У літургіі св. Яна Хрызастома цэлебрант прымае Камунію са словамі: “Пачэснае і святое Цела Госпада, і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста даецца мне, святару N., для адпушчэння грахоў і жыцця вечнага”. Прымаючы келіх, ён кажа: “Я, слуга Божы святар N., прымаю святую і пачэсную Кроў Госпада, і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста для адпушчэння грахоў і жыцця вечнага”. Удзяляючы Камунію дыякану, святар кажа: “Пачэснае і святое Цела Госпада, і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста даецца святадыякану N. для адпушчэння грахоў і жыцця вечнага”. Пры ўдзяленні дыякану Найдаражэйшай Крыві формула падобная да той, што прамаўляе святар. У копцкім абрадзе святар спачатку цалуе святую Гостыю, а затым прымае яе (Renaudot, с. 261). У нестарыянскім абрадзе словы, якія святар прамаўляе пры Камуніі, гучаць так: “Цела нашага Пана — чыстаму святару для адпушчэння грахоў”. Для келіха формула такая ж.

Камунія народу на Усходзе. — Як мы ўжо сказалі, на ўсім Усходзе, як сярод каталікоў, так і сярод схізматыкаў, Камунія традыцыйна ўдзяляецца пад дзвюма постацямі. Існуе тры спосабы яе ўдзялення. У першым святая Гостыя даецца сама па сабе, а затым вернік п’е з келіха. У другім святар удзяляе кожнаму верніку, які прыступае да Камуніі, святую Гостыю, а Камунію з келіха ўдзяляе дыякан пры дапамозе лыжачкі. Трэці спосаб найбольш распаўсюджаны: кансэкраваны хлеб раздзяляецца на дробныя часткі, якія святар апускае ў Найдаражэйшую Кроў і ўдзяляе вернікам пры дапамозе лыжачкі. У такім выпадку Найдаражэйшая Кроў асобна не прымаецца. Першы са згаданых спосабаў характэрны для духавенства, а таксама для патрыярха, калі ён прысутнічае. Ніжэйшае духавенства прымае Камунію другім спосабам, а свецкія асобы — трэцім. У некаторых сіра-якабіцкіх касцёлах святар ідзе да вернікаў з патэнай, а дыякан з келіхам, і ўжо там святар апускае Цела Хрыста ў Найдаражэйшую Кроў і ўдзяляе іх вернікам. У некаторых месцах на Усходзе хтосьці з прыслугоўваючых нясе пры гэтым запаленую свечку.

У нестарыянаў спосаб удзялення Камуніі даволі цікавы. Святар падыходзіць з кансэкраваным хлебам у сурвэтцы, павязанай вакол ягонай шыі, а дыякан нясе Найдаражэйшую Кроў у вялікім келіху, трымаючы пад ім тканіну, якая выконвае функцыю пурыфікатара. Вернікі падыходзяць да святара і трымаюць пад падбародкам руку, каб не страціць часцінкі святой Гостыі, якія могуць упасці. Прыняўшы Гостыю, вернік падыходзіць да дыякана і адпівае з келіха, пасля чаго выцірае вусны адмысловай сурвэткай. Затым ён вяртаецца на сваё месца, на працягу пэўнага часу закрываючы далонню рот (Smith and Dwight, Researches in Armenia, ІІ, с. 262).

У літургіі св. Яна Хрызастома формула пры ўдзяленні Камуніі верніку гучыць наступным чынам: “Слуга Божы (Божая) N. прымае святое Цела і пачэсную Кроў Госпада, і Бога, і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста для адпушчэння грахоў і жыцця вечнага”. Адпаведная рубрыка прадпісвае верніку падыходзіць з пашанай, склаўшы рукі на грудзях у форме крыжа. На Усходзе няма звычаю станавіцца на калені, прымаючы святую Камунію; усе стаяць і толькі схіляюць галаву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У копцкіх рытуалах даюцца асабліва пахвальныя інструкцыі наконт удзялення святой Камуніі вернікам. Нішто не параўнаецца з той пашанай, якую пры гэтым аказваюць нашаму Пану копты. Згодна з іх рубрыкамі, святар з дыяканам адыходзяць ад алтара, першы з кансэкраваным хлебам, а другі з келіхам, і набліжаюцца да таго месца, дзе сабраліся вернікі. Усіх іх святар благаслаўляе патэнай. Дапаможны дыякан нясе запаленую свечку перад святой Гостыяй. Адразу пасля прыняцця Камуніі кожны вяртаецца на сваё месца так, каб не паварочвацца плячыма да Найсвяцейшага Сакрамэнту, як, паводле традыцыі коптаў, гэта зрабіў Юда. Калі Камунію ўдзялілі мужчынам, да яе прыступаюць жанчыны. У гэтым апошнім выпадку трэба праяўляць асаблівую дбайнасць, таму што на Усходзе ўсе жанчыны ў касцёлах і па-за імі маюць пакрытую галаву, і часта немагчыма зразумець, з кім менавіта маеш справу, а копцкія каноны забараняюць удзяляць святую Камунію незнаёмым асобам (Renaudot, I, с. 205). Калі ўсе жанчыны прынялі Камунію, святар і дыякан вяртаюцца да алтара.

Пры ўдзяленні Камуніі копты прамаўляюць словы: “Цела і Кроў Эмануэля, нашага Бога, сапраўды тут”, на што вернік адказвае: “Амэн”. Варта заўважыць, што копты заўсёды ўдзяляюць вернікам Камунію, апускаючы Гостыю ў келіх, а не паасобку. Той, хто прыняў Камунію, павінен закрыць рот і не перажоўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт зубамі. Галава мужчыны павінна быць непакрытая, рукі складзеныя ў форме крыжа, паводзіны сціплыя, вочы апушчаныя, а выраз твару засяроджаны.

Эфіопы таксама маюць вельмі суровую дысцыпліну адносна святой Камуніі. У іх усе вернікі, якія прыступаюць да Камуніі, павінны спачатку вымыць рукі, а затым падыходзіць з вялікай пакорай і засяроджанасцю. Непасрэдна перад удзяленнем Камуніі святар становіцца перад вернікамі і, трымаючы Гостыю ў руках, кажа гучным голасам: “Вось хлеб святых! Няхай тыя, хто без граху, падыходзіць, а тыя, хто заплямлены грахом, адыходзіць, каб Бог не ўдарыў яго маланкаю; што да мяне, то я абмываю рукі ад ягонага граху”. Эфіопаў папярэджваюць, каб з пашаны да святой Эўхарыстыі яны не сплёўвалі ўвесь гэты дзень.

Камунія пад адной постаццю на Усходзе. — Па-за Імшою ўсходнія хрысціяне рэдка ўдзяляюць Камунію пад дзвюма постацямі. Наўрад ці з гэтага правіла ёсць выключэнні, калі мова ідзе пра ўдзяленне Камуніі хворым. Дысцыпліна грэкаў у гэтым сэнсе вельмі асаблівая. Яны не цэлебруюць звычайную Імшу у Вялікім посце, акрамя суботы, нядзелі і свята Звеставання. Каб хворым заўсёды хапала Камуніі, яны кансэкруюць вялікую колькасць хлеба, якую потым апускаюць у келіх перад спажываннем Найдаражэйшай Крыві. Яны вымаюць гэты святы хлеб і, паклаўшы яго на вялікую патэну, награваюць апошнюю, каб выпарыць вільгаць. Тады гэты святы хлеб становіцца цвёрды, як крэмень, і больш не псуецца. Адпаведна, яго можна бяспечна захоўваць на працягу цэлага года, калі ёсць такая неабходнасць. Пры ўдзяленні ж Камуніі хворым гэты святы хлеб змочваюць звычайным віном, каб яго размякчыць (Goar, Euchol. Graec., с. 208).

Кансэкраваная часцінка на Усходзе зазвычай называецца “маргарыта”, жамчужына. Сірыйцы называюць яе “марганіта”, але гэта тое самае слова. Вялікую Гостыю часта называюць “карба”, вугаль, з-за яе ажыўляючай прыроды.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Olga.Mach (СС BY-SA).

Пакінуць каментар