10.09.2018 / FIUV

Пазіцыя № 1. “Служба мужчын і хлопцаў пры алтары”🕑 9 хвілін

Першы артыкул з серыі пазіцый Міжнароднай федэрацыі “Una Voce” закранае тэму мужчынскай службы пры алтары. Сучаснае касцёльнае права дапускае да літургічнай службы як міністрантаў, так і міністрантак, аднак традыцыйная лацінская Імша ў тых момантах, якія ўнутраным чынам звязаны з істотай літургіі, карыстаецца правам, якое дзейнічала ў 1962 годзе. Адпаведна, у гэтым выпадку да алтара дапускаюцца толькі хлопцы і мужчыны.

Пазіцыя № 1 мае на мэце прывесці два дадатковыя аргументы на карысць гэтай практыкі. Першы з іх заснаваны на тым, якім чынам каталіцкая тэалогія бачыць адрозныя ролі мужчын і жанчын у Касцёле. Другі аргумент мае пастырскі характар: цеснае ўзаемадзеянне святароў і хлопцаў пры алтары спрыяе развіццю святарскіх пакліканняў, пра што таксама сведчаць статыстычныя даследаванні.

Тэкст гэтай Пазіцыі № 1 прыведзены ніжэй. Яго таксама можна сцягнуць у фармаце PDF. (Дакладней, варта, бо там значна лепшая вёрстка.) Інфармацыю пра гэтую серыю і пра яе мэты гл. у прадмове.


ПАЗІЦЫЯ № 1: СЛУЖБА МУЖЧЫН І ХЛОПЦАЎ ПРЫ АЛТАРЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест:  Традыцыя служэння на Імшы выключна мужчын і хлопцаў з’яўляецца характэрнай рысай “старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі”, пра “скарбы” якой казаў Папа Бенедыкт XVI. Каштоўнасць гэтай традыцыі фундаментальным чынам звязана з вучэннем Касцёла, якое было ясна выкладзена св. Янам Паўлам ІІ, наконт камплементарнасці палоў у эканоміі збаўлення і наконт немагчымасці пасвячэння жанчын у святары. Жанчыны больш дасканала за мужчын прадстаўляюць Касцёл як Нявесту; мужчыны больш дасканала за жанчын прадстаўляюць Хрыста як Жаніха, асабліва ў Яго святарскай ролі. Гэтае вучэнне праяўляецца не толькі ў тым, што ў святары пасвячаюць мужчын, а не жанчын, але таксама і ў тым, што найбліжэй да святароў у літургічнай службе знаходзяцца таксама выключна асобы мужчынскага полу. Гэтае адроз­ненне падкрэсліваецца тым, што ў прэзбітэрыі касцёла прынята бачыць сімвал неба; у літургіі, якая ў ім адбываецца, прадсмак нябеснай літургіі; а ў наве касцёла — зямлю, месцазнаходжанне ваюючага Касцёла. Адпаведна, традыцыя мужчынскай літургічнай службы спрыяе ўмацаванню і ўвасабленню фундаментальнай тэалагічнай праўды і вучыць ёй, згодна з прынцыпам lex orandi, lex credendi.

1. Справа літургічнага служэння выключна мужчын і хлопцаў у надзвычайнай форме рымскага абраду з’яўляецца добрай тэмай, каб пачаць гэтую серыю артыкулаў, бо па гэтым пытанні ўжо аўтарытэтна выказалася Папская камісія “Ecclesia Dei”, падтры­маўшы абавязковую прыроду тых правілаў, якія дзейнічалі ў 1962 годзе. Відавочна так­сама, што дазвол жанчынам служыць на Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду мае характар саступкі “асаблівым мясцовым прычынам” (як гэта сказана ў пастанаўленні Кангрэгацыі Божага культу ад 1994 года) [1], а не рэкамендаванай практыкі; пры­тым Кангрэгацыя Божага культу яўным чынам пахваліла “шляхетную традыцыю слу­жэн­ня хлопцаў пры алтары”, следаваць якой “заўсёды належыць” (ліст ад 27 ліпеня 2001 года) [2]. Гэта выразны прыклад традыцыі, характарыстычнай для Імшала 1962 года (а таксама, паводле першапачатковай задумы, і для Імшала 1970 года), пра захаванне і заахвочванне якой дбае motu proprio Summorum Pontificum.

2. “Шляхетная традыцыя” служэння на Імшы выключна мужчын і хлопцаў моцна падтрымліваецца канонам 44 Лаадыкейскага збору, які датуецца канцом IV ст., а таксама незлічонымі пазнейшымі дакументамі. Каштоўнасць традыцыі бярэцца не толькі з яе старажытнага паходжання. Дбанне Папаў і біскупаў аб захаванні гэтай традыцыі на працягу шматлікіх стагоддзяў абгрунтоўваецца глыбокімі тэалагічнымі і пастырскімі прычынамі.

3. Пастырская прычына, згаданая Кангрэгацыяй Божага культу ў абодвух працытава­ных дакументах, заключаецца ў тым, што цеснае супрацоўніцтва міністранта і святара падчас Божай службы часта спрыяе святарскім пакліканням. Кангрэгацыя Божага куль­ту выказвае заклапочанасць тым, што гэтая крыніца пакліканняў можа быць падарваная допускам жанчын да службы пры алтары [3]; статыстычнае даследаванне па гэтым пытанні разглядаецца ў Дадатку да гэтага артыкула. Гэтая пастырская прычы­на вынікае з тэалагічнага прынцыпу, згодна з якім свецкая літургічная служба алтара замяняе сабою традыцыйныя ніжэйшыя пасвячэнні акалітаў: гэтая служба сімваліч­на, а часта і прычынна звязана з духоўным станам.

4. Тэалагічныя прычыны звязаны з нязменным вучэннем Касцёла аб тым, што ў святарскі стан можна пасвяціць толькі мужчын. Гэтае вучэнне, падкрэсленае св. Янам Паў­лам ІІ (Mulieris dignitatem, 1988; Ordinatio sacerdotalis, 1994), засноўваецца на розных і камплементарных ролях палоў у эканоміі збаўлення.

5. У пачатку апостальскага паслання Mulieris dignitatem св. Ян Павел ІІ нагадвае нам наступны прынцып: “ласка ніколі не парушае прыроды і не адмяняе яе, а хутчэй удас­канальвае і ўзвышае яе” [4]. Роля палоў у Касцёле не адкідае, а развівае і даводзіць да дасканаласці тую камплементарнасць, якую мы знаходзім у людскіх адносінах і асаб­лівых дарах кожнага полу [5] нягледзячы на шкоду, нанесеную першародным грахом [6]. Св. Ян Павел ІІ кажа пра “прыродную схільнасць жаночай індывідульнасці да сужэн­ства”, якая рэалізуецца не толькі ў сужэнстве, але і ў дзявоцтве як форме самаахвяр­насці [7]. Бог кажа пра Касцёл як пра Нявесту: гэтая аналогія сустракаецца асабліва ў пятым раздзеле Паслання да Эфесцаў, а таксама ў шматлікіх фрагментах Старога Запавету [8].

6. Далей св. Ян Павел ІІ тлумачыць, што ў Касцёле кожны чалавек — мужчына і жанчына — з’яўляецца “Нявестай” у тым сэнсе, што ён альбо яна прымае дар любові Хрыста Збаўцы і імкнецца адказаць на яго дарам сваёй асобы [9].

7. Таму таксама і Найсвяцейшую Дзеву Марыю можна назваць “правобразам Касцёла”, пра што кажа св. Амброзій [10], якога цытуе Lumen gentium [11] і за якім паўтарае Mulieris dignitatem [12]. Св. Ян Павел ІІ заключае, што жанчыны адыгрываюць “прароцкую” ролю ў Касцёле настолькі, наколькі яны “аб’яўляюць гэтую праўду” — праўду пра адносіны паміж Богам і Касцёлам [13]. Гэта мае свае наступствы для законніц, якія могуць больш дасканала прадставіць Нявесту-Дзеву, Касцёл. Як пісаў св. Ян Павел ІІ:

Гэтае сужэнскае вымярэнне, якое з’яўляецца часткай усяго кансэкраванага жыцця, мае асаблівае значэнне для жанчын, якія знаходзяць у ім сваю жаноцкую ідэнтычнасць і пэўным чынам адкрываюць асаблівы геній сваіх адносінаў з Панам [14].

Таксама ў гэтай сувязі можна заўважыць, што кансэкраванае дзявоцтва з’яўляецца пакліканнем, спецыфічным для жанчын.

8. Аналогія з Жаніхом і Нявестай праяўляецца ў адносінах паміж духавенствам і вернікамі, а таксама паміж прэзбітэрыем і навай касцёльнага будынка. Што да першага, то св. Ян Павел ІІ цытуе апостальскае пасланне Mulieris dignitatem у сваім пастанаўленні наконт немагчымасці пасвячэння жанчын у святары [15]. Калі жанчыны здольны больш дасканала сімвалізаваць Касцёл як Нявесту, то менавіта мужчыны пакліканы сімвалізаваць Хрыста, асабліва ў Яго святарскай ролі [16]. У сувязі з прызнаннем ролі святара in persona Christi трэба разумець, што ягоныя супрацоўнікі і памочнікі — ягоныя, так бы мовіць, жывыя інструменты — знаходзяцца па той жа самы бок аналогіі адносна вернікаў, і гэта падкрэсліваецца доўгай традыцый успрымання прэзбітэрыя касцёла як Нябеснага Валадарства, а навы — як зямнога валадарства. Навуковец а. Мішэль Сінуа піша:

[Усходні] іканастас сімвалізуе неба, а ўсходняя літургія, якая прадчувае Неба, служыцца толькі членамі духавенства. Нава сімвалізуе зямлю, месца прабывання мужчын і жанчын, якія рыхтуюцца ўвайсці ў хвалу. Гэта па аналогіі тое самае, што і таямніца Хрыста-Жаніха, Які аднаўляе ў прэзбітэрыі сваю Ахвяру, якую з удзячнасцю прымае Касцёл-Нявеста, што пакуль пілігрымуе ўнізе [17].

9. У сваю чаргу гэта надае сэнс старажытнай забароне не толькі жаночага служэння пры алтары, але і любой прысутнасці жанчын у прэзбітэрыі падчас літургіі. Так, мы бачым, што інструкцыя Musica sacra (1958) [18] не дазваляе хорам з удзелам жанчын знаходзіцца ў прэзбітэрыі, а жанчыны-лектары не дапускаюцца ў прэзбітэрый Агульнымі ўводзінамі да Рымскага Імшала 1975 года [19].

10. Мова ідзе пра літургічнае прадстаўленне тэалагічных прынцыпаў, як можна чакаць згодна з прынцыпам legem credendi lex statuat supplicandi [20]. Гэтыя прынцыпы не проста адлюстроўваюцца ў літургіі; яны дэманструюцца, выкладаюцца і з часам робяцца другой натурай для вернікаў, якія прымаюць удзел у літургіі. Можна сказаць, што літургія “ўцелаўляе” гэтыя прынцыпы [21]. Захаванню надзвычайнай формы рымскага абраду ў сваёй цэласнасці надаецца асаблівае значэнне, бо гэтая форма з’яўляецца літургічным выразам набору тэалагічных прынцыпаў, уласцівых Касцёлу. “Шляхетная традыцыя” мужчынскай службы пры алтары дае Касцёлу зразумелае прадстаўленне вучэння пра ролю палоў у эканоміі збаўлення, а таксама пра адносіны Хрыста да Касцёла як Жаніха да Нявесты, якія адлюстроўваюць адносіны паміж Богам і стварэннем.

Дадатак: Служба пры алтары і пакліканні да святарства

Важнасць службы пры алтары для спрыяння пакліканням, пра якую сістэматычна згадваюць афіцыйныя дакументы Касцёла, колькасна ацаніць нялёгка. У пэўныя часы і ў пэўным кантэксце (напрыклад у школах-інтэрнатах, якімі кіравалі супольнасці святароў) пры алтары служыла большая частка хлопцаў. Сёння па шматлікіх прычынах гэта не так. Напрыклад, у каталіцкіх школах значна менш святароў служыць прыватныя Імшы. Літургічная служба ў парафіях зазвычай з’яўляецца прывілеем абмежаванай колькасці дзяцей, прычым сёння многія з гэтых дзяцей — дзяўчынкі.

Цэнтр прыкладных даследаванняў апостальства (CARA, The Center for Applied Research in the Apostolate), які знаходзіцца ў Джорджтаўнскім універсітэце ў ЗША, праводзіць штогадовае апытанне новапасвячаных святароў з мэтай вызначыць найбольш важныя фактары, якія паўплывалі на іх выбар. У пераважнай большасці падчас выхавання яны былі міністрантамі. У апошнія гады апытанні даюць наступныя лічбы:

2010: 70 % рэспандэнтаў былі міністрантамі.
2011: 71 %
2012: 75 %
2013: 67 %
2014: 80 %

Удзел у іншых парафіяльных ролях аказаўся нашмат менш значным; наступнай найбольш распаўсюджанай роляй быў лектарат, пра што ў 2014 годзе паведамілі 52 % рэспандэнтаў. Сярод малітоўных практык найбольш распаўсюджанай аказалася эўха­рыстычная адарацыя, якую да паступлення ў семінарыю практыкавалі 70 % рэспандэнтаў, а таксама Ружанец (68 %).

У гэтым кантэксце вельмі высокі працэнт тых, хто служыў пры алтары перад паступленнем у семінарыю, прынамсі наводзіць на думкі.

[1] Notitiae, 30 (1994), 333–335.

[2] Notitiae, 37 (2001), 397–399.

[3] Таксама было заўважана, што хлопцы менш ахвотна служаць побач з дзяўчынкамі з-за глыбокіх пры­чын мужчынскай псіхалогіі. Хоць тут і няма магчымасці абмеркаваць гэтую праблему, аднак цяжкасці пры наборы хлопцаў у літургічныя групы, дзе дамінуюць дзяўчынкі, шырока адзначалася. Журналіст Уільям Одзі цытуе прыватную размову з кардыналам Андрэ Вэн-Труа, які адзначыў: “Як толькі прыхо­дзяць дзяўчынкі… хлопцы знікаюць: іх быццам здзьмувае ветрам” (Catholic Herald blogs, 25 жніўня 2011 года, http://www.catholicherald.co.uk/commentandblogs/2011/08/25/the-1994-statement-permitting-girl-servers­-was-a-mistaken-tactical-retreat-which-led-to-a-fall-in-priestly-vocations-it%E2%80%99s-time-to-withdraw-it/ доступ 5 верасня 2018 года).

[4] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Mulieris dignitatem (1988), 5: “Sed gratia, seu Dei actio supernaturalis, numquam naturam excludit, quin immo eam perficit et nobilitat”.

[5] Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2333.

[6] Наконт першароднага граху, гл. Mulieris dignitatem, 10.

[7] Mulieris dignitatem, 20: “Natura proin ac sponsalis inclinatio ipsius personae feminae”.

[8] Mulieris dignitatem, 23 згадвае кнігі Осіі, Ераміі, Эзэкіэля і Ісаі.

[9] Mulieris dignitatem, 25.

[10] Св. Амброзій, Expos. Lc. II, 7: PL 15, 1555.

[11] Lumen gentium, 63.

[12] Mulieris dignitatem, 27: “Mariam Nazarethanam Ecclesiae esse “figuram”. Пар. св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Redemptoris Mater (1987), 44: “Марыя — гэта мадэль і правобраз Касцёла” (“exemplar ac typus Ecclesiae”).

[13] Mulieris dignitatem, 29.

[14] Vita consecrata, 34: “Hac in sponsali ratione quae praecipua est omnis consecratae vitae, mulier, propriam quasi indolem detegens suae cum Domino coniunctionis, se reperit ipsa”. Больш даслоўна гэта можна перадаць наступным чынам: “У гэтым сужэнскім спосабе мыслення, які з’яўляецца першараднай справай кожнага кансэкраванага жыцця, жанчына, адкрываючы асаблівы характар сваёй сувязі з Панам, знаходзіць сябе”.

[15] Св. Ян Павел II, апостальскі ліст Ordinatio sacerdotalis (1994), 2.

[16] Папа Бенедыкт XVI паўтарыў гэтае атаясамленне святара з Хрыстом як Жаніхом Касцёла, тлумачачы значэнне і каштоўнасць цэлібату ў святарстве: “Такі выбар [цэлібату] з’яўляецца перш за ўсё шлюбным; гэта атаясамленне з сэрцам Хрыста Абранніка, які аддае жыццё за сваю абранніцу”. Паслясінадальная апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis (2007), 24; пар. энцыкліка Redemptoris Mater, 43.

[17] Fr. Michel Sinoir, “La Question de L’Admission des Femmes au Service de L’Autel”, Paris, Pierre Téqui, 1994, с. 26, перакл. Fr. Brian Harrison OS.

[18] Інструкцыя Musica sacra (1958), 100.

[19] Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (1975), 70.

[20] Пій XII, Mediator Dei (1947), 48. Даслоўна: “Няхай правіла веры вызначаецца правілам малітвы”.

[21] Пар. кардынал Крыстаф Шонбарн, “Loving the Church: Spiritual exercises preached in the presences of Pope John Paul II” (San Francisco: Ignatius Press, 1996), с. 205: “Як жа, аднак, важныя такія знакі для “ўцелаўлення” веры”. (У гэтым фрагменце ён кажа пра літургічную арыентацыю.)

Пакінуць каментар

Scroll Up