Сінод па справах моладзі працягласцю амаль у месяц пачаўся ў Ватыкане 3 кастрычніка.

ГОРАД ВАТЫКАН — 3 кастрычніка ў Ватыкане пачаўся сінод па справах моладзі, які будзе працягвацца амаль месяц. Папа Францішак заклікае айцоў сінода прыняць паставу “слухання” ў адносінах да моладзі, адкінуць “прадузятасць і стэрэатыпы”, запрасіць і зразумець сённяшнюю моладзь, маючы ахвоту “змяняць нашы перакананні і меркаванні”.

У сваёй прамове на першым агульным пасяджэнні сінода, тэмай якога стала “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, Папа падкрэсліў важнасць таго, што моладзь робіць высілкі, каб “плысці супраць цячэння” і імкнуцца да “ўзвышаных каштоўнасцяў” “сям’і, вернасці, любові, веры, ахвярнасці, служэння, вечнага жыцця”.

“Гэта сапраўды варта высілкаў. Гэта не страта часу, — сказаў ён. — Ваш удзел напаўняе нас радасцю і надзеяй”. Трыццаць шэсць маладых людзей сярод 49 вольных слухачоў возьме ўдзел у гэтым сінодзе, які будзе праходзіць да 28 кастрычніка, уносячы свае прапановы, аднак не маючы права галасаваць.

Звяртаючыся да айцоў сінода, Францішак назваў сінод “момантам для таго, каб дзяліцца” і, як падчас мінулага сінода па справах сям’і, запрасіў усіх удзельнікаў выказвацца з “парэзіяй” (смеласцю і шчырасцю), дадаўшы, што толькі дыялог “можа дапамагчы нам расці”. Шчырая, празрыстая крытыка, дадаў ён, з’яўляецца “канструктыўнай і дапаможнай” і не займаецца “бескарыснай баўбатнёй, плёткамі, здагадкамі і забабонамі”.

Нагадаўшы айцам сінода пра свае каментарыі падчас перадсінадальнай сустрэчы, Папа сказаў, што “кожны мае права быць пачуты, як і кожны мае права выказацца”. Па яго словах, слуханне “стварае прастору для дыялогу”, а “першым плёнам” гэтага дыялогу з’яўляецца тое, што ўсе “адкрытыя на навізну, на змену свайго меркавання”.

Выступаючы 1 кастрычніка перад журналістамі, генеральны рэлятар сінода кардынал Сержыу да Роша сказаў, што працоўны дакумент сінода падкрэслівае важнасць “адкрытай і прымаючай паставы” і неабходнасць суправаджаць людзей, каб мець “паўнату жыцця”, ведаючы рэаліі іхніх жыццяў і дазваляючы сабе “станавіцца перад выклікамі складаных выпадкаў”, звязаных з пытаннямі “пачуццёвасці і сэксуальнасці”, з якімі гэтыя людзі сутыкаюцца.

Падобным чынам, Папа запрасіў айцоў сінода быць адкрытымі для “дапаўненняў і зменаў”, якія сінод можа прапанаваць ім. “Будзем жа адчуваць сябе вольнымі прымаць і разумець іншых, а таму змяняць нашы перакананні і меркаванні: гэта знак вялікай людской і духоўнай сталасці”, — сказаў ён.

Ён падкрэсліў важнасць “распазнання”, якое, па яго словах, з’яўляецца не “прыхамаццю гэтага пантыфікату”, а спосабам слухання таго, “што Дух прапануе нам”. Каб дапамагчы гэтаму, па словах Папы, пасля кожных пяці прамоваў будуць захоўвацца тры хвіліны цішыні, каб  можна было “глыбока паразважаць” над пачутым.

Францішак сказаў, што моладзь “часта не адчувае сябе зразуметай Касцёлам”, а часам адчувае сябе “адкінутай”. Касцёл, “закрыты на Божыя сюрпрызы”, не можа мець даверу, кажа Папа. Ён заклікаў пакінуць “прадузятасць і стэрэатыпы”. Ён таксама папярэдзіў не казаць пра моладзь “старамоднымі” спосабамі, падкрэсліў бясцэнны ўнёсак старэйшага пакалення і рэзка раскрытыкаваў клерыкалізм, назваўшы яго “скажэннем” і “коранем шматлікага зла”. Касцёл “павінен пакорна папрасіць прабачэння за гэта і перадусім стварыць умовы, каб гэта не паўтаралася”, — сказаў ён.

Але ён таксама перасцярог, што адкідванне ўсяго, што было “перададзена праз стагоддзі”, прыводзіць толькі да “нябеспечнай дэзарыентацыі”, і заклікаў айцоў сінода не слухаць “прарокаў пагібелі”, а засяродзіцца “на дабры, якое часта не робіць гуку, якое не з’яўляецца тэмай для блогаў і перадавіц газет”.

На Імшы з нагоды адкрыцця сінода тым жа ранкам Папа заклікаў Духа Святога аднавіць у Касцёле надзею і дынамізм, каб “перамяніць тыя рамкі розуму, якія сёння паралізуюць, аддзяляюць і адчужаюць нас ад моладзі”. Надзея, па яго словах, “ставіць перад намі выклікі, рухае намі і разбурае той канфармізм, які кажа: “гэта заўсёды рабілася так”.

Папа быў яўна ўзрушаны, калі казаў пра прысутнасць двух біскупаў з кантынентальнага Кітая. Ён запрасіў іх у межах папярэдняга пагаджэння па пытанні прызначэння біскупаў, падпісанага ў верасні паміж Святым Пасадам і Кітаем. Абодва біскупы належаць да касцёла, якім кіруе дзяржава, а адзін з іх, біскуп Джузэпэ Го Цзыньцай з Чэндэ, быў сярод сямі біскупаў, з якіх Ватыкан 22 верасня зняў экскамуніку. Па словах Папы, прысутнасць першых кітайскіх біскупаў, якія прымаюць удзел у сінодзе (некаторыя бралі ўдзел у Другім Ватыканскім саборы), робіць лучнасць біскупаў з Наступнікам Пятра “яшчэ больш бачнай”.

Хоць Святы Айцец запрасіў двух кітайскіх біскупаў, застаецца незразумелым, ці дазваляў ён непасрэдна касцёлу, кіраванаму дзяржавай, выбіраць, якіх біскупаў паслаць на сінод. “Папа быў вельмі міласэрны”, — сказаў 2 кастрычніка ў інтэрв’ю Register дырэктар Asia News кс. Бернарда Чэрвелера. Ён, аднак, пашкадаваў, што гэта стварыла “незбалансаванае ўражанне”, бо здаецца, што камуністычная партыя вырашае, каму ўдзельнічаць у такіх сустрэчах.

На амаль чатырохтыдневы сінод сабралося больш за 300 удзельнікаў, у тым ліку 266 айцоў сінода з усяго свету, 41 з якіх прызначаны асабіста Папам. Сярод падзеяў па-за пасяджэннямі плануецца аўдыенцыя Папы з тысячамі маладых людзей (6 кастрычніка) і кананізацыя бл. Паўла VI і бл. Оскара Рамэра (14 кастрычніка).

Сама працэдура сінода складаецца з шэрагу агульных пасяджэнняў, падчас якіх кожны айцец сінода зробіць сваю прамову, пасля якой паследуюць адказы. Затым абмеркаванне асобных тэм працягнецца ў малых групах, падзеленых паводле моўнага крытэрыя. Усе групы будуць абмяркоўваць тыя самыя тэмы, а слухачы і братэрскія дэлегаты таксама возьмуць удзел у абмеркаванні, але не будуць галасаваць. Кожная працоўная група напрыканцы сесіі падрыхтуе справаздачу і прагаласуе па ёй абсалютнай большасцю, пасля чаго ўсе справаздачы будуць зачытаны на агульным пасяджэнні.

Затым камісія ўкладзе чарнавік фінальнага дакумента, улічваючы прамовы на пасяджэннях і дыскусіі ў працоўных групах, і 24 кастрычніка прадставіць яго айцам сінода для ацэнкі і дыскусіі. Яны будуць мець толькі палову дня, каб пісьмова і вусна ўнесці неабходныя змены. Затым камісія ўкладзе канчатковы дакумент і прадставіць яго 27 кастрычніка.

Хоць фінальны дакумент для зацвярджэння павінен атрымаць 2/3 галасоў, арганізатары сінода не пажадалі раскрыць, ці будзе гэты дакумент складацца з параграфаў, кожны з якіх будзе патрабаваць такой большасці галасоў, як гэта было на папярэдніх сінодах. Крытыкі кажуць, што адсутнасць такога галасавання абмяжуе дыскусію і зможа правесці ў дакумент неадназначныя прапановы, такія як прыняцце ідэалагічнай тэрміналогіі, якую выкарыстоўвае гомасэксуальнае лобі. Падчас папярэдняга сінода на тэму сям’і ў 2015 годзе 13 кардыналаў у лісце да Папы Францішка, карыстаючыся падобным аргументам, выказалі паспяховы пратэст супраць скасавання такога галасавання па кожнай прапанове.

Іншыя занепакоены працоўным дакументам сінода (instrumentum laboris), які быў апублікаваны ў чэрвені. 29 верасня ў артыкуле ў італьянскай газеце Il Foglio арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шап’ю заявіў, што яго неабходна “перагледзець і выправіць”, таму што “як ёсць, тэкст з’яўляецца моцным у сацыяльна-навуковым складніку, аднак ён значна слабейшы ў сваім закліку да веры, навяртання і місіі”.

Кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар сінода біскупаў, раскрытыкаваў гэтыя каментарыі, сказаўшы, што такія перасцярогі можна было выказаць раней (арцыбіскуп Шап’ю з’яўляецца членам звычайнай рады сінода біскупаў), і дадаўшы, што яны не паказваюць “лаяльнасць і шчырасць”.

Папа Францішак сказаў у сваёй прамове 3 кастрычніка, што “патрэбы ў складаных тэалагічных аргументах няма” і заклікаў айцоў сінода засяродзіцца на “канкрэтных пастырскіх прапановах, здольных выканаць мэту сінода”, а не на фінальным дакуменце, “які зазвычай чытаюць толькі некаторыя, а крытыкуюць многія”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар