10.10.2018 / Edward Pentin

Выбраны члены камісіі па падрыхтоўцы фінальнага дакумента сінода🕑 6 хвілін

Камісію складаюць прадстаўнікі ўсіх пяці кантынентаў, сярод якіх мексіканскі кардынал Карлас Агіяр Рэтэс, ганскі кардынал Пітэр Тарксан і італьянскі арцыбіскуп Бруна Фортэ.

Сёння Ватыкан апублікаваў імёны тых, хто будзе адказваць за падрыхтоўку чарнавіка фінальнага дакумента сінода, прысвечанага моладзі, і хоць камісія з’яўляецца геаграфічна рэпрэзентатыўнай, існуюць перасцярогі наконт некаторых яе членаў і іх поглядаў на пэўныя аспекты вучэння Касцёла.

Агулам камісія па стварэнні чарнавіка фінальнага дакумента сінода на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, які праходзіць з 3 па 28 кастрычніка, складаецца з 12 членаў, пяць з якіх былі выбраны сёння членамі сінода і паходзяць з пяці кантынентаў свету.

Сярод іх кардынал Карлас Агіяр Рэтэс, арцыбіскуп Мехіка і адзін з 41 дэлегатаў, якіх выклікаў на сінод асабіста Папа; арцыбіскуп Мельбурна (Аўстралія) Пітэр Каменсолі, таксама папскі дэлегат; ганскі кардынал Пітэр Тарксан, прэфект ватыканскай дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека; кардынал Освальд Грасіас, арцыбіскуп Мумбая (Індыя) і член папскай рады кардыналаў “С9” па дапамозе ў рэформе Касцёла; і арцыбіскуп К’еці (Італія) Бруна Фортэ, член арганізацыйнай рады сінода.

Кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар сінода біскупаў, і кардынал Сержыу да Роша з Бразіліа (Бразілія), генеральны рэлятар сінода, атрымліваюць свае месцы ў камісіі аўтаматычна.

Яшчэ трох членаў камісіі па падрыхтоўцы чарнавіка дакумента Папа выбраў асабіста: гэта бразільскі святар Алешандрэ Аві Мела, сакратар ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця; арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук, вярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы; і кс. Гансала Рэдонда, адказны за пакліканні на Кубе.

Таксама ў камісію ўвайшлі яшчэ два святары, якія дагэтуль дапамагалі ў падрыхтоўцы да сінода і будуць выконваць ролі спецыяльных сакратароў камісіі: бразільскі езуіт а. Джакома Коста, адзін з галоўны аўтараў instrumentum laboris, дырэктар часопіса Aggiornamenti Sociali і віцэ-прэзідэнт “Фонду Карла Марыя Марціні”; і кс. Расана Сала, прафесар пастырскай працы з моладдзю ў Папскім салезіянскім універсітэце і дырэктар італьянскага часопіса Note di Pastorale Giovanile.

Асабіста выбраныя Папам асобы, зразумела, добра яму вядомыя: кс. Мела быў сярод тых, хто дапамагаў тады кардыналу Хорхе Бергольё ўкладаць фінальны дакумент Пятага сходу біскупаў Лацінскай Амерыкі ў Апарэсідзе (Бразілія) у 2007 годзе. Гэты дакумент некаторыя разглядалі як дарожную карту для ўсяго Касцёла. Папа таксама знаёмы з арцыбіскупам Шаўчуком, з якім ён добра папрацаваў, калі малады ўкраінскі іерарх быў дапаможным біскупам у Буэнас-Айрэсе ў 2000-я гады.

Не да канца вядома, наколькі Папа ведае кс. Рэдонда, але ў інтэрв’ю 2014 года адказны за пакліканні на Кубе паведаміў, што моладзь з’яўляецца “рашэннем, а не праблемай”. Ён таксама сказаў, што Касцёл — гэта Езус, чый план для чалавецтва з’яўляецца “рэвалюцыйным і трансфармацыйным” і што “ажыццяўляць валадарства трэба пачынаць тут і цяпер”. Гэта азначае, па яго словах, што “перадусім нам неабходна зруйнаваць старыя структуры” і менавіта “вера рухае намі ў рэалізацыі” плана Езуса для нас.

З тых, хто быў выбраны ў камісію, арцыбіскуп Каменсолі зрабіў сёння на сінодзе натхнёную прамову, пытаючыся, ці не страціў Касцёл свой “місіянерскі агонь” і ці не стаў ён закладнікам “фэйкавага Евангелля” “рэлігійнага абслугоўвання”.

“Няхай у нашы застаялыя басейны будзе кінута галька духоўнага разладу, якая зрушыць нас назад да Пяцідзясятніцы! — усклікаў ён. — Прыйшоў час пакінуць у мінулым Касцёл, які толькі сядзіць і чакае. Нашая задача — зноў адкрыць малады Касцёл, які выходзіць вонкі, а не ствараць Касцёл, у які павінна прыйсці моладзь”.

Мяккі падыход да гомасэксуальнасці?

Існуюць, аднак, перасцярогі наконт іншых членаў камісіі, погляды якіх на гомасэксуальнасць прадстаўляюцца сумнеўнымі. На гэта асабліва варта звярнуць увагу, улічваючы неадназначную сітуацыю, калі ў instrumentum laboris, працоўны дакумент сінода, быў уключаны ідэалагічны тэрмін “ЛГБТ”, якім часта карыстаецца гомасэксуальнае лобі. На гэта паследавала моцная крытыка ад арцыбіскупа Філадэльфіі Чарльза Шап’ю.

Паколькі дадаткова існуе знешні ціск ад кааліцыі ЛГБТ-груп, то выказваюцца перасцярогі, што фінальны дакумент будзе ўключаць у сябе пэўнае прыняцце гомасэксуальнага стылю жыцця. Гэтае пытанне амаль не згадвалася ў дыскусіях і зусім не падымалася ў працоўных групах, але падчас першага сінода на тэму сям’і ў 2014 годзе ад яго абмеркавання сысці не ўдалося.

Арцыбіскуп Фортэ шырока вядомы сваёй спробай падняць гэтае пытанне, калі на тым сінодзе ён выкарыстаў для гэтага вельмі дыскусійную прамежкавую справаздачу. Хоць гэтага і не было ў дыскусіях, дакумент казаў пра “каштоўную падтрымку”, якую могуць аказаць адно аднаму асобы ў гомасэксуальных парах, а таксама пра “дары і якасці”, якія яны могуць прапанаваць хрысціянскай супольнасці. Дакумент быў навязаны айцам сінода шляхам яго публікацыі ў СМІ перад тым, як удзельнікі сінода пабачылі яго.

Тады ўсчалася незадаволенасць, асабліва з боку афрыканскіх дэлегатаў, аднак хоць у краінах трэцяга свету распаўсюджаны больш традыцыйны погляд на гэтую справу і там яна ўсё яшчэ табуяваная, здаецца, што кардынал Тарксан і кардынал Грасіас маюць на яе больш мяккія погляды, чым многія іхнія калегі з Ганы або Індыі. У 2012 годзе кардынал Тарксан паведаміў Register, што важна разумець прычыны, якія стаяць за стыгматызацыяй гомасэксуальнасці ў Афрыцы. “Як існуе дух змагання за правы, так існуе таксама заклік паважаць культуру і людзей кожнага тыпу, — сказаў ён. — Таму, калі гэта стыгматызуецца, то, па шчырасці, верагодна, будзе правільным высветліць, чаму гэта стыгматызуецца”.

Аднак тры гады пазней ён заявіў хрысціянскай групе па барацьбе за правы гомасэксуалістаў “New Ways Ministry”, што краіны Захаду “выраслі ў разуменні гэтай праблемы”. Ён сказаў, што ў 1970-я гады, калі ён вучыўся ў Злучаных Штатах, навука лічыла гомасэксуальнасць “хваробай і разладам”, але з гадамі, па яго словах, “гэтая ацэнка змянілася. Іншыя краіны таксама павінны вырасці ў тым жа сэнсе і гэта можа заняць нейкі час”.

У 2013 годзе кардынал Грасіас выступіў супраць пастановы Вышэйшага суда Індыі, якою ён змяніў рашэнне, прынятае Высокім судом Дэлі ў 2009 годзе, які дэкрыміналізаваў гомасэксуальныя акты. “Для мяне гэта пытанне разумення таго, што гэта арыентацыя”, — сказаў ён.

Кс. Коста тым часам спрыяў змаганню аднаполых пар за “сацыяльныя і грамадзянскія правы”. А як віцэ-прэзідэнт “Фонду Карла Марціні”, ён, верагодна, падтрымлівае заахвоту, якую памерлы кардынал выказваў аднаполым грамадзянскім саюзам, а таксама ягоны супраціў энцыкліцы бл. Паўла VI Humanae vitae.

Аднак невядома, ці шмат уплыву будуць мець гэтыя члены камісіі. На пытанне пра выклікі ў стварэнні чарнавіка фінальнага дакумента кардынал Агіяр сёння адказаў, што гэта “вельмі патрабавальная праца”, тады як іншай праблемай “з’яўляецца час, мы павінны зрабіць гэта да поўначы”, што навяло некаторых на думку, што большая частка дакумента ўжо напісана.

Аднак “найбольшым выклікам”, па яго словах, з’яўляецца тое, каб “быць верным таму, вакол чаго ішла дыскусія, і таму, на чым пагадзіліся працоўныя групы”. Пытанне гомасэксуальнасці наўрад ці падымалася, а Humanae vitae дагэтуль не згадвалася ўвогуле, і таму многім цікава, наколькі гэтыя тэмы будуць прадстаўлены ў дакуменце. Таксама некаторых у зале пасяджэнняў сёння здзівіў бельгійскі кардынал, які прапанаваў разгледзець пытанне жанатага духавенства, але гэтае пытанне таксама наўрад ці згадвалася.

Мексіканскі кардынал, якога Папа Францішак увёў у калегію кардыналаў у 2016 годзе, сказаў, што праблемай з’яўляецца “не тое, што гэта павінен быць фінальны дакумент, а што ён павінен адлюстроўваць тое, што біскупы абмеркавалі калегіяльным чынам” і затым павінен быць “перададзены ў рукі Святога Айца”, які можа выкарыстаць яго ў сваёй “паслясінадальнай апостальскай адгартацыі”, альбо падсумоўваючым дакуменце напрыканцы сінода.

Дакумент таксама павінен прайсці праз галасаванне айцоў сінода, ці то цалкам, ці то параграф за параграфам, і атрымаць большасць у дзве траціны галасоў, аднак сакратарыят сінода не даў ясна зразумець, якім чынам будзе выглядаць працэдура.

Кардынал Агіяр дадаў: “Я думаю, што будзе падкрэслена, што Касцёл павінен шмат змяніць у сваім шляху, каб адкрыць прастору і пайсці ў тыя месцы, дзе знаходзіцца моладзь”. Касцёл павінен “выйсці на місію, — дадаў ён, — каб прысутнічаць там, дзе знаходзяцца маладыя людзі, напрыклад у лічбавым свеце”.

У якасці другога аспекту ён назваў пошук шляхоў, якія дазволяць “суправаджаць іх, заўсёды падпарадкоўвацца іхняй уласнай свабодзе, іхнімі ўласнымі рашэннямі, назіраючы за імі і стараючыся прапанаваць ім духоўную дапамогу, каб яны былі свядомыя саміх сябе і маглі атрымліваць карысць ад гэтага на працягу свайго жыцця”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Richter Frank-Jurgen (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up