13.09.2018 / Benedict Constable

Ці варта жанчынам быць лектарамі на Імшы?🕑 10 хвілін

Уступ

Улічваючы, што каталіцкія касцёлы па ўсім свеце поўняцца свецкімі міністрантамі абодвух палоў [1], можа здавацца, што прапаноўваць тэалагічныя аргументы супраць служэння жанчын-лектараў пазнавата [2]. Аднак ёсць некалькі добрых і тэрміновых прычын зрабіць гэта менавіта цяпер.

Па-першае, Імша ў надзвычайнай форме цэлебруецца ва ўсё большай колькасці парафій і капліц, а таму па ўсім свеце — на радасць традыцыйна настроеным мужчынам і жанчынам — вяртаецца практыка выключна мужской службы ў прэзбітэрыі. Аднак сам досвед гэтай калісьці ўніверсальнай практыкі пабуджае каталікоў задаць пытанне: чаму гэта ўвогуле “павінна” было змяняцца? І ўвогуле: была карысць з гэтай змены або, як і ў выпадку ўдзялення Камуніі ў руку і стоячы або Камуніі пад дзвюма постацямі, карысці не было?

Па-другое, мы жывём у тыя часы, калі многія вернікі пераасэнсоўваюць і крытычна ацэньваюць жыццярадасныя меркаванні і паспешлівыя крокі мінулых пяцідзесяці гадоў — і знаходзяць, верагодна са здзіўленнем, што абгрунтаванне многіх гэтых зменаў прынамсі неглыбокае, а ў горшым выпадку ідэалагічнае.

Па-трэцяе, сёння, калі ў грамадстве і ў Касцёле кепскія плёны неўпарадкаванага фемінізму бачныя больш чым калі, каталікі са здаровым глуздам лягчэй адкрываюцца на фундаментальную крытыку сучаснай тэндэнцыі разглядаць мужчын і жанчын як узаемазамяняльныя адзінкі.

Ігнараваць адрозненні паміж паламі альбо рабіць выгляд, што такія адрозненні не маюць (або не павінны мець) ніякага значэння для выканання літургічных функцый азначае цалкам ігнараваць, а можа і супярэчыць “тэалогіі цела”, якую даў Касцёлу св. Ян Павел ІІ. Асабліва ў нашыя часы нястрыманага замяшання ў пытаннях сэксуальнасці тое, як мы асэнсоўваем і рэалізуем мужчынскія і жаночыя ролі ў Касцёле, не можа не мець вялізных наступстваў для нашай тэалогіі чалавека, маральнай тэалогіі і нават фундаментальнай тэалогіі, ажно да праблемы беспамылковасці Святога Пісання і надзейнасці апостальскай Традыцыі.

Пытанне, якое я стаўлю, заключаецца не ў тым, ці дазволена жанчынам выконваць функцыю лектара (бо відавочна, што касцёльнае права дазваляе ім гэта), а ў тым, ці мае такая практыка тэалагічны сэнс і да якой ступені яна ўносіць замяшанне ў розумы вернікаў. Зрэшты, калі акажацца, што яна не мае сэнсу і з’яўляецца шкоднай, то гэта будзе не першы раз, калі Касцёл дапускае сур’ёзны пралік у пытанні дысцыпліны, які цягне за сабою дактрынальныя наступствы.

Таксама варта спытацца, чаму такая практыка існавала без зменаў на працягу 2000 гадоў (або больш за 3000 гадоў, калі мы залічым сюды культ ізраільцянаў як правобраз новазапаветнага культу). Можа, нашы папярэднікі былі шавіністамі, якія не разумелі “генія жанчын” і таго ўнёску, які яны маглі зрабіць у жыццё Касцёла? Калі паглядзець на факты, гэта здаецца непраўдападобным [3].

У форме тамістычнага пытання я прадстаўлю аргументы абодвух бакоў, вырашу пытанне на карысць Традыцыі Касцёла і адкажу на першапачатковыя пярэчанні.


Ці варта жанчынам быць лектарамі на Імшы?

Пярэчанне 1. Можа здавацца, што жанчыне як найбольш належыць выконваць чытанні на Імшы. Бо жанчына здольная больш дасканала прадставіць Касцёл як нашу Маці, якой было даверана Божае Слова. Менавіта маці належыць настаўляць сваіх дзяцей у Божых шляхах. Таму жанчына можа належным чынам абвяшчаць Божае слова вернікам.

Пярэчанне 2. Чытаць Святое Пісанне належыць кожнаму члену Касцёла, бо Рымскія Пантыфікі неааднаразова рэкамендавалі, каб усе каталікі чыталі Пісанне, і нават далучылі да гэтай практыкі адпусты. Чытанне Святога Пісання на Імшы — гэта якраз тое, што ўсім дазволена і рэкамендавана рабіць. Таму няма значэння, хто выступае ў якасці чытальніка: мужчына ці жанчына.

Пярэчанне 3. У традыцыйнай літургіі лектар не належыць да духавенства, нават калі ён атрымаў ніжэйшыя пасвячэнні. Адпаведна, ніхто не абавязаны мець пасвячэнне лектара. Да таго ж, за мужчынамі зарэзервавана менавіта пасвячэнне ў духоўны стан. Таму функцыя чытання тым больш не належыць выключна мужчынам.

Пярэчанне 4. Апостал кажа: “Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе” (Гал 3:28). Таму, калі лектар з’яўляецца хрысціянінам, далей не мае значэння, мужчына гэта ці жанчына.

Пярэчанне 5. Касцёл дазволіў жанчынам выконваць чытанні на Імшы. Таму рабіць так — добра.

Насуперак гэтаму: Апостал кажа Карынцянам: “Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі, жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон. Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле” (1 Кар 14:33-35). Акрамя таго, той жа апостал кажа св. Цімафею: “Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці і ў поўнай паслухмянасці. А жанчыне не дазваляю навучаць і панаваць над мужам, але няхай застаецца ў ціхасці” (1 Цім 2:11-12).

У згодзе з гэтым меркаваннем апостала Касцёл на працягу 2000 гадоў не дазваляў жанчынам выконваць літургічнае служэнне ў прэзбітэрыі. Так, Лаадыкейскі сабор (365 г.) пастанавіў у кан. 44: “Жанчыны няхай не набліжаюцца да алтара”. Касцёл жа, кіраваны Духам Святым, не можа памыляцца ў тым, што датычыцца культу, прыемнага Усемагутнаму Богу. Таму яго пастаянныя звычаі ўказваюць на Божае пажаданне, і ўсе супярэчныя навінкі павінны быць адкінуты.

Адказваю: Варта заўважыць, што ў Святым ПІсанні Божае слова заўсёды параўноўваецца з зернем, а прапаведнік — з тым, хто сее зерне ў глебу. Той, хто слухае слова, з’яўляецца маці, вера якой прымае зерне. Зерне трапляе ў яе, пачынае расці і ў цярплівасці прыносіць плён. Адпаведна, супольнасць вернікаў можна параўнаць з Дзевай Марыяй, а лектара — з Богам Айцом, Які сее ў сэрцы вернікаў зерне Слова, Езуса Хрыста, як Ён зрабіў гэта пры Звеставанні Дзевы Марыі арханёлам Габрыэлем.

Таму жанчына, якая абвяшчае Слова, гэта ўнутраная супярэчнасць: жанчына, якая прымае зерне, становіцца мужчынам, які дае зерне. Той, хто адмаўляе гэты сімвалічны дысананс, павінен зрабіць дадатковы крок і прызнаць, што быццё мужчынам ці жанчынай, з пункту гледжання метафізікі, з’яўляецца выпадковасцю, што яно не мае значэння і што ў быцці мужчынам ці жанчынай няма рэлігійнага сімвалізму. Такі погляд прыводзіць да сцвярджэння, што архетыпы, перададзеныя ў Святым Пісанні, з’яўляюцца канвенцыйнымі, зменнымі і нават памылковымі, а не заснаванымі на прыродзе, пастаяннымі і праўдзівымі. Такі погляд таксама прыводзіць да ерасі маніхейцаў, якія адмаўлялі, што цялесныя рэаліі створаны добрым Богам і з’яўляюцца праявамі Яго мудрасці.

Таму паўсюдны звычай, калі жанчыны выконваюць чытанне на Імшы, заслугоўвае скасавання як гістарычнае адхіленне і тэалагічная небяспека. Вяртанне да старажытнай дысцыпліны было б яшчэ адным спосабам падкрэсліць і падтрымаць аўтэнтычнае вучэнне Другога Ватыканскага сабору, які не сказаў ані слова пра ўвядзенне літургічнага служэння жанчын, аднак ясна прамовіў: “Інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла” (Sacrosanctum concilium, 23).

На першае пярэчанне трэба адказаць, што ўсе сакрамэнты былі давераны Святой Маці-Касцёлу, а святая Імша з’яўляецца яго найвялікшай хвалою. Калі б прыведзены аргумент быў праўдзівым без дадатковых удакладненняў, то належыла б, каб усе сакрамэнты цэлебравалі жанчыны. Сапраўды, у такім выпадку супраць жанчын-святароў не існавала б метафізічных аргументаў, а толькі пазітывісцкі аргумент: Езус выбіраў мужчын, таму Касцёл выбірае мужчын. У гэтай кропцы мы адкідаем само практыкаванне тэалогіі, веру, якая шукае разумення (fides quaerens intellectum). Знаходзячыся на зямлі, Пан Езус не рабіў рэчы адвольна. Калі святарамі павінны быць мужчыны, то мужчыны ж павінны быць лектарамі, міністрантамі, служыцелямі Камуніі і г. д., таму што ўсё гэта ролі давання, актыўнага дзеяння, тады як адказ, які даюць вернікі, гэта адказ прыняцця, адказ пасіўны. У гэтым і заключаецца сэнс метафары пра сейбіта і таго, хто прымае зерне, каб яно вырасла і прынесла плён.

На другое пярэчанне трэба сказаць, што святая Імша — гэта не момант прыватнай малітвы або вывучэння Святога Пісання, а публічны літургічны акт, які Езус Хрыстус, Вечны Першасвятар, прыносіць Богу рукамі служыцеляў, якія прыпадобніліся, больш або менш дасканала, да вобразу гэтага Першасвятара. Адпаведна, не кожнаму члену Касцёда належыць выконваць ролю публічнага чытальніка Пісання, таксама як і не кожнаму члену супольнасці належыць прапаведаваць Божае слова сабраным, як навучае апостал у згаданых фрагментах Пісання.

На трэцяе пярэчанне трэба сказаць, што адмаўленне таго факту, што служыцелі ў прэзбітэрыі павінны быць падобнымі да Вечнага Першасвятара сваім фізічным целаскладам, прыводзіць да адмаўлення таямніцы Уцелаўлення, у якой Божы Сын стаў не проста чалавекам (homo), а мужчынам (vir). Таму, хоць лектар і не мусіць быць пасвячаны, выпадае, каб ён быў пасвячальны ў прынцыпе, г. зн. быў той прыроды, якая можа адлюстроўваць асабовую ідэнтычнасць Уцелаўлёнага Сына Божага, Езуса з Назарэта [4].

У дадатак можна сказаць, што ў літургічнай рэформе і яе кепскіх наступствах, як часта заўважае Ёзаф Ратцынгер, надта вялікую ролю адыграў рацыяналізм. Тут мы маем справу з даволі смутным прыкладам. Што можа быць больш рацыяналістычным, чым ігнараванне яўных, зразумелых, базавых адрозненняў паміж мужчынам і жанчынай? Што можа быць больш картэзіянскім, чым рабіць выгляд, што мужчына і жанчына ідэнтычныя, неадрознівальныя, узаемазамяняльныя? Напэўна, нашыя часы ўвойдуць у гісторыю (калі гісторыя яшчэ будзе) як эпоха, калі здаровы сэнс напаткаў сваю смерць. Кожны, хто хоць крыху разумее людскую прыроду, ведае, што калі дзіцяці патрэбна маці, ніхто яе не заменіць; калі сітуацыя патрабуе бацькі, ніхто іншы не заменіць яго. Калі Касцёлу, па аналогіі, патрэбны кіраўнік, настаўнік або асвячальнік, ён выбірае і прызначае мужчыну, бо ніхто іншы не можа прадстаўляць твар, голас і рукі Езуса Хрыста. Справа не ў тым, каб любіць і пакутаваць, як Хрыстус, бо ў гэтым сэнсе, здаецца, жанчыны лепш наследуюць Хрыста. Гэта выключна справа таго, хто можа фармальным чынам дзейнічаць у Яго асобе (in persona Christi), упрысутніваючы Ягонае адкупленчае дзеянне для тых, хто прымае яго плёны.

На чацвёртае пярэчанне трэба адказаць наступнае: апостал не мае на ўвазе, што пасля хросту пол перастае існаваць або адыгрываць нейкую ролю ў хрысціянскім жыцці, іначай ягонае параўнанне адносінаў мужа і жонкі і адносінаў Хрыста і Касцёла (Эф 5) не мела б сэнсу.

Акрамя таго, ласка не знішчае прыроду, а ўзвышае яе. Адпаведна, пры іншых роўных умовах ласка вылечвае і ўзвышае душы мужчын і жанчын у аднолькавай ступені, аднак яна ніколі не скасоўвае іхнія полавыя адрозненні. Толькі жанчына можа быць маці, таму менавіта Найсвяцейшая Дзева Марыя атрымала найвялікшы прывілей сярод усіх стварэнняў: даць цела, вынасіць і выкарміць Божага Сына. Толькі мужчына можа быць вобразам Хрыста ў Яго поўнай цялеснай рэальнасці, таму для выканання сваёй святарскай місіі пры алтары ахвяры Хрыстус выбраў толькі мужчын, што папярэдне выявілася ў святарах Старога Запавету [5].

На пятае пярэчанне трэба сказаць, што гісторыя Касцёла дае шматлікія прыклады дазволаў, якія былі ўдзелены неразумна, а пазней былі разумна адкліканы. Напрыклад, Касцёл мае ўладу далучыць адпусты да ахвяраванняў, аднак на практыцы гэтае рашэнне абярнулася такімі злоўжываннямі (“гандаль індульгенцыямі”), што Касцёл яго адклікаў.

Акрамя таго, ёсць істотная розніца паміж дазволам і заахвочваннем. Касцёл дазваляе сваім дзецям прыступаць да споведзі і Камуніі раз на год, аднак гэта не азначае, што ён заахвочвае іх прымаць сакрамэнты настолькі рэдка. Касцёл дазваляе жанатым людзям мець адносіны з прычыны пажадлівасці пры ўмове, што яны застаюцца адкрытымі для жыцця, аднак гэта наўрад ці ідэал сужэнскай блізкасці. Таму, калі штосьці дазволена, гэта не азначае, што гэта заахвочваецца ці павінна заахвочвацца. Бо, як кажа апостал у падобным кантэксце, “усё мне можна, але не ўсё карысна” (1 Кар 6:12).

Да таго ж, трэба адкідваць мінімалісцкую ментальнасць, якая пытаецца: “Што можа сысці мне з рук, каб гэта ўсё яшчэ было паслухмянасцю Касцёлу?” Гэта ўсё адно што задаваць сабе пытанне, які мінімум трэба зрабіць, каб трапіць у неба. Адно тое, што хтосьці так разважае, указвае на сур’ёзны прагал у ментальнасці. Мы павінны імкнуцца да таго, што найлепшае, адпаведнае і правільнае.

P. S. Нарэшце, даводзячы правільнасць практыкі, калі функцыю лектара выконваюць жанчыны, нам прыйшлося б зрабіць выснову, што люд Божы (Ізраіль і Касцёл) больш за 3000 гадоў знаходзіўся ў сур’ёзнай памылцы, абмяжоўваючы публічны культ, і што нашы прабацькі, сярод якіх Айцы і дактары Касцёла, а таксама сотні Папаў, несправядліва рэзервавалі гэтыя служэнні для мужчын, пакуль прасветленыя 1960-я не паказалі нам новы, лепшы шлях. З улікам таго, колькі добрых рэчаў мы атрымалі з шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў, дазвольце мне лічыць, што абсурднасць такога заключэння не патрабуе далейшага тлумачэння.

Заўвагі

[1] Заўважце, што я кажу “пол”, а не “гендэр”, бо менавіта пол з’яўляецца антрапалагічнай рэаліяй. Сёння ў мове адбываецца пераход ад мужчынскага і жаночага полу, які задаецца самім целам асобы, да мужчынскага і жаночага гендэру, які прысвойваецца на аснове дамоўленасці. Гэта з’яўляецца добрым культурным паказчыкам трыумфу суб’ектывізму над рэалізмам.

[2] Наконт выкарыстання слова “лектар”. У шырокім сэнсе гэтае слова стала сінонімам слова “чытальнік”. У вузкім сэнсе “лектарам” называецца асоба мужчынскага полу, афіцыйна ўстаноўленая для чытання Божага слова. У многіх семінарыях гэтае служэнне прымаюць у пэўны момант фармацыйнага працэсу. Гэта праўда, што пастаўленае ў артыкуле пытанне можна прагматычна вырашыць рэзкім стварэннем каманд устаноўленых лектараў (мужчынскага полу), аднак, з пункту гледжання тэалогіі, больш карысна будзе спытацца наконт самой рэчы: выконваць чытанні на Імшы лепш мужчыне як такому ці жанчыне як такой? Далей я па звычцы буду казаць і “лектары”, і “чытальнікі” як пра мужчын, так і пра жанчын, але розніцу, растлумачаную вышэй, варта трымаць у галаве.

[3] У сваёй цудоўнай кнізе “Women in the Days of the Cathedrals” Рэжын Перну паказвае, што ў Сярэднявеччы жанчыны больш цаніліся, былі больш уплывовымі і здольнымі, чым у “асветленыя” стагоддзі, якія наступілі далей.

[4] Гл. артыкул Incarnate Realism and the Catholic Priesthood”.

[5] Ibid.


Аўтар: Benedict Constable
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: CC0

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up