02.10.2018 / John O'Brien

№112. Цэлебрацыя Імшы: абрады пасля Камуніі🕑 3 хвілін

Цяпер мы вяртаемся да завяршэння Імшы лацінскага абраду.

Калі святар сабраў келіх, ён ідзе на бок Паслання і там чытае з Імшала малітву, якая называецца “communio” і прадстаўляе сабою антыфону, адпаведную дню або святу. У ранейшыя часы яна называлася “antiphona ad communionem”, і яе спявалі з пэўнымі часткамі псальма або нават з цэлым псальмам, пакуль святар удзяляў Камунію вернікам. Прачытаўшы гэтую антыфону, святар ідзе да цэнтра алтара, цалуе яго і, павярнуўшыся да людзей, кажа: “Dominus vobiscum”. Ён зноў ідзе да Імшала і гучным голасам чытае малітву пасля Камуніі. Колькасць гэтых малітваў адпавядае колькасці калектаў на дадзенай Імшы. У многіх старажытных Імшалах гэтая малітва называецца “oratio ad complendum”, альбо заключнай малітвай, таму што пасля яе людзей адпускалі з касцёла. Падчас Вялікага посту існаваў звычай дадаваць малітву за тых, хто па справядлівай прычыне не змог прыступіць да Камуніі разам з іншымі. Гэтую малітву называлі “oratio super populum”, і ў Сакрамэнтарыях Папы Гелазія і Папы Грыгорыя Вялікага такія малітвы прадпісаны на кожную нагоду, калі людзі не прыступалі да Камуніі. Сёння гэтыя малітвы чытаюцца толькі ў Вялікім посце і заўсёды маюць адпаведную малітву ў Нешпарах, таму што, паводле ранейшай дысцыпліны, Імша і Нешпары ў гэты літургічны перыяд былі адным цэльным набажэнствам. След гэтай практыкі мы знаходзім сёння ў набажэнстве Вялікай суботы.

Трэба памятаць пра тое, што да ХІІ ст. у Вялікім посце існавала правіла адкладаць Імшу да літургічнай дзевятай гадзіны, г. зн. да трэцяй гадзіны пасля поўдня, калі зазвычай пачыналіся Нешпары. Да гэтай гадзіны ўсе былі абавязаны захоўваць пост. Калі дысцыпліна Касцёла ў гэтай сувязі змянілася, пачынаць есці можна было апоўдні, а Імша была перанесена на першую палову дня. Аднак “oratio super populum” засталася на сваім месцы і ў Імшы, і ў Нешпарах.

Пасля апошняй малітвы святар закрывае кнігу, у апошні раз вітае людзей пры сярэдзіне алтара словамі “Dominus vobiscum” і, калі Імша прадугледжвае гэта, дадае: “Ite, missa est” — “Ідзіце, Імша скончаная”. Часам святар кажа (на гэты раз тварам да алтара): “Benedicamus Domino” — “Благаславім Пана”. Паводле правіла, устаноўленага Піем V, калі ў Божым Афіцыі прамаўляецца гімн “Te Deum”, у Імшы трэба казаць “Ite, missa est”; калі ж у Божым Афіцыі гэтага гімна няма, то ў Імшы кажуць “Benedicamus Domino”.

Спачатку заклік “Ite, missa est” быў запрашэннем пакінуць касцёл, але цяпер гэта не так, бо Імша не скончана да канца Апошняга Евангелля. Але гэты заклік, як і многія падобныя рэчы, захоўваецца як след старажытнай практыкі.

Дакладны сэнс закліку “Benedicamus Domino” можна зразумець, калі мець на ўвазе, што падчас пакутных перыядаў існаваў звычай прамаўляць пасля Імшы нейкую частку Божага Афіцыя, і паколькі вернікі таксама мелі звычку прысутнічаць на гэтых набажэнствах, іх не прасілі пакінуць касцёл, а запрашалі застацца і працягваць малітвы да Пана. Дзюран сцвярджае, што ў многіх месцах “Benedicamus Domino” казалі пасля першай Імшы ў раніцу Божага Нараджэння, бо пасля яе цэлебравалася Ютрань, у якой заўсёды ўдзельнічалі вернікі. Гэты звычай дагэтуль захоўваецца ў італьянскай Лодзі (Romsee, с. 330).


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (СС BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up