21.09.2018 / John O'Brien

№109. Традыцыі, звязаныя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам🕑 4 хвілін

Дазвол браць Найсвяцейшы Сакрамэнт дадому

Падчас перыядаў пераследу вернікам даваўся дазвол браць Найсвяцейшы Сакрамэнт дадому і прымаць Камунію ў выпадку непазбежнай смерці. Св. Базыль кажа, што такі звычай быў распаўсюджаны ў Егіпце. Тэртуліян і св. Кіпрыян таксама часта згадваюць пра яго. У такіх выпадках Найсвяцейшая Эўхарыстыя змяшчалася ў адмысловыя скрыначкі, на накрыўках якіх гравіравалі нейкія пабожныя сімвалы, напрыклад IHS (Езус) або XP (Хрыстус). Гэтыя скрыначкі зазвычай рабілі з золата ці срэбра, таму валодалі імі багатыя людзі. На скрыначках таксама рабілі кальцо, каб праз яго можна было прывязаць шнурок для нашэння скрыначкі на шыі (гл. Hierurgia, с. 194, зноска).

Найсвяцейшая Эўхарыстыя і падарожжы

Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, ніводнай асобе, нават вельмі дастойнай, не дазволена браць з сабою Найсвяцейшы Сакрамэнт у падарожжы, калі толькі гэта не Святы Айцец і калі мова не ідзе пра ўдзяленне Камуніі хворым. У старажытныя часы, аднак, такі дазвол часта даваўся, але зазвычай у выпадку вельмі далёкіх і небяспечных падарожжаў. Можна бачыць, што многія ўсходнія хрысціяне практыкуюць гэта, выпраўляючыся ў небяспечны шлях. Гэтым асабліва адзначаюцца мараніты (Denzinger, Ritus Orient., с. 99). Калі Папа публічна выпраўляе Найсвяцейшы Сакрамэнт з Рыма ў далёкае падарожжа, зазвычай арганізуецца працэсія з удзелам дваранскай і швейцарскай гвардый, а таксама іншых чыноўнікаў і функцыянераў. Аднак, калі Святы Айцец падарожнічае прыватна, працэсія не ладзіцца. Тады ён носіць Найсвяцейшы Сакрамэнт на шыі, як гэта рабіў святой памяці Папа Пій ІХ падчас пералёту з Рыма ў Гаэту ў 1848 годзе.

Армяне (у дадзеным выпадку армяне-схізматыкі) заслугоўваюць асуджэння за тое, што дазваляюць пераводзіць Найсвяцейшы Сакрамэнт па краіне ў караванных экспедыцыях, прычым — кажам на іхні сорам — перавозяць яго свецкія асобы — гандляры, якія арганізуюць гэтыя караваны з мэтай продажу сваіх тавараў.

Удзяленне Камуніі немаўлятам

На працягу доўгага часу было прынята непасрэдна пасля хросту ўдзяляць немаўлятам Камунію пад постаццю віна. Пры гэтым святар апускаў палец у Найдаражэйшую Кроў і даваў немаўляці яго пасмактаць. Гэты звычай дагэтуль існуе на Усходзе, дзе хрост, канфірмацыя і Камунія ўдзяляюцца разам. Ромсі кажа (IV, с. 309), што гэты звычай меў месца прынамсі ў некаторых касцёлах на Захадзе да ХІ ст. Згодна з сучаснай практыкай Грэцкай Царквы, Найдаражэйшая Кроў удзяляецца немаўлятам пры дапамозе лыжачкі.

Пахаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту з памерлымі

Вера першых хрысціянаў у моц Найсвяцейшай Эўхарыстыі была такая вялікая, што яны не толькі ўдзялялі яе жывым асобам, але і хавалі разам з памерлымі, каб яна была ім абаронай ад пастак злога і спадарожнікам для цела, якое на працягу жыцця праз удзел у сакрамэнтах Касцёла было, як кажа святы апостал Павел, святыняй Духа Святога. Аднак існавалі і іншыя прычыны для гэтай дзіўнай практыкі. Многія простыя розумам лічылі, што Найсвяцейшы Сакрамэнт у дадзеным выпадку дзейнічае ў якасці замены апошніх абрадаў для той асобы, якая памерла знянацку або непадрыхтаванай.

Кажуць, што канец гэтай практыцы паклаў цуд, які здарыўся пры магіле нядаўна пахаванай асобы. Найсвяцейшы Сакрамэнт, як сцвярджае аповед, паклалі ў магілу разам з целам, аднак, калі яе засыпалі зямлёю, яна раптам адкрылася і зноў паказалася труна. Паколькі цуду спачатку ніхто не зразумеў, зямлю сабралі і магілу засыпалі зноў, аднак цуд паўтарыўся, і зямлю зноў раскідала ва ўсе бакі. Гэтым разам вырашылі праверыць прычыну, і аказалася, што Найсвяцейшы Сакрамэнт імкнуўся вырвацца з цела памерлай асобы. Гэта растлумачылі як знак Божай незадаволенасці. З таго часу гэты звычай, як кажуць, спыніўся. (Чытачу прыйдзецца прыняць гэтую гісторыю з нашых слоў, а не з вуснаў лепшага аўтарытэту, бо мы не можам прыгадаць, у якой працы мы яе прачыталі.) Праўдзівая гэтая гісторыя ці не, аднак гэтая практыка, якая мяжуе з непавагай, была асуджана вельмі рана: гэта зрабіў Трэці Карфагенскі сабор у 393 годзе, а затым Асэрскі сабор у Францыі і Трульскі сабор у Канстанцінопалі.

Разглядаючы старажытныя звычаі, не варта рабіць паспешлівыя высновы і асуджаць нашых бацькоў у веры за тое, што можа здавацца нам непаважлівым, але што не здавалася непаважлівым у іхнія часы.

Камунія з рук біскупа

Калі святую Камунію ўдзяляў біскуп, ён спачатку даваў пацалунак спакою сваім прыслугоўваючым, а затым вернікам, якія прымалі Камунію. Тыя ж віталі яго ў адказ. Сёння захоўваецца след гэтай старажытнай практыкі, бо цяпер той, хто прымае Камунію з рук біскупа, павінен спачатку пацалаваць ягоны пярсцёнак. Сапраўднае паходжанне гэтага звычаю бярэцца з таго факту, што ў старажытныя часы вернікі ўспрымаліся як адзіная сям’я, якою кіраваў біскуп, і на знак гэтага духоўнага саюзу ўдзяляўся пацалунак спакою (Mabillon, Comment. in Ord. Rom.; Valesius, Not. ad Eusebii Hist., кн. VI, раздз. XLIII; Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., с. 243, зноска; Bona, с. 359). З гэтага ж старажытнага звычаю і паходзіць практыка цалавання пярсцёнка.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Ralph Hammann (СС BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up