Нішто не можа параўнацца з асаблівым дбаннем Касцёла ў дачыненні да ўсяго, што датычыцца Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Мы ўжо казалі пра дробныя прадпісанні наконт начыння, у якім яна захоўваецца: пра келіх, цыборый, піксіду і табернакулюм; пра тое, наколькі чыстымі і каштоўнымі яны павінны быць, хто і як мае права да іх дакранацца, а таксама пра літургічную бялізну і пра тое, як пра яе трэба дбаць на Імшы і па-за ёю. Таксама прадугледжаны ўсе магчымыя здарэнні, звязаныя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Ва ўсіх Імшалах надрукаваны адпаведныя дакладныя прадпісанні, каб кожны святар ведаў, што ён павінен рабіць у такім выпадку. Напрыклад, калі Гостыя ўпадзе на падлогу, гэта месца павінна быць абазначана палоскай льняной тканіны, а пасля вычышчана, вымыта, а вада павінна быць зліта ў сакрарый.

Менавіта такі клопат Касцёла пра Найсвяцейшы Сакрамэнт, спалучаны з веліччу і ўрачыстасцю абрадаў святой Імшы, прымусілі Фрыдрыха ІІ сказаць: “Кальвіністы ставяцца да Усемагутнага Бога, як да слугі; лютэране — як да роўнага; каталікі — як да Бога” (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., Praefatio).

Калі ў Іспаніі па вуліцы праносяць Найсвяцейшы Сакрамэнт да хворага, на ўсіх галоўных вокнах вісяць чырвоныя фіранкі, а людзі падаюць на калені пры дзвярах сваіх дамоў, пакуль “Яго Вялікасць” (распаўсюджаны зварот да Найсвяцейшага Сакрамэнту ў гэтай краіне) не пройдзе побач (Lady Herbert, Impressions of Spain). У Севільі на свята Божага Цела перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам танцуе хор, сімвалізуючы танец Давіда перад Каўчэгам Запавету. Гэты танец настолькі пабожны з кожнага пункту гледжання, што асобы, якія маглі назіраць за ім, апісваюць яго як вельмі кранальны. Лэдзі Херберт сцвярджае, што ніхто не мог казаць пра гэты святы танец у Севільі без эмоцый. Іспанія — гэта краіна з асаблівай пабожнасцю да Найсвяцейшага Сакрамэнту. На вуліцах некаторых вялікіх гарадоў можна сустрэць групы дзяцей, якія пры з’яўленні святара з Найсвяцейшым Сакрамэнтам крычаць адзін аднаму: “Sale su Magestad” — “Яго Вялікасць выходзіць!”


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Fr Lawrence Lew, O.P. (СС BY-NC).

Пакінуць каментар