04.10.2018 / Edward Pentin

Арцыбіскуп Фішэр просіць у моладзі прабачэння за памылкі членаў Касцёла🕑 5 хвілін

У сваёй сінадальнай прамове арцыбіскуп Сіднэя заклікаў моладзь ніколі не адмаўляцца ад Езуса і Касцёла нягледзячы на грахі і недахопы яго членаў.

Сёння на сінодзе па справах моладзі арцыбіскуп Фішэр прамовіў падрабязнае mea culpa за ўсе спосабы, якімі біскупы, святары, кансэкраваныя і свецкія асобы падвялі моладзь.

“Сёння, у вашай прысутнасці, Святы Ойча, і сярод маіх братоў біскупаў, я хачу папрасіць прабачэння ў моладзі за ўсё тое, у чым мы іх падвялі”, — сказаў у пачатку сваёй прамовы арцыбіскуп Сіднэя.

Ён казаў пра “ганебныя ўчынкі некаторых святароў, кансэкраваных і свецкіх асобаў”, здзейсненыя супраць моладзі, і пра “страшныя страты, якія былі нанесены”.

Ён згадаў пра “няздольнасць многіх біскупаў і іншых людзей даць адэкватны адказ у той момант, калі злоўжыванне было ўстаноўлена, і зрабіць усё магчымае для вашай бяспекі”, а таксама пра “шкоду, якую панёс аўтарытэт Касцёла і ваш давер”. За ўсё гэта ён папрасіў прабачэння.

Ён выбачыўся за тыя сітуацыі, калі “каталіцкія сем’і, парафіі і школы” не прапаведавалі Езуса Хрыста, не змаглі быць ветлівымі, а былі “далёкімі або жорсткімі” або не праяўлялі “шчырай радасці” ад быцця хрысціянамі.

Ён папрасіў прабачэння за тыя сітуацыі, “калі вы шукалі сваю сэксуальную, этнічную або духоўную ідэнтычнасць і патрабавалі маральнага кіраўніцтва, аднак знайшлі людзей Касцёла непрыхільнымі або неадназначнымі”.

Арцыбіскуп Фішэр, якога ўчора абралі ў склад сінадальнай інфармацыйнай камісіі, таксама выбачыўся за “тое, калі мы недаацэньвалі вас” і не заахвочвалі моладзь жыць сваім хросным пакліканнем “гераічна”, калі “ўдзялялі моладзі надта мала служэння” і падтрымкі ў адзінокім секулярным свеце.

Ён выбачыўся за “непрыгожыя і няветлівыя літургіі”, якія не здолелі натхняць, за тое, што моладзі было адмоўлена ў касцёльным скарбе паяднання, адарацыі і іншых набажэнствах, а таксама за “слабое прапаведаванне, катэхізацыю або духоўнае кіраўніцтва, якія не могуць навяртаць”.

Ён папрасіў прабачэння за няздольнасць паказаць Божую міласэрнасць, уключыць маладых людзей у змаганне за хрыстацэнтрычную справядлівасць, а таксама за тыя сем’і, дыяцэзіі і рэлігійныя ордэны, “якія з кантрацэптыўнай ментальнасцю перасталі прыносіць новыя пакліканні і таму не здолелі выхоўваць вас”.

“У кожнай маладой асобы, якую мы падвялі гэтымі ці іншымі спосабамі, ад усяго сэрца я прашу прабачэння. А да Пана я малюся: Kyrie, eleison”, — сказаў арцыбіскуп Фішэр.

Аднак ён заклікаў моладзь “ніколі не адмаўляцца ад Езуса з-за нашых памылак”, ніколі не адмаўляцца ад Касцёла, “які вы можаце дапамагчы зрабіць больш верным”, а таксама не адмаўляцца ад свету, які з дапамогай Хрыста і Касцёла “вы можаце зрабіць лепшым месцам”.

Ён таксама нагадаў моладзі пра заклік Езуса быць для свету місіянерамі і героямі Евангелля, памятаючы, што для тых, хто патрабуе напрамку, яснага вучэння і кіравання, “малады Езус” з’яўляецца спрадвечным Шляхам, спрадвечнай Праўдай і спрадвечным Жыццём.

На заканчэнне прамовы арцыбіскуп Фішэр зноў прысвяціў сябе служэнню моладзі і “прыцягненню яе бліжэй да Хрыста, Які заўсёды яе чакае”.

Ніжэй прыведзены поўны тэкст прамовы арцыбіскупа Фішэра.

***

Сёння, у вашай прысутнасці, Святы Ойча, і сярод маіх братоў біскупаў, я хачу папрасіць прабачэння ў моладзі за ўсё тое, у чым мы іх падвялі.

За ганебныя ўчынкі некаторых святароў, кансэкраваных і свецкіх асобаў, здзейсненыя супраць вас і супраць іншых людзей, падобных да вас, і за страшныя страты, якія былі нанесены; за няздольнасць многіх біскупаў і іншых людзей даць адэкватны адказ у той момант, калі злоўжыванне было ўстаноўлена, і зрабіць усё магчымае для вашай бяспекі; за шкоду, якую панёс аўтарытэт Касцёла і ваш давер (IL 59, 66), — я прашу прабачэння.

За тыя сітуацыі, калі каталіцкія сем’і, парафіі і школы не змаглі пазнаёміць вас з асобай Езуса Хрыста, з Яго збаўчым словам і планам на вашае жыццё; за тыя сітуацыі, калі мы здаваліся вам няветлівымі, далёкімі або жорсткімі або калі мы не праяўлялі шчырай радасці ад быцця хрысціянамі; за тыя сітуацыі, калі вы шукалі сваю сэксуальную, этнічную або духоўную ідэнтычнасць і патрабавалі маральнага кіраўніцтва, аднак знайшлі людзей Касцёла непрыхільнымі або неадназначнымі, — я прашу прабачэння.

За тое, калі мы недаацэньвалі вас, не заахвочваючы гераічна жыць сваім хросным пакліканнем да святасці і пасхальным шляхам жыцця праз самаадрачэнне; або калі мы ўдзялялі моладзі надта мала служэння або іншай падтрымкі, і вы як маладая асоба з верай і ідэаламі апынуліся адны ў секулярным, часта цынічным свеце; або калі непрыгожыя і няветлівыя літургіі не здолелі натхніць ці прыняць вас; і калі вам адмовілі ў касцёльным скарбе рахунку сумлення, паяднання, адарацыі, пілігрымак, пакутаў і набажэнстваў, — я прашу прабачэння.

За слабое прапаведаванне, катэхізацыю або духоўнае кіраўніцтва, якія не могуць навяртаць; за адсутнасць уяўлення або энтузіязму для новай евангелізацыі, да якой заклікалі нас апошнія Папы; за нашу няздольнасць прадэманстраваць Божую міласэрнасць, што загадваў нам рабіць Папа Францішак, і ўключыць вас у змаганне за хрыстацэнтрычную справядлівасць і справы міласэрнасці; за сем’і, дыяцэзіі і рэлігійныя ордэны,  якія з кантрацэптыўнай ментальнасцю перасталі прыносіць новыя пакліканні і таму не здолелі выхоўваць вас, — я прашу прабачэння.

У кожнай маладой асобы, якую мы падвялі гэтымі ці іншымі спосабамі, ад усяго сэрца я прашу прабачэння. А да Пана я малюся: Kyrie, eleison.

Але таксама я кажу моладзі: ніколі не адмаўляйцеся ад Езуса з-за нашых памылак. Ніколі не адмаўляйцеся ад Касцёла, які вы можаце дапамагчы зрабіць больш верным. Ніколі не адмаўляйцеся ад свету, які з Хрыстом і дапамогай Касцёла вы можаце зрабіць лепшым месцам.

У Езусе Хрысце Старадаўні зрабіўся маладым— дзеля вас. Творца ўсяго гэтага прыгожага сусвету падыходзіць блізка да вашага жыцця, каб уратаваць вас. Ён заклікае вас “пайсці, паследаваць” за ім і стаць яго маладым вучнем. Ён пасылае вас у свет як місіянера. Вы можаце быць героем, бо няма нічога больш захапляльнага, чым прыгода Евангелля!

Таму, калі вы згубіліся і вам патрэбны кірунак, ведайце, што малады Езус з’яўляецца для вас спрадвечным Шляхам! Калі вы заблыталіся і вам патрэбна яснае вучэнне, ведайце, што малады Езус з’яўляецца для вас спрадвечнай Праўдай! Калі вы шукаеце пакліканне, якое найбольш споўніць вас, ведайце, што малады Езус з’яўляецца для вас спрадвечным Жыццём!

У прысутнасці Святога Айца і сярод маіх братоў біскупаў я зноў прысвячаю сябе моладзі і прыцягненню яе бліжэй да Хрыста, Які заўсёды яе чакае.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Архідыяцэзія Сіднэя

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up