05.10.2018 / John O'Brien

№113. Цэлебрацыя Імшы: Ite, missa est🕑 2 хвілін

Што датычыцца дакладнай перадачы гэтых слоў на іншую мову, то тут існуюць розныя меркаванні. Некаторыя мяркуюць, што поўная форма гэтага сказа гучыць так: “Ite, missa est hostia” — “Ідзіце, ахвяра ўзнесена ўвысь”. Іншыя кажуць, што маецца на ўвазе “Ite, missa est ecclesia” — “Ідзіце, касцёл, або сход, адпушчаны”. Большасць жа інтэрпрэтуе іх абсалютна іншым чынам, і за гэты варыянт выступаюць найвялікшыя аўтарытэты. Слова “missa”, паводле гэтага тлумачэння, мае дакладна тое ж значэнне, але іншую форму: “missio”, або “dimissio”, роспуск па-лацінску. Адпаведна, “Ite, missa est” азначае не што іншае, як “ідзіце, роспуск блізка”. Выкарыстанне дзеепрыметнікавай формы ў такіх выпадках было вельмі распаўсюджаным сярод ранніх Айцоў. Падобнае ж можна назіраць у Цыцэрона, Авідзія, Віргілія і Светонія. Тэртуліян і св. Кіпрыян выкарыстоўвалі “remissa” замест “remissio”. Першы, напрыклад, пісаў: “Diximus de remissa peccatorum” (Ad Marcionem, кн. IV), а другі: “Dominus baptizatur a servo, et remissam peccatorum daturus” (Rock, Hierurgia, с. 210, зноска).

Сказаўшы “Ite, missa est”, святар паварочваецца да алтара і, паклаўшы на яго рукі, прамаўляе малітву “Placeat tibi, Sancta Trinitas” да Найсвяцейшай Тройцы, просячы, каб гэтая служба была Ёй даспадобы. Пасля гэтай малітвы святар паварочваецца і благаслаўляе людзей ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. У Імшах за памерлых благаслаўлення няма па прычынах, якія мы пабачым. Няма ў іх таксама роспуску, таму што людзі застаюцца на набажэнства пры целе. У такіх выпадках святар проста паварочваецца да алтара і кажа: “Requiescant in pace” — “Няхай адпачываюць у спакоі”.

Роспуск на Усходзе. — Формулы, якія выкарыстоўваюць на Усходзе, адрозніваюцца ў залежнасці ад літургіі. У некаторых кажуць: “Ідзіце ў спакоі”, у іншых: “Пойдзем у спакоі”, часам: “Пойдзем у спакоі Хрыста”, як у літургіі св. Якуба. У большасці Усходніх Касцёлаў чытаецца доўгая малітва, якая называецца малітвай роспуску, пасля якой вернікі сыходзяць з касцёла. У літургіі св. Яна Хрызастома тэкст гэтай малітвы наступны: “Ласка, што з вуснаў тваіх, быццам полымя, заззяла, сусвет асвяціла, скарбы бескарыслівасьці свету здабыла, вышыню пакорлівасці паказала. Навучай нас словамі тваімі, ойча Яне Залатавусны, і малі Слова Хрыста-Бога збавіць душы нашыя”.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (СС BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up