19.09.2018 / Fr. Aaron Huberfeld ICRSS

Вяртанне да скарбаў каталіцкай пабожнасці: сухія дні🕑 5 хвілін

Казанне кс. Аарона Хаберфельда ICRSS ў 17 нядзелю пасля Пяцідзясятніцы ў касцёле св. Марыі ў г. Уоса, штат Вісконсін.

* * *

Не ўзгадвай, Пане, правінаў нашых, ані правінаў бацькоў нашых і не чыні помсты з-за грахоў нашых.

Гэты верш, узяты з кнігі Тобія (3:3), служыць антыфонай для псальмаў, якія кожны святар і біскуп прамаўляе ў якасці падрыхтоўкі да святой Імшы. Тая ж антыфона спяваецца ў пачатку і ў канцы сямі пакутных псальмаў, якія дадаюцца да Літаніі да ўсіх святых і разам з ёю складаюць найбольш урачыстую і магутную пакутную малітву Касцёла. Аднак сёння мы ўзгадваем яе першаснае месца ў літургіі. Гэта антыфона да песні “Magnificat” у першыя Нешпары нядзелі, якая пачынае сухі тыдзень.

Калі шмат гадоў таму я пачаў упершыню наведваць традыцыйную лацінскую літургію, я заўважыў, што ў літургічным календары сухія дні (англ. ember days) пазначаны знакам рыбы. Я падумаў, што “ember” нейкім чынам звязана з попелам, бо гэта былі такія дні пакаяння, як Папяльцовая серада, і мне было цікава, ці прадпісана на сухія дні нейкая асаблівая цырымонія. Як многія з вас ведаюць, слова “ember” у дадзеным выпадку з’яўляецца проста англамоўным скажэннем лацінскага словазлучэння “quatuor tempora” (чатыры сезоны), якое абазначае гэтыя тры дні: сераду, пятніцу і суботу — бо на працягу літургічнага года яны адзначаюцца чатыры разы. Гісторыкі выказваюць меркаванне, што сухія дні былі спробай Касцёла хрысціянізаваць падобную практыку сярод рымскіх язычнікаў. Аднак, несумненна, думка Касцёла пра гэтыя дні мае яшчэ больш старажытнае паходжанне. У Старым Запавеце прарок Захарыя (8:19) кажа пра пост, які габрэі захоўвалі падчас чатырох розных месяцаў года: чацвёртага, пятага, сёмага і дзясятага. Стары закон выканаўся ў Новым, і ў рымскім абрадзе гэты пост мае месца ў Вялікім посце, падчас актавы Пяцідзясятніцы, у верасні і ў снежні. Некаторыя Айцы Касцёла сведчаць, што гэтая практыка мае апостальскае паходжанне.

Сухія днія былі ўстаноўлены, каб асвячаць чатыры поры года, каб прасіць у Бога благаслаўлення для зямлі і дзякаваць за багаты ўраджай. Аднак гэты малітоўны намер з самых ранніх часоў адыходзіў на другі план. Гэтыя тры дні пакаяння атрымлівалі сваю кульмінацыю ў сухую суботу, калі ўдзяляліся ўсе ніжэйшыя і вышэйшыя пасвячэнні. Вось так Касцёл рыхтаваўся перад тым, як узяцца за вельмі страшную справу допуску новых мужчын да служэння пры сваіх алтарах.

Сухія дні былі адкінуты цягам літургічнай рэформы 1970 года. Аднак святая і старажытная рымская літургія працягвае дыхаць тым жа Боскім Духам, які даў ёй пачатак. І таму сёння ў нашай краіне некаторыя дыяцэзіяльныя біскупы заклікаюць усіх членаў сваёй аўчарні вярнуцца на гэтым тыдні да практыкі посту і ўстрымання ў сухія дні, просячы аб святасці духавенства і прыносячы кампенсацыю за яго грахі.

Як жа часта мы забываемся, што пакута з’яўляецца супрацьлегласцю граху, а таму самым магутным лекам ад яго. Грэх можна акрэсліць як паварот ад Бога да створаных рэчаў. Грэх замяняе ў нашым сэрцы любоў да Бога любоўю да рэчаў, якія ніколі не змогуць яго напоўніць. Пакута — гэта паварот ад створаных рэчаў да Бога. Мы адмаўляемся ад смачнай ежы і напояў, свецкай музыкі і задавальненняў, бескарысных размоваў, каб гэта нагадала нам, што адзін толькі Бог можа напоўніць нашае сэрца, што рэчы гэтага свету прызначаны толькі для таго, каб дапамагчы нам дасягнуць неба і што нават людзей трэба любіць дзеля Бога.

Шматлікія святыя з натхнёным красамоўствам пісалі пра цноту пакуты. Прыгадаем хоць некалькі слоў нашых святых апекуноў Інстытута Хрыста Валадара. Св. Францішак Сальскі кажа: “Каб Хрыстовае адкупленне прымянілася да нас, мы павінны здзяйсняць пакуту. Мы не павінны падманваць сябе, бо ўсе нашыя продкі прайшлі гэтым шляхам: маладыя і старыя, малыя і вялікія, словам, усе абмылі свае ногі і свае рукі ў водах пакуты”.

Таксама св. Бенедыкт, распачынаючы сваё несмяротнае правіла, пісаў: “І тады Пан, шукаючы свайго працаўніка ў натоўпе, да якога Ён крычыць, зноў кажа: “Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?” (Пс 33:13). І калі, пачуўшы Яго, ты адкажаш: “Гэта я”, Бог скажа табе: “Калі хочаш мець сапраўднае і вечнае жыццё, сцеражы язык свой ад злога і вусны свае ад словаў падступных; адвярніся ад зла і рабі дабро, шукай спакою і трымайся яго (Пс 33:14-15). І калі зробіш гэтыя рэчы, Мае вочы будуць звернуты на цябе, а Мае вушы адкрытыя да тваіх малітваў; і перад тым, як ты паклічаш Мяне, Я скажу табе: “Вось я” (Пс 33:16; Іс 65:24; 58:9)”. Што можа быць больш салодкім для нас, дарагія, чым гэты голас Пана, які запрашае нас? Вось, у сваёй любячай дабрыні Пан паказвае нам шлях жыцця”.

Св. Тамаш Аквінскі ў сваёй Суме піша: “Пакута — гэта асаблівая цнота не толькі таму, што яна смуткуе з-за ўчыненага зла (бо для гэтага дастаткова было б любові), а таксама таму, што пенітэнт бядуе з-за ўчыненых ім грахоў, бо яны з’яўляюцца злачынствам супраць Бога, і пастанаўляе выправіцца. А выпраўленне злачынства, здзейсненага супраць кагосьці, не робіцца шляхам таго, каб проста перастаць рабіць злачынства, але неабходна зрабіць нейкую кампенсацыю, якая, як і рэтрыбуцыя, мае месца ў выпадку злачынстваў, здзейсненых супраць іншага. Толькі што кампенсацыя датычыцца таго, хто здзейсніў злачынства, калі ён прыносіць сатысфакцыю, тады як рэтрыбуцыя датычыцца асобы, супраць якой здзейснена злачынства. Кожная з іх належыць да справы справядлівасці, таму што яны з’яўляюцца своеасаблівым абменам. Таму відавочна, што пакута як цнота з’яўляецца часткай цноты справядлівасці”.

Магчыма, вы думаеце: я прыступаю да сакрамэнтаў, я ўжо малюся, мая душа ў парадку. Глыбока ў сэрцы нам у гэты момант не падабаецца чуць, што мы павінны рабіць пакуту за вялікія грахі іншых. Нам хочацца быць абуранымі і казаць сабе: гэта не мае грахі. Але наш Пан кажа, што Ён прыйшоў аздаравіць хворых. Што яшчэ могуць зрабіць Ягоныя верныя вучні, як не далучыцца да Яго працы аздараўлення, молячыся за тых, хто не моліцца, і робячы пакуту за тых, уключна з духавенствам, хто пакуты не робіць?

Малітва сённяшняй нядзельнай Імшы кажа: “Дай, просім, Пане, свайму народу пазбегнуць уплыву шатана”. Як наш Пан навучыць нас на гэтым тыдні, “такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай і постам” (Мк 9:28). Таму звернем жа ўвагу на ціхае запрашэнне Касцёла да малітвы і посту, прысвойваючы малітву, якую Ён прапануе нам сёння:

Не ўзгадвай, Пане, правінаў нашых, ані правінаў бацькоў нашых і не чыні помсты з-за грахоў нашых.


Аўтар: Fr. Aaron Huberfeld ICRSS
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: H. A. Brendekilde, Wooded Path in Autumn (1902).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар

Scroll Up