Некаторыя з найдастойнейшых аўтараў бачаць у “ламанні хлеба па дамах” і іншых падобных выразах Новага Запавету Камунію пад адной постаццю. Усе падзяляюць меркаванне, што менавіта такім чынам прымалі Камунію два вучні, якіх наш Пан сустрэў на шляху ў Эмаўс, бо, як кажа апавяданне, “яны пазналі Яго ў ламанні хлеба”. Камунія пад адной постаццю была распаўсюджана ад апостальскіх часоў, асабліва ў выпадку хворых асобаў і тых, хто жыў на вялікай адлегласці ад касцёла. Далей мы пабачым, што ўсходнія хрысціяне таксама з даўніх часоў практыкавалі такой спосаб прыняцця Камуніі.

Парадак прыняцця Камуніі ў старажытныя часы. — Калі цэлебрант прыступіў да Камуніі, падыходзілі іншыя прадстаўнікі духавенства: спачатку дыякан, потым субдыякан, а потым усе астатнія. Камунія вернікаў, якая адбывалася пры балюстрадзе, была ўладкавана наступным чынам: дыяканісы, кансэкраваныя дзевы, дзеці, затым дарослыя, спачатку мужчыны, потым жанчыны (Kozma, с. 240). Гэты парадак знаходзіцца ў Апостальскіх пастановах.

Спосаб прыняцця. — За невялікімі выключэннямі, на працягу першых пяці ці шасці стагоддзяў верніку на руку клалі Гостыю і дазвалялі прыняць яе самому. Мужчыны прымалі Гостыю голымі далонямі, паклаўшы іх адна на адну ў форме крыжа і крыху сагнуўшы правую далонь, каб атрымалася лодачка. Так Гостыю абаранялі ад падзення. Жанчыны ніколі не прымалі Гостыю непасрэдна ў далоні: плануючы прыступіць да Камуніі, яны павінны былі прынесці з сабою чыстую льняную тканіну, якая называлася дамінікалам. Ёю яны накрывалі далоні перад тым, як прыняць на іх Гостыю. Гэтае правіла выконвалася настолькі сурова, што калі б жанчына падышла да балюстрады без дамінікала, яна павінна была б пайсці назад і прыняць Камунію іншым разам. Такі звычай прыняцця святой Камуніі быў устаноўлены на ўспамін таго, як на Апошняй вячэры Камунію прымалі апосталы. Аднак паколькі ў тых месцах, дзе да Камуніі прыступала вялікая колькасць людзей, існавала верагоднасць розных небяспек і злоўжыванняў, у пачатку ІХ ст. гэты звычай быў скасаваны (Kozma, с. 241).

Формула пры ўдзяленні Камуніі. — У раннія часы пры ўдзяленні Камуніі пад постаццю хлеба святар казаў: “Corpus Christi” — “Цела Хрыста”, на што вернік адказваў: “Амэн”. Пры ўдзяленні Найдаражэйшай Крыві святар казаў: “Sanguis Christi poculum Salutis” — “Кроў Хрыста, келіх збаўлення”, на што таксама адказвалі: “Амэн”. Прыкладна ў часы Папы Грыгорыя Вялікага (VI ст.) формулу змянілі на іншую: “Corpus Domini nostri Iesu Christi conservet animam tuam” — “Цела Пана нашага Езуса Хрыста няхай захавае душу тваю”, на што таксама даваўся адказ “Амэн”. У Алкуіна, настаўніка Карла Вялікага, мы знаходзім формулу: “Цела Пана нашага Езуса Хрыста няхай захавае душу тваю на жыццё вечнае”.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Франсіска Гоя, “Апошняя Камунія св. Юзафа Каласанса”, 1819, фрагмент.

Пакінуць каментар