06.10.2018 / Edward Pentin

Першы тыдзень сінода, прысвечанага моладзі: вялікі шэраг тэм, пытанні наконт празрыстасці🕑 8 хвілін

Былі разгледжаны пытанні ад міграцыі да адсутнасці бацькоўскага выхавання, але рашэнне не даваць доступу да дэтальнай інфармацыі можа ўказваць на “сюрпрыз” напрыканцы сінода.

Сінод, прысвечаны моладзі, падыходзіць да завяршэння свайго першага тыдня, і многія праблемы, з якімі сустракаюцца маладыя людзі, ужо былі абмеркаваныя. Аднак дакладная інфармацыя наконт абмеркаванняў застаецца скуднай, таму што на публічны доступ да інфармацыі накладзены жорсткія абмежаванні.

Журналістам штодзённа даюць вусныя падсумаванні таго, пра што ішла мова ў зале пасяджэнняў, аднак асобы тых ці іншых айцоў сінода не раскрываюць, калі толькі яны самі не вырашаюць апублікаваць свае прамовы, на што яны маюць права. На брыфінгах для СМІ не даецца друкаваных падсумаванняў і, у адрозненне ад папярэдніх сінодаў, брыфінгі на паасобных мовах спантанным чынам праводзяцца ў прэс-зале, а не ў асобных пакоях, як гэта было раней.

Папа Францішак зрабіў кароткі выступ у межах свабоднай дыскусіі ў чацвер, аднак навіны пра гэта прасачыліся пазней, і журналістам не далі рэзюмэ або тэкста таго, што ён сказаў.

У пятніцу старшыня інфармацыйнай камісіі сінода Паола Руфіні даў крыху больш інфармацыі, падзяліўшыся спісам тых, хто выступаў у гэты дзень, аднак фактычна гэты сінод праводзіцца нібы пад правілам Chatham House, згодна з якім інфармацыю, раскрытую падчас сустрэчы, можна публікаваць, аднак крыніцу інфармацыі раскрываць нельга.

Магчыма, прадчуваючы рэакцыю ў адказ на гэты выгляд сакрэтнасці і адсутнасць празрыстасці, сакратар інфармацыйнай камісіі езуіт а. Антоніа Спадара ў чацвер раптоўна перапыніў брыфінг для прэсы і нагадаў журналістам, што гэты сінод — “не парламент, а месца распазнання”. Дэлегаты павінны “адчуваць свабоду казаць усё, што захочуць”, сказаў ён, і “ведаць, што іхнія словы застануцца ў зале”. Ён дадаў, што калі ўсё “будзе паўторана звонку, гэта абмяжуе як свабоду, так і духоўны кантэкст”.

Хоць гэтага і не кажуць, але іншай, больш верагоднай прычынай можа быць тое, што арганізатары сінода хочуць даць дэлегатам свабоду выказваць самыя разнастайныя погляды незалежна ад ступені іх артадаксальнасці і не жадаюць негатыўнай рэакцыі, якая можа паследаваць у адказ. Заклік Папы напачатку сінода аб парэзіі (смелых і шчырых выказваннях) таксама разглядаецца як спосаб дазволіць прадстаўленне больш шырокага спектру поглядаў, што павінна паказаць, якога меркавання айцы сінода трымаюцца па кожным пытанні.

Тым не менш канкрэтная карысная інфармацыя трапіла ў публічны доступ дзякуючы некаторым айцам сінода, якія далі тэксты сваіх прамоваў журналістам або публічна падзяліліся сваім досведам ад сінода.

Калі б яны не зрабілі гэтага, не стала б публічна вядома, напрыклад, што арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шап’ю выказаўся супраць выкарыстання ў касцёльных дакументах скароту “ЛГБТ”, які ўжываецца гомасэксуальным лобі, а таксама пра змест іншых частак яго прамовы. Замест гэтага, СМІ проста паведамілі, што “вялікімі тэмамі” былі беднасць, вайна, роспач і беспрацоўе і што “прысутнічала” пытанне гомасэксуальнасці. На наступны дзень Руфіні сказаў, што пытанне ЛГБТ не абмяркоўвалася, аднак дадаў, што гэты тэрмін “выкарыстоўваўся ў некаторых дакументах, якія біскупскія канферэнцыі даслалі на сінод, і ў некаторых атрыманых заўвагах, таму ён і быў уключаны ў instrumentum laboris“.

Гэтае пытанне з’яўляецца істотным, таму што многія лічаць, што гэты сінод незаўважна выкарыстоўваецца як інструмент увядзення неартадаксальнага вучэння, у прыватнасці прыняцця Касцёлам гомасэксуальнай праграмы ЛГБТ. Назіральнікі таксама лічаць, што гэтая справа можа прайсці ў фінальны дакумент, які з-за новых правіл упершыню можа стаць часткай папскага магістэрыя ў залежнасці ад адабрэння Папы. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што асноўны змест гэтага дакумента насамрэч ужо напісаны: менавіта таму не хапае празрыстасці, адсутнічае прамежкавая справаздача і няма дакладнай інфармацыі наконт працэдуры галасавання ў канцы сінода.

Магчыма, менавіта з гэтым звязаны словы старшыні канферэнцыі біскупаў Італіі кардынала Гуалцьера Басэці, блізкага да Папы Францішка, які 5 кастрычніка заявіў, што ён “перакананы, што Папа Францішак прыпаднясе нам пэўны сюрпрыз” і “напэўна вынайдзе штосьці перад завяршэннем сінода”.

Тым часам кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня канферэнцыі біскупаў Германіі, сказаў, што сінод з’яўляецца сапраўднай магчымасцю “змяніць не толькі ментальнасць, але і структуру” існавання Касцёла.

Абмеркаваныя тэмы

Хоць і існуюць пытанні, звязаныя з тым, што засталося па-за межамі публічнай інфармацыі, на сінодзе ўжо было абмеркавана шмат чаго. Руфіні даў даволі шырокія вусныя рэзюмэ прамоваў і свабодных дыскусій. Яны ўключалі ў сябе націск на “слуханне моладзі там, дзе яна знаходзіцца”, сям’ю як месца, “дзе перадаецца вера”, на тое, што рэлігія павінна быць “адкрытай да дыялогу і сведчання”. Таксама мова ішла пра “прароцкую місію моладзі”, а некаторыя заклікалі прабачыць Касцёл, прычым не толькі за сэксуальныя злоўжыванні духавенства — асабліва заўважны заклік зрабіў арцыбіскуп Энтані Фішэр, які апублікаваў сваю прамову цалкам.

Згадвалася таксама большая ступень “спачування з боку Касцёла”, а таксама важнасць адносін паміж пакаленнямі і роля дзядоў і бабуль. Касцёл “не павінен быць патэрналісцкім або мець крывадушную паставу”, павінен “змагацца супраць прыцягнення да раскошы” і падкрэсліваць “каштоўнасці, якія вядуць да шчасця”.

Актыўна абмяркоўвалася пытанне міграцыі, а таксама істотныя выклікі, якія яна ставіць перад моладдзю, у прыватнасці як маладыя людзі прыязджаюць на захад і страчваюць веру, не маюць сем’яў або заключаюць шлюбы значна пазней і не знаходзяць таго, што шукаюць у чужых краінах.

Руфіні паведаміў, што айцы сінода размаўлялі пра тое, што маладыя людзі адчуваюць сябе “ахвярамі падману палітыкаў і СМІ” і разглядаюць грамадства як з большага “заснаванае на хлусні”. Яны адчуваюць сябе “згубленымі” з-за “празмернага лібералізму, страты мацярынства, бацькоўства”. Некаторыя падкрэслівалі важнае значэнне музыкі і спорту, у якія моладзь актыўна ўключаецца, сцвярджаючы, што Касцёл павінен размаўляць на мове гэтых сфер, а таксама на “лічбавай мове”.

Іншыя казалі, што моладзь “чакае магчымасці ўдзельнічаць у дыскусіях, у руху за навакольнае асяроддзе, экалогіі і што Касцёлу трэба падтрымаць іх” на гэтых пляцоўках. Па словах аднаго з айцоў сінода, моладзь жадае, каб яе “ўспрымалі сур’ёзна, ставілі перад ёй выклікі і, калі яна робіць памылкі, каб дарослыя дапамагалі” і “давяралі ёй”. Моладзі таксама неабходна “маліцца, зноў адкрыць для сябе малітву ў цішыні, містычную малітву, а Касцёл таксама павінен маліцца за моладзь”. Маліцца за моладзь, як сказаў адзін з айцоў сінода, “азначае слухаць яе”.

Таксама былі абмеркаваны праблемы дасужэнскіх палавых адносін, чысціні і ўстрымання. Няздольнасць захаваць чысціню да сужэнства “можа або пабудзіць людзей жаніцца раней, чым яны гатовыя да сужэнства, або прывесці іх да адкідання сакрамэнту [сужэнства]”. Руфіні аспрэчыў, што сярод айцоў сінода назіралася жаданне аслабіць вучэнне Касцёла пра дасужэнскія сэксуальныя адносіны; хутчэй, па яго словах, дадзены айцец сінода падняў “пытанне, з якім мы сутыкаемся”, дадаўшы, што instrumentum laboris “настойвае на слуханні і разуменні таго, што адбываецца ў грамадстве”.

Таксама згадвалася, што многія маладыя людзі “страцілі разуменне айцоўства”, а адзін з айцоў сінода прывёў аргумент, што менавіта бацька “перадае веру мацней, чым маці”.

Іншы айцец сінода казаў пра “выклікі, якія ставіць лічбавая эпоха”, назваўшы іх “інфармацыйным атлусценнем”, тады як іншы на задавальненне прысутных працытаваў св. Яна ХХІІІ: “Скажыце моладзі, што свет існаваў да яе, а старэйшым людзям скажыце, што ён таксама будзе існаваць пасля іх”.

Моладзі “трэба слухаць старэйшых людзей”, але гэтае слуханне пастаўлена “пад пагрозу”, сказаў адзін з айцоў сінода з Афрыкі. Па яго словах, страта гэтага слухання прывядзе да “страты памяці пра свае карані”.

Іншыя выказваліся пра тое, што шматкультурнае грамадства і разнастайнасць могуць быць для моладзі “ініцыятарамі зменаў”, што “важна забяспечыць лепшае веданне вучэння Касцёла сярод моладзі” і што некаторыя маці і бацькі “павінны папрасіць прабачэння” ў сваіх дзяцей, таму што яны не маюць часу, каб падтрымаць або належным чынам выхаваць іх. “Усе мы патрабуем прабачэння, і самім дзецям таксама будзе патрэбна прабачэнне”, — сказаў айцец сінода.

Таксама абмяркоўвалася літургія, і адзін з біскупаў заклікаў да “літургіі, якая лепш прыстасавана да цяперашніх часоў, каб яна мела на ўвазе глыбейшы ўдзел, была больш зразумелай, інакш моладзь можа палічыць яе нуднай”. Іншы біскуп заявіў, што Касцёл “павінен павучыцца ў пяцідзясятнікаў жанрам малітоўнай музыкі, якія прывабліваюць моладзь, і падыходам гамілетыкі, якія абуджаюць яе інтарэс”.

На пытанне, ці абмяркоўвалася традыцыйная форма літургіі, арцыбіскуп Фішэр у пятніцу заявіў журналістам, што абмяркоўвалася, бо густы моладзі “вельмі разнастайныя, таксама ў сэнсе культуры” і што нават калі некаторыя хочуць “пяцідзясятніцкіх, гучных і вельмі прывабных мелодый, ёсць і іншыя, якія любяць грыгарыянскі спеў, усе прамежкавыя варыянты, а таксама іншыя аспекты літургіі”. Ён заявіў, аднак, што ў агульным меркаванні існуе “рэальнае разуменне, што значэнне мае прыгажосць”, і што мова ідзе не толькі пра аргументацыю і разумныя прычыны для веры, хоць гэта таксама важна. Ён заявіў, што моладзь таксама жадае добрых, падрыхтаваных гамілій, што “яна не хоча кепскай музыкі, якая не прыносіць ёй натхнення”, і людзей, якія ставяцца да яе “няветліва”.

Некаторыя айцы сінода таксама казалі пра “зніжаную эфектыўнасць” сужэнства і сям’і “ў перадачы веры, ідэнтычнасці, паклікання, місіі” ў грамадствах, дзе многія сем’і разбураны.

Адзін з біскупаў заўважыў, што Касцёлу патрэбны новыя мадэлі, рыторыка і сродкі для “выказвання нашых спрадвечных праўд пры ўсведамленні таго, што моладзь — гэта не проста дэмаграфія або рынак, а тэалагічнае месца, дзе Божае слова аб’яўляецца, разважаецца і перадаецца”.

Арцыбіскуп Фішэр заявіў журналістам, што ён “вельмі спадзяецца” на моладзь на гэтым сінодзе, бо людзі “кажуць не проста пра свае праблемы, але і пра тое, што працуе”, і “прапануюць ідэі таго, што мы можам зрабіць у новай і лепшай версіі таго, што мы робім”.

Ён таксама сказаў, што назірае за Папам Францішкам “з вялікай прыхільнасцю і пашанай”, дадаўшы, што той кожны дзень вітае кожную асобу, слухае ўсе прамовы і “вельмі ўключаны” ў працу сінода. “Вельмі цудоўна ведаць і бачыць гэта”, — сказаў ён.

Тахіры Малала Марыён Сафія Ракатараалахі, адна з 36 маладых слухачоў на сінодзе і старшыя каталіцкіх студэнтаў Мадагаскара, падзякавала Папу за сінод, прысвечаны моладзі, за тое, што ён “зрабіў гэты момант асаблівым і шчаслівым для моладзі”.

Марыяна Герман Гарсія, слухач, пастырскі працаўнік канферэнцыі біскупаў Аргенціны, сказаў 6 кастрычніка, што сінод — “гэта дрэва, якое вось-вось расквітнее і працягне расці нават сярод буры, таму што моладзь з’яўляецца будучыняй Касцёла і свету”.

* * *

Ніжэй прыведзены спіс мадэратараў моўных працоўных груп, якія сустракаюцца ў розныя часы на працягу сінода і якія будуць абмяркоўваць тэмы, згаданыя на супольных пасяджэннях.

CIRCULUS GALLICUS “A”: S.E. Mons. MACAIRE, O.P., David
CIRCULUS GALLICUS “B”: S.E. Mons. LACOMBE Bertrand
CIRCULUS GALLICUS “C”: Em.mo Card. NZAPALAINGA, C.S.Sp., Dieudonné
CIRCULUS ANGLICUS “A”: Em.mo Card. GRACIAS Oswald
CIRCULUS ANGLICUS “B”: Em.mo Card. CUPICH Blase Joseph
CIRCULUS ANGLICUS “C”: Em.mo Card. COUTTS Joseph
CIRCULUS ANGLICUS “D”: Em.mo Card. DiNARDO Daniel N.
CIRCULUS ITALICUS “A”: Em.mo Card. DE DONATIS Angelo
CIRCULUS ITALICUS “B”: Em.mo Card. FILONI Fernando
CIRCULUS ITALICUS “C”: Em.mo Card. RAVASI Gianfranco
CIRCULUS HIBERICUS “A”: Em.mo Card. RODRÍGUEZ MARADIAGA, S.D.B., Oscar Andrés CIRCULUS HIBERICUS “B”: Em.mo Card. LADARIA FERRER, S.I., Luis Francisco CIRCULUS GERMANICUS: S.E. Mons. GENN Felix
CIRCULUS LUSITANUS: Em.mo Card. DE AVIZ João Braz


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англіскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up