04.10.2018 / Edward Pentin

Арцыбіскуп Шап’ю: скарачэнне “ЛГБТ” не павінна выкарыстоўвацца ў дакументах Касцёла🕑 6 хвілін

Сёння ў сваёй прамове на сінодзе па справах моладзі арцыбіскуп Філадэльфіі заявіў, што Касцёл замест гэтага павінен тлумачыць, чаму каталіцкае вучэнне пра сэксуальнасць чалавека з’яўляецца праўдзівым, узвышальным і міласэрным.

Не існуе такога, як ЛГБТК-каталік, каталік-“трансгендэр” або “гетэрасэксуальны” каталік; такія акрэсленні ніколі не былі праўдзівымі ў жыцці Касцёла і яны не павінны выкарыстоўвацца ў дакументах Касцёла. Пра гэта сёння падчас сваёй прамовы на сінодзе па справах моладзі заявіў арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шап’ю.

Разважаючы над раздзелам IV сінадальнага працоўнага дакумента (instrumentum laboris), арцыбіскуп Шап’ю, які з’яўляецца членам пастаяннай рады сінода, сказаў, што тое, што Касцёл “лічыць праўдзівым наконт сэксуальнасці чалавека, не з’яўляецца каменем спатыкнення”.

“Гэта адзіны рэальны шлях да радасці і адзінства, — працягнуў ён. — Не існуе такога, як ЛГБТК-каталік, або каталік-“трансгендэр”, або “гетэрасэксуальны” каталік, быццам бы нашы сэксуальныя апетыты вызначаюць тое, кім мы з’яўляемся; быццам бы гэтыя акрэсленні апісваюць асобныя супольнасці, якія маюць розную, але роўную годнасць у межах рэальнай касцёльнай супольнасці, цела Езуса Хрыста”.

Акронім ЛГБТ, разнавіднасць скароту ЛГБТК, — абодва выкарыстоўваюцца гомасэксуальным лобі — быў выкарыстаны ў працоўным дакуменце. Параграф 197 кажа, што “прадстаўнікі ЛГБТ-моладзі праз розныя паведамленні, якія былі атрыманы генеральным сакратарыятам сінода, выказалі жаданне “адчуваць большую блізкасць” і дасведчваць большую апеку Касцёла”.

Аднак насуперак заявам, якія зрабіў перад журналістамі, генеральны сакратар сінода біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры, тэрмін “ЛГБТ” увогуле не выкарыстоўваўся ў перадсінадальным дакуменце, укладзеным моладдзю. Тым не менш кардынал адмовіўся выдаляць гэты акронім з працоўнага дакумента.

У сваёй сённяшняй прамове наконт раздзела IV, падтэмамі якога былі “антрапалагічныя і культурныя выклікі”, “сэксуальнасць і пачуццёвасць” і “новыя пазнавальныя парадыгмы і пошук праўды”, арцыбіскуп Шап’ю заявіў, што дзяленне людзей паводле “сэксуальных апетытаў” “ніколі не было праўдзівым ў жыцці Касцёла і не з’яўляецца праўдзівым цяпер”.

Ён дадаў: “Адсюль следуе, што “ЛГБТК” і падобныя выразы не павінны выкарыстоўвацца ў дакументах Касцёла, таму што іх выкарыстанне быццам сцвярджае, што гэта рэальныя аўтаномныя групы, але Касцёл проста не катэгарызуе людзей такім чынам”.

Наадварот, па словах арцыбіскупа, для любой дыскусіі па антрапалагічных пытаннях “здаецца крытычна важным тлумачыць, чаму каталіцкае вучэнне пра сэксуальнасць чалавека з’яўляецца праўдзівым, чаму яно ўзвышальнае і міласэрнае”. Ён адзначыў, што “на жаль, гэта адсутнічае ў адпаведным раздзеле гэтага дакумента”, і выказаў спадзяванне, што “выпраўленні айцоў сінода вырашаць гэтую праблему”.

Гэтая справа выклікала асаблівую занепакоенасць незадоўга да сінода, таму што, згодна з новымі правіламі, фінальны дакумент сустрэчы можа стаць часткай папскага магістэрыя і тым самым уключыць згаданы ідэалагічны тэрмін у вучэнне Касцёла.

У іншым месцы сваёй прамовы арцыбіскуп Шап’ю пахваліў раздзел за апісанне антрапалагічных і культурных выклікаў, з якімі сустракаецца моладзь, аднак ён раскрытыкаваў параграф 51 за тое, што ён называе моладзь “вартаўнікамі і сейсмографамі кожнай эпохі”. Такая “падманлівая ліслівасць”, па словах арцыбіскупа, “маскіруе страту дарослага даверу ў непраходзячую прыгажосць і моц перакананняў, якія мы атрымалі”.

Ён таксама заявіў, што моладзь вельмі часта з’яўляецца “прадуктам сваёй эпохі” і найбольш глыбока фарміруецца сёння пад уплывам культуры, якая з’яўляецца “па сутнасці атэістычнай”.

Акрамя таго, па яго словах, “вельмі часта маё пакаленне лідараў” адракалася ад перадачы праўды Евангелля з-за “невуцтва, баязлівасці і ляноты”. Сэксуальныя злоўжыванні духавенства, як растлумачыў арцыбіскуп, з’яўляюцца вынікам “патурання сваім слабасцям і замяшання”, якое ўвайшло ў Касцёл — а маладыя людзі “заплацілі цану за гэта”.

Пра гэтую прамову не згадваў ані на сённяшні брыфінг для прэсы, ані кс. Томас Расіка, адказны за працу з англамоўнымі СМІ, які таксама размаўляў з журналістамі.

Кс. Расіка сказаў, што “вялікімі тэмамі” былі беднасць, вайна, адчай і беспрацоўе. На пытанне, ці гучалі ў прамовах тэмы гомасэксуальнасці і аднаполых адносінаў, кс. Расіка адказаў: “Пытанне прысутнічала, хоць і не дакладна ў гэтых словах, але не было дамінуючым”.

Таксама сёння раніцай на сінодзе выступалі біскуп Брыджпарта Фрэнк Каджана, дапаможны біскуп Лос-Анджэлеса Роберт Бэрэн і арцыбіскуп аўстралійскага Сіднэя Энтані Фішэр.

Ніжэй прыведзены поўны тэкст прамовы арцыбіскупа Шап’ю.

***

Сінадальная прамова

Раздзел IV, пар. 51–63

+ Чарльз Дж. Шап’ю OFMCap

Арцыбіскуп Філадэльфіі

04.10.2018

Браты,

Я быў выбраны ў пастаянную раду сінода тры гады таму. У той час мяне разам з іншымі членамі папрасілі прапанаваць тэмы для гэтага сінода. Маім пажаданнем тады было засяродзіцца на псальме 8. Мы ўсе ведаем тэкст: “Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў, думаю, чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?”

Хто мы такія як стварэнні, што азначае быць чалавекам, чаму мы ўвогуле лічым, што ў нас ёсць нейкая асаблівая годнасць — усё гэта хранічныя пытанні, якія стаяць за ўсімі нашымі праблемамі і канфліктамі. І адказ на ўсе гэтыя пытанні мы знойдзем не ў ідэалогіях або сацыяльных навуках, а толькі ў асобе Езуса Хрыста, Адкупіцеля чалавека. Гэта, вядома, азначае, што спачатку мы павінны на самым глыбокім узроўні зразумець, навошта нам увогуле збаўляцца.

Калі мы не можам упэўнена, без ваганняў і выбачэнняў, прапаведаваць Езуса Хрыста кожнаму пакаленню, асабліва моладзі, то Касцёл — гэта ўсяго толькі чарговы пастаўшчык этычнай рыторыкі для свету, якому яна не патрэбная.

У святле гэтага я чытаў раздзел IV працоўнага дакумента, пар. 51–63, з сапраўднай цікаўнасцю. Гэты раздзел добра апісвае антрапалагічныя і культурныя выклікі, з якімі сустракаецца моладзь. Фактычна, апісанне сённяшніх праблем і сцвярджэнне патрэбы ў суправаджэнні моладзі, калі яна сустракаецца з гэтымі праблемамі, з’яўляюцца моцнымі бакамі дакумента ў цэлым. Аднак я лічу, што параграф 51 уводзіць у зман, калі кажа, што моладзь з’яўляецца “вартаўнікамі і сейсмографамі кожнай эпохі”. Гэта падманлівая ліслівасць, і яна маскіруе страту дарослага даверу ў непраходзячую прыгажосць і моц перакананняў, якія мы атрымалі.

У сапраўднасці моладзь вельмі часта з’яўляецца прадуктам сваёй эпохі і фарміруецца часткова словамі, любоўю, упэўненасцю і сведчаннем сваіх бацькоў і настаўнікаў, але больш глыбокі ўплыў на яе сёння аказвае культура, якая адначасова з’яўляецца глыбока прывабнай і па сутнасці атэістычнай.

Старэйшыя супольнасці веры маюць заданне з пакалення ў пакаленне перадаваць праўду Евангелля, не парушаную кампрамісамі і скажэннямі. Аднак вельмі часта маё пакаленне лідараў, як у сем’ях, так і ў Касцёле, адракаецца ад гэтай адказнасці ў фарміраванні моладзі, якая панясе веру ў будучыню, з-за спалучэння невуцтва, баязлівасці і ляноты. Фарміраваць маладое жыццё перад абліччам варожай культуры — цяжкая праца. Крызіс, звязаны з сэксуальнымі злоўжываннямі духавенства, менавіта і з’яўляецца вынікам патурання сваім слабасцям і замяшання, уведзенага ў жыццё Касцёла за мае часы, нават сярод тых, хто атрымаў заданне навучаць і кіраваць. А меншыя — наша моладзь — заплацілі цану за гэта.

Нарэшце, тое, што Касцёл лічыць праўдзівым наконт сэксуальнасці чалавека, не з’яўляецца каменем сутыкнення. Гэта адзіны рэальны шлях да радасці і еднасці. Не існуе такога, як ЛГБТК-каталік, або каталік-“трансгендэр”, або “гетэрасэксуальны” каталік, быццам бы нашы сэксуальныя апетыты вызначаюць тое, кім мы з’яўляемся; быццам бы гэтыя акрэсленні апісваюць асобныя супольнасці, якія маюць розную, але роўную годнасць у межах рэальнай касцёльнай супольнасці, цела Езуса Хрыста. Гэта ніколі не было праўдзівым ў жыцці Касцёла і не з’яўляецца праўдзівым цяпер. Адсюль следуе, што “ЛГБТК” і падобныя выразы не павінны выкарыстоўвацца ў дакументах Касцёла, таму што іх выкарыстанне быццам сцвярджае, што гэта рэальныя аўтаномныя групы, але Касцёл проста не катэгарызуе людзей такім чынам.

У любой дыскусіі па антрапалагічных пытаннях здаецца крытычна важным тлумачыць, чаму каталіцкае вучэнне пра сэксуальнасць чалавека з’яўляецца праўдзівым, чаму яно ўзвышальнае і міласэрнае. Аднак, на жаль, гэта адсутнічае ў адпаведным раздзеле гэтага дакумента. Я спадзяюся, што выпраўленні айцоў сінода вырашаць гэтую праблему.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: HazteOir.org (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up