14.09.2018 / John O'Brien

№107. Цэлебрацыя Імшы: Камунія пад дзвюма постацямі🕑 3 хвілін

Да ХІІ ст. святая Камунія ўдзялялася вернікам пад дзвюма постацямі, што можна бачыць са шматлікіх сведчанняў (Kozma, с. 236; Romsee, с. 311). З таго часу Камунію пад дзвюма постацямі пачалі прымаць адны цэлебранты, аднак паўсюдным законам гэта стала толькі пасля сабора ў Канстанцы (1414 г.). Паглядзім на тое, што прывяло да такой пастановы.

Варта заўважыць, што кожны раз, калі ворагі Касцёла пачыналі прадстаўляць як догмат нейкую практыку, якую сам Касцёл лічыў усяго толькі справай дысцыпліны, гэтая практыка альбо адкідвалася цалкам, альбо прыкладаліся намаганні ў супрацьлеглым кірунку. Так, напрыклад, эбіяніты лічылі, што Найсвяцейшую Эўхарыстыю можна цэлебраваць толькі на прэсным хлебе. Каб заблытаць іхнія планы, Касцёл на нейкі час дазволіў таксама выкарыстанне квашанага хлеба. Армяне сцвярджалі, што недапушчальна дадаваць нават кроплю вады да віна, якое выкарыстоўваецца для кансэкрацыі; Касцёл пацвердзіў, што гэта не так і што ён не дасць адпаведнага дазволу гэтаму народу, а хутчэй адлучыць іх цалкам ад еднасці з сабою. Але разглядалася справа дадавання вады выключна як дысцыплінарная. Архіерэтык Лютэр казаў, што тыя Імшы, на якіх Камунію прымае толькі святар, з’яўляюцца ідалапаклонствам і павінны быць забаронены. Касцёл жа дазволіў іх і даў тагачасным святарам поўнае права цэлебраваць іх на сваё меркаванне.

І вось мы даходзім да нашага пытання. Ян Гус трымаўся настолькі фанатычнага погляду пра неабходнасць святой Камуніі пад дзвюма постацямі, што ўся краіна знаходзілася ў замяшанні ад ягонага вучэння. Згодна з яго меркаваннем, Касцёл не меў права адыходзіць ад абавязку ўдзялення Камуніі пад дзвюма постацямі, бо Камунія пад адной постаццю не была Камуніяй увогуле, а тыя, хто прымаў яе такім чынам, быў пракляты. Падтрымлівалі Гуса ў ягоным меркаванні вучні Геранім Пражскі, Якуб Стршыбрскі і Пётр Дрэздэнскі. Насуперак гэтым ерэтыкам, Канстанцкі сабор у 1414 годзе сцвердзіў, што Камунія пад адной постаццю з’яўляецца сапраўдным удзелам у Целе і Крыві Пана на моцы таго, што тэолагі называюць concomitantia, суправаджэнне, так, быццам спажываюцца абедзве постаці, і што тыя, хто лічыць па-іншаму, павінны быць адлучаны як ерэтыкі. Затым быў выдадзены дэкрэт вышэйзгаданага сабору, якім скасоўвалася ўдзяленне вернікам Камуніі пад постаццю віна, і менавіта з таго часу захоўваецца такая практыка (Kozma, с. 236).

Аднак нават пасля гэтага дэкрэта некаторыя месцыі некаторыя асобы дзякуючы асабліваму дазволу Святога Пасаду карыстаюцца прывілеем Камуніі пад дзвюма постацямі. Такі дазвол, напрыклад, быў дадзены каралю Францыі ў дзень яго каранацыі, а таксама ў гадзіну яго смерці; таксама Камунія пад дзвюма постацямі дазволена дыякану і субдыякану на папскай спяванай Імшы, дыякану і субдыякану кляштара св. Дыянісія каля Парыжа ў нядзелі і святы, манахам абацтва Клюні (Romsee, с. 306).

Калі не ўлічваць ерась Яна Гуса і яго паслядоўнікаў, то да скасавання ўдзялення Камуніі вернікам пад постаццю віна Касцёл схілілі чатыры асноўныя прычыны. Па-першае, небяспека, якая пагражае Найдаражэйшай Крыві пры вялікай колькасці вернікаў, што прыступаюць да Камуніі; па-другое, недаступнасць віна ў некаторых рэгіёнах і цяжкасці з вытворчасцю сапраўднага віна ў паўночным клімаце; па-трэцяе, непрыемнасці, якія выклікае віно ў некаторых людзей; па-чацвёртае, цяжкасці з захаваннем Найсвяцейшай Эўхарыстыі пад гэтай постаццю ў цёплым клімаце, дзе яно схільнае хутка закісляцца.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Reinhardhauke (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up