12.10.2018 / John O'Brien

№115. Цэлебрацыя Імшы: апошняе Евангелле🕑 2 хвілін

Калі святар удзяліў благаслаўленне, ён пераходзіць на бок Евангелля і там, крыху павярнуўшыся да людзей, як было і пры першым чытанні Евангелля, чытае “In principio”, альбо Апошняе Евангелле. На словы “et Verbum caro factum est” — “А Слова сталася целам” ён укленчвае, каб нагадаць пра вялікую пакору нашага Пана, Які стаўся чалавекам.

Напрыканцы Апошняга Евангелля прыслугоўваючы адказвае “Deo gratias”, і Імша заканчваецца. Святар забірае з сабою келіх у сакрыстыю і, распрануўшыся, праводзіць некаторы час у малітве ўдзячнасці.

Гісторыя Апошняга Евангелля. — Многія старажытныя філосафы казалі, што Евангелле ад Яна з-за свайго высокага стылю павінна быць напісана залатымі літарамі і вывешана ў кожным касцёле, каб усе маглі яго бачыць (Bona, с. 373). Ад самых даўніх дзён хрысціянства яго вельмі шанавалі ўсе слаі грамадства, і нават сёння многія каталікі, як і раней, паказваюць сваю пашану да гэтага Евангелля, носячы ягоныя словы на сабе. Аднак яны былі часткай Імшы не заўсёды. Да часоў Папы Пія V святар мог прамаўляць іх, але мог таксама і прапускаць на сваё меркаванне, бо гэта была прыватная малітва, як “Benedicite”. Аднак гэты святы Пантыфік, бачачы, наколькі людзі прывязаны да гэтага тэкста, дадаў яго ў Імшал, які ўклалі па ягоным загадзе, і зрабіў яго абавязковым для ўсіх за невялікімі выключэннямі. На ўрачыстай спяванай Імшы біскуп не прамаўляе яго пры алтары, а робіць гэта па дарозе да свайго трона. Яго ніколі не прамаўляюць картузіянцы, цыстэрцыянцы, манахі Монтэкасіна і Клюні. У Ліёне святары прамаўляюць яго па дарозе ад алтара, а ў Клермоне — пры дзвярах сакрыстыі (Romsee, с. 341). На Усходзе гэтае Евангелле не чытаецца; не прамаўляюць яго і ў папскай капліцы ў Рыме.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (СС BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up