01.10.2018 / FIUV

Пазіцыя № 4. “Літургічная арыентацыя”🕑 12 хвілін

У свядомасці вернікаў устанавілася асацыяцыя, згодна з якой звычайную форму рымскага абраду святар служыць тварам да вернікаў, а традыцыйную лацінскую Імшу — “плячыма” да вернікаў, або тварам да ўсходу. Мала хто ведае, аднак, што пры служэнні новай Імшы можна выкарыстоўваць абедзве паставы, а рубрыкі Рымскага Імшала напісаны так, быццам яны маюць на ўвазе арыентацыю тварам на ўсход.

Гэтая Пазіцыя прадстаўляе гістарычны і тэалагічны аспект традыцыйнай практыкі малітвы ad orientem і падкрэслівае яе каштоўнасць для “суправаджэння люду ў падарожжы да Валадарства, якое мы згадваем у малітве, пакуль не вернецца Пан”.


ПАЗІЦЫЯ № 4: ЛІТУРГІЧНАЯ АРЫЕНТАЦЫЯ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Цэлебрацыя святой Імшы ad orientem (у накірунку Усходу, тварам ад людзей) з’яўляецца вельмі заўважнай розніцай паміж надзвычайнай формай рымскага абраду і большасцю цэлебрацый паводле звычайнай формы рымскага абраду. Цэлебрацыя versus populum была вядомая ў ранніх стагоддзях і ў пэўных касцёлах (напрыклад, у базіліцы св. Пятра ў Рыме), аднак цэлебрацыя ad orientem была больш распаўсюджанай, ды і ў любым выпадку каштоўнасць практыкі не можа вызначацца толькі яе старажытнасцю. Хутчэй, як сцвярджаў Папа Бенедыкт XVI, цэлебрацыя ad orientem падкрэслівае як эсхаталагічны характар літургіі, так і супольную арыентацыю святара і людзей у кірунку Пана, у адрозненне ад залішняга засяроджання вернікаў на цэлебранце (і наадварот). Яна таксама робіць націск на ахвярнай сутнасці Імшы. Такім чынам, пастава ad orientem належыць да цэнтральных каштоўнасцей і да самой прыроды надзвычайнай формы.

1. Для звыклага назіральніка адным з найбольш заўважных адрозненняў паміж надзвычайнай і звычайнай формамі рымскага абраду з’яўляецца такая цэлебрацыя апошняй (амаль ва ўсіх выпадках), калі святар звернуты да людзей (versus populum), тады як у надзвычайнай форме святар звернуты ў тым самым кірунку, што і людзі (ad orientem, versus apsidem). Многія здзіўляюцца, даведаўшыся, што цэлебрацыю звычайнай формы таксама можна здзяйсняць у напрамку ad orientem, а таксама што змена арыентацыі, якая мела такі моцны ўплыў на будову каталіцкіх касцёлаў і архітэктуру, не згадваецца ў Канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum сoncilium. Гэты артыкул мае на мэце паказаць каштоўнасць традыцыйнай практыкі.

2. Варта коратка акрэсліць цяперашнюю пазіцыю касцёльнага права ў дачыненні да звычайнай формы рымскага абраду. Паслядоўныя выданні рэфармаванага Рымскага Імшала маюць на ўвазе цэлебрацыю ad orientem, пры неабходнасці прадпісваючы святару павярнуцца тварам да людзей, але таксама кажуць, што алтар “пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма” [1], аддзеленым ад сцяны. Там, дзе гэта немагчыма з-за неабходнасці захаваць існуючыя алтары, якія маюць гістарычную ці мастацкую каштоўнасць, або з-за недахопу прасторы, цэлебрацыя ad orientem непазбежная; калі ж гэта магчыма, то цэлебрацыю можна здзяйсняць у абодвух кірунках. Такім чынам, нельга апраўдаць разбурэнне гістарычных алтароў, усталяванне дадатковых алтароў [2] і стварэнне перашкод для цэлебрацыі ad orientem [3].

Гістарычны аспект

3. Пытанне літургічнай арыентацыі неабходна разгледзець як з гістарычнага, так і з тэа­лагічнага пункту гледжання.

4. Уплывовае даследаванне Ота Нусбаума, у якім сцвярджалася, што цэлебрацыя versus populum была нормай у першыя чатыры стагоддзі хрысціянства, свае аргументы на карысць цэлебрацыі versus populum (там, дзе гэтага не выключалі археалагічныя звесткі) грунтавала на тым, што ad orientem падкрэслівае ахвярную прыроду Эўхарыстыі, тады як гэты акцэнт з’яўляецца значна пазней [4]. На гэта можна адказаць не толькі тым, што ахвярны аспект Эўхарыстыі падкрэсліваецца вельмі раннімі сведчаннямі [5], але і тым, што прадстаўленне Эўхарыстыі як супольнага спажывання ежы асацыіравалася б у хрысціянаў першых стагоддзяў не з сядзеннем па розныя бакі стала, але хутчэй з ляжаннем па адзін бок стала [6], як гэта можна бачыць у старажытным хрысціянскім мастацтве [7].

5. Несумненна, у першыя чатыры стагоддзі хрысціянства некаторыя касцёлы будавалі такім чынам, што цэлебранту прыходзілася праз алтар глядзець у бок навы, а іншыя былі арыентаваны галоўнымі дзвярыма на ўсход, а апсідай на захад. Не да канца вядома, якія гэта мела практычныя наступствы. Калі ўлічваць моцную традыцыю малітвы ў кірунку ўсходу, адной з магчымасцей можа быць тое, што на час эўхарыстычнай малітвы людзі адварочваліся ад алтара на ўсход [8]. Іншая магчымасць заключаецца ў тым, што яны займалі не цэнтральную наву, а пераважна бакавыя, адкуль яны маглі лёгка павярнуцца ад алтара на ўсход [9]. Трэцяя гіпотэза кажа, што ў касцёлах з дзвярыма на ўсходзе цэлебрант у многіх выпадках усё ж служыў ad apsidem, на “літургічны ўсход”, пра што сведчаць цудоўныя мазаікі ў апсідзе [10]. Археалогія тут дапамагае мала.

6. Зноў жа, прыклад базілікі св. Пятра ў Рыме паўплываў на праектаванне шматлікіх іншых касцёлаў [11], але яе планіроўка на кожным этапе будоўлі вызначалася ўзаемным размяшчэннем алтара і confessio, магілы св. Пятра. Гэтая вельмі спецыфічная праблема праектавання была вырашана арыентацыяй базілікі дзвярыма на ўсход і цэлебрацыяй у кірунку навы. Падобная сітуацыя назіралася ў выпадку іншых важных касцёлаў з пахавальнямі, асабліва ў Храме Гроба Пана ў Ерузалеме [12]. З улікам гэтага, цяжка чакаць, што гэтыя старажытныя прыклады касцёльнай архітэктуры дадуць адказ на пытанне пра раннехрысціянскую практыку альбо пра тагачасныя меркаванні адносна ўдзелу ў літургіі.

7. Нарэшце, трэба памятаць, што цэлебрацыя versus populum ва ўмовах вялікіх рымскіх базілік у старажытныя часы не мае пастырскіх альбо літургічных падтэкстаў, якія часта шукаюць прыхільнікі цэлебрацыі versus populum. Адлегласць паміж алтаром і большасцю прысутных вернікаў, а таксама старажытная практыка малітвы з узнятымі вачыма выключаюць пачуццё дамашняй блізкасці, зрокавы кантакт і яснае бачанне абрадаў. Насамрэч у раннія стагоддзі хрысціянства падчас эўхарыстычнай малітвы на алтары не адбывалася ніякіх абрадаў [13].

8. Цэлебрацыя versus populum сапраўды мела месца ў старажытныя часы, але гэта была практыка меншасці, і няма ніякіх прычын лічыць яе нарматыўнай [14]. Папа Пій ХІІ, якога мы цытавалі ў Пазіцыі № 3, перасцерагае нас перад аддаваннем перавагі старажытнай практыцы ў параўнанні з практыкай, якая развілася пазней [15]. Ключом да гэтага пытання з’яўляецца тэалагічны аспект развіцця традыцыйнай практыкі.

Тэалагічны аспект

9. Малітва ў кірунку ўсходу з’яўляецца малітвай у кірунку Пана, таму што, згодна са старажытнай традыцыяй, Пан адышоў на ўсход і зноў вернецца з усходу [16]. З гэтай прычыны ўзыходзячае Сонца з’яўляецца вельмі глыбокім сімвалам. Таму арыентацыя дадае да літургіі важны эсхаталагічны элемент, чаканне прыйсця Пана, а таксама паказвае кірунак падарожжа, у якое накіроўваюцца самі людзі, ­— да Пана [17]. Як сказаў кардынал Крыстаф Шонбарн, цэлебрацыя ad orientem дэманструе паставу малітвы obviam Sponso, тварам да Жаніха, а таму сімвалізуе “сустрэчу з Жаніхом і ўдзел у Хрыстовым канчатковым прыйсці” [18].

10. Акрамя сімвалізму ўсходу, гэта таксама пытанне таго, што святар і вернікі моляцца, звярнуўшыся ў адным кірунку, ­— пытанне еднасці іх малітвы. Аб’ядноўваючы абедзве ідэі, Святы Айцец Бенедыкт XVI піша:

З іншага боку, супольны зварот на ўсход падчас эўхарыстычнай малітвы застаецца істотным. Мова ідзе не пра выпадковыя рэчы, а пра істотныя. Глядзець на святара ­— гэта не важна. Важна разам глядзець на Пана. Цяпер гэта не пытанне дыялогу, а пытанне супольнай малітвы, пытанне выхаду да Таго, хто павінен прыйсці. Гэтай рэальнасці адпавядае не падзея ў замкнёным коле, а супольны рух наперад, выражаны ў агульным напрамку малітвы [19].

11. Яшчэ адзін аспект ­— гэта сімволіка ахвяры: сабраная супольнасць не з’яўляецца за­крытым колам; яна адкрываецца дзеля прынясення Богу ахвяры [20]. У надзвычайнай форме асаблівым чынам падкрэсліваецца, што святар складае Айцу Ахвяру Імшы, тады як вернікі яднаюцца з гэтай Ахвярай. Як заўважыў Клаус Гамбер:

Чалавек, які прыносіць ахвяру, глядзіць у напрамку Таго, хто прымае ахвяру; таму ён стаіць перад алтаром, скіраваны ad Dominum, тварам да Пана [21].

Адмова “нізкакасцёльных” [Low Church] пратэстанцкіх рэфарматараў ад цэлебрацыі ad orientem і яе вяртанне пракаталіцкімі рухамі ў межах англіканства добра падкрэс­ліваюць яе сімвалічнае значэнне [22].

12. У гэтых адносінах варта адрозніваць складанне святаром Ахвяры Богу, калі ён стаіць тварам на ўсход, ад моманту, калі святар паказвае кансэкраваную Гостыю вернікам, кажучы “Ecce Agnus Dei”; а таксама святарскія малітвы да Бога (тварам на ўсход) ад ягоных перыядычных зваротаў да вернікаў (“Dominus vobiscum”). У апошніх выпадках святар вельмі бачным чынам паварочваецца тварам да людзей, прычым такі жэст магчымы толькі ў сітуацыях, калі да гэтага ён стаяў ad apsidem. Гэты кантраст падкрэ­слівае Макс Турыян у сваім артыкуле ў Notitiae:

Незалежна ад архітэктурнага ўкладу касцёла трэба паважаць гэтыя дзве ўзаемадапаўняльныя паставы ў літургіі… Часта ўся цэлебрацыя праводзіцца такім чынам, быццам гэта размова альбо дыялог, у якім больш няма месца для адарацыі, сузірання і цішыні. Той факт, што цэлебранты і вернікі пастаянна глядзяць адзін на аднаго, замыкае літургію на самой сабе [23].

13. Небяспеку таго, што цэлебрацыя versus populum стане “размовай”, небяспеку залішняга ўзаемадзеяння і пастаяннага зрокавага кантакту паміж цэлебрантам і вернікамі таксама падкрэслівае Папа Бенедыкт XVI [24]. Целебрацыя ad orientem пазбягае падкрэслівання асобы святара, што з’яўляецца адной з галоўных рысаў надзвычайнай формы.

Заключэнне

14. Выкарыстанне ў надзвычайнай форме цэлебрацыі ad orientem з’яўляецца каштоўным захаваннем дастойнай практыкі з вялікім сімвалічным значэннем. Маючы на ўвазе ўсходнюю традыцыю, інструкцыя Il Padre, incomprehensibile кажа наступнае:

Справа не ў тым, як часта сцвярджаюць, што цэлебрацыя ўзначальваецца плячыма да людзей. Хутчэй гэта суправаджэнне люду ў падарожжы да Валадарства, якое мы згадваем у малітве, пакуль не вернецца Пан. Гэты звычай… мае глыбокае значэнне і павінен быць захаваны… [25]

15. Апошняе слова можна пакінуць кардыналу Крыстафу Шонбарну:

Наколькі ж важныя гэтыя знакі для “ўцелаўлення” веры! Супольная малітва святара і вернікаў ad orientem злучыла гэтую касмічную “арыентацыю” з верай ва Уваскрасенне Хрыста, sol invictus, і Яго паўторнае прыйсце ў хвале [26].


[1] Missale Romanum (2002), Institutio Generalis, 299: “Altare exstruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebration versus populum peragi possit, quod expedit ubicumque possibile sit”. (“Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма”). “Quod”, натуральна, адносіцца да першай часткі сказа, а не да другой, якая з’яўляецца залежнай. Гл. C. M. Cullen, J. W. Koterski, “The New IGMR and Mass versus populum”, Homiletic and Pastoral Review, чэрвень 2001, с. 51–54. Пар. інструкцыя Inter oecumenici (1964): “Пажадана, каб алтар рабіўся аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа”. (“Praestat ut altare maius exstruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebration versus populum peragi possit”.) AAS 56 (1967): 375. Пар. дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў Sanctissimam Eucharistiam (1957), № 4: “У касцёлах, дзе ёсць толькі адзін алтар, яго нельга будаваць такім чынам, каб святар мусіў служыць тварам да людзей”. (“In ecclesiis, ubi unicum extat altare, hoc nequit ita aedificari, ut sacerdos celebret populum versus”.) Гэты дэкрэт датычыцца ўзаемнага размяшчэння табернакулюма і алтара.

[2] “Трэба разгледзець сітуацыі, калі прэзбітэрый не дазваляе ўстанавіць алтар тварам да людзей альбо калі будзе немагчыма захаваць некранутым існуючы алтар з яго ўпрыгожваннямі і ў той самы час устанавіць [новы] алтар перадам да людзей, каб ён лічыўся галоўным алтаром. У такіх выпадках больш верным у адносінах да прыроды літургіі будзе служыць на існуючым алтары, плячыма да людзей, а не мець у адным прэзбітэрыі два алтары. Прынцып існавання толькі аднаго алтара больш тэалагічна важны, чым практыка цэлебрацыі тварам да людзей” (Notitiae, 29 (1993), 249, Editorial).

[3] Нярэдка цэлебрацыі ў надзвычайнай форме рымскага абраду патрабуюць выкарыстання адмысловых платформ, каб зрабіць цэлебрацыю ad orientem магчымай.

[4] Otto Nussbaum, “Der Standort des Liturgen”, Bonn: Hanstein, 1965; абмяркоўваецца ў выд. Fr. Uwe Lang, “Turning Towards the Lord: Orientation in Liturgical Prayer”, San Francisco: Ignatius Press, 2004, с. 56–64.

[5] Перадусім у Дыдахэ і Першым лісце Клімэнта.

[6] Йозеф Ратцингер, “Богословие литургии” (Благотворительный фонд имени святителя Григория Бого­слова, 2017), “Дух литургии”, с. 84.

[7] Lang, op. cit., с. 61.

[8] Гэтая гіпотэза прапануецца ў выд. Louis Bouyer, “Liturgy and Architecture”, Notre Dame: University of No­tre Dame Press, 1967, с. 55–56.

[9] Гіпотэза з выд. Klaus Gamber, “Liturgie und Kirchenbau”, Regensburg: Pustet, 1976, с. 23–25.

[10] Гіпотэза з Fr. Uwe Lang, op. cit., с. 84–85.

[11] Асабліва ў выпадку стацыйных касцёлаў у Рыме: Ратцингер, op. cit., c. 82.

[12] Гл. Aidan Nichols, “Looking at the Liturgy: a critical view of its contemporary form”, San Francisco: Ignatius Press, 1996, с. 94.

[13] Bouyer, op. cit., с. 60–70.

[14] Доказы гэтага прыводзяцца ў выд. M. J. Moreton, “Eis anatolas blepsete: Orientation as a Liturgical Principle”, Studia Patristica 18, пад рэд. E. A. Livingstone, Oxford, 1982, с. 575–590.

[15] Пій ХІІ, энцыкліка Mediator Dei (1948), 61: “Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, з той толькі прычыны, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”. (“Haec eadem iudicandi ratio tenenda est, cum de conatibus agitur, quibus nonnulli enituntur quoslibet antiquos ritus ac caerimonias in usum revocare. Utique vetustae aetatis Liturgia veneratione procul dubio digna est; verumtamen vetus usus, non idcirco dumtaxat quod antiquitatem sapit ac redolet, aptior ac melior existimandus est vel in semet ipso, vel ad consequentia tempora novasque rerum condiciones quod attinet. Recentiores etiam liturgici ritus reverentia observantiaque digni sunt, quoniam Spiritus Sancti afflatu, qui quovis tempore Ecclesiae adest ad consummationem usque saeculorum (cfr. Matth. 28, 20), orti sunt; suntque iidem pariter opes, quibus inclita Iesu Christi; Sponsa utitur ad hominum sanctitatem excitandam procurandamque”.)

[16] Мц 24:27: “Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага”. Гл. Герман Канстанцінопальскі, “Historia ecclesiastica et mystica contemplatio”, PG 98, 384 B. Пар. Lang, op. cit., с. 37.

[17] Lang, op. cit., с. 97.

[18] Christoph, Cardinal Schönborn, “Loving the Church: Spiritual exercises preached in the presence of Pope John Paul II”, San Francisco: Ignatius Press, 1996, с. 205.

[19] Ратцингер, op. cit., с. 87. Наконт важнасці агульнага кірунку малітвы аўтар цытуе Ё. А. Юнгмана, “аднаго з айцоў Канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра Літургію”: op. cit., с. 86.

[20] Пар. Aidan Nichols, op. cit., с. 97.

[21] Klaus Gamber, “The Reform of the Roman Liturgy”, San Juan Capistrano: Una Voce Press, 1993, с. 178.

[22] Lang, op. cit., с. 110; пар. J. A. Jungmann, “Review of Nussbaum “Der Standort des Liturgen”, ZKTh, 88 (1966), с. 445–450, 448.

[23] Max Thurian, “La Liturgie, contemplation du mystere”, Notitiae, 32 (1996), с. 692 (англ. пер. у LOsservatore Romano, 24 чэрвеня 1996 года, с. 2).

[24] “У рэальнасці ж адбылася беспрэцэдэнтная клерыкалізацыя. Цяпер святар — альбо прадстаяцель, як яго сёння ахвотна называюць, — становіцца галоўнай кропкай адліку ва ўсёй літургіі. Усё залежыць ад яго. Мы павінны бачыць яго, адказваць яму, удзельнічаць у тым, што ён робіць. Ягоная крэатыўнасць падтрымлівае ўсю справу. (…) Усё менш відаць тут Бога, а большую і большую важнасць набывае тое, што робяць людзі, якія тут сустракаюцца і якія не хочуць падпарадкоўвацца “прадвызначанай схеме”. Ратцингер, op. cit., c. 85.

[25] Інструкцыя Il Padre, incomprensibile (1996), 107.

[26] Schönborn, op. cit., с. 205.

Пакінуць каментар

Scroll Up