SUPERIORE ANNO

Энцыкліка Папы Льва ХІІІ пра рэцытацыю Ружанца

Усім нашым шаноўным Братам Патрыярхам, Прымасам, Арцыбіскупам і Біскупам каталіцкага свету, якія маюць згоду і еднасць з Апостальскай Сталіцай.

Шаноўным Братам — здароўе і апостальскае благаслаўленне.

У МІНУЛЫМ ГОДЗЕ, як кожны з вас ведае, Мы пастанавілі ў энцыкліцы, каб на працягу ўсяго месяца кастрычніка святую Багародзіцу праслаўлялі ў найсвяцейшым Ружанцы, просячы дапамогі з неба для Касцёла ў выпрабаваннях. Робячы гэта, Мы кіраваліся як Нашым уласным натхненнем, так і прыкладам Нашых Папярэднікаў, якія ў часы цяжкасцяў мелі звычку з узмоцненай адданасцю прыбягаць да Найсвяцейшай Дзевы і ў асаблівай малітве шукаць яе спрыяння. Гэтае Наша пажаданне было выканана з такой ахвотай і аднадушнасцю, што стала яшчэ больш відавочна чым калі, наколькі сапраўдную пабожнасць і вялікую адданасць маюць хрысціянскія народы і наколькі глыбокі давер усюды ўскладаюць на нябесную апеку Дзевы Марыі. Мы прызнаемся, што для Нас, абцяжараных ярмом такіх моцных выпрабаванняў і зла, відовішча настолькі інтэнсіўнай і адкрытай пабожнасці і веры было вялікім суцяшэннем; яно таксама дае Нам новую адвагу для змагання нават з большымі выпрабаваннямі, калі такая будзе Божая воля. Сапраўды, дзякуючы духу малітвы, які праліўся над домам Давіда і над жыхарамі Ерузалема, мы маем пэўную надзею, што Бог у выніку будзе крануты, што Ён зжаліцца над станам свайго Касцёла і прыхіліць сваё вуха да малітваў, якія ўзыходзяць да Яго праз тую, каго Ён выбраў быць распарадчыцай нябесных ласкаў.

2. Таму з гэтых прычын і з тымі ж мэтамі, якія рухалі Намі ў мінулым годзе, каб паспрыяць пабожнасці ўсіх вернікаў, Мы палічылі сваім абавязкам зноў заклікаць хрысціянскі люд трываць у спосабе і форме малітвы, вядомай як Ружанец Марыі, каб тым самым заслужыць магутную апеку велічнай Багародзіцы. Паколькі ворагі хрысціянства настолькі ўпарта трымаюцца сваіх мэтаў, яго абаронцы павінны быць настолькі ж непарушнымі, асабліва калі нябесная дапамога і даброты, якія спасылае на нас Бог, зазвычай з’яўляюцца плёнам нашай вытрымкі. Добра будзе нагадаць пра прыклад знакамітай удавы Юдыты, правобразу Найсвяцейшай Дзевы, якая стрымала неабачлівы неспакой габрэяў, калі яны імкнуліся паводле свайго суджэння вызначыць канкрэтны дзень, калі Бог уратуе свой горад. Варта памятаць таксама пра прыклад апосталаў, якія чакалі абяцанага ім вялікага дару Суцяшальніка і аднадушна трывалі ў малітве з Марыяй, Маці Езуса. Бо перад намі сапраўды цяжкая і надзвычай важная справа: скарыць старога і вельмі падступнага ворага ва ўмовах пашырэння ягонай моцы; адваяваць свабоду Касцёла і яго Галавы; захаваць і ўзмацніць муры, за якімі будуць захаваныя мір, бяспека і дабрабыт людскога грамадства. Таму трэба дбаць пра тое, каб у гэтыя смутныя для Касцёла часы безупынна і пабожна прыносілася найсвяцейшае набажэнства Ружанца Марыі, тым больш што гэты спосаб малітвы адмыслова арганізаваны так, каб нагадваць нам па чарзе ўсе таямніцы нашага збаўлення, і цудоўна спрыяе духу пабожнасці.

3. Што датычыцца Італіі, то цяпер як найбольш неабходна пры дапамозе Ружанца заклікаць заступніцтва магутнай Дзевы, бо нам пагражае далёка не ўяўнае няшчасце, а хутчэй яно ўжо сярод нас. З Божай волі азіяцкая халера выйшла за межы, якія, як здавалася, вызначыла ёй прырода, і распаўсюдзілася па густанаселеным узбярэжжы французскай тэрыторыі, а адпаведна і па прылеглых тэрыторыях італьянскай зямлі. Таму мы павінны прыбягаць да Марыі, да той, каго Касцёл годна і справядліва называе распарадчыцай збаўчых, спрыяльных і абаронных дароў, каб яна ласкава выслухала нашы малітвы, удзяліла нам дапамогу, аб якой мы яе просім, і адвяла ад нас нячыстую пошасць.

4. Таму Мы вырашылі, што ў гэты надыходзячы месяц кастрычнік, калі ва ўсім каталіцкім свеце ўрачыста служацца святыя набажэнствы да Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай, зноў выконваліся ўсе тыя набажэнствы, пра якія Мы загадалі ў мінулым годзе. Таму Мы пастанаўляем і загадваем, каб ад 1 кастрычніка да 2 лістапада ва ўсіх парафіяльных касцёлах [curialibus templis], ва ўсіх публічных касцёлах, прысвечаных Багародзіцы, або ў тых касцёлах, якія вызначыць Ардынарый, прамаўляліся прынамсі пяць дзясятак Ружанца разам з літаніяй. Калі гэта будзе адбывацца раніцай, няхай падчас гэтых малітваў адбываецца Найсвяцейшая Ахвяра; калі ўвечары, то няхай Найсвяцейшы Сакрамэнт будзе выстаўлены для пакланення, пасля чаго вернікі атрымаюць традыцыйнае благаслаўленне. Мы жадаем, каб усюды, дзе гэта законна, мясцовае ружанцовае брацтва зладзіла ўрачыстую працэсію па вуліцах горада ў якасці публічнага сведчання сваёй рэлігійнай пабожнасці.

5. Каб нябесныя скарбы Касцёла былі шырока адкрытыя для кожнага, Мы ніжэйшым аднаўляем усе адпусты, удзеленыя Намі ў мінулым годзе. Адпаведна, усім тым, хто ў вызначаныя дні паўдзельнічае ў публічнай рэцытацыі Ружанца і памоліцца ў Нашых намерах, а таксама ўсім тым, каму справядлівыя прычыны дазволяць зрабіць гэта толькі асабіста, Мы ўдзяляем за кожным разам сем гадоў і сем разоў па сорак дзён адпусту. Тым жа, хто ў вызначаны прамежак часу выканае гэтае пабожнае практыкаванне прынамсі дзесяць разоў, ці то публічна ў касцёле, ці то па справядлівай прычыне прыватна ў сваім доме, а таксама ачысціцца ад сваіх грахоў у споведзі і прыме Камунію пры алтары, Мы ўдзяляем са скарбніцы касцёла поўны адпуст. Мы таксама ўдзяляем гэтае поўнае адпушчэнне грахоў і караў усім тым, хто альбо ў само свята Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай, альбо ў любы дзень на працягу наступных васьмі дзён абмые свае душы ад плямаў і ў святасці паўдзельнічае ў Боскай Вячэры, а таксама памоліцца ў любым касцёле да Бога і Яго Найсвяцейшай Маці ў Нашых намерах. Паколькі Мы жадаем таксама прыняць пад увагу абставіны тых, хто жыве ў вясковых рэгіёнах і каму асабліва ў месяцы кастрычніку ствараюць клопаты сельскагаспадарчыя працоўныя абавязкі, Мы дазваляем, каб усё, што Мы пастанавілі вышэй, а таксама святыя адпусты, удзеленыя на месяц кастрычнік, згодна з разважлівым меркаваннем Ардынарыяў, былі перанесены на наступныя лістапад або снежань.

6. Мы не сумняваемся, шаноўныя Браты, што вынікам гэтых намаганняў будуць багатыя і разнастайныя плёны, асабліва калі Бог, спасылаючы свае нябесныя ласкі, дасць рост палям, якія Мы засадзілі, а ваша адданасць палівала. Мы ўпэўнены, што верныя хрысціяне прыслухаюцца да словаў Нашай апостальскай улады з той самай гарачай верай і пабожнасцю, якія яны вельмі выразна паказалі ў мінулым годзе. Няхай наша нябесная Апякунка, якую мы заклікаем у Ружанцы, ласкава будзе спадарожнічаць нам, а таксама дазволіць, каб былі пераадолены ўсе нязгоды, хрысціянства аднавілася па ўсёй зямлі, а мы атрымалі ад Бога жаданы спакой у Касцёле. Як знак гэтага дару вам, вашаму духавенству і люду, даручанаму вашай апецы, Мы з любоўю ўдзяляем апостальскае благаслаўленне.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 30 жніўня 1884 года, у сёмы год Нашага пантыфікату.

ЛЕЎ ХІІІ


Пераклад зроблены з афіцыйнай англійскай версіі энцыклікі.
Ілюстрацыя: GO69 (CC BY-SA), герб Льва ХІІІ на вітражы касцёла Сен-Сюльпіс у Фужэры, Францыя.

Пакінуць каментар