У раннія часы Касцёла вернікі мелі звычай прымаць Камунію кожны раз, калі ўдзельнічалі ў святой Імшы. Многія нават рабілі гэта некалькі разоў на дзень, калі ўдзельнічалі ў некалькіх Імшах і захоўвалі пост. Св. Геранім у сваім першым лісце да Памахія кажа, што ў IV ст. гэты хвалебны звычай быў распаўсюджаны ў Іспаніі і Рыме. Паступова, аднак, гэтая практыка прыйшла ў такі заняпад, што св. Ян Хрызастом, які памёр у пачатку V ст., горка скардзіўся на гэта свайму люду. У сваю бытнасць біскупам Канстанцінопаля ён казаў: “Дарэмная штодзённая ахвяра, калі ніхто не прыступае да Камуніі”.

Халоднасць у гэтых адносінах, нягледзячы на ўсе спробы спыніць яе, пашыралася з дня ў дзень і з года ў год, і нарэшце Касцёл палічыў неабходным прыняць законы, якія патрабавалі б ад усіх прыступаць да святой Камуніі прынамсі ў нядзелі і святы. Капітулярый Карла Вялікага (т. 1, № 182) сурова прадпісвае гэтую практыку. З часам у гэтым пытанні з’явілася большая свабода: патрабавалася, каб кожны прымаў Камунію ў тры асаблівыя перыяды, а менавіта на Божае Нараджэнне, на Пасху і Пяцідзясятніцу. Так пастанавіў Турскі сабор у IX ст., падчас пантыфікату Папы Льва ІІІ. Сабор у Агдзе, які адбыўся крыху перад гэтым, пастанавіў, што тыя, хто не прыступае да святой Камуніі з гэтых нагодаў, увогуле не павінны лічыцца каталікамі (Romsee, с. 309).

Гэтая практыка захоўвалася да XIII ст., калі Чацвёрты Латэранскі сабор, які праводзіўся ў 1215 годзе пад кіраўніцтвам Папы Інакенція ІІІ, урачыста пастанавіў, што ўсе вернікі, якія дасягнулі свядомага ўзросту, павінны пад страхам экскамунікі вызнаваць свае грахі прынамсі раз у год і прыступаць да святой Камуніі ў велікодны перыяд [1]. Гэты ўрачысты загад быў пацверджаны і адноўлены Трыдэнцкім саборам [2], які на сваёй ХХІІ сесіі заявіў, што пажадана, каб вернікі прыступалі да Камуніі не толькі раз у год, але кожны раз, калі яны прысутнічаюць на святой Імшы, пры ўмове, што іхняе сумленне чытае і бязвіннае перад Богам.

Сёння практыкуючыя каталікі, як правіла, прыступаюць да Камуніі ў першыя нядзелі месяца і ў кожнае значнае свята. Многія маюць пабожны звычай прымаць Камунію штотыдзень. Дзякуй Богу, нярэдка можна сустрэць і тых, хто прымае Камунію тройчы на тыдзень.


[1] Велікодны перыяд, сцісла кажучы, пачынаецца ў Пальмавую нядзелю і заканчваецца ў нядзелю ў актаве Вялікадня. У Ірландыі, якая мае асаблівы апостальскі індульт, ён расцягваецца ад Папяльцовай серады да нядзелі ў актаве Вялікадня, а ў Амерыцы — ад першай нядзелі Вялікага посту да нядзелі Найсвяцейшай Тройцы.

[2] Трыдэнцкі сабор адкрыўся 13 снежня 1545 года і працягваўся да 1563 года.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар