Добра вядома і не патрабуе доказаў, што раней Імша заканчвалася словамі “Ite, missa est”, бо Апошняе Евангелле з’яўляецца пазнейшым дадаткам. Старога звычаю дагэтуль трымаюцца картузіянцы, якія не кажуць “Placeat tibi” і не благаслаўляюць людзей у гэты момант.

Увогуле благаслаўленне вернікаў напрыканцы Імшы бярэ пачатак з Х ст. Да гэтага часу вернікаў благаслаўлялі толькі перад пацалункам спакою (Bona, с. 372; Romsee, с. 334). Некаторыя аўтары неразважліва і памылкова сцвярджаюць, што ў старажытныя часы благаслаўленне ўдзялялася перад “Ite, missa est”. Калі пад “перад” яны маюць на ўвазе тое благаслаўленне, якое адбывалася перад пацалункам спакою, то яны маюць рацыю. Але калі гэта не так, то яны моцна памыляюцца. Магчыма, гэтая памылка паходзіць з таго факту, што раней тая малітва, якую мы сёння называем малітвай пасля Камуніі, называлася “benedictio”, бо яна заклікае благаслаўленне на ўсіх, хто прыняў Камунію на гэтай Імшы. Гэтай малітве не спадарожнічалі аніякія абрады; не ўдзялялася пры ёй і благаслаўлення. Арлеанскі сабор пастанавіў, што вернікі не павінны сыходзіць з Імшы да благаслаўлення святара, прычым пад благаслаўленнем мелася на ўвазе апошняя малітва, якую святар прамаўляе (Bona, с. 372).

Калі быў уведзены звычай благаслаўляць людзей напрыканцы Імшы, кожны святар рабіў гэта трыма знакамі крыжа, як сёння гэта робяць біскупы. Гэты звычай быў скасаваны ў ХVI ст. Папам Піем V, аднак не зусім, бо Папа Пій дазволіў яго на ўрачыстай спяванай Імшы. Аднак Папа Клімэнт VIII цалкам зарэзерваваў яго за біскупамі, а святарам наказаў благаслаўляць адным знакам крыжа (Romsee, с. 336).

Стары звычай не благаслаўляць людзей увогуле захоўваецца ў Імшах за памерлых. У Старым Законе было прынята прамаўляць благаслаўленне над тымі людзьмі, якія сыходзілі. Гэта рабілася, напрыклад, такімі словамі: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам” (Bona, c. 373; Maimonides, Reasons of the Law of Moses, зноскі, с. 402). Габрэяў і да сённяшняга дня адпускаюць з сінагогі гэтым благаслаўленнем, да якога яны ставяцца з вялікай пашанай. Згодна з меркаваннем многіх вядомых літургістаў, патройнае благаслаўленне, якое сёння выконваюць біскупы, звязана якраз з гэтым старажытным габрэйскім патройным благаслаўленнем, якое ўзята ў Ліч 6:24-26 (Bona, ibid.).

Святары кармеліцкага абраду пасля благаслаўлення ўкленчваюць на верхняй прыступцы алтара і ўголас прамаўляюць “Salve Regina” або “Regina Caeli” (у велікодны перыяд).


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (СС BY-NC-SA).

Пакінуць каментар