыклікі бл. Паўла VI.

У чацвер арцыбіскуп Бруна Фортэ, член кіруючай камісіі сінода на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, паведаміў журналістам: “Мы не размаўлялі пра яе, або прынамсі я не памятаю, каб былі нейкія прапановы”.

Апублікаваная ў 1968 годзе, энцыкліка Humanae vitae пацвердзіла забарону кантрацэпцыі, дазволіла выкарыстанне ў пэўных абставінах метадаў планавання сям’і і развіла вучэнне Касцёла, падкрэсліўшы два істотныя значэнні сужэнскага акту: яднальнае і пракрэатыўнае, якія неразрыўна звязаны адно з адным.

Нават пасля яе публікацыі іншадумцы ўнутры і звонку Касцёла імкнуліся змякчыць яе вучэнне і дазволіць выкарыстанне кантрацэптываў, тады як многія іншыя, асабліва ў межах руху ў абарону жыцця, пастаянна сцвярджалі, што энцыкліка Humanae vitae мае прароцкі характар, асабліва ў святле разбурэння сужэнства і сям’і, якое яны тлумачаць паўсюдным кантролем за нараджальнасцю.

Хоць тэма чысціні шырока абмяркоўвалася ў працоўных групах, кантрацэпцыя амаль не згадвалася (магчыма, толькі раз: на гэтым тыдні адзін нігерыйскі біскуп уключыў яе ў сваю прамову на сінодзе).

Пра адсутнасць абмеркавання гэтага дакумента згадаў на брыфінгу для прэсы 12 кастрычніка біскуп Роберт Бэрэн, адзін з чатырох айцоў сінода, якія прадстаўляюць ЗША. Ён сказаў, што з улікам яе “прароцкай якасці” энцыкліка “можа і павінна быць прапанавана [для абмеркавання]”. Дапаможны біскуп Лос-Анджэлеса і заснавальнік апостальства “Word on Fire” закрануў гэтую тэму ў адказ на пытанне журналіста, які параўнаў маўчанне айцоў сінода з аналагічным маўчаннем біскупаў па гэтым пытанні, якое доўжылася на працягу дзесяцігоддзяў.

“Калі сёння вы чытаеце фрагменты Humanae vitae, яны набываюць цалкам новы рэзананс і праліваюць святло ва ўсіх напрамках”, — дадаў ён. Павел VI “ў 1968 годзе даволі дакладна прадказаў пэўныя аспекты ў нашым грамадстве, у яго маральным жыцці, і таму я думаю, што гэта варта адзначыць”.

Выклік сэксуальнасці

Прафесар Джэнэт Сміт, загадчык кафедры этыкі жыцця імя кс. Майкла Дж. Макгівні ў Вышэйшай семінарыі Найсвяцейшага Сэрца ў Дэтройце, растлумачыла 11 кастрычніка ў каментарыі для Register, што сэксуальнасць з’яўляецца “адным з галоўных выклікаў”, з якімі сёння сустракаецца моладзь пасярод “культуры, якая лічыць, што сэкс — гэта нічога асаблівага”.

“Культура прасоўвае бяздушны тып сэксуальнасці, таму што яна прыняла погляд на сэкс, якому спрыяе кантрацэпцыя — сэкс без адказнасці”, — кажа Сміт. Аднак яна дадае, што маладыя людзі “ўсё больш і больш разумеюць, што такі сэкс не прыносіць задавальнення і прымушае іх адчуваць сябе пустымі, выкарыстанымі і прыніжанымі”, а таксама можа прывесці да “невылечных захворванняў, што перадаюцца палавым шляхам, абортаў і многіх іншых няшчасцяў”. Сміт дадае, што Касцёл “разумее, чаму наша культура настолькі заблыталася ў сэксе”, таму што ён ведае, што сэксуальны акт нясе ў сабе “глыбокія значэнні, якія патрабуюць адказнасці, — і гэтыя значэнні пераплецены. Палавы акт не павінен быць эксплуатацыйным, прыніжальным, без твару, без душы”.

Хутчэй, па словах Сміт, ён задуманы як штосьці “вялікае, штосьці, што ахоплівае ўсё Я чалавека — Я, здольнае стацца цэльным дарам для іншага, прызнаць іншага вялікім дарам і сумесна з ім быць крыніцай новага жыцця для іншай несмяротнай душы. Гэта адначасова акт любові і акт нараджэння дзіцяці, і тыя, хто ставіцца да яго па-іншаму, ганьбяць адзін з найбольш каштоўных дароў Бога”.

Менавіта гэта і ёсць пасланне Humanae vitae, кажа Сміт, дадаючы, што вучэнне гэтай энцыклікі было ўзбагачана двума “цудоўнымі выкладамі” св. Яна Паўла ІІ: “Любоў і адказнасць” і “Тэалогія цела”.

Роберт Роял, дырэктар Інстытута Faith and Reason, які назірае за сінодам у Рыме, заўважае, што дыскусіі на сінодзе вяліся “пра нестабільнасць маці і бацькаў, пра тое, што гэтыя дзеці жадаюць бачыць больш глыбокі вобраз Касцёла”. Аднак, што ж, пытаецца ён, “мацней разбурыла сям’ю, адносіны паміж мужчынам і жанчынай і перадачу жыцця, чым кантрацэпцыя? І ўсё ж яны не жадаюць гаварыць пра гэта, і мы ведаем чаму: ім не хочацца атрымаць адмоўную рэакцыю. Дастаткова паглядзець толькі на адказ, які паследаваў за моцнымі словамі Папы супраць абортаў на гэтым тыдні”.

Абмяркуецца пазней?

Аднак арцыбіскуп Фортэ, адзін з 12 членаў камісіі па падрыхтоўцы фінальнага дакумента сінода, не выключыў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца. Падчас брыфінгу 11 кастрычніка ён паведаміў журналістам, што з увагі на 50-гадовы юбілей энцыклікі і на “значэнне адказнага нараджэння дзяцей для ўсіх гэта тое, што павінна заняць сваё вызначанае месца”.

Па яго словах, гэта можна абмеркаваць у наступныя дні сінода, “але на сённяшні дзень гэта не цэнтральнае пытанне”. Што важна, дадаў ён, дык гэта “змест гэтага паслання: быць адказным пры нараджэнні дзяцей. Гэта пасланне, якое застаецца, важнае пасланне; яно ўзнімае годнасць чалавечай асобы”.

Біскуп Бэрэн сказаў, што, акрамя абмеркавання сужэнства і сямейнага жыцця ў працоўных групах, “па меры руху праз instrumentum laboris (працоўны дакумент), магчыма, мы будзем чуць пра гэта больш і больш. Я не чуў пра гэта ў зале пасяджэнняў, але мы робім пэўную практычную працу па меры руху праз гэты дакумент”.

Аднак для тэолага Піа дэ Салені, канцлера дыяцэзіі Орынджа і дарадчыцы біскупа Кевіна Вана, нават калі б айцы сінода паднялі тэму кантрацэпцыі, “недастаткова размаўляць пра Humanae vitae“. “Тут не хапае фундаментальнай антрапалогіі, якая калісьці мелася на ўвазе”, — кажа яна.

Па яе словах, Папа Павел VI пісаў Humanae vitae ў кантэксце антрапалогіі, якая “была забытая і/або нязведаная”. Каб сёння вырашыць праблемы ў нашай культуры, у тым ліку крызіс сэксуальных злачынстваў у Касцёле, “нам трэба прапанаваць радыкальна хрысціянскую антрапалогію”. Для разумення Humanae vitae неабходны гэты кантэкст, а “іначай у гэтым няма сэнсу”.

Нягледзячы на выклікі, звязаныя з данясеннем паслання Humanae vitae да постхрысціянскай культуры, айцы сінода тым не менш абавязаны навучаць гэтаму пасланню, лічыць Джэнэт Сміт. “Калі біскупы на сінодзе не скарыстаюцца сваім настаўніцкім служэннем, каб паказаць моладзі ззянне праўды пра сэксуальнасць чалавека, — кажа яна, — то яны пазбавяць маладых людзей аднаго з найвялікшых дароў мудрасці, якімі валодае Касцёл”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Vatican (PD)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up