26.09.2018 / FIUV

Пазіцыя № 3. “Спосаб прыняцця святой Камуніі”🕑 13 хвілін

Прыняцце святой Камуніі ў вусны і на каленях з’яўляецца істотнай характарыстычнай рысай старажытнай рымскай літургіі. Пазіцыя № 3 прыводзіць аргументы ў абарону такой практыкі, заклікаючы ў сведкі Святое Пісанне, Айцоў Касцёла і сучасных Папаў.

Аўтары сцвярджаюць, што шмат у чым гэты артыкул абавязаны кнізе біскупа Атаназіуса Шнайдэра “Dominus est” (яе пераклад на рускую мову ёсць на старонцы “Una Voce Russia”). Яны таксама даслалі біскупу Шнайдэру англійскі тэкст гэтай Пазіцыі, і той выказаў сваю згоду з яе зместам: “Гэты тэкст можна таксама пашырыць на Novus Ordo, таму што яго аргументы аб’ектыўна валідныя і маюць універсальны характар”.

Свае думкі пасля прачытання гэтай Пазіцыі выказаў таксама тагачасны апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Томас Галіксан.


ПАЗІЦЫЯ № 3: СПОСАБ ПРЫНЯЦЦЯ СВЯТОЙ КАМУНІІ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Інструкцыя Universae Ecclesiae ясна кажа, што пры цэлебрацыях Імшы ў надзвычайнай форме святую Камунію трэба прымаць на каленях і ў вусны. Фактычна, прыняцце Камуніі ў вусны з’яўляецца ўніверсальным законам Касцёла, для якога паасобныя біскупскія канферэнцыі атрымалі паслабленні. Каштоўнасць кленчання для дэманстрацыі пакоры ў прысутнасці сакральнага пацвярджаюць многія тэксты Святога Пісання; гэта таксама падкрэслівае Папа Бенедыкт XVI у сваёй кнізе “Дух літургіі”. Момант прыняцця святой Камуніі як найбольш адпавядае таму, каб прадэманстраваць такую паставу. Прыняцце Камуніі ў вусны не было шырока распаўсюджана ў раннім Касцёле, аднак хутка зрабілася ўніверсальнай практыкай і стала знакам вялікага дбання Айцоў аб тым, каб часцінкі Гостыі не губляліся. Тая ж перасцярога была паўторана бл. Паўлам VI ў інструкцыі Memoriale Domini. Такім чынам, традыцыйны спосаб прыняцця святой Камуніі, праз які праяўляецца пакора і шчырая ўспрымальнасць, рыхтуе асобу да плённага прыняцця гэтага сакрамэнту. Акрамя таго, ён цалкам адпавядае агульнай паставе пашаны да Святых Постацяў, якою напоўнены цэлебрацыі ў надзвычайнай форме.

1. Спосаб прыняцця святой Камуніі падчас цэлебрацый у надзвычайнай форме рымскага абраду, як і служба пры алтары хлопцаў і мужчын [1], рэгулюецца інструкцыяй Universae Ecclesiae (2011), якая падкрэслівае той факт, што ў цэлебрацыях паводле надзвычайнай формы абавязвае літургічнае права, якое мела моц у 1962 годзе [2]. Адпаведна, святую Камунію вернікі павінны прымаць на каленях і ў вусны.

2. Калі служба жанчын пры алтары ў звычайнай форме была дазволена на меркаванне мясцовага ардынарыя, то забарона прыняцця вернікамі святой Камуніі ў руку была яўна паўторана бл. Паўлам VI [3], які адзначыў, што просьбы аб адступленні ад гэтага закона біскупскія канферэнцыі павінны будуць накіроўваць да Святога Пасаду. Гэты артыкул мае на мэце растлумачыць значэнне традыцыйнай практыкі, а таксама значэнне касцёльнага заканадаўства.

Кленчанне

3. Як заўважыў Папа Бенедыкт XVI, “кленчанне не паходзіць з якой-небудзь культуры: яно паходзіць з Бібліі і яе пазнання Бога” [4]. Як ён тлумачыць далей, кленчанне сустракаецца ў шматлікіх урыўках Пісання як адпаведная пастава для малітвы-просьбы і для пакланення ў прысутнасці Бога. Укленчваючы, мы наследуем прыклад самога нашага Пана [5], выконваем словы гімна з Паслання да Філіпянаў [6] і прыводзім сваю паставу це­ла ў адпаведнасць з нябеснай літургіяй, пробліск якой сустракаем у кнізе Апакаліпсіса [7]. Святы Айцец кажа:

Цалкам верагодна, што кленчанне з’яўляецца чужым для сучаснай культуры, бо ўсё ж гэта культура, якая адвярнулася ад веры і больш не ведае Адзінага, якому кленчанне належыць па праву як сапраўды ўнутрана неабходны жэст. Чалавек, які вучыцца верыць, вучыцца таксама і кленчыць, а вера альбо літургія, больш не знаёмыя з кленчаннем, будуць хворыя ў сваёй сутнасці. Там, дзе кленчанне было згублена, яго трэба знайсці зноў, каб у нашай веры мы заставаліся ў таварыстве з апосталамі і мучанікамі, у таварыстве з усім космасам і сапраўдным адзінстве з самім Езусам Хрыстом [8].

4. Застаецца заўважыць, што кленчанне з’яўляецца адпаведнай паставай для моманту прыняцця Цела нашага Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. На Захадзе такая пастава цела з’яўляецца вельмі старажытнай традыцыяй [9]; яна замяніла сабою іншыя жэсты пашаны [10]. Св. Ян Павел ІІ нагадвае нам, што адпаведнай паставай для прыняцця святой Камуніі з’яўляецца “пакора сотніка з Евангелля” [11]: такая пастава праяўляецца і выхоўваецца ў прызнаным жэсце пакоры ­— у кленчанні. Патрабаванне сучаснай дысцыпліны Касцёла, каб перад прыняццем святой Камуніі рабіўся жэст ушанавання [12], найбольш натуральна і нязмушана выконваецца пры дапамозе кленчання.

Камунія ў вусны

5. Прыняцце святой Камуніі ў вусны, у адрозненне ад прыняцця ў руку, хоць і не было адзінай практыкай у раннім Касцёле, паходзіць з найстаражытнейшых часоў. Пра яго сведчыць св. Эфрэм [13] і старажытная літургія св. Якуба [14]. Прынамсі як варыянт яно згадваецца св. Грыгорыем Вялікім [15], а таксама пастановамі Руанскага сабору (каля 878 г.) [16]. Здаецца, што наш Пан падаў хлеб наўпрост у вусны Юды падчас Апошняй вячэры [17] і, магчыма, выкарыстоўваў той самы спосаб для кансэкраваных Постацяў. Распаўсюджанне гэтага спосабу ва ўсім Касцёле (з рознымі варыянтамі на Захадзе і Усходзе) узяло пачатак з-за дбання Айцоў пра тое, каб не згубіць аніводнай часцінкі кансэкраванай Гостыі. Св. Кірыл Ерузалемскі (апісанне ўдзялення святой Камуніі ў руку якога пастаянна цытуюць) [18] папярэджвае, што фрагменты Гостыі трэба лічыць больш каштоўнымі, чым залаты пыл [19]; падобную ж перасцярогу выказваюць Тэртуліян [20], св. Геранім [21], Арыген [22], св. Эфрэм [23] і іншыя [24]. Гэтая перасцярога засноў­ваецца на Святым Пісанні, на загадзе нашага Пана вучням пасля кармлення натоўпу, якое было правобразам Эўхарыстыі: “Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася” [25].

6. Гэтая перасцярога паўтараецца і звязваецца са значэннем прыняцця Камуніі ў вусны ў інструкцыі Memoriale Domini (1969), якая абагульняе некаторыя аргументы на ка­рысць традыцыйнага спосабу ўдзялення святой Камуніі:

Улічваючы цяперашнюю сітуацыю ў Касцёле ва ўсім свеце, гэты спосаб удзялення святой Камуніі трэба захоўваць не толькі таму, што за ім стаяць многія стагоддзі традыцыі, але асабліва таму, што ён выражае пашану верніка да Эўхарыстыі. Гэты звычай ніяк не прыніжае асабістую годнасць тых, хто прыступае да гэтага вялікага сакрамэнту: гэта частка падрыхтоўкі, неабходнай для найбольш плённага прыняцця Цела Пана [26].

Гэтая пашана паказвае, што гэта дзяленне не “звычайным хлебам і віном” [27], але Целам і Крывёю Пана…

Таксама практыка, якую трэба лічыць традыцыйнай, больш эфектыўна гаран­туе, што святая Камунія ўдзяляецца з адпаведнай пашанай, прыстойнасцю і годнасцю. Яна здымае небяспеку прафанацыі святых постацяў, у якіх “унікальным чынам Хрыстус, Бог і чалавек, прысутны цалкам і поўнасцю, сутнасна і безупынна” [28]. Нарэшце, яна гарантуе руплівую акуратнасць у дачыненні да фрагментаў кансэкраванага хлеба, якую Касцёл заўсёды рэкамендаваў: “Калі ты нечаму дазволіў упасці, успрымай гэта так, быццам ты згубіў адзін са сваіх членаў” [29].

7. На магчымасць таго, што ўдзяленне святой Камуніі ў руку можа прывесці да “смутнай адсутнасці павагі да эўхарыстычных Постацяў”, указваў св. Ян Павел ІІ [30]. Небяспека наўмыснай прафанацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, таксама згаданая ў Memoriale Domini, зрабілася, на жаль, відавочнай у часы, калі пры дапамозе інтэрнэту блюзнер­чыя ўчынкі можна зрабіць публічнымі, каб абурыць каталікоў па ўсім свеце. Гэтая праблема падымаецца таксама ў інструкцыі Redemptionis Sacramentum (2004), якая зноў жа называе эфек­тыўным лекам удзяленне Найсвяцейшага Сакрамэнту выключна ў вусны:

Калі існуе рызыка прафанацыі, святая Камунія не павінна ўдзяляцца вернікам у руку [31].

8. Св. Ян Павел ІІ закранае падобнае пытанне, пішучы: “Дакрананне да кансэкраваных Гостый, а таксама раздаванне іх уласнымі рукамі з’яўляецца выключна прывілеем пасвячаных асобаў” [32]. Ён звязвае гэта з кансэкрацыяй рук святара [33]. Ён згадвае знакамітыя словы св. Тамаша Аквінскага, якія ў гэтай сувязі цытуюцца ў афіцыйнай заяве Службы літургічных цэлебрацый Вярхоўнага Пантыфіка [34].

…з павагі да гэтага Сакрамэнту да яго не можа дакранацца нічога, што не з’яўля­ецца кансэкраваным; таму для таго, каб дакранацца да гэтага Сакрамэнту, кансэкруюцца карпарал і келіх, а таксама рукі святара. Таму нікому іншаму не дазволена дакранацца да яго без неабходнасці, напрыклад, калі б ён упаў на зямлю або ў іншых выпадках крайняй патрэбы [35].

9. Мы бачым, што традыцыйны спосаб прыняцця святой Камуніі развіваўся на працягу пэўнага часу, але гэта з’яўляецца не аргументам супраць яго, а сведчаннем пра важныя прычыны, якія паступова прывялі да яго прыняцця. Як сцвердзіў Папа Пій ХІІ ў энцыкліцы Mediator Dei (1948), больш старажытным практыкам не трэба ipso facto аддаваць перавагу ў параўнанні з практыкамі, якія развіваліся пад уздзеяннем Святога Духа на працягу многіх стагоддзяў [36].

Заключэнне

10. Унутраная пастава пакоры, якая падкрэсліваецца св. Янам Паўлам ІІ і самім патраба­ваннем жэста ўшанавання [37], важная не толькі сама па сабе як справа годнага захаван­ня перад Рэальнай Прысутнасцю нашага Пана. Ласка, атрыманая асобай пры прыняц­ці святой Камуніі, залежыць ад яе ўнутранай паставы, а набыццю правільнай унутра­най паставы ­— паставы пакоры і шчырай успрымальнасці ­— спрыяе прыняцце Каму­ніі на каленях і ў вусны. Як падкрэсліваў бл. Павел VI, “гэта частка падрыхтоўкі, неаб­ходнай для найбольш плённага прыняцця Цела Пана” [38].

11. Папа Бенедыкт XVI падкрэслівае каштоўнасць традыцыйнага спосабу сваім рашэннем удзяляць Камунію ў вусны асобам, якія кленчаць. Афіцыйны каментарый наконт гэта­га рашэння згадвае як дбанне аб згубленых частках кансэкраванай Гостыі, так і дбан­не “аб павелічэнні сярод вернікаў пабожнасці да Рэальнай Прысутнасці Хрыста ў сакрамэнце Эўхарыстыі” [39]. Акрамя таго, традыцыйны спосаб называецца “знешнім знакам”, які мае на мэце “спрыянне разуменню гэтай вялікай сакрамэнтальнай таям­ніцы” [40].

12. У кантэксце надзвычайнай формы рымскага абраду выключная практыка прыняцця святой Камуніі на каленях і ў вусны ідзе поруч з вялікай пашанай да Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую аказвае ў гэтай форме Імшы цэлебрант. У якасці двух прыкладаў можна назваць двайное ўкленчванне святара пры кансэкрацыі, а таксама трыманне вялікага і ўказальнага пальцаў злучанымі ад кансэкрацыі да пурыфікацыі келіха. Прыняцце святой Камуніі ў руку створыць шкодны дысананс з іншымі элементамі літургіі. Гэтая справа ясна выказана ў інструкцыі Il Padre, incomprensibile (1996), якая адрасавана Усходнім Касцёлам і датычыцца важнасці захавання традыцыйнага для гэтых Касцёлаў спосабу прыняцця святой Камуніі:

Нават калі традыцыйны звычай выключае павелічэнне значэння іншых фактараў, таксама законных, і вядзе да адмовы ад пэўнай зручнасці, яго змена пацяг­не за сабою негарманічнае ўмяшальніцтва ў духоўную сістэму поглядаў, у якой ён знаходзіцца [41].


[1] Пазіцыя № 1, “Служба мужчын і хлопцаў пры алтары”.

[2] Інструкцыя Universae Ecclesiae (2011), 28.

[3] Інструкцыя Memoriale Domini (1969): “Святы Айцец вырашыў не змяняць існуючы спосаб удзялення святой Камуніі вернікам”.

[4] Й. Ратцингер, “Богословие литургии” (Благотворительный фонд имени святителя Григория Богосло­ва, 2017), “Дух литургии”, с. 187.

[5] Лк 22:41 (падчас агоніі ў Гефсіманскім садзе): “А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліў­ся” (“et ipse avulsus est ab eis quantum iactus est lapidis et positis genibus orabat”).

[6] Флп 2:10: “…каб на імя Езуса схілілася кожнае калена” (“ut in nomine Iesu omne genu flectat”).

[7] Ап 5:8: “А калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Баран­кам” (“et cum aperuisset librum quattuor animalia et viginti quattuor seniores ceciderunt coram agno”).

[8] Ратцингер, op. cit., с. 195.

[9] На Захадзе развіццё кленчання пры прыняцці святой Камуніі можна прасачыць прынамсі да VI ст.: гл. Атаназіус Шнайдэр, “Dominus est”, Pine Beach NJ: Newman House Press, 2009, c. 27. Шырокі, а затым уні­версальны характар яно набыло паміж XI і XVI стст.: J. Jungmann, “The Mass of the Roman Rite: its origins and development”, New York: Benzinger, 1955, т. II, с. 376.

[10] Юнгман прыводзіць прыклады прыняцця Камуніі басанож, на каленях, з трайным паклонам і паца­лункам зямлі альбо нагі святара (op. cit., с. 377–378).

[11] Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia (2003), 48: “…cum demissione centurionis in Evangelio”.

[12] Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (2002), 160.

[13] Св. Эфрэм, “Казанні на Вялікі тыдзень” 4, 5: “Ісая бачыў Мяне [г. зн. Хрыста], як ты бачыш Мяне цяпер, з працягнутай правай рукою, носячым да вашых вуснаў жывы Хлеб”. Гэта спасылка на візію Ісаі, калі анёл дакрануўся да ягоных вуснаў распаленым вуглём (Іс 6:6-7).

[14] “Bozestwennaya Liturgia Swjatago Apostoloa Iakowa Brata Boziya i perwago bierarcha Ierusalima”, Roma-Grottaferrata, 1970, с. 151: “Пан благаславіць нас і зробіць нас годнымі чыстымі дотыкамі нашых паль­цаў браць палаючы вугаль і класці яго ў вусны вернікаў…”

[15] Св. Грыгорый Вялікі, “Дыялогі”, 3, с. 3: “…пасля таго, як ён паклаў Цела нашага Пана ў ягоны рот, той язык, які ўжо шмат часу нічога не казаў, быў развязаны”. Кантэкст: аздараўленне хворага чалавека, які не мог пакласці сабе Гостыю ў вусны, бо, сярод іншага, аздараўлення патрабаваў ягоны язык. Аднак тэкст не выказвае ніякага здзіўлення з таго, што Гостыю паклалі наўпрост у вусны гэтага чалавека.

[16] Руанскі сабор, раздзел 2: “…няхай ён [святар] не кладзе Эўхарыстыю ў руку ані свецкага мужчыны, ані жанчыны, але толькі ў ягоны ці ейны рот з наступнымі словамі: “Corpus Domini et Sanguis prosit tibi ad remissionem peccatorum et ad vitam aeternam” (“nulli autem laico aut feminae eucharistiam in minibus ponat, sed tantum in os eius…”). Mansi 10:1199f. Пар. Jungmann, op. cit., т. II, с. 381–382.

[17] Ян 13:26-27: “Езус адказаў: “Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба”. І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал”.

[18] Св. Кірыл Ерузалемскі, “Містагагічны катэхізіс”, 5, 21f.

[19] Ibid., 5, 2.

[20] Тэртуліян, “De Corona”, 3: “Мы адчуваем боль, калі любое віно або хлеб, хоць яны і нашыя, кінуць на зямлю”.

[21] Св. Геранім, In Ps 147, 14: “…існуе небяспека, што штосьці ўпадзе на зямлю”.

[22] Арыген, “In Exod. Hom.” 13, 3: “…калі ты атрымаў Цела Пана, ты з пашанай дбаеш пра тое, каб ніводная часцінка не ўпала”.

[23] Св. Эфрэм, “Sermones in Hebdomada Sancta” 4, 4: “…не наступай нагамі нават на часцінкі. Найменшы фрагмент гэтага Хлеба можа асвяціць мільёны людзей…”

[24] Напрыклад, з канонаў Копцкага Касцёла: “Барані Божа, каб нейкія крышынкі або кансэкраваныя фрагменты прыліплі да пальцаў альбо ўпалі на зямлю!” Collationes canonum Copticae у выд. Denzinger, “Ritus Orientalium”, I, с. 95.

[25] Ян 6:12, пар. Мц 14:20 і 15:37, Мк 6:43 і 8:9, Лк 9:17.

[26] [Зноска 6 у Memoriale Domini (MD)] Пар. св. Аўгустын, “На псальмы” 98, 9: PL 37, 1264–1265.

[27] [Зноска 7 у MD] Пар. Юстын, “Апалогія”, 1, 66: PG 6, 427; пар. Ірынэй, “Adversus Haereses”, 1.4, раздз. 18, № 5: PG 7, 1028-1029.

[28] [Зноска 9 у MD] Пар. ibid., № 9, с. 547.

[29] [Зноска 10 у MD] Св. Кірыл Ерузалемскі, “Містагагічны катэхізіс”, V. 21: PG 33, 1126.

[30] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Dominicae cenae (1980), 11.

[31] Інструкцыя Redemptionis Sacramentum (2004), 92 паўтарае адказ Кангрэгацыі Божага культу на dubi­um 1999 года, запісаны ў Notitiae, 35 (1999), с. 160–161.

[32] Dominicae cenae, 11.

[33] Ibid., папярэдні параграф: “Нельга забывацца пра найважнейшую ўладу святароў, якія былі кансэкра­ваны на моцы сваіх пасвячэнняў для прадстаўлення Хрыста-святара: таму іх рукі, як і іх словы і воля, зрабіліся непасрэднымі інструментамі Хрыста”.

[34] Служба літургічных цэлебрацый Вярхоўнага Пантыфіка, “Прыняцце Камуніі ў вусны і на каленях” [Communion received on the tongue while kneeling].

[35] Св. Тамаш Аквінскі, Сумма тэалогіі, IIIa, Q. 82, a. 3, c: “in reverentiam huius sacramenti, a nulla re contingitur nisi consecrata, unde et corporale et calix consecrantur, similiter et manus sacerdotis, ad tangendum hoc sacramentum. Unde nulli alii tangere licet, nisi in necessitate puta si caderet in terram, vel in aliquo alio necessitatis casu”.

[36] Пій ХІІ, энцыкліка Mediator Dei (1948), 61: “Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, па той толькі прычыне, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку [Мц 28:20]. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”. (“Haec eadem iudicandi ratio tenenda est, cum de conatibus agitur, quibus nonnulli enituntur quoslibet antiquos ritus ac caerimonias in usum revocare. Utique vetustae aetatis Liturgia veneratione procul dubio digna est; verumtamen vetus usus, non idcirco dumtaxat quod antiquitatem sapit ac redolet, aptior ac melior existimandus est vel in semet ipso, vel ad consequentia tempora novasque rerum condiciones quod attinet. Recentiores etiam liturgici ritus reverentia observantiaque digni sunt, quoniam Spiritus Sancti afflatu, qui quovis tempore Ecclesiae adest ad consummationem usque saeculorum (cfr. Matth. 28, 20), orti sunt; suntque iidem pariter opes, quibus inclita Iesu Christi; Sponsa utitur ad hominum sanctitatem excitandam procurandamque”.)

[37] Гл. № 4 у гэтай Пазіцыі.

[38] Memoriale Domini.

[39] Служба літургічных цэлебрацый Вярхоўнага Пантыфіка, “Прыняцце Камуніі ў вусны і на каленях”.

[40] Ibid.

[41] Інструкцыя Il Padre, incomprensibile (1996), 53.

Пакінуць каментар

Scroll Up